Імя на беларускай мове:   Макарцоў Мікалай Фёдаравіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (02.01.1949, в. Уюн, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць — 24.01.2012, Гомель, пахаваны ў Гомелі на "Стукачоўскіх" могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт, публіцыст, фалькларыст, рэжысёр.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза тэатральных дзеячаў, Саюза музычных дзеячаў, Саюза журналістаў.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Макарцов Николай Федорович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Пасля заканчэння Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча Мікалай Фёдаравіч працаваў на Аршаншчыне. Потым служыў у арміі, вучыўся ў Беларускім універсітэце культуры (на той час Мінскі інстытут культуры). Скончыўшы яго і атрымаўшы прафесію рэжысёра, Макарцоў адразу ж займеў сваіх прыхільных гледачоў. У Гомелі ён арганізаваў музычна-драматычны калектыў "Жалейка", які спачатку быў самадзейным, а потым стаў і прафесійным. Са сваім калектывам Мікола Макарцоў скалясіў усё Палессе, асабліва Гомельскі рэгіён. "Жалейка" выступала і ў Мінску, і ў іншых гарадах Беларусі, гастралявала па Украіне, удзельнічала ў прэстыжных сусветных фестывалях, аглядах у Расіі, Індыі, Польшчы. Мікола Макарцоў даў тэатральнае жыццё творам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, Леапольда Родзевіча, ставіў уласныя сцэнізацыі. Мікалай Фёдаравіч працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам рэспубліканскай дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм. Макарцоў набыў вялікую вядомасць як пастаноўшчык масавых свят і народных абрадаў, грандыёзных па маштабах і надзвычай яркіх, маляўнічых па відовішчнасці. У гэтым плане ў Рэспубліцы Беларусь, бадай, не было яму роўных. Тут можна прыгадаць тэатралізаваныя дзеі "Тураўская легенда" і "Купалле" ў Тураве, "Купалле" ў Баркалабава, "Гуканне вясны" ў Жыткавічах, "Багрымаўскія святы" ў Крашыне, Свята старажытнага Друцка ў гэтым жа гарадку, відовішчы на вуліцах і плошчах Гомеля і інш. Апроч рэжысёрскага таленту, надзвычайных арганізатарскіх здольнасцей, Мікола Макарцоў валодаў яшчэ адным неацэнным дарам. Ён быў заўзяты, апантаны збіральнік тэатральнага фальклору, даследчык народнай тэатральнай культуры.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: