Імя на беларускай мове:   Адамовіч Алесь Міхайлавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (03.09.1927, в. Канюхі, Копыльскі раён, Мінская вобласць – 26.01.1994, Масква, пахаваны ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца, кінадраматург, грамадскі дзеяч.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём "Партызану Айчыннай вайны" II ступені. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) за "Хатынскую аповесць". Лаўрэат прэмій часопіса "Дружба народаў" (1972), "Залаты медаль імя А. А. Фадзеева" (1983) за "Блокадную книгу", "За гонар і мужнасць таленту" (1997; пасмяротна). Фільм на сцэнарый А. Адамовіча "Ідзі і глядзі" трапіў у спіс фільмаў тэлевізійнага шоу "50 фільмаў, якія неабходна паглядзець, перш чым памерці".
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Адамович Александр Михайлович
Псеўданімы:   Алесь Адамовіч
Творчасць:   Беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца, кінадраматург. Літаратурную дзейнасць пачаў як крытык, літаратуразнаўца ў 1950 г., хаця яшчэ пад час вучобы ў аспірантуры пісаў асобныя старонкі свайго першага рамана. Глыбокі, таленавіты даследчык, якому належыць шмат абагульняльных навуковых прац па актуальных праблемах сучаснай савецкай літаратуры, аналізуе шляхі станаўлення беларускага рамана, развіццё сучаснай беларускай літаратуры ў кантэксце рускай і сусветнай літаратур, праблемы пісьменніцкага майстэрства, культуры творчасці. Апублікаваў пятнаццаць манаграфій, шмат літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў. А. Адамовіч – адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літатуры". Выступаў з лекцыямі і дакладамі перад насельніцтвам, неаднойчы – за мяжой на міжнародных навуковых з’ездах і канферэнцыях. Яго выступленні, лекцыі, даклады прасякнуты антываенным пафасам; гэтым пафасам насычаны і мастацкія, мастацка-дакументальныя творы. Талент Алеся Адамовіча надзвычай шматгранны. Ён – пісьменнік шырокага жанравага дыяпазону: ад апавядання і лірычнай аповесці да эпічнага рамана. Яго аналітычна-філасофская проза, найбольш ярка прадстаўленая "Хатынскай аповесцю" і "Карнікамі" з’яўляецца вяршыняй беларускай і савецкай ваеннай прозы. Ужо будучы прызнаным пісьменнікам, вучоным-літаратураведам, прафесарам універсітэта, ён кінуў усе свае літаратурныя клопаты і разам з Брылём і Калеснікам падаўся ў народ запісваць народнае веданне вайны, ратаваць ад забыцця трагічныя лесы хатынскіх вёсак. Некалькі год блукання па глухіх кутках Беларусі, сотні сустрэч і кіламетры магнітафонных стужак далі нацыянальнай літаратуры ўнікальны твор, своеасаблівую антыфашысцкую біблію, якая ўсчала новы жанр ваеннай дакументалістыкі, прадоўжаны затым "Блакаднай кнігай". Па сцэнары А. Адамовіча на кінастудыі "Беларусьфільм" у 1970 г. была знята кінадылогія "Партызаны". Па матывах "Хатынскай аповесці" ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР у 1977 г. пастаўлена п’еса "Вяртанне ў Хатынь", па матывах кнігі "Я з вогненнай вёскі..." В. Дашук зняў дакументальны фільм "Суд памяці", кампазітар Л. Шлег напісала рэквіем "Памятайце", Новасібірскі тэатр драмы зрабіў інсцэніроўку. У 1985 г. кінарэжысёрам Э. Клімавым у сааўтарстве з А. Адамовічам знята мастацкая кінастужка "Ідзі і глядзі", у аснову якой пакладзена "Хатынская аповесць". Фільм атрымаў першую прэмію на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985) і ўзнагароджаны залатым прызам, атрымаў сусветнае прызнанне, з поспехам дэманструецца на экранах многіх краін свету. Як ніхто з сучасных мастакоў слова, Алесь Адамовіч абвострана адчуваў маштаб ядзернай пагрозы чалавецтву і як ніхто з сучаснікаў гатовы без аніякага разліку, па першаму закліку сумлення кінуцца супраць пагрозы. Ці не сведчанне таго ягоны рашучы, грамадзянскі смелы ўдзел у ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы, – учынак, які каштаваў Адамовічу немалых страт, затое засцярог тысячы людзей ад немінучай бяды. А. Адамовіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Быў членам Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам старшыні па справах ЮНЕСКА пры Савеце Міністраў СССР, членам рэдкалегіі часопіса "Нёман", членам рэдсавета кінастудыі "Беларусьфільм". У 1982 г. як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 37-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. У складзе дэлегацый СП СССР неаднойчы выязджаў за мяжу для творчых сустрэч з замежнымі чытачамі. Пабываў у Югаславіі (1956), Італіі (1964), ГДР (1974, 1976), Польшчы (1977, 1983), Балгарыі (1979), ЧССР (1976, 1980), ФРГ (1978), Індыі, Малайзіі, Сінгапуры (1982), Нарвегіі (1986), Індыі (1986) і іншых краінах. Народны дэпутат СССР з 1989 г. Памёр 26 студзеня 1994 ад хваробы сэрца. Алесь Адамовіч нямала зрабіў для росквіту нацыянальнай навукі, літаратуры, усёй сучаснай гуманістычнай культуры. Яго проза і публіцыстыка, густа насычаныя думкамі і ідэямі, сёння актыўна пасцігаюцца чалавецтвам. Але ўвесь Адамовіч яшчэ як след не прачытаны, глыбіня ягоных ідэй яшчэ не спазнана.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: