Імя на беларускай мове:   Галавач Платон Раманавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (18.04.1903, в. Пабокавічы, Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць – 29.10.1937, г. Мінск).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Пісьменнік.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Імем П. Галавача названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 г. на будынку школы, дзе ён вучыўся, адкрыта мемарыяльная дошка.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Головач Платон Романович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Платон Раманавіч Галавач увайшоў у гісторыю літаратуры як празаік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Яго біяграфія трагічна тыповая для беларускіх савецкіх пісьменнікаў даваеннага часу. П. Галавач нарадзіўся 18 красавіка (1 мая) 1903 г. у вёсцы Пабокавічы Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні ў сям’і малазямельных і непісьменных сялян. Яго літаратурныя здольнасці выявіліся ўжо ў школьных сачыненнях. Платон любіў маляваць, настаўнікі прарочылі яму будучыню мастака, але ён выбраў літаратурную творчасць. П. Галавач горача ўспрыняў тыя перамены, што адбываліся ў грамадскім жыцці пасля дзвюх рэвалюцый 1917 г. У час белапольскай акупацыі ён стаў падпольшчыкам, а пасля вызвалення беларускай зямлі ад захопнікаў у верасні 1920 г. уступіў у камсамол, узначаліў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы, быў байцом атрада асобага прызначэння, потым камандзірам гэтага атрада, хадзіў у разведку, змагаўся супраць бандытаў і дэзерціраў. У роднай вёсцы П. Галавач напісаў свае першыя замалёўкі, невялікія карэспандэнцыі, якія друкаваліся ў бабруйскай газеце "Камуніст". Актыўнага селькора заўважылі і неўзабаве накіравалі на вучобу ў Мінскую аднагадовую партыйна-савецкую школу першага склікання. Пасля заканчэння вучобы П. Галавач працаваў інструктарам па рабоце сярод сялянскай моладзі пры Барысаўскім павятовым камітэце камсамола. Пісаў ён даволі шмат, друкаваўся з 1921 г. Пісаў пра ўсё новае, што нараджалася ў рэвалюцыйным віхуры сацыяльных пераўтварэнняў, і пра ўсё негатыўнае, што перашкаджала гэтаму новаму. І заўсёды пісаў пранікнёна, сумленна, прапускаючы праз сваё сэрца. У хуткім часе П. Галавач становіцца членам ЦК КПБ (б). У 1929 г. яго прызначаюць намеснікам народнага камісара асветы БССР. З вясны 1930 г. Галавач займаўся выключна літаратурнай працай, а ў 1932 г. быў прызначаны адказным сакратаром часопіса "Полымя рэвалюцыі". Платон Галавач шмат падарожнічаў па СССР у складзе дэлегацый беларускіх пісьменнікаў. Паездкі па краіне, дружба з прадстаўнікамі іншых літаратур аказвалі вялікі ўплыў на творчае развіццё мастака. У 1925 г. на старонках газеты "Савецкая Беларусь" друкуецца яго першае буйное апавяданне – "Загубленае жыццё", сюжэт якога быў узяты з рэчаіснасці. У гэтым творы ў сентыметальным плане падаецца трагічная гісторыя парабчанкі Ніны Шапілёвай. Платон Галавач плённа працаваў у жанры малой эпічнай формы, пра што сведчылі тры зборнікі апавяданняў: "Дробязі жыцця" (1927), "Хочацца жыць" (1930), "Апавяданні" (1934). Увагу празаіка прыцягвалі сацыяльныя і духоўныя змены, што адбываліся ў грамадстве. Праз лёс канкрэтнага чалавека паказваліся тыя зрухі, якія мелі месца ў жыцці. У ранніх апавяданнях цесна перапляталіся публіцыстычнасць і лірызм, рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці. У апавяданні "Рубанаўскі вузел" (1926) аўтар асвятляе барацьбу новага і старога, паказвае рост грамадзянскай свядомасці людзей у працэсе пераўтварэння рэчаіснасці. Талент П. Галавача, як і многіх іншых пісьменнікаў той пары, не паспеў раскрыцца на поўную сілу па прычынах, далёкіх ад літаратуры. У 1937 г. рэпрэсіраваны, 29.10.1937 г. расстраляны. Рэабілітаваны 25.07.1956 г. У 1958 г. выйшаў збор твораў у 3-х тамах. У 1963 г. часопіс "Полымя" надрукаваў "Пісьмы Платона Галавача".
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: