Імя на беларускай мове:   Аўрамчык Мікалай Якаўлевіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (14.01.1920, в. Плёсы, Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць – 08.05.2017).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт, пісьменнік, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў СССР (1947). Лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1964). Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Ганаровы грамадзянін Бабруйскага раёна (1998). Узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны", Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Аврамчик Николай Яковлевич
Псеўданімы:   Мікола Аўрамчык
Творчасць:   Паэт, празаік і перакладчык нарадзіўся на Магілёўшчыне. Вучыўся ў школах в. Плёсы і Цялуша. Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце "Камуніст". У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі". Сапраўдным настаўнікам і дарадцам у той час для маладога аўтара стаў Аркадзь Куляшоў. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. трапіў у палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949 г.). Працаваў у рэдакцыях газет "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", у часопісе "Полымя", працягваў пісаць вершы. На першую пасляваенную пяцігодку прыпадае і выхад першых кніжак паэта. Бясспрэчна, яны не маглі не ўтрымліваць таго, што перажыў франтавік і вязень фашысцкай няволі. Таму першы зборнік так і называўся – "Пярэдні край", у якім знайшлі адлюстраванне і асабісты лёс паэта, і драматычна-гераічныя падзеі ва ўсёй вялікай краіне. Убачанага, вынесенага на асабістай скуры з ліхвой хапіла літаратару, каб пазнаёміць чытачоў з праўдай жыцця ў такіх кнігах вершаў, як "Дружба", "Шляхамі дружбы", "Паўналецце", "Дарогі майго краю", "Ключы жураўліныя", "Сустрэча былых канагонаў", "Універсітэцкі гарадок", "Радовішча", Агледзіны". Пераклаў на беларускую мову творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, М. Джаліля, Г. Эміна, паэму М. Нагнібеды "Васілёк" (1961) і інш. Паэзія Міколы Аўрамчыка – пра драматычны ваенны лёс, уражанні ад студэнцкіх гадоў, паездак па краіне. Мікола Аўрамчык усёю душою любіць літаратуру і асабліва паэзію. На творчым рахунку Міколы Аўрамчыка каля двух дзесяткаў кніг паэзіі, выдадзеных за амаль паўстагоддзя актыўнага жыцця ў літаратуры. У 50-я гады мінулага стагоддзя, працуючы ў часопісе "Маладосць", ён стаў настаўнікам вялікай кагорты вядомых потым беларускіх паэтаў і празаікаў. У 1964 г. за зборнік вершаў "Сустрэча былых канагонаў" ён быў ушанаваны літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. Пасля амаль 30-гадовай працы ў "Маладосці" і стварэння некалькіх зборнікаў паэзіі, раманаў і аповесцей быў удастоены звання заслужанага работніка культуры Беларусі. Пасля ўбачыўшых свет рамана "У падзямеллі" (1986), аповесці "Палон" (1989), некалькіх кніг эсэ, ён заняты ўспамінамі пра сяброў-паплечнікаў, выбітных людзей эпохі. Пабачыла свет кніга ўспамінаў "Знаёмыя постаці" (2004). На сённяшні час Мікола Аўрамчык стварае мемуары, прымае ўдзел у святах пушкінскай паэзіі ў Цялушы, сустракаецца з чытачамі ў бабруйскіх школах і бібліятэках. Аб паэзіі кажа нечакана: – Вершы – для маладых. Для сталых, як я, – проза.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: