Імя на беларускай мове:   Цэлеш (Целеш) Мікола Яфімавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (25.06.1900, в. Заазер’е, Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць – ??.??.1976, прапаў без вестак).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Празаік, краязнаўца, публіцыст, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:  
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Целеш Николай Ефимович
Псеўданімы:   Марцін (Мартын) Люціч, Лясун М.
Творчасць:   Цэлеш Мікола Яфімавіч – празаік, публіцыст, перакладчык. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, працаваў на шахтах Данбаса, дзяржаўных установах г. Мінска, у тым ліку ў рэдакцыі часопіса "Паляўнічы Беларусі". Друкавацца пачаў у 1929 г. (першай публікацыяй было апавяданне "Па воўчых сцежках" у часопісе "Паляўнічы Беларусі"). У 1930 г. М. Цэлеш часта выступаў на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў з нарысамі, апавяданнямі, аповесцямі. Супрацоўнічаў з часопісамі "Полымя рэвалюцыі", "Маладняк", "Работніца і калгасніца Беларусі", "Паляўнічы Беларусі", газетамі "Літаратура і мастацтва" і інш. У даследаванні "Летапісная НЯМІЗА і ейнае мейсца на мапе" выказаў і абгрунтаваў версію аб тым, што вядомая бітва на Нямізе (1067) адбылася паміж бялыніцкімі Эсьмонамі і Майскам. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Мінску. Далейшы жыццёвы і творчы лёс М. Цэлеша малавядомы. Паводле адных крыніц, у 1941 г. гестапаўцы беспадстаўна арыштавалі М. Цэлеша, членаў яго сям’і і вывезлі ўсіх у Германію. Па іншых звестках, выехаў у Германію сам з сям’ёй толькі ў 1944 г., з тэрыторыі былой Заходняй Беларусі. У Германіі правёў некалькі гадоў. У 1949 г. перасяліўся ў ЗША, жыў у Нью-Ёрку. Пастаянна займаўся літаратурнай працай. Знаходзячыся ў эміграцыі, друкаваў свае творы ў газетах "Бацькаўшчына", "Беларус", альманаху твораў беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў "Ля чужых берагоў. Аўтар болей як сотні твораў, што былі перакладзены на рускую і польскую мовы. Пераклаў на беларускую мову шэраг апавяданняў венгерскіх і яўрэйскіх пісьменнікаў. М. Цэлеша-пісьменніка асабліва хвалявала тэма ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды. Адчуваецца яго творчая вучоба ў I. Тургенева, М. Прышвіна. Героямі дынамічных, з цікавым, займальным сюжэтам, твораў М. Цэлеша сталі простыя людзі, захопленыя красой роднай прыроды, пераважна паляўнічыя, рыбакі. На Захадзе лічаць нечаканае знікненне М. Цэлеша ў 1976 г. ("выйшаў аднойчы з дома і не вярнуўся") вельмі загадкавым. Па словах яго ўдавы, якая прыязджала ў Мінск, яшчэ да свайго таямнічага знікнення праз М. Танка і ўдаву М. Зарэцкага М. Цэлеш перадаў у Беларусь некаторыя творы, якія нібыта былі надрукаваны ў "Полымі" пад псеўданімам Лясун ці Пралеска, але такая публікацыя не выяўлена. Паводле меркавання жонкі, мог выехаць з ЗША ў тагачасны Савецкі Саюз, дзе нібыта і прапаў без вестак.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: