Імя на беларускай мове:   Клімуць Яраслаў Іванавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (10.01.1940, в. Вострава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці – 18.06.2022, г. Магілёў)
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Літаратуразнаўца.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1982, 1998), Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (2004), граматамі рэктарата Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Климуть Ярослав Иванович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Яраслаў Іванавіч Клімуць нарадзіўся 10 студзеня 1940 года ў в. Вострава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Востраўскай пачатковай школе, затым – Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна. Пасля заканчэння ў 1958 годзе сярэдняй школы давялося папрацаваць у калгасе, сельскай краме. У 1959 – 1962 гадах служыў у Савецкай Арміі. 3 1962 да 1967 года ён – студэнт філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1967 / 1968 гадах настаўнічаў у Дубаўской васьмігадовай школе Ваўкавыскага раёна, каля года супрацоўнічаў у рэдакцыі ўздзенскай раённай газеты «Чырвоная зорка». У 1969 – 1975 гадах выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Ліцвянскай сярэдняй школе імя П.Ф. Глебкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Адначасова вучыўся завочна ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1972 – 1976), якую паспяхова закончыў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Якуб Колас і руская савецкая паэзія» (навуковы кіраўнік – доктар фiлалагiчных навук Ю.С. Пшыркоў). З 1975 года Яраслаў Іванавіч працаваў старшым выкладчыкам (1975 – 1980), дацэнтам (1980 – 1985, 2001 – 2006) кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута, дацэнтам кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства (2006 – 2016). На працягу 14 гадоў, з 1986 па 2000 гады, Яраслаў Іванівіч Клімуць быў дэканам філалагічнага факультэта. Навуковец, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, аўтар манаграфій і падручнікаў, адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, падрыхтаванай да выдання Інстытутам літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі, Яраслаў Іванавіч Клімуць шмат зрабіў для даследавання, асэнсавання і захавання беларускай літаратурнай спадчыны, выступіў ініцыятарам і актыўным удзельнікам стварэння ўніверсітэцкага літаратурнага кабінета-музея «Літаратурная Магілёўшчына». Плённая навуковая, педагагічная грамадская дзейнасць Я.І. Клімуця адзначана Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1982, 1998), Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (2004), граматамі рэктарата ўніверсітэта.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: