Імя на беларускай мове:   Шасцерыкоў Пётр Паўлавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (4 мая 1919, в. Тоўсты Луг, Суджанскі павет, Курская губерня, РСФСР — 20 сакавіка 1994).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Пісьменнік, публіцыст, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Шестериков Петр Павлович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Нарадзіўся Пётр Паўлавіч Шасцерыкоў у вёсцы Тоўсты Луг Суджанскага раёна Курскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго бацька, барацьбіт за савецкую ўладу, загінуў у 1919 годзе. Маці пераехала з вёскі на сваю радзіму ў Магілёў. Там П. Шасцерыкоў у 1937 годзе скончыў дзесяцігодку, у 1941 годзе – літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у камуністычны знішчальны батальён. Са жніўня 1941 года ўдзельнічаў у баях на Бранскім фронце. З 1944 года – інструктар чырвонаармейскай дывізіённай газеты «За Родину». Пасля дэмабілізацыі (1945) – карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда» па Магілёўскай вобласці, з 1946 года – загадчык аддзела крытыкі і бібліяграфіі гэтай газеты. З 1956 года на творчай рабоце. З 1959 па 1961 год – карэспандэнт Беларускага радыё. Дзесяць гадоў быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1960–1971). З 1973 года ўпаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах Магілёўскай вобласці. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі. Першае апавяданне П. Шасцерыкова «Перевозчик» надрукавана ў 1941 годзе ў газеце «Камунар Магілёўшчыны». У ваенны час актыўна працаваў як журналіст. Яго апавяданні змяшчаліся ў літаратурных альманахах «Літаратурны Магілёў», «Дняпро». Першая аповесць «Залатая жыла» надрукавана ў 1949 годзе ў часопісе «Советская Отчизна». Аповесць «Камень за каменем» выйшла асобнай кнігай у 1955 годзе. Фарміраванню характару маладога чалавека прысвечаны яго кнігі для юных чытачоў «Звіні, званок», «Сонечны прамень», «На ўсё жыццё», «А слава цябе знойдзе». Напісаў тэксты да фотаальбомаў «Магілёў» (1968, 1971, 1977). У 1979 г. выйшаў зборнік «Повести и рассказы». П. Шасцерыкоў зрабіў літаратурную апрацоўку кнігі «Солдатами были все» (1968). З успамінаў Івана Аношкіна: «Памятаю, як Пётр Паўлавіч працаваў над гэтай кнігай. Калі б ні зайшоў у аддзяленне, ён карпеў над тэкстамі аўтараў. А калі запрашалі на сустрэчу з чытачамі ў школу, тэхнікум ці працоўны інтэрнат, Пётр Паўлавіч распавядаў не толькі пра свае творы, але і пра сустрэчы са шматлікімі аўтарамі рыхтуючай кнігі – Кліментам Варашылавым, Іванам Якубоўскім, Канстанцінам Сіманавым, Іванам Макаравым... І вось, нарэшце, у 1968 годзе кніга ўбачыла свет і адразу зрабілася бэстсэлерам... А потым неяк заходжу да Пятра Паўлавіча, а ён зноў працуе над рукапісамі для кнігі «Солдатами были все». – З’явіліся дадатковыя матэрыялы, эпізоды, адшукаліся новыя ўдзельнікі бітваў, вырашылі падрыхтаваць другое выданне, – растлумачыў ён. Другое, дапоўненае і выпраўленае, выданне з’явілася ў 1972 годзе». Памёр П. П. Шасцерыкоў у 1994 годзе. Яго імя носіць адна з вуліц г. Магілёва.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: