Імя на беларускай мове:   Шклярэўскі Ігар Іванавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (25.06.1938, п.г.т. Бялынічы, Магілёўская вобласць - 8.09.2021).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт, празаік, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964 г., з 1968 г. у Маскоўскай пісьменніцкай арганізацыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1987 г., за кнігу вершаў і паэм "Слухаю неба і зямлю"), Дзяржаўнай Пушкінскай прэміі, прэміі "Болдзінская восень", "Царскасельскай прэміі", сустаршыня Саюза расійскіх пісьменнікаў. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, Залатым знакам паэтычнага тэатра (Балгарыя).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Шкляревский Игорь Иванович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Ігар Іванавіч Шклярэўскі – паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся на Магілёўшчыне. У 1955 г. скончыў Бялыніцкую сярэднюю школу. Працаваў фармоўшчыкам, токарам на заводах Магілёва, служыў матросам гандлёвага флота на Далёкім Усходзе, працаваў у рэдакцыі Анучынскай раённай газеты "Прыморскі край", затым "Зорьки" (Мінск). Вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце імя А. Куляшова, скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага, пасля заканчэння якога жыве ў Маскве. Першы артыкул І. Шклярэўскага датуецца 1955, першы друкаваны верш – 1956. Аўтар зборнікаў паэзіі "Я іду!" (1962), "Лодка" (1964), "Фортуна" (1968), "Воля" (1972), "Рэўнасць" (1974), "Пахаладанне" (1975), "Дазорная галінка", "Неназваная сіла" (1978), "Госць" (1980), "Тайнік" (1981), кнігі прозы "Цень птушкі" (1976), нататак пра літаратуру "Паэзія – львіца з грывай" (1986). Увагу паэта прыцягваюць дарагі сэрцу куток магілёўскай зямлі, запаветныя сцяжынкі над дняпроўскімі кручамі, пасляваеннае дзяцінства. Сустрэчы і развітанні, маладосць і каханне – асноўныя матывы яго паэтычных твораў, якія ўвабралі ў сябе жывое шматгалоссе прыроды, шматфарбавыя пералівы колераў, плёскат рачных хваляў і шум дажджу, буйнае раскашаванне вясны і заміранне восені. Паэт разважае над складанымі духоўнымі, экалагічнымі праблемамі сучаснасці, гісторыяй славянскага адзінства, над лёсам роднай культуры, чалавека, яго адносінамі да культуры. Аўтар паэмы "Слова пра Кулікова поле" (1982) (па матывах "Сказання пра Мамаева пабоішча"). Выступае і як крытык. Пераклаў на рускую мову "Слова аб паходзе Ігаравым", паэму М. Гусоўскага "Песня пра зубра", асобныя вершы Я. Купалы, М. Багдановіча, П. Панчанкі, М. Танка і іншых беларускіх паэтаў. Яго вершы перакладзены на балгарскую, італьянскую, нямецкую, чэшскую, японскую і іншыя мовы. Склаў некалькі паэтычных анталогій. Найбольш важная сярод іх "Провинциальные поэты", куды ўключаны вершы таленавітых аўтараў, якія жывуць на перыферыі. "Огурцы и гении растут в провинции", – вядомы афарызм Ігара Шклярэўскага.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: