Імя на беларускай мове:   Пысін Аляксей Васільевіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (22.03.1920, в. Высокі Борак, Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць – 27.08.1981, пахаваны ў Магілёве, на Польскіх могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Беларускі паэт, журналіст, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1950). Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы за кнігу вершаў "Твае далоні" (1968).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Пысин Алексей Васильевич
Псеўданімы:  
Творчасць:   Дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна прайшлі ў роднай вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна. Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы юнака райком камсамола накіраваў на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. У верасні 1939 г. студэнта другога курса накіравалі на працу ў Бельскую павятовую, пасля раённую газету, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Вайну прайшоў сувязістам, быў двойчы паранены. Дэмабілізаваўся Аляксей Пысін напачатку 1946 г. Прызнаны майстар прыгожага беларускага пісьменства пакінуў свой след не толькі ў паэзіі. Быў таленавітым журналістам – з 1946 г. працаваў у раённым друку, з 1958 г. – у абласной газеце "Магілёўская праўда". У 1956–1958 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. З 1974 г. да апошніх дзён узначальваў Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР. Пяру А. Пысіна – пачынальніка і заканадаўцы многіх тэматычных кірункаў у паэзіі – належыць больш за дваццаць кніжак паэзіі, за зборнік вершаў і паэм "Твае далоні" прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1968). Яшчэ пры жыцці паэт стаў славутасцю, пра яго і зараз не без падстаў гавораць: "Як Быкаў у прозе". Творы А. Пысіна, адзінага з магілёўскіх паэтаў, увайшлі ў 200-томнае савецкае выданне "Бібліятэка сусветнай літаратуры", перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. Пісаў вершы для дзяцей. На беларускую мову пераклаў "Маабіцкі сшытак" М. Джаліля (1975), зборнік вершаў М. Ханінава "Жураўлі над стэпам" (1977). Узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць", ордэнам Дружбы народаў, двойчы – медалём "За адвагу". Імя Аляксея Пысіна нададзена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, у якой ён вучыўся і дзе працуе прысвечаны яму літаратурны музей, вуліцам у Магілёве і Краснаполлі. У літаратурным музеі МДУ імя А. А. Куляшова створаны куток памяці А. Пысіна, у абласной бібліятэцы штогод праходзяць Пысінскія чытанні. На доме № 35-а па праспекце Міру ў Магілёве, у якім жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: