Імя на беларускай мове:   Чыгрынаў Іван Гаўрылавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (21.12.1934, в. Вялікі Бор, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць –05.01.1996. Мінск, пахаваны ў Мінску на Усходніх Могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Празаік, перакладчык, драматург, публіцыст.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Народны пісьменнік Беларусі (1994). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979). Член СП Беларусі з 1964 г. Ганаровы грамадзянін г. Касцюковічы (1992).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Чигринов Иван Гаврилович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся на Магілёўшчыне, з вызваленнем у 1943 г. усходняй Магілёўшчыны пайшоў у 2-і клас Вялікаборскай сямігодкі. У 1949 г. перайшоў у Саматэвіцкую СШ, дзе ў 20-я гады вучыліся многія беларускія паэты. Спрабаваў пісаць вершы, якія друкаваліся ў касцюковіцкай раённай газеце "Сталінскі прызыў", шматтыражцы "Беларускі універсітэт", "Магілёўскай праўдзе", "Чырвонай змене", часопісе "Полымя", але паэтам не стаў. У 1952-1957 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ. Пісаў нарысы, змяшчаў іх у раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса "Полымя" (1962-1975). У 1975 г. І. Чыгрынаў абраны членам праўлення, намеснікам старшыні праўлення СП Беларусі, у 1976-1986 гг. быў сакратаром СП Беларусі. У 1978 г. уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі, якая ўдзельнічала ў рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. быў старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 г. галоўны рэдактар часопіса "Спадчына". Выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 11-га склікання, узначальваў пастаянную камісію па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Адзін з аўтараў Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. У 1958 г. у газеце "Чырвоная змена" была апублікавана аповесць "Тайна одной экспедыцыі", але сапраўдным пачаткам літаратурнай творчасці пісьменнік лічыць 1961 г., калі ў "ЛіМе" было надрукавана яго апавяданне "Праз гады". Найбольш значным дасягненнем І. Чыгрынава з’яўляюцца яго раманы пра вайну: "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы". У раманах грунтоўна адлюстравана атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, даследуюцца вытокі народнага гераізму, сцвярджаецца народны погляд на вайну. Аўтар рамана "Вяртанне да віны". Піша літаратурнакрытычныя артыкуры, стварае п’есы па ўласных раманах і апавяданнях. Напісаў арыгінальныя п’есы: "Следчая справа Вашчылы" (пра Крычаўскае паўстанне ў 18 стагоддзі), "Чалавек з мядзведжым тварам", "Звон – не малітва", "Толькі мёртвыя не вяртаюцца", "Хто вінаваты…", "Ігракі". Па раманах "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы" рэжысёрам І. Дабралюбавым на кінастудыі "Беларусьфільм" створаны шматсерыйны тэлевізійны фільм "Плач перапёлкі". Па яго матывах У. Кандрусевічам напісана аднайменная сімфонія. Творы І. Чыгрынава перакладзены на многія мовы народаў свету. Імя І. Чыгрынава прысвоена цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Касцюковічы.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: