Імя на беларускай мове:   Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (06.02.1914, в. Саматэвічы, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць – 04.02.1978, Нясвіж, пахаваны ў Мінску, на Усходніх могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт, перакладчык, літаратурны крытык, кінасцэнарыст, грамадскі дзеяч.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Народны паэт Беларусі (1968), заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1949) за паэмы "Сцяг брыгады" і "Новае рэчышча", Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), кавалер ордэна Леніна (двойчы). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Кулешов Аркадий Александрович
Псеўданімы:   Амсціслаўцы; Дуда Арк.; Дуда Аркадзь; Жытнёвы Арка
Творчасць:   Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў – народны паэт Беларусі, перакладчык, літаратурны крытык, публіцыст, кінасцэнарыст, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, працаваў у газеце "Чырвоная змена", на беларускім радыё, галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва", галоўным рэдактарам на кінастудыі "Беларусьфільм". Друкавацца пачаў з 1926 г., першы паэтычны зборнік "Росквіт зямлі" выйшаў у 1930 г. Паэт пакінуў багатую творчую спадчыну глыбокага маральна-этычнага і эстэтычнага зместу. А. Куляшоў з таго пакалення, якому давялося жыць у часы складаных гісторыка-палітычных падзей і перамен: некалькі маштабных войнаў (Першая сусветная, грамадзянская, Другая сусветная), нараджэння і развіцця першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, асваення космасу чалавекам. Напісанае А. Куляшовым – мастацкі летапіс цэлай эпохі. Яго паэзія прысвечана найбольш значным падзеям часу, людзям, прыродзе Беларусі, народнаму подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне. Паэма "Сцяг брыгады" стала дасягненнем савецкай паэзіі, А. Твардоўскі назваў яе "народнай паэмай". Вершы "Ліст з палону", "Над брацкай магілай", "Камсамольскі білет", "Балада пра чатырох заложнікаў" – узор патрыятычнай лірыкі. Творы А. Куляшова ўключаны ў праграмы агульнаадукацыйнай школы, вышэйшых навучальных устаноў, перакладзены больш як на 33 мовы свету. А. Куляшоў з’яўляецца сааўтарам сцэнарыяў мастацкіх фільмаў "Чырвонае лісце", "Запомнім гэты дзень" і "Першыя выпрабаванні" па матывах трылогіі Я. Коласа "На ростанях". У яго перакладах на беларускую мову выйшла шмат твораў рускай, украінскай і замежнай класічнай паэзіі, у т. л. паэма "Яўгеній Анегін" А. Пушкіна, "Мцыры", "Дэман" М. Лермантава, "Выбранае" С. Ясеніна. Народны паэт вёў актыўную грамадскую дзейнасць. З 1947 па 1978 г. быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2–9 скліканняў, працяглы перыяд з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, удзельнічаў у Сусветнай канферэнцыі моладзі ў Лондане, у рабоце ХVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. А. Куляшоў уваходзіў у склад прэзідыума Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З’яўляўся членам Пушкінскай камісіі пры Аддзяленні літаратуры АН СССР, старшынёй каміссіі па літаратурнай спадчыне П. Галавача. Імя Аркадзя Аляксандравіча Куляшова нададзена Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, школам у Мінску і Саматэвічах. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Магілёве і Касцюковічах; у сталіцы, на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка. З 1979 г. Саюзам пісьменнікаў Беларусі прысуджаецца Літаратурная прэмія імя А. Куляшова. На радзіме паэта – у Саматэвічах – створаны Літаратурны музей А. Куляшова. Лёс народнага паэта Беларусі моцна знітаваны з лёсам свайго народа, што пацвярджаў і сам пісьменнік: Я – акіяну жытняга калоссе: Мільёны лёсаў змешчаны ў маім. Жыць і працаваць "дзеля шчасця і міру на зямлі" – нязменнае крэда Куляшова-творцы і грамадзяніна. Паэт-франтавік быў цвёрда перакананы, што "толькі сумеснымі намаганнямі можна выратаваць самае каштоўнае для чалавецтва – жыццё". Гэтую думку ён на поўны голас выказаў у многіх сваіх выступленнях і мастацкіх творах, у прыватнасці паэме "Цунамі". Сказанае пісьменнікам па-ранейшаму гучыць актуальна і ў ХХІ стагоддзі.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: