Імя на беларускай мове:   Вераб’ёў Павел Віктаравіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (07.11.1958, в. Рабавічы, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 06.04.2023).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1992).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Воробьёв Павел Викторович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Павел Віктаравіч Вераб’ёў – беларускі паэт. Нарадзіўся на Слаўгарадчыне. Пасля заканчэння школы з 1976 па 1985 гг. працаваў у слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1985-1987 гг. – слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987-1991 гг. – рэдактар аддзела часопіса "Народная гаспадарка Беларусі", загадчык сектара друку ЦК ЛКСМБ, адказны сакратар газеты "Чырвоная змена", намеснік рэдактара газеты "Знамя юности", вядучы рэдактар выдавецтва "Юнацтва". З 1991 г. – галоўны рэдактар газеты "Знамя юности", з 1992 г. – намеснік галоўнага рэдактара газеты "Добры вечар", з канца 1994 г. – аглядальнік газеты "Мінская праўда". Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва "Мастацкая літаратура". У 1992 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Жыве ў Мінску. Літаратурную працу пачаў у 1976 г. Першыя вершы надрукаваў у слаўгарадскай раённай газеце. Публікаваўся ў абласной газеце "Магілёўская праўда", газетах "Чырвоная змена", "Сельская газета", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", часопісе "Маладосць". У 1990 г. у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшаў зборнік яго вершаў "Крытычная маса". У асобе Паўла Вераб’ёва маладая беларуская паэзія мае прыклад супадзення характару творцы з ягонымі вершамі. Гэта паэзія стрыманая ў пачуцці і ўзважаная розумам, прапушчаная праз сэрца і ахалоджаная канкрэтным жыццём, няўмольным побытам. У 1995 г. выйшаў другі зборнік яго вершаў – "Цёмнае віно", яго прэзентацыя адбылася ў Мінскім Доме літаратараў. На творчай вечарыне вершы Паўла Вераб’ёва чытаў артыст Павел Дубашынскі, цёплыя словы пра аўтара "Цёмнага віна" сказаў вядомы беларускі паэт Васіль Зуёнак, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Пісьмянкоў, паэт Анатоль Зэкаў і іншыя пісьменнікі, якія адзначылі прыкметны творчы рост Паўла Вераб’ёва, яго спакойны немітуслівы розум у шматлікіх паэтычных радках. Пра свае Рабавічы, пра "край-свет" пасля чарнобыльскай пары Павел Вераб’ёў напісаў няшмат, але важка. У калектыўнай кніжцы "Прайсці праз зону" (2001), выдадзенай у "Мастацкай літаратуры", цыкл яго вершаў прасякнуты і болем, і надзеяй, і верай. У 2005 г. выйшаў трэці зборнік вершаў і эсэ Паўла Вераб’ёва "Не трэба вас…". Тут аўтар паспрабаваў распавесці пра жыццёвую мудрасць свайго радаводу. Так, у эсэ "Крысан" П. Вераб’ёў піша: "У дзеда ж была адна філасофская формула, якую ён вельмі часта паўтараў: "Ворага накармі, напаі і ў дарогу дай". Эсэ дазваляюць зразумець Паўла Вераб’ёва, які жыццё вывучае праз свае ўласныя ўчынкі і ўчынкі продкаў.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: