Імя на беларускай мове:   Стральцоў Міхась (Стральцоў Міхаіл Лявонавіч)
Гады жыцця, месца нараджэння:   (14.02.1937, в. Сычын, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць – 23.08.1987, г. Мінск, пахаваны на Паўночных могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Празаік, паэт, эсэіст, перакладчык, крытык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1962), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1988, пасмяротна, за кнігу вершаў "Мой свеце ясны").
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Стрельцов Михась
Псеўданімы:  
Творчасць:   Міхась Стральцоў – беларускі празаік, паэт, эсэіст, крытык, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы. Нарадзіўся ў в. Сычын Слаўгарадскага раёна. У 1954 г. закончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу (Краснапольскі раён) і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1959 г. Працаваў у газеце "Літаратура і мастацтва" (1959—1961, 1969—1972), часопісах "Полымя" (1961—1962), "Маладосць" (1962—1968). У 1983 г. стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса "Нёман", дзе працаваў да заўчаснай смерці. Пісаць Міхась Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Яго першыя вершы на рускай мове былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе "Прамень" (1952), а потым з’явіліся ў раённай газеце "Калгасны шлях" (1965). Першае апавяданне "Дома" надрукаваў у 1957 г. (часопіс "Маладосць", № 1). А ў 1962 г. выйшла першая кніга яго апавяданняў "Блакітны вецер". Яна звярнула на сябе ўвагу чытачоў, крытыкі, грамадскасці здольнасцю аўтара пранікаць ва ўнутраны свет сваіх персанажаў, маральна-этычнай праблематыкай. Аднак сапраўдную славу прынеслі пісьменніку зборнік апавяданняў "Сена на асфальце" (1966), аповесць "Адзін лапаць, адзін чунь" (1970), якія вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак. Аўтар удала спалучае бытавое, будзённае, зямное з узнёслым, рамантычным, у выніку чаго знаходзяць своеасаблівы сплаў проза і паэзія жыцця. Адначасова з празаічнымі творамі М. Стральцоў пісаў лірычныя вершы, поўныя роздуму і глыбокага пачуцця, нярэдка пабудаваныя на асацыятыўнай аснове (зборнікі "Ядлоўцавы куст", "Цень ад вясла"). Вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў — А. Пушкіна, М. Браўна, Н. Гільена, П. Неруды, Я. Смелякова, рамана Ч. Айтматава "Заветны паўстанак", прозы Л. Лявонава, Б. Пастэрнака і інш. Разам з В. Раеўскім напісаў сцэнарый тэлеспектакля "Па шчасце, па сонца" (паводле дарэвалюцыйных твораў Я. Купалы). М. Стральцоў быў таленавітым крытыкам і літаратуразнаўцай. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, што змяшчаліся ў перыядычным друку, эсэ, творчыя партрэты, якія ўвайшлі ў кнігі "Жыццё ў слове", "У полі зроку", адпавядаюць высокім ідэйна-эстэтычным крытэрыям сучаснасці.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: