Імя на беларускай мове:   Кірэенка Кастусь (Канстанцін Ціханавіч)
Гады жыцця, месца нараджэння:   (12. 12. 1918, в. Гайшын, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць. 15.09. 1988. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Празаік, паэт, публіцыст, перакладчык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1943 г. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1972) за "Кнігу ста песень", Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1964) за кнігу "Смага". Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі "Знак Пашаны", Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, ЛітССР і ЛатССР, медалямі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Киреенко Кастусь (Константин Тихонович)
Псеўданімы:   Пятрусь Дубец (з Я. Брылем)
Творчасць:   Кастусь (Канстанцін Ціханавіч) Кірэенка нарадзіўся 12 снежня 1918 г. у в. Гайшын Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1934 г. скончыў Гайшынскую сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, дзе правучыўся толькі адзін год. У 1940 г. скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Выкладаў мову і літаратуру ў Гарадзецкай СШ Быхаўскага раёна. Вясной таго ж года прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Да ліпеня 1941 г. – вежавы стралок у танкавым экіпажы, да сакавіка 1945 г. – карэспандэнт баявога аддзела армейскай газеты "За Родину". Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў часопісе "Беларусь" (1945-1962 гг.), з 1962 г. – галоўны рэдактар часопіса "Бярозка", у 1972-1986 гг. – часопіса "Полымя". У 1980-1985 гг. З’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1969 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Пісаць і друкавацца К. Кірэенка пачаў яшчэ ў 1939 г. Першы зборнік вершаў "Ранак ідзе" выйшаў у 1945 г. Лірычны герой зборніка — просты салдат, які пракладае штыком шлях да перамогі, да міру. У самыя цяжкія часіны паэт выражаў упэўненасць у тым, што вораг будзе разбіты, што прыйдзе светлы дзень Перамогі, адкрыюцца неабсяжныя далягляды для стваральнай працы. Мінула вайна-навальніца, але пакінула яна балючыя раны. Перад вачыма дэмабілізаванага салдата (зборнік "Пасля навальніцы") — знявечаная зямля, руіны. Смутак агортвае душу, але чалавек не схіляецца перад цяжкасцямі, а з той самай нязломнай сілай, з якою біў ворага, бярэцца за аднаўленне жыцця. Працэс вялікага пасляваеннага будаўніцтва, вынікі ўпартых намаганняў людзей, якія сваімі рукамі змяняюць аблічча рэспублікі, паказаны ў трэцяй кнізе "Мая рэспубліка" (1949). У наступных кнігах: "Маякі", "Родны свет" (1952), "Любоў і дружба" (1955), "Светлая хваля" (1959) ярка выявілася творчая індывідуальнасць паэта, акрэслілася накіраванасць яго паэзіі. Творам уласціва філасофская засяроджанасць, даверліва-лірычная споведзь, гуманістычная заклапочанасць усім, што адбываецца ў свеце. Новай ступенню ў творчасці К. Кірэенкі з’явіўся зборнік вершаў "Смага" (1962), за які пісьменніку была прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. Яркім сведчаннем прызнання паэта з’яўляецца прысуджэнне яму Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў "Кніга ста песень" (1971). К. Кірэенка вядомы і як празаік. У 1967 г. ім напісаны зборнік апавяданняў "Ручаіны шукаюць ракі" і аповесць у навелах для дзяцей "Сум і радасць дзеда Рэпкі". Ён аўтар зборнікаў для дзяцей: "Зялёная рэха" (1953), "Вясна-красна" (1956), "Сад піянерскі" (1960), "Слаўся, юнацтва" (1961), "Урачыстая песня" (1965), "Прысяга" (1969) і інш. На вершы К. Кірэенкі напісалі песні М. Аладаў, У. Алоўнікаў, У. Буднік, Ю. Семяняка, С. Палонскі і інш. Перакладаў творы рускіх, украінскіх, малдоўскіх, латышскіх і іншых пісьменнікаў. На доме № 29 па вуліцы Пуліхава ў Мінску, дзе ў 1977-1988 гг. жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: