Імя на беларускай мове:   Зарыцкі Аляксей Аляксандравіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (22.03.1911, гарадскі пасёлак Хоцімск, Магілёўская вобласць – 29.10.1987).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1935 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Зарицкий Алексей Александрович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Зарыцкі Аляксей Аляксандравіч – беларускі паэт. Нарадзіўся на Хоцімшчыне, у сям’і служачага. У 1928 г. скончыў сярэднюю школу ў Бабруйску, працаваў электраманцёрам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1936 г. скончыў Маскоўскі інстытут замежных моў. У 1941-1942 гг. удзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, будучы памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветрана-дэсантных карпусоў. У якасці інструктара армейскага палітаддзела прымаў удзел у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў супрацоўнікам, а пасля загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Полымя". Першы верш надрукаваў у 1927 г., а ў 1932 г. выйшаў першы зборнік вершаў "Эпічныя фрагменты". У студэнцкія гады пісаў і друкаваўся вельмі мала. Другое паэтычнае нараджэнне А. Зарыцкага адбылося ў час Вялікай Айчыннай вайны. Вершы напісаныя ў гэты перыяд, склалі кнігу "Дняпроўскае рэха". Творчасць паэта мае тры выразныя этапы. На першым індывідуальныя якасці выяўляліся яшчэ слаба, але ўжо тады заўважалася схільнасць А. Зарыцкага да апавядальнага сюжэтнага верша (зборнік "Эпічныя фрагменты"). У пасляваенны перыяд ішоў інтэнсіўны пошук індывідуальнага стылю. Эпічнасць вершаў захоўвалася і паглыблялася, набываючы пры гэтым прамоўніцкія інтанацыі. Паводле формы вершы набліжаліся да балады. На гэтым этапе вялікую ролю ў творчым лёсе А. Зарыцкага адыгралі А. Куляшоў і вядомы ўкраінскі паэт П. Тычына. Сярэдзінай 50-х г. пазначаны росквіт таленту паэта. Найбольш выразна якасны зрух выявіўся ў ліра-эпічных творах. Адчувальны рост у стварэнні маштабных характараў, напружанага канфлікту, сатырычнай накіраванасці твора ("Аповесць пра залатое дно "). Большасць паэм прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у якіх у розных аспектах выяўляецца героіка змагання з фашызмам, услаўляецца інтэрнацыянальная салідарнасць працоўных ("Пяцёра", "На волю"), вернасць пачуццяў ("Каля Траецкай гары"), самаахвярнасць ("Таварыш Саша"), сіла духу, вера ў канчатковую перамогу над фашызмам ("Трывожная госця"") і інш. Услаўленне ведаў, імкненне да спазнання таямніц Сусвету характэрна для паэмы "Вяртанне на Зямлю". Перакладаў з расійскай, украінскай, нямецкай, польскай, лужыцка-сербскай моў.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: