Імя на беларускай мове:   Юркевіч Леанід Мікалаевіч (Юрка Лявонны)
Гады жыцця, месца нараджэння:   (29.07.1908, г. Чавусы, Магілёўская вобласць – 29.10.1937, Мінск)
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт-футурыст, празаік, крытык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1934)
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Юркевич Леонид Николаевич
Псеўданімы:   Леанідаў, Леонидов, Юр. Лявонны, Юрка Лявонны
Творчасць:   Юрка Лявонны нарадзіўся ў сям’і служачага. Юнацтва паэта прайшло ў атачэнні суцэльнай нястачы і разбурэнняў, аднак гэта не перашкодзіла яму атрымаць адукацыю. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, скончыў Магілёўскі педагагічны тэхнікум, крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута імя М. Горкага ў Мінску (1934). Працаваў у рэдакцыях газет "Магілёўскі селянін", "Звязда" і часопіса "Работніца і калгасніца Беларусі". Восенню 1936 г. арыштаваны па сфабрыкаванай справе "нацыянал-дэмакратаў", а 29 кастрычніка 1937 г. быў расстраляны ў засценках мінскага НКУС. Друкавацца пачаў у 1924 г. (першыя публікацыі не выяўлены). Першыя зборнікі паэзіі "Камсамольскія вершы" і "Штурм" выйшлі ў 1930 г. Пры жыцці Ю. Лявоннага выйшла шэсць яго паэтычных зборнікаў, у якіх аўтар апяваў сацыялістычнае будаўніцтва, дружбу народаў у савецкай краіне, інтэрнацыяналізм працоўных усяго свету. Выступаў і як празаік. У 1931 г. выдаў зборнік нарысаў "Крок пяцігодкі". Разам з С. Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Ж. Верна "80 000 кіламетраў пад вадой" (1937). Песні на словы Ю. Лявоннага пісалі М. Чуркін, Н. Сакалоўскі, І. Лобан. Творчасць паэта прасякнута рамантыкай сацыялістычнага будаўніцтва, сцвярджае веліч новага жыцця, якое паўставала ў яго вершах рухомым, поўным кантрастаў. Ад зборніка да зборніка ў яго творах умацоўваўся палітычна-агітацыйны пачатак, у чым можна бачыць як уплывы У. Маякоўскага, так і тагачаснай рэчаіснасці. Шырока выкарыстоўваў сімволіку, публіцыстычныя сродкі мастацкага адлюстравання, у некаторых творах пераважала рыторыка. Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта адзін з завулкаў у г. Чавусы быў перайменаваны ў вуліцу Юркі Лявоннага.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: