Імя на беларускай мове:   Гаўрусёў Сцяпан Захаравіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (10.05.1931 г., в. Нова-Аляксандраўка, Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласць – 12.03.1988 г., г.Мінск, пахаваны на Чыжоўскіх могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Паэт, перакладчык, літаратурны крытык, публіцыст.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1987) за кнігу вершаў "Пладаноснасць".
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Гаврусев Степан Захарович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Сцяпан Захаравіч Гаўрусёў – беларускі паэт, крытык, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сялянскай сям’і. Да вайны скончыў 3 класы Даманоўскай пачатковай школы. Пасля вызвалення родных мясцін ад фашысцкіх акупантаў скончыў чацвёрты клас і перайшоў у Пудаўнянскую сямігодку, дзе вучыўся да 1948 г. Да прызыву ў армію (1951) скончыў тры курсы Магілёўскага педвучылішча. Дэмабілізаваўся ў 1954 г. і працягнуў вучобу завочна ў мінскім педвучылішчы. Працаваў літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты "Звязда" (1954-57), рэдактарам выдавецтва "Беларусь" (1964-65). Пісаць вершы С. Гаўрусёў пачаў рана, з васьмі гадоў, аднак пачаткам літаратурнай працы лічыцца 1948 г., калі на старонках газет з’явіліся яго першыя вершы. У 1955 г. выдаў першы зборнік паэзіі "Паходныя кастры". Гэта былі вершы пра вопыт пакалення, якое вырасла "пад гарматнымі стваламі". Памяць аб Айчыннай вайне і народным подзвігу, услаўленне стваральнай місіі сучасніка, апяванне хараства прыроды – асноўнае ў паэзіі С. Гаўрусёва. Яго стылю ўласціва спалучэнне публіцыстычнай узнесласці, прамоўніцкіх інтанацый з лірычнай задушэўнасцю. Аўтар зборнікаў паэзіі: "Паходныя кастры" (1955), "На грэбнях хваль" (1959), "Шчодрасць" (1962), "Ураган" (1966), "Кляновыя лісты" (1971), "Клопат" (1976), "Водсветы" (1978), "Крона" (1981), "Пладаноснасць" (1986, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова). Выступаў у друку з нарысамі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Актыўна працаваў у галіне мастацкага перакладу. На беларускую мову пераклаў шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Святлова, А. Пракоф’ева, М. Дудзіна, С. Нараўчатава, Я. Райніса, Я. Судрабкална, І. Харыка, С. Капуцікян, К. Куліева, Э. Межэлайціса, асобныя вершы таджыкскіх, узбекскіх, азербайджанскіх і башкірскіх паэтаў. Разам з А. Пысіным пераклаў "Маабіцкі сшытак" М. Джаліля. Творы С. Гаўрусева перакладаліся на рускую і іншыя мовы.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: