Імя на беларускай мове:   Шчарбатаў Георгій Міхайлавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (07.05.1919, в. Рэкатка, Горацкі раён, Магілёўская вобласць – 02.02.1957, Мінск, пахаваны на Усходніх могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Пісьменнік, журналіст, перакладчык, крытык.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1949). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, медалямі.
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Щербатов Георгий Михайлович
Псеўданімы:   Юрка Ш.
Творчасць:   Шчарбатаў Георгій Міхайлавіч – пісьменнік, журналіст, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў вёсцы Рэкатка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1936 г. паступіў у Магілёўскае педвучылішча. Тут ён упершыню паспрабаваў свае творчыя сілы. Гэта былі пераважна невялікія гумарэскі з сялянскага і студэнцкага жыцця. Скончыўшы вучылішча (1938), ён працаваў настаўнікам у Бярэзінскім раёне, завочна вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Першае журналісцкае "хрышчэнне" атрымаў у рэдакцыі газеты абласной газеты "Камунар Магілёўшчыны", у якой працаваў у 1939-1940 гг. У 1940 г. стаў супрацоўнікам рэспубліканскай газеты "Советская Белоруссия". У 1942 г. карэспандэнтам газеты "Савецкая Беларусь" быў накіраваны ў тыл ворага. У 1943-1944 гг. працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда", якая выдавалася падпольна на акупаванай тэрыторыі, узначальваў партызанскую агітбрыгаду. Пасля вайны працаваў у газеце "Звязда", карэспандэнтам газеты "Известия" па Беларусі, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць". Друкавацца пачаў з 1938 г. Першае апавяданне "Жонка камандзіра" было надрукавана ў дзясятым нумары часопіса "Полымя рэвалюцыі". Друкуе аповесці, нарысы, успаміны, рэцэнзіі, нататкі і карэспандэнцыі ў газетах "Звязда", "Чырвоная змена", "Настаўніцкая газета", "Літаратура і мастацтва", "Советская Белоруссия", часопісах "Полымя", "Беларусь", "Работніца і сялянка", "Маладосць". У асноўным пісаў пра партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра аднаўленне гарадоў і вёсак, будаўніцтва новых прадпрыемстваў у Беларусі. Тэме Вялікай Айчыннай вайны Г. Шчарбатаў прысвяціў кнігі "Партызанскія агні" (1950), "Неспакойныя сэрцы" (1951), "Шумелі пушчы" (1957), "Лясны фронт" (1961). У яго перакладзе на беларускую мову выйшла кніга Ю. Фучыка "Слова перад пакараннем смерцю" (1953). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: