Імя на беларускай мове:   Коршунаў Аляксандр Фаміч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (4.03.1924, в. Палішына, Горацкі раён, Магілёўская вобласць – 12.07.1991, Мінск, пахаваны на паўночных могілках).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Літаратуразнаўца, гісторык старажытнай беларускай літаратуры, тэкстолаг.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Кандыдат філалагічных навук (1956), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры". Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Францыска Скарыны (1991) і іншымі медалямі, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1968, 1981).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Коршунов Александр Фомич
Псеўданімы:  
Творчасць:   Коршунаў Аляксандр Фаміч – літаратуразнаўца, гісторык старажытнай беларускай літаратуры, тэкстолаг. Нарадзіўся ў вёсцы Палішына Горацкага раёна ў сялянскай сям’і. У верасні 1943 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях за вызваленне Оршы і Віцебска. У адным з баёў быў цяжка паранены і дэмабілізаваны. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950), аспірантуру пры кафедры рускай літаратуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта і абараніў кандыдацкую дысертацыю (1956). Да выхаду на пенсію ў 1991 г. працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Навуковая зацікаўленасць старажытнай беларускай літаратурай прывяла А.Ф. Коршунава да творчасці Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, А. Каменскага і іншых славутых дзеячаў беларускай культуры, літаратуры і асветы. Друкавацца пачаў з 1955 г. Артыкулы змяшчаліся ў часопісах "Весці АН БССР", "Маладосць", "Полымя", "Нёман" і інш. У 1965 г. выйшла ў свет яго манаграфія "Афанасій Філіповіч. Жыццё і творчасць". Яна была прысвечана беларускаму публіцысту, царкоўнаму і грамадскаму дзеячу ХVІІ ст., таленавітаму пісьменніку старажытнай Беларусі. У 1969 г. ім быў складзены зборнік "Францыск Скарына. Прадмовы і пасляслоўі". Упершыню беларускі чытач змог пазнаёміцца з найбольш поўным зборам твораў усходнеславянскага першадрукара. Зборнік прадмоў і пасляслоўяў Ф. Скарыны стаў падмуркам для з’яўлення каштоўных даследаванняў па гісторыі літаратуры, культуры, філасофіі, педагагічнай думкі. Працягваючы гэту тэму, А. Ф. Коршунаў у 1990 г. склаў новы зборнік твораў Ф. Скарыны "Творы: прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты і пасхаліі". Вынікам даследчай дзейнасці па збору помнікаў старажытнай беларускай пісьменнасці і мемуарнай літаратуры сталі яго зборнікі "Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці" (1975), "Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVІ ст." (1983), "Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание" (1984). А. Ф. Коршунаў – адзін з асноўных аўтараў падручніка для ВНУ "Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд" (1985), які вытрымаў ужо чатыры перавыданні і па якім ужо трэцяе дзесяцігоддзе вучацца студэнты-філолагі. А.Ф. Коршунаў актыўна ўдзельнічаў у стварэнні першых акадэмічных гісторый роднай літаратуры на беларускай і рускай мовах. У 1980 г. за ўдзел у напісанні двухтомнага даследавання "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" (1977; на рускай мове) А. Ф. Коршунаў разам з суаўтарамі ўдастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. У 1981 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, у 1991 г. – медалём Францыска Скарыны. Пачатае А. Ф. Коршунавым атрымала далейшы працяг і развіццё, дало багаты плён, што пераканаўча сведчыць пра значнасць і вартасць зробленага даследчыкам.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: