Імя на беларускай мове:   Кавалёў Васіль Пятровіч (Каваль Васіль)
Гады жыцця, месца нараджэння:   (17.08.1907, в. Сава, Горацкі павет, Магілёўская губерня (цяпер Горацкі раён, Магілёўская вобласць – 29.10.1937, Мінск, НКУС).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Пісьменнік.
Звесткі аб званнях, узнагародах:  
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Ковалев Василий Петрович
Псеўданімы:   В.К.; В.К-ль; Каваль В.; Каваль Василь; Каваль Вас
Творчасць:   Каваль Васіль Пятровіч – беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў в. Сава Горацкага раёна. Скончыў Шышаўскую школу. У 1925 г. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, затым паступіў у Магілёўскі педтэхнікум, але з-за хваробы маці вымушаны быў вярнуцца дадому. У 1925 г. калі вучыўся ў педтэхнікуме, быў прыняты ў члены літаратурнага аб’яднання "Маладняк". Жывучы са снежня 1925 г. у роднай вёсцы, В. Каваль займаўся сельскагаспадарчай працай, працаваў у сельскім выканкаме. З 1926 г. прымаў удзел у працы Горацкай філіі Аршанскага "Маладняка" і пачаў друкавацца у часопісе "Аршанскі маладняк". Тут ён пазнаёміўся з М. Гарэцкім. Аб працы ў Горацкай філіі Аршанскага "Маладняка" ў 1926 г. успамінаў яе актыўны ўдзельнік Юрка Гаўрук у кнізе "Ступені адказнасці". Удзел у працы Горацкай філіі Аршанскага "Маладняка" адыграў вялікую ролю ў станаўленні В. Каваля як пісьменніка. Акрамя літаратурнай дзейнасці В. Каваль у 1926 г. актыўна займаўся зборам і запісам народных песень і казак у вёсцы Сава і навакольных вёсках. Гэтыя матэрыялы ён даслаў у камісію Інбелкульта. У ліпені 1926 г. ён вырашае прадоўжыць адукацыю ўжо на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфакультэта БДУ, дзе вучыўся ў 1926-1927 і 1928-1929 гг. з невялікім перапынкам. У перыяд навучання ў БДУ В. Каваль актыўна займаўся літаратурнай працай. Яго творы можна было сустрэць у часопісах "Полымя", "Маладняк", газетах "Звязда", "Савецкая Беларусь", "Чырвоная змена" і інш. Выйшла і першая кніга пісьменніка "Як вясну гукалі" (1927). Крытыкі аднагалосна прызналі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры паслякастрычніцкага перыяду. У 1928 г. выйшла і другая яго кніга "На загонах", якая таксама была прыхільна сустрэта крытыкамі. Галоўныя тэмы твораў – адвечны побыт і праца беларускай вёскі, паглыблены псіхалагізм, рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці. Пасля другога расколу "Маладняка" (1928) ён быў абраны членам ЦБ арганізацыі і ўведзены ў рэдакцыйную групу часопіса "Маладняк", дзе застаўся пасля рэарганізацыі аб’яднання і ўтварэння БелАПП. У 1931 г. Васіля Каваля прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў як ваенны журналіст у Смаленску ў рэдакцыі газеты "Красноармейская правда". У пачатку вясны 1933 г. В. Каваль зноў жыве ў Мінску. Шмат працуе ў розных жанрах. І застаючыся лірыкам, ён не цураецца элементаў псіхалагічнай прозы, больш увагі пачынае аддаваць сюжэту. Піша аповесці для дзяцей – "Санька-сігналіст" (1934) і "Следапыты" (1936). У 1936 г. рэпрэсіраваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: