Імя на беларускай мове:   Іофе Барыс Ісакавіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (23.11.1918, г. Горкі, Магілёўская вобласць – 12.12.1943, г. Радамышль).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Літаратуразнаўца.
Звесткі аб званнях, узнагародах:  
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Иофе Борис Исакович
Псеўданімы:  
Творчасць:   Іофе Барыс Ісакавіч – літаратуразнаўца. Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ ст., творчасць Я. Купалы. Нарадзіўся ў г. Горкі. У 1937 г. скончыў Горацкую сярэднюю школу. У школьныя гады Барыс захапляўся напісаннем фельетонаў, апавяданняў, нататкаў. Друкаваўся ў раённай газеце "Ленінскі шлях", рэспубліканскай "Піянер Беларусі", саюзнай "Пионерская правда". У 1935 г. быў дэлегатам Першага з’езда юных карэспандэнтаў Беларусі. Пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта (1937-1941). Падчас вучобы ва ўніверсітэце Барыс захапіўся гісторыяй беларускай літаратуры і ў 1939 г. пачаў пісаць свой артыкул аб паэме "Тарас на Парнасе". У артыкуле ён робіць спробу тапаграфічна прывязаць паэму да Горак, разглядае і пытанне аб часе напісання паэмы. Рукапіс гэтага артыкула зараз захоўваецца ў Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі. У лістападзе 1940 г. у "ЛіМе" Барыс Іофе пад рубрыкай "Да 35-годдзя літаратурнай дзейнасці Я. Купалы" друкуе артыкул "Аб рамантызме Купалы". Тэму літаратурнай творчасці Янкі Купалы ён працягвае ў наступным сваім артыкуле "Лірычная паэма Купалы "Яна і я". У канцы 1940 г. Барыс рыхтуе вялікую працу "Беларуская літаратура ў 40-я гады ХІХ стагоддзя" (рукапіс гэтай працы на рускай мове знаходзіцца таксама ў фондах Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея). З вялікай сімпатыяй Б. Іофе піша пра Яна Баршчэўскага, значную частку артыкула прысвячае творчасці Яна Чачота. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у чэрвені 1941 г. Барыс разам з сябрамі па ўніверсітэце будаваў абарончыя аб’екты пад Ленінградам. У ліпені 1941 г. атрымаў дыплом з адзнакай і быў накіраваны на працу ў Новасібірск. Аднак з-за блакады Ленінграда застаўся працаваць на абарончым заводзе. У пачатку 1942 г. ён быў эвакуіраваны ў Волагду. Пасля лячэння ад дыстрафіі ў маі 1942 г. добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. 12 снежня 1943 г. загінуў на фронце ў баях за горад Радамышль Жытомірскай вобласці. Ён пражыў вельмі кароткае жыццё – 25 год і загінуў на фронце. Усяго два гады – у 1939-1940 гг. – ён займаўся літаратуразнаўчай працай і надрукаваў чатыры артыкулы ў часопісе "Полымя рэвалюцыі" і штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Але за вельмі кароткі час ён зрабіў столькі, што яго імя па праву ўключана ў шматлікія энцыклапедыі Беларусі, згадваецца ў кнізе Генадзя Кісялёва "Пошукі імя". З 1997 г. яго імя носіць Горацкае яўрэйскае культурна-асветніцкае таварыства.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: