Імя на беларускай мове:   Булахаў Міхаіл Гапеевіч
Гады жыцця, месца нараджэння:   (22.07.1919, в. Маслакі, Горацкі раён, Магілёўская вобласць – 2012, Мінск).
Творчая накіраванасць, тэматычны жанр:   Мовазнаўца, педагог.
Звесткі аб званнях, узнагародах:   Доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967), заслужаны дзеяч навукі БССР (1971), заслужаны работнік БДПУ (2002), выдатнік народнай адукацыі (1984). Узнагароджаны ордэнамі "Чырвонай зоркі", "Айчыннай вайны", Францыска Скарыны (1997), медалямі "За Перамогу над Германіяй", "За доблесную працу", Францыска Скарыны (1990). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1979, 1982).
Дадатковая інфармацыя (націсніце для паказу/скрывання)

Імя на рускай мове:   Булахов Михаил Гапеевич
Псеўданімы:   М.Б.
Творчасць:   Булахаў Міхаіл Гапеевіч – заслужаны дзеяч навукі БССР, мовазнаўца, педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў вёсцы Маслакі Горацкага раёна, скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Мінскім педагагічным інстытуце, адказным рэдактарам часопіса "Веснік БДУ. Серыя IV". Даследчык у галіне беларускага, рускага і славянскага мовазнаўства. Працуючы ў Інстытуце мовазнаўства, Булахаў узначаліў работу над падрыхтоўкай акадэмічнай поўнай нарматыўна-апісальнай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама над напісаннем цыкла навучальных дапаможнікаў для ВНУ Беларусі. Вялікім укладам у беларускае мовазнаўства з’явілася даследаванне М. Г. Булахава ў трох кнігах пра прыметнікі. У першай кнізе – "Прыметнік у беларускай мове" (1964) – прааналізавана гісторыя словазмянення і формаўжывання адносных, якасных і прыналежных прыметнікаў. Другая кніга, якая называецца "Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV-XVII стагоддзяў" (1971), прысвечана аналізу сінтаксічных функцый прыметніка. У трэцяй кнізе – "Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3" – даецца лексікалагічны аналіз прыметнікаў беларускай мовы. У 1976-1978 гг. выйшаў у свет трохтомнік М. Г. Булахава "Усходнеславянскія мовазнаўцы. Біябібліяграфічны слоўнік". У ім змешчаны нарысы пра жыццё і навуковую дзейнасць 354 усходнеславянскіх мовазнаўцаў пачынаючы з XVI стагоддзя. У 1981 г. з’яўляецца манаграфія "Евфимий Федорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность", якая стала першым манаграфічным даследаваннем дзейнасці акадэміка Я. Ф. Карскага. Значнай з’явай стаў выхад у свет у 1989 г. кнігі "Слово о полку Игореве" в литературе, искусстве, науке", у якой было змешчана 474 артыкулы, цытаты з твораў пісьменнікаў, даследаванняў вучоных. Шмат навуковых артыкулаў М. Булахавым было прысвечана пытанням сувязяў і ўзаемаадносін беларускай мовы з іншымі славянскімі мовамі. Гэта кнігі "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ-ХХ стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі" (1958), "Асноўныя пытанні супастаўляльнай стылістыкі рускай і беларускай моў" (1979). У 2002-2005 гг. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка выдаў фундаментальную навуковую пяцітомную працу М. Г. Булахава – "Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии", дзе кожны лінгвістычны тэрмін падрабязна апісваецца і прасочваецца ўся яго гісторыя. У гэтай працы ім апрацавана і гістарычна даследавана 6568 тэрмінаў, а таксама змешчаны вялікі раздзел "Нарыс гісторыі рускай лінгвістычнай тэрміналогіі". Навуцы і адукацыі даследчык прысвяцiў каля 60 гадоў, на працягу якіх ім было апублікавана больш за 300 работ па рускай, беларускай, іншых славянскіх мовах і па лінгвістычнай тэорыі. Выдадзеныя фундаментальныя навуковыя працы Міхаіла Гапеевіча прынеслі яму сусветную славу.
Спіс асобна выдадзеных кніг і зборнікаў:  
Звесткі пра публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях:  
Крыніцы інфармацыі: