Старажытная гісторыя Магілёўскага раёна налічвае звыш дзесяці тысячагоддзяў і пачынаецца з каменнага веку. Дайшоўшыя да нас нешматлікія помнікі таго часу дапамагаюць прачытаць і ўстанавіць час з'яўлення тут першых насельнікаў.
Раскопкі далі багаты археалагічны матэрыял: прадукты расчаплення крэменю-пласціны і адшчэпы для вырабу прылад працы, а таксама нуклеусы, аб якія яны скалваліся. Аб тым, што, насельніцтва займалася паляваннем, сведчаць знаходкі наканечнікаў стрэл, разцы, праколкі.
Мезалітычных помнікаў ў раёне знойдзена нямнога: Магілёў, Дашкаўка, Навасёлкі, Салтанаўка. Але і гэтага дастаткова, каб мець уяўленне аб занятках і ўзроўні развіцця насельніцтва.
Адным з важнейшых вынаходніцтваў неаліту з'яўляецца кераміка. Яе з'яўленне давала новыя магчымасці для прыгатавання і захоўвання ежы, садзейнічала пераходу да аседлага жыцця. Старажытныя гліняныя ёмістасці са знешняга боку пакрываліся рознымі ўзорамі, пераважна ямачнымі ўцісканнямі, або адбіткамі дробназубчастага грэбеня, а прасцей — арнаментаваліся. Арнамент з'яўляецца яскравым прыкладам старажытнага выяўленчага мастацтва, ён мае таксама вялікую пазнавальную каштоўнасць.
Сярэднедняпроўская культура (2-е тысячагоддзе да н. э.) — гэта культура бронзавага веку; час, калі людзі навучыліся сплаўляць у бронзу здабытыя з руды медзь і волава і вырабляць з яе ўпрыгоджанні і прылады працы. Бронзавы век для тэрыторый Магілёўскага раёна прынёс карэнныя пераўтварэнні самой асновы жыцця мясцовых пляменаў: на змену першабытнаму гаспадаранню прыйшло вытворчае — жывёлагадоўля і земляробства. Важную ролю ў гэты час працягваў адыгрываць камень. У раёне вёсак Адраджэнне, Дашкаўка, Запруддзе, Малыя Бялевічы, Махава, Палыкавічы вядома некалькі знаходак каменных сякер, старанна адшліфаваных, з адтулінай, прасвідраванай дакладна па доўгай восі, з дапамогай якой іх насаджвалі на драўляныя дзяржальны.

Каменныя сякеры, знойдзеныя пры археалагічных раскопках

У Магілёўскім раёне захаваліся рэшткі дзевятнаццаці гарадзішчаў: ля вёсак Бароўка, Буйнічы, Васілевічы, Вендараж, Гарадок, Гарадзішча (2), Дашкаўка (3), Калясішча (2), Княжыцы, Палыкавічы-1 (2), Пусты Асавец, Старая Мілееўка, Сухары, Фойна (Агееўшчына). У раннім жалезным веку тут, у залежнасці ад часу, жылі прадстаўнікі розных археалагічных культур.
Гісторыя славянскіх плямёнаў поўная загадак. Звесткі 9—10 стагоддзяў, якія ёсць у летапісах, нешматлікія, няпоўныя і не заўседы праўдзівыя. Археалагічныя знаходкі таксама мала дапамагаюць вывучэнню гісторыі ўсходніх славян у сувязі з тым, што ўзнікаюць праблемы з дакладнасцю вызначэння граніц паміж плямёнамі. Так, тэрыторыя сучаснага Магілёўскага раёна была заселена прадстаўнікамі трох саюзаў плямёнаў — крывічамі, радзімічамі, дрыгавічамі.
Менавіта ў летапісах ёсць самае каштоўнае — адлюстраванне далёкай эпохі. Складанне агульнай схемы магілёўскага летапісання 16—19 стст. мае цяжкасці з-за адсутнасці пратографу і трывалага гісторыка-тэкстуальнага аналізу дайшоўшых да нас летапісаў і хронік, можна толькі ўказаць на размеркаванне запісаў па стагоддзям.

У летапісу Т. Р. Сурты У Баркалабаўскім летапісу
16 ст. — 5 запісаў ў 16 ст. — 58 запісаў
17 ст. — 45 запісаў 17 ст. — 32 запіса
17 ст. — 1 запіс  
   
У запісках Ігумена Арэста У летапісу Спаскага манастыра
16 ст. — 3 звесткі 15 ст. — 1—2 звесткі
15 ст. — 2 звесткі 16 ст. — 13 звестак
16 ст. — 16 звестак 16 ст. — 31 звестка
17 ст. — 78 звестак  

Першыя звесткі аб радзімічах, крывічах і дрыгавічах утрымліваюцца ў "Аповесці мінулых гадоў". У летапісы асоба выдзелены радзімічы і вяцічы. Указана на іх паходжанне "от ляхов".
На тэрыторыі сённяшняга Магілёўскага раёна рассяляліся ў асноўным крывічы і радзімічы. Як сказана ў летапісу, назва радзімічы паходзіць ад імя Радзім. На чале з чалавекам, які меў такое імя, радзімічы прыйшлі з прапольскіх (ляшскіх) зямель.
У 6—9 стст. ва ўсходніх славян ажыццяўляўся пераход ад першабытна-абшчынных адносін да феадалізму. Патрыярхальная родавая абшчына паступова ўступала месца суседскай сельскай абшчыне, у аснове якой былі не кровародныя, а эканамічныя і тэрытарыяльныя сувязі.


1. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Магілёўскага раёна / укл. У. Ф. Агурцоў, М. П. Хобатаў. — Мн., 1996. — С. 19—30.