Тут, як вада, ліецца жыццё, гады змяняюцца гадамі,
але крыніца, якую народ здаўна заве святой,
застаецца таямнічай далёкай зоркай,
што ззяе са сваёй далечы магілёўцам.
.............................................Сымон Глазштэйн, журналіст.

У Магілёўскім раёне ёсць некалькі ўнікальных месцаў, якія патрабуюць да сябе асабліва беражлівых адносін. Сярод іх — помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Палыкавіцкая крыніца", які зацверджан у якасці помніка прыроды ў 1983 г. Знаходзіцца ў в. Палыкавічы. Афіцыйныя дакументы сведчаць: крыніца прадстаўляе сабой гістарычную, эстэтычную, бальнеалагічную каштоўнасць.
Аб цудадзейнай сіле вады, што бруіцца з гэтай крыніцы, мясцовыя жыхары ведалі здаўна. І колькі існуе вёска (па дакументах — з 1552 г.), столькі людзі спажывалі ваду як лекавы сродак і проста для піцця. Тады Палыкавіцкая крыніца і сяло належалі Магілёўскаму і Цікацінскаму старасце Станіславу Кезгайла. За ўвесь час існавання гэта сяло шмат разоў мяняла гаспадароў. Так, у 1642 г., па загаду караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV, фальварак Палыкавічы з зямельнымі надзеламі звыш 4000 га перадаецца братам Салтыковым. Праз 50 гадоў Палыкавічы знаходзяцца пад уладай пана Замбоцкага. У 1708 г. польская ўлада падарыла Палыкавічы паплечніку Пятра І князю Аляксандру Меньшыкаву, які перайменаваў Палыкавічы ў Аляксандровічы. У 1731 г. Палыкавічы ўпамінаюцца як уласнасць польскага кашцеляна Крышпіна.

Палыкавіцкая крыніца

У другой палове 19 ст. уладальнік Палыкавіцкага маёнтка генерал Корсак зрабіў каменны грот, пакрыты жалезам, а ў крыніцу быў спушчан зруб, абкладзены цынкам. З гэтай крыніцы вада па трубам накіроўвалася ў асаблівы басейн, які змяшчаў 100 вёдзер вады. Палыкавіцкая крыніца апісана ў "Запісках падарожжа па заходнім правінцыям Расійскай дзяржавы" акадэміка Севергіна (1803—1804 гг.), як "мінеральны ключ, з вялікім утрыманнем у яго вадзе вуглекіслаты. Каля ключа пабудавана часоўня. Размешчан гэты ключ у адзінай вярсце па дарозе ад доўгага ўзгорку ў выглядзе амфітэатра." Будучы на Магілёўшчыне і наведаўшы крыніцу, ён звярнуў увагу на маляўнічасць мясцовасці і на ўтрыманне ў тутэйшай крынічнай вадзе вуглекіслаты.
Палыкавіцкую крыніцу, абсталяваную графам Корсакам, наведалі многія ўплывовыя асобы мінулых стагоддзяў. Сярод іх — граф Аляксандр Меншыкаў, оберпракурор Сінода К. Пабеданосцаў, Магілёўскі губернатар А. Дамбавецкі, рускі цар Мікалай ІІ і інш.
Пачыная з 1827 г. царкоўнаслужачымі быў устаноўлен звычай ў дзесятую пятніцу па Пасхе спраўляць у цэркаўке каля крыніцы архірэйскае служэнне. У 1866 г. пры хросным ходзе з удзелам усяго Магілёўскага духавенства, у Палыкавіцкую царкву перанесена частка святой велікамучаніцы Параскевы. З іменем Параскевы звязан звычай, так названых " Параскевых пятніц". Тры разы ў год (у 8, 9, 10 пятніцы пасля праваслаўнай Пасхі) вадзе крыніцы прыпісвалі лекавыя ўласцівасці. У гэтыя дні на Палыкавіцкай крыніцы збіраліся тысячы людзей з Магілёва і найбліжэйшага наваколля, спраўлялі хросныя хады, урачыстыя малебны. Крыніца знаходзілася пад прыглядам мясцовых царкоўных служачых, якія пабудавалі тут капатажнае збудаване і заключылі крыніцу ў трубу.
Крыніца знаходзіцца на дне глыбокага, парослага лесам, рова. Расход вады састаўляе больш 100 куб. м у суткі, вада сцякае ў ручай, які ўпадае ў р. Дняпро ў 150 м ад крыніцы.
Хімічны аналіз вады (гідракарбанатны, кальцыевы) сведчаць аб тым, што па ўтрыманню шматлікіх элементаў гэтая крыніца прадстаўляе інтарэс для бальнеалагічнага лячэння. Адносна высокае ўтрыманне фтора (0,49 мг/л) можа аказваць дабратворнае ўздзеянне на людзей з захворваннем зубоў (карыес, флуароз), комплекс металаў сведчыць аб магчымасцях выкарыстоўвання вады крыніцы пры лячэнні рознага роду анемій.
Апошняе дзесяцігоддзе для Палыкавіцкай крыніцы стала новым этапам у яе гісторыі. Мясцовая праваслаўная абшчына адбудавала капліцу і абсталявала побач купальню.


1. Полыковичская криница. Могилёвский район // Особо охраняемые природные территории Могилёвской области / под. ред. Д. Г. Груммо и др. — Могилёв, 1999. — С. 68.

2. Чабан, Н. Няма іншай такой крыніцы… / Наталля Чабан // Прыдняпроўская ніва. — 2002. — 20 сакавіка. — С. 2

.