Першыя спробы даць інфармацыю аб прадстаўніках шляхецкага саслоўя былі зроблены ў гербоўніках ХІХ ст. Звесткі пра Саламярэцкіх змяшчалі К. Несецкі, А. Банецкі, Ю. Вольф. Гербоўнікі першых двух аўтараў маюць урывачны пералік фактаў пра дзейнасць асоб з роду Саламярэцкіх. Найбольш поўную гісторыю роду з разгорнутай генеалагічнай табліцай склаў Ю. Вольф. Аднак даследчыкі не разгледзелі шэраг дакументаў і "Баркулабаўскі летапіс", якія значна расшыраюць інфармацыйную базу па Саламярэцкім.
Саламярэцкія карысталіся гербам "Равіч". Іван Дзмітрыевіч Шах стаў першым называцца Саламярэцкім. Трывалае генеалагічнае дрэва выводзіцца ад князя Васіля. Ён меў сына Івана, які быў жанаты на Чартарыйскай. Іван Васілевіч займаў пасаду мсціслаўскага старосты. У 1501 годзе ён узначальваў абарону Мсціслаўскага замка ад маскоўскіх войск. У шлюбе нарадзілася два сына — Багдан і Васіль. Пра старэйшага сына звестак амаль не засталося. Адзін раз ён узгадваецца як сведка ў дакуменце Канстанціна Астрожскага. Асноўная галіна вядзецца па малодшаму сыну. На пачатку 1513 г. ён быў керноўскім дзяржаўцам. Хутка потым саступіў яе і замест атрымаў любашанскае намесніцтва. Васіль Іванавіч Саламярэцкі ў 1522 г. атрымаў прывілей ад караля Жыгімонта Старога на пажыццёвае валоданне замкам у Магілёве і Магілёўскай воласцю. Да гэтага ён тут уладарыў 3 гады, а потым падаў прашэнне аб працягу тэрміну. Васіль Саламярэцкі выплочваў усе даніны з гэтых зямель: "грашовыя, бабровыя, кунічныя, мядовыя, карчомныя". Ён падараваў сялян Саламярэцкаму манастыру ў 1540 г. і пажадаў, каб далей яго апякала жонка. Яго жонкай была дачка гаспадарскага пісара Івана Ясковіча Уладыкі (?—1499 гг.) — Ганна (?—1560 гг.).
Ганна Іванаўна набыла ў Шымшы Барташэвіча Рэкуця частку маёнтка Стары Семкаў і падаравала яго сыну Івану (1544 г.). Маёнтак Гаголіцы аддала дачцы Барбары Каленіцкай (1560 г.). Яна запісала Рагацінскую сенажаць і маёнтак Прылепы, які пакінуў ёй муж, Кіеўскай метраполіі. Васіль і Ганна мелі 10 дзяцей: сыноў Уладзіміра, Фёдара, Андрэя, Івана, Юрыя, Багдана і дачок Алену, Марыну, Барбару, Ганну. Старэйшы сын Уладзімір памёр у маладым ўзросце.
Фёдар Васілевіч Саламярэцкі ажаніўся ў 1540 г. на ўдаве Мацвея Мікіціча — Таміле Міхалаўне Мсціслаўскай. Андрэй памёр на наступны год. Таміла перайшла ў каталіцызм і выйшла за гаспадарскага маршалка (1482 г.) Яна Забярэзінскага (?—1544 гг.).
Юрый Васілевіч быў ашмянскім дзяржаўцай з 1549 г. па 1550 г. Ён ажаніўся на дачцы Сямёна Багдановіча Адзінцэвіча і Настассі Іванаўны Сангушкі — Ганне. У 1555 г. ён меў працэс з сваёй цешчай. Калі яго не было ў маёнтку Плешчыніцы, яна прыехала туды і забрала сваю дачку разам з рэчамі. Юрый адмовіўся ад сваёй долі ў падзеле маёнткаў маці. За гэта браты Іван і Багдан аддалі яму маёнтак Гаголіцы (пасля яго смерці маёнтак вярнуўся да маці, а яна падаравала яго дачцы Барбары). Памёр ён у 1559 г.
Васіль Іванавіч выдаў Алену замуж за сына Юрыя Янавіча Забярэзінскага, гаспадарскага маршалка і ашмянскага дзяржаўцу (1522 г.) Мікалая (?—1526 гг.). Алена памерла ў 1529 ці 1530 годдзе, пакінуўшы даўгі, а малых дзяцей — сіротамі.
Ганна (?—1550 гг.) стала першай жонкай гаспадарскага пісара (1512—1558 гг.), земскага падскрабія (1531—1558 гг.), навагарадскога ваяводы (1551 г.) — Івана Гарнастая (?—1558 гг.). У шлюбе нарадзіліся Гаўрыла (1515—1588 гг., менскі ваявода і староста (1566 г.), берасцейскі ваявода (1576 г.), жанаты на Барбары Ласкай), Іван (1520—1566 гг., дарсунішскі намеснік, жонка — Ульяна Багавіціўна), Гермаген (?—1553 гг., пісар ВКЛ), Астафій (1530 — пасля 1586), Настасся (жонка Рамана Сангушкі, потым Ф. Кміты), Ганна (жонка Б. Епімаха, потым Ю. Гардына), Алена (жонка Ю. Хадкевіча) і невядомая дачка (жонка Л. Палюбінскага).
Першым мужам Марыны быў Уладзімір Юр'евіч Гальшанскі Дубравіцкі (?—1545 гг.). Другім стаў гаспадарскі маршалак (1572 г.) — Іван Аляксандравіч Солтан (?—1577 гг.). Вядома, што ў другім шлюбе было 4 сыны: Давыд, Яраслаў, Іван, Аляксандр.
Багдана Васільеўна першы раз выйшла замуж за Канстанту Яцковіча Ратомскага. Ён запісаў ёй маёнтак Айнаровічы (1542 г.). Другі яе муж — Каленіцкі Васілевіч Тышкевіч. Яны абмяняліся даруючымі лістамі ў 1556 годзе. У іх быў адзін сын Лаўрын. Ён памёр без нашчадкаў і ўсю маёмасць запісаў жонцы Алене Горскай.
Іван даў пачатак старэйшай галіне Саламярэцкіх. Ён займаў шэраг пасад: глускі і дубашынскі дзяржаўца з 1554 г. (апошнюю дзяржаву змяніў на Быхаўскую, у 1556 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў яе Хадкевічу), мсціслаўскі і радомскі староста з 1558 г., першы мсціслаўскі кашталян.
Іван Саламярэцкі ажаніўся першы раз на дачцы гаспадарскага маршалка Паўла Іванавіча Сапегі (?—1579 гг.) — Багдане. Яна памерла да 1550 г., не пакінуўшы яму нашчадкаў. Іван абраў другую жонку з сям'і віленскага ваяводы (1542 г.) і канцлера ВКЛ (1546 г.) — Яна Галубовіча і Ганны Станіславаўны Баткашэвіч. Гэта быў першы шлюб Яна, у якім нарадзіліся 5 дзяўчынак: Соф'я, Ганна, Альжбэта, Хрысціна, Ядвіга.
Ганна перажыла свайго мужа. Акрамя сына Багдана, Іван і Ганна мелі двух дачок — Барбару і Марыну. Барбара першы раз выйшла замуж за Філіпа Ліманта.
Другім мужам стаў трокскі кашталян Канстанцін Юр'евіч Хадкевіч. Ён пакінуў ёй забеспячэнне на Клепацкіх маёмасцях. Год (1572—1573) яна была ў шлюбе за полацкім ваяводай Станіславам Давойнай (?—1573 гг.). Другая дачка Марына стала жонкай лоўчага ВКЛ (1589 г.) — Яна Напушэвіча (?— каля 1613 г.), разам з мужам ёй быў дадзены прывілей на пажыццёвае валоданне Ладзеяй.
Крычаўскі (1580 г.) і Оўлучскі староста Багдан Саламярэцкі (?—1602 гг.) часта ўзгадваўся ў "Баркулабаўскім летапісе". 8 жніўня 1583 г. Багдан Саламярэцкі ажаніўся на Еве Баркулабаўне. Баркулаб Іванавіч Корсак заклаў замак Баркулабава ў 1564 г., які потым перайшоў Еве.
"Баркулабаўскі летапіс" утрымлівае апісанне штодзённага жыцця сям'і крычаўскага старосты Багдана Саламярэцкага. Ён атрымаў прывілей ад караля на сёлы ў Магілёўскім павеце: Хадушэвічы, Дасовічы, Белавічы, Сірадовічы і Навасёлкі, якія належалі цесцю Баркулабу Іванавічу (1593 г.). Багдан Іванавіч актыўна падтрымліваў праваслаўную царкву. У Буйнічах на правым беразе Дняпра каля Магілёва, па волі Багдана Саламярэцкага, выказанай у тэстаменце, быў заснаваны жаночы манастыр у канцы XVI ст. Багдан Саламярэцкі і яго жонка Ева далі фундуш на царкву Святога Вялікамучаніка Георгія (царква на Ілбінскай гары ў Магілёве, 1594 г.). Падтрымка праваслаўнай царквы і яе абарона — гэта была палітыка роду Саламярэцкіх.
У Багдана Іванавіча Саламярэцкага і Евы Баркулабаўны было 5 дзяцей: Багдан, Хрысціна, Алена, Марына, Рэгіна. Багдан пачаў вучыцца ў Лаўрэнція Зізанія ў 5 год. Потым яго аддалі вывучаць лацінскія навукі ў Мяленція Сматрыцкага (1600 г.). Ева Баркулабаўна і яе зяці: віцебскі падкаморы Каспер Швыхоўскі, віцебскі харунжы Марцыян Гурскі, слонімскі харунжы Юры Мялешка каралеўскім рэскрыптам атрымалі права апякаць Багдана Багданавіча і яго маёмасць (1618 г.). Ён меў псіхічнае захворванне. Лёс яго сясцёр склаўся наступным чынам. У 1599 г. Хрысціну заручылі з старэйшым сынам старосты рэчыцкага Яраша Жыжэмскага і Багданы Драцкай Горскай — рэчыцкім старостай Пётрам Жыжэмскім (?—1618 гг.). Рэгіна стала жонкай ашмянскага харунжыя Юрыя Мялешкі.
Алена была ў шлюбе 2 разы. Першым яе мужам быў Каспер Швыйкоўскі (?—1619 гг.), другім — мсціслаўскі кашталян (1644 г.), навагарадскі кашталян і ваявода (1646 г.) Багдан Вільгельмавіч Сцяцкевіч (?—1651 гг.). Марына выйшла замуж за віленскага харунжыя Марцыяна Гурскага.
Старэйшая галіна Саламярэцкіх скончыла сваё існаванне са смерцю Багдана Багданавіча. З-за хваробы ён не быў жанаты і не пакінуў пасля сябе нашчадкаў.
Але ў той час яшчэ жылі прадстаўнікі малодшай галіны. Яна пайшла ад Багдана Васільевіча (?—1565 гг.). Ён займаў пасады аінскага дзяржаўца (1555 г.) і рагачоўскага старосты (1560 г.).
Іван быў адзіным нашчадкам Багдана і Фядоры. Яму перайшла частка спадчыны Гальшанскіх. Іван быў жанаты 3 разы. Першая яго жонка была Беата Дольска. Другі шлюб быў з дачкою любачоўскага кашталяна Мікалая Лысакоўскага —Малгажатаю. У Івана было 2 дзяцей: Мікалай Леў і дачка. Яе імя невядома.
Апошні прадстаўнік роду Саламярэцкіх — Ян Уладзіслаў (?—1641 гг.) быў пінскім маршалкам (1631 г.), паслом на сейм (1638 г.). Яго жонкай была дачка трокскага падкаморыя Пятра Валовіча — Ганна (?—1669 г.). Пасля смерці мужа яна выйшла замуж другі раз за пісара ВКЛ Казіміра Паца (?—1653 гг.). На ім гісторыя роду Саламярэцкіх заканчваецца. Род згас.
Гісторыя старэйшай галіны Саламярэцкіх звязана з гісторыяй Магілёўшчыны. Яго прадстаўнікі ўнеслі свой уклад у развіццё гэтага рэгіёну ў XVI — пачатку XVII ст. Гэты род цікавы сваімі традыцыямі і дзейнасцю і прадстаўляе сабой ілюстрацыю жыцця праваслаўнай шляхты ва Усходнім рэгіёне Беларусі.


Літаратура:

Сліж, Н. Род Саламярэцкіх на Магілёўшчыне ў XVI — першай палове XVII ст. / Н. Сліж // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва. — Магілёў, 2001. — С. 56—63.

Радаслоўная Гартынскіх.

У пачатку снежня 1999 г. споўнілася 200 год з дня нараджэння славутага магілёўца — Мікалая Рыгоравіча Гартынскага. Яго імя стаіць побач з такімі асобамі, як летапісцы "Хронікі Магілёва" — Сурта і Трубніцкія.
Аб ім мала вядома. Паходзіў ён са старажытнай патомнай магілёўскай шляхты. Бацька яго, Рыгор Іванавіч, доўгі час працаваў кіраўнічым Магілёўскай губернскай канцэлярыі, затым узначаліў гарадское ўпраўленне. Шмат чаго зрабіў для паляпшэння дабрабыту нашага горада.
М. Р. Гартынскі нарадзіўся ў Магілёве 7 снежня 1799 г. Вучыўся ў лацінскай школцы, затым скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, універсітэт. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Пасля вучобы займаў пасаду перакладчыка мясцовага магістрацкага суда. Наогул у судовым ведамстве ён адпрацаваў 42 гады, быў перакладчыкам Магілёўскай крымінальнай палаты ў чыне стацкага саветніка. Але ўвайшоў ён у гісторыю Магілёва не гэтым. Праславіла М. Гартынскага праца на ніве захавання дакументаў пра наша славутае мінулае.
У першай палове ХІХ ст. шэраг вучоных і архівістаў займаўся выяўленнем і публікацыяй архіўных матэрыялаў, звязаных з гісторыяй Паўночна-Заходняй Русі і Беларусі. У 1824 г. у Маскве пабачыла свет першая частка зборніка архіўных матэрыялаў пад назвай "Белорусский архив древних грамот". Для чарговых пошукаў былі неабходны людзі, дасведчаныя і апантаныя. У іх лік трапіў і Мікалай Рыгоравіч.
У лютым 1825 г. ён быў накіраваны ў Мсціслаў для падрабязнага апісання дакументаў мсціслаўскіх архіваў. За некалькі месяцаў працы М. Гартынскі апрацаваў толькі 80 дакументаў XVII—XVIII стст. Затым стаў праглядаць бібліятэкі і архівы мсціслаўскіх касцёлаў і цэркваў, кляштароў; пазнаёміўся з нумізматычнымі калекцыямі, якія былі сабраныя каля Полацка і Оршы, і набыў іх для Румянцаўскага музея.
У гэты ж перыяд М. Гартынскі зрабіў копіі з сарака пяці грамат, якія мелі адносіны да гісторыі Магілёва і захоўваліся ў гарадскім магістраце. Граматы, напісаныя на пергаменце з пячаткамі, ахоплівалі гісторыю горада ад 1561 да 1661 г. Копіі мелі вялікае значэнне, бо да 1857 г. усе сорак пяць арыгіналаў зніклі з магістрата.
У 1887 г. у Маскве была выдадзена "Хроніка Магілёва". М. Гартынскі пераклаў яе на рускую мову і пакінуў найбольш значныя, на яго думку, падзеі. Хутчэй за ўсё ён не бачыў арыгінала, а працаваў з копіяй, зробленай у 1822 г. спецыяльна для яго. Арыгінал хронікі да 1872 г. яшчэ захоўваўся ў сям'і Трубніцкіх, а затым трапіў у бібліятэку імя Салтыкова-Шчадрына (СПб). Доўгі час хроніка лічылася згубленай, пакуль яе не знайшоў у фондах бібліятэкі магілёвец І. Філіповіч у 1968 г. Таму выданне 1887 г. М. Гартынскага доўгі час з'яўлялася каштоўнай крыніцай па гісторыі Магілёва, натхняла на мастацкія творы пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў. Мікалай Рыгоравіч выдаў таксама кнігу "О евреях", якая мела вялікае значэнне пры абмеркаванні стану яўрэяў у Расійскай імперыі.
На сённяшні дзень па вул. Вароўскага яшчэ захаваліся некалькі дамоў, якія належалі сям'і Гартынскіх. Пахаваны М. Р. Гартынскі ў Магілёве на Ўспенскіх могілках па вул. Леванеўскага, дзе захаваліся 11 пахаванняў сям'і Гартынскіх з 1769 г., у тым ліку і Мікалая Рыгоравіча. У 1918 г. магілёўская сям'я Гартынскіх з'ехала за мяжу. У 1990 г. у наш горад прыязджаў з Францыі прапраўнук М. Гартынскага.


Літаратура:

Николай Григорьевич Гортынский // Філіповіч, І. І. Міфы і праўда аб Магілёве / І. І. Філіповіч. — Магілёў, 1993. — С. 7—8.
Родословное древо Гортынских. Могилёв 27 января 1831 года // Пищикова, Т. В. Из глубины веков. 1500—2001 / Т. В. Пищикова. — Калуга, 2001. — С. 209—232.
Пушкін, І. Магілёўскі летапісец / І. Пушкін // Магілёўскія ведамасці. — 1999. — 25 лістап. — С. 5.