На мяжы 19 і 20 стагоддзяў тэрыторыя сучаснага Дрыбінскага раёна ўваходзіла ў склад Чавускага павета Магілёўскай губерні (пл. павета 2168 кв. вёрст).
У 1897 г. павет налічваў 286 паселішчаў, ў якіх меліся лячэбніца, 4 прыёмных пакоі, 10 багадзельняў, 11 школ Міністэрства народнай асветы, 22 царкоўна-прыходскія школы і 70 школ граматы. Сярод рэк найбольш значнымі былі р. Проня і яе прытокі — Бася і Раста. Вёскі сучаснага Дрыбінскага раёна знаходзіліся на тэрыторыі 5 валасцей павета: Дрыбінскай, Гарадзецкай, Радамлянскай, Расненскай і Чэрнеўскай.
У 1881 г. на тэрыторыі Дрыбінскай, Гарадзецкай, Радамлянскай, Расненскай і Чэрнеўскай валасцей працавалі наступныя фабрыкі і заводы: сукнавальні — Шабекі Аляксандра, палкоўніка, заснавана ў 1872 г. у в. Каменка; Панятоўскай Вольгі, дваранкі, заснавана ў 1864 г. на хутары Мокрадзь; Ракуса-Сушчэўскіх Станіслава і Баляслава, дваран, заснавана ў 1864 г. на хутары Сушчы; Срыткова Аляксея, двараніна, заснавана ў 1845 г. у м. Расна; Мянжынскай Ідаліі, удавы маёра, заснавана ў 1878 г. у фальварку Баброва; Краніхфельд Лісаветы, Леановічавай Кацярыны і Эйлер Сафіі, дваран, заснавана ў 1830 г. у фальварку Галабурды; Эйлера Паўла, калежскага саветніка, заснавана ў 1846 г. у фальварку Кішчыцы; Былеўскай Яўгеніі, дваранкі, заснавана ў 1833 г. у фальварку Вуглы; Хлюдзінскай Марыі, дваранкі, заснавана ў 1814 г. на хутары Галавічы; Кох Кацярыны, удавы генерал-лейтэнанта, заснавана ў в. Новае Прыбужжа і ў 1852 г. у с. Кледнявічы; Дзявонскіх Івана і Францыскі, дваран, заснавана ў 1852 г. у фальварку Карэбы; Лютца Аляксандра, заснавана ў 1820 г. у в. Нікадзімава; Шнейдэра Эдуарда, калежскага саветніка, заснавана ў 1861 г. у фальварку Жданавічы; піваварня - Мацкевічаў Стэфана, Станіслава і Людвіга, дваран, заснавана ў 1854 г. у м. Чэрнеўка; маслабойні — Спыткова Аляксея, двараніна, заснавана ў 1881 г. у фальварку Расна; Шыфрына Мардуха, мешчаніна, заснавана ў 1872 г. у м. Дрыбін, Шыфрына Ківы, мешчаніна, заснавана ў 1881 г. у м. Дрыбін; Рабіновіча Залмана, мяшчаніна, заснавна ў 1872 г. у м. Дрыбін; Фаермана Меера, мешчаніна, заснавана ў 1877 г. у м. Чэрнеўка; крупадзёрні — Спыткова Аляксея, двараніна, заснавана ў 1875 г. у м. Расна; Крэйндліна Ёселя, мешчаніна, заснавана ў 1862 г. у м. Расна; завод па выбару вапны — Ганеліна Гершана і Кляшторнага Мардуха, мяшчан, заснаваны ў 1881 г. у в. Палоскі; вінакурні — Рэга Эдуарда, стацкага саветніка, заснавана ў 1874 г. у с. Кароўчына; Урангель—фон—Гюбенталя Уладзіміра, штаб.-ротмістра ў адстаўцы, заснавана ў 1830 г. у фальварку Дрыбін.

Паселішчы

Асноўнымi тыпамi паселішчаў у 19ст. былi вёска i сяло. Сярод iх сустракалiся як невялiкiя вёскi (Пiчаўка — 3 двары, Каратышкi — 4, Рабкi — 13, Ляскоўка — 6), так i буйныя (в. Старакожаўка — 72 двары, сёлы Кароўчына — 66, Кішчыцы — 76 , в. Чорнарэчка — 104, Малое Заполле — 195).
Дробная шляхта сялiлася ў аколiцах. Яны размяшчалiся побач з некаторымi вёскамi i былi абнесены плотам. Так, каля вёскi Алюты знаходзiлася аднайменная аколiца, у якой налiчвалася 8 двароў з 30 жыхарамi.
Пераходнай формай памiж горадам i сялом былi мястэчкi, населеныя ў асноўным рамеснiкамi i гандлярамi. У сяр. 19 ст. у м. Чэрнеўка налiчвалася 52 двары з 266 жыхарамi, у Расне — 155 двароу з 920 жыхарамi, у Дрыбiне — 219 двароу з 1174 жыхарамi, у Старым Дрыбiне — 50 двароў i 162 жыхары.
Пасяленнi на Дрыбiншчыне вызначалiся выразнай вулiчнай планiроўкай. Абапал вулiцы размяшчалiся вяночныя двары, трапiць у якiя можна было толькi праз браму. Iх у асноўным рабiлi аднастворкавымi, калiткi сустракалiся рэдка.
У сядзiбны комплекс акрамя жылога звяна ўваходзiлi хлявы, адрына, клець, гумно, паветка, пограб цi варыўня. У заможных сялян колькасць гаспадарчых пабудоў была большай. Усе яны, за выключэннем гумна i лазнi, мясцiлiся ў цесным суседстве адна з другой.
Традыцыйнае жыллё на Дрыiншчыне было трохкамерным. Часцей за ўсё сустракалiся наступныя тыпы планiроўкi:
хата — сенi — клець
хата — сенi — хата.
Па этнiчнай традыцыi падлогу на Дрыбiншчыне рабiлi з колатых дошак, трохi абчасаных па краях i падагнаных адна да адной "пад рыску". Толькi заможныя сяляне маглi дазволiць сабе падлогу з габляваных дошак.
Ганкаў у 19 ст. амаль што не было. Замест яго перад уваходам клалi вялiкi валун, альбо адзiн — два абрубкi бервяна.

Народнае адзенне

Традыцыйна народны касцюм на Беларусi мае свае лакальныя асаблiвасцi. Колер i крой адзення, вышыўка, тканы арнамент у розных мясцовасцях значна адрознiваюцца. Для Дрыбiншчаны характэрны так званы "магiлёўскi строй".
Летнi жаночы гарнiтур сустракаўся ў двух варыянтах:
кашуля, спаднiца, фартух, гарсэт. У буднiя днi жанчыны насiлi палатняную спаднiцу — бяляк. Святочным паясным адзеннем быў андарак. Паверх кашулi адзявалi гарсэт з сiняга цi чырвонага аксамiту, паркалю, сацiну, шарсцянкi. Унiзе ён меў баску ў выглядзе клiнкоў. Галаўнымi ўборамi замужнiх жанчын на Дрыбiншчыне былi чапец i намiтка. У другой палове 19 ст. намiтку ўсё часцей замяняе даматканая хустка. На пачатку 20 ст. намiткi насiлi толькi старыя жанчыны. У гэты час пачынае знiкаць i чапец. Замест яго пад вялiкую хустку павязвалi меншую, якая шчыльна прылягала да галавы.
Дзяўчаты з дзесяцiгадовага ўзросту пачыналi насiць вянкi. Дапаўнялi жаночы касцюм пацеркi, крыжыкi, а таксама завушнiцы i пярсцёнкi.
У мужчынскi касцюм уваходзiлi кашуля i нагавiцы. Часам ён дапаўняўся суконнай цi палатнянай безрукаўкай, якая зашпiльвалася на гузiкi. Кашулi шылi тунiкападобныя, з адкладным цi стаячым каўняром. Манiшка святочных кашуль багата вышывалася.
Летам мужчыны насiлi белыя палатняныя нагавiцы. Зiмой апраналi суконнiкi карычневага цi чорнага колеру. У летнюю пару iх адзявалi толькi на святы i шылi з больш тонкага сукна.
Абавязковай прыналежнасцю мужчынскага касцюма быў пояс. На Дрыбiншчыне былi распаўсюджаны тканыя на бердзечку i плеценыя на дошчачках паясы. Паясы, якiмi падпярэзвалi верхнюю вопратку, упрыгожвалiся кутасамi.
Мужчынскiмi галаўнымi ўборамi служылi магеркi i цёплыя шапкi з чорнага смушка. На Дрыбiншчыне былi распаўсюджаны паўдвайныя i двайныя магеркi. У халодную пору года i мужчыны, i жанчыны насiлi свiткi i кажухi. На Дрыбiншчыне былi распаўсюджаны свiты халатападобнага крою, з фалдамi.
Традыцыйна народны касцюм дапаўняўся абуткам. Асноўным вiдам яго з'яўлялiся лапцi. У 19 ст. павысiўся попыт на скураны абутак: боты i чаравiкi. Яны перадавалiся ў спадчыну. Абувалi iх у асноўным на святы i ў царкву. Часам на ўсю вёску была адна пара скуранога абутку, якi пазычалi на вянчанне.
У 19 ст. распаўсюджваецца валены зiмовы абутак, якi рабiлi дрыбiнскiя шапавалы. Спачатку валенкамi карысталiся заможныя сяляне, але з цягам часу яны сталi даступнымi i для астатнiх сялян.
Дзiцячым адзеннем, пачынаючы з чатырох — шасцi месяцаў i да чатырохгадовага ўзросту служыла палатняная кашулька. А з самага нараджэння немаўлятку адзявалi ў так званы мятлiк — кавалак чыстай мяккай тканiны, у якiм зроблены разрэз для надзявання на галаву. З гэтай жа тканiны шылi чэпчык, завязвалi пад барадою каснiкамi.
З чатарох гадоў хлопчыкi пачыналi насiць нагавiцы, а дзяўчаткам апраналi спаднiчку. Да двух — трох гадоў усiм дзецям на галаву павязвалi хустачку, асаблiва калi яны гулялi на двары. На ногi абувалi лапцi.

Сельская гаспадарка

Асноўным заняткам сялян на Дрыбiншчыне ў мiнулым было земляробства. Тут пераважаюць дзярнова — падзолiстыя i дзярнова — падзолiстыя забалочаныя глебы. Дрыбiншчына не вылучалася высокiмi ўраджаямi збожжавых, таму хлеба часта не хапала i яго прыходзiлася купляць.
Сяляне прытрымлiвалiся трохпольнай сiстэмы земляробства. Асноўнай ворыўнай прыладай была мелкая беларуская саха, якая падымала 2-3 вяршкi зямлi.
Усё жыта ўбiралася ўручную, сярпамi. Другое месца па распаўсюджанню займае авёс. Пасевы грэчкi на Дрыбiншчыне сустракалiся зрэдку.
Гарох сеялi на лепшых яравых палях, але ў вельмi абмежаванай колькасцi, так як ураджаi яго былi вельмi ненадзейнымi. У 19 ст. значна выраслi пасевы бульбы.
Цяглавай сiлай на Дрыбiншчыне былi параважна конi мясцовай, так званай беларускай пароды. Каровы на Дрыбiншчане былi таксама мясцовай пароды, маларослыя. Мелкiя жывёлы — авечкi, свiнi — утрымлiвалiся амаль у кожнай гаспадарцы.

Рамёствы і промыслы

Неўрадлiвасць глебы i яе недахоп спрыялiлi развiццю на Дрыбiншчыне разнастайных промыслаў. Адны з сялян адпраўлялiся на граберныя (землякопныя) работы, другiя — на фабрыкi i заводы, пераважна на завод Юза ў Екацярынаслаўскай губернi, трэцiя займалiся кустарнымі промысламi — калёсным, бандарным, ганчарным.

Шапавальства
Калi ў мястэчку Дрыбiн узнiкла шапавальства, дакладна невядома. Вядомы беларускi этнограф Е. Р. Раманаў выказваў меркаванне, што на пачатку 18 ст. у мястэчку з'явiлiся людзi з тых месц, дзе быў развiты гэты промысел. Ад iх шапавальсву навучылiся мясцовыя жыхары.
У канцы 19 ст. тутэйшыя ўмельцы аддавалi перавагу адыходнаму промыслу, пры якiм не трэба было набываць матэрыял, рыхтаваць тавар на сваю рызыку i шукаць спосабы збыту. Адыходнiцтву спрыяла i тое, што нiякiх складаных прыстасаванняў i iнструментаў шапавальства не патрабуе.
У 80-я гады 19 ст. у Дрыбiне i Дрыбiнскай воласцi налiчвалася 504 шапавалы. У Старым Дрыбiне гэтым промыслам займалiся 92 чалавека, у Дрыбiне — 152, у Картыжах — 32, у Пакуццi i Галалобаўцы — па 30 чалавек, Паташнi — 27, Лядзешне i Бестранi — па 23, Халiпах — 21, Карэбах — 17, Ляскауцы — 15, Палосках — 14, Каратышках — 10, Панечы i Вярбе — па 7, пiчаўцы, Шаблавах і Рабках — 6, у Крычаватцы — 5. У астатнiх вёсках — па 1-2 майстры. Гадавы заробак стальмаха складау 15-30 руб.

Бандарны промысел
Па статыстычным дадзеным, у 80-я гады 19 ст. бандарным рамяством на Дрыбiншчыне займалася 59 майстроу, якiя жылi ў 8 паселiшчах: м. Дрыбiне i Старым Дрыбiне, с. Кiшчыцы, вёсках Рабкi, Пiчаўка, Пакуцце, Немерка, Каменка. Своесаблiвым цэнтрам бондарства можна назваць Кiшчыцы. У гэтым сяле было 18 майстроў (рамеснiкi жылi ў 10 дварах з 76 ). У Дрыбiне працавала 8 бондараў, у Старым Дрыбiне — 9, у Рабках — 5, у астатнiх вёсках — па 2-3 майстры. Гадавы заробак бондара залежаў ад колькасцi заказаў i складаў ад 20 да 40 руб. у год.
Бондары выраблялi кадкi, вёдры, дзежкi, цэбры i iншае начыненне ў асноўным пад заказ. Працавалi пераважна з позняй восенi да ранняй вясны, калi пачыналiся палявыя работы. Спецыяльных майстэрняў у сельскiх бондараў не было. Усе работы выконвалi ў хаце, сенях цi пад паветкай на спецыяльным варштаце. Матэрыялам служылi дуб, сасна, ёлка, часам клён i асiна.

Сталярны промысел
У канцы 19 ст. на Дрыбiншчыне налiчвалася 23 столяры, якiя жылi ў 10 паселiшчах: у в. Прылепаўка — 6 столяраў, у мястэчках Расне i Дрыбiне — па 3, у Малым Заполлi i вёсцы Расна — па 2, у вёсках Немерка, Суслаўка, Халiпы i м. Чэрнеўка — па аднаму столяру.
Матэрыялам для сталярнага рамяства служылi самыя разныя пароды дрэва. Асiна iшла на выраб крэслаў i куфроў, з алешыны i бярозы рабiлi шафы, камоды, ложкi, шуфлядкi ў сталы. З ясеня i дубу рабiлi больш дарагую мэблю, дзверы i аконныя рамы.

Драўляныя вырабы і посуд
У 80-х гадах 19 ст. 48 майстроу з 9 паселiшчаў Дрыбiншчыны займалicя гэтым рамяством. Найбольшая колькасць майстроў налiчвалася ў вёсках Новае Прыбужжа (10) i Cтарое Прыбужжа (11). Майстры выраблялi лыжкi з бярозы, талеркi, ночвы, вуллi — з лiпы, грэбнi — з клёну, хлебныя лапаты, лодкi i саломку для запалак — з асiны. Гадавы заробак майстра быў невялiкi — ад 3 да 5 руб.

Такарнае рамяство
Такарным рамяством на Дрыбiншчыне у 80-я гады 19 ст. займалася 17 чалавек. Найбольшая колькасць майсроў (7) была ў вёсках Рабкi i Белая (5) Чэрнеўскай воласцi, у Кiшчыцах i Галалобаўцы — па два, у Паташнi — адзiн. У год адзiн майстар зарабляў ад 3 да 6 рублёў.
На такарным станку рабiлi посуд, асобныя дэталi мэблi i iнш. Але асноўным вырабам токараў былi верацёны. Матэрыялам для iх служыла бяроза i асiна. Карэльская бяроза, клён, ёлка iшлi на вытворчасць кубкаў, мундштукоў, сальнiц i г. д.

Вырабы з лыка і кары
У вёсках Пакуцце Дрыбiнскай воласцi, Рабкi i Белая Чэрнеўскай воласцi у 80-я гады 19 ст. 4 майстры займалiся вырабам рашот i палсiткаў. Апошнiя адрознiвалiся больш густым палатном. У год майстар атрымоўваў ад 10 да 15 руб.

Кравецтва
У канцы 19 ст. кравецтва на Дрыбiншчыне было пашырана ў асноўным у форме адыходнiцтва. Глыбокай восенню саматужнiкi iщлi па вёсках, працавалi яны ў хаце заказчыка, на яго харчах. Шылi армякi, курткi, паўкажушкi i кажухi. У мястэчках Дрыбiне i Расне некаторыя саматужнiкi, пераважна яўрэi, працавалi на заказ. Часам яны наймалi вучняў, альбо работнiкаў. На Дрыбiншчыне ў 80-я гады XIX ст. кравецтвам займалася 62 чалавекі ў 22-х населеных пунктах. Гадавы заробак майстра складаў ад 15 да 150 руб. Своеасаблiвымi цэнтрамi кравецтва былi мястэчкi Дрыбiн (15 майстроў) i Расна (8), вёска Старакожаўка (4).

Шавецтва
Па статыстычных дадзеных, у 80-я гады 19 ст. на Дрыбiншчыне працаваў 41 шавец у 7 населеных пунктах. З iх, у самім Дрыбiне было 25 майстроў, у м. Расна — 7, у Чарнеўцы — 4, у астатнiх вёсках — па аднаму. Працавалi шаўцы выключна пад заказ, у асноўным у жылых памяшканнях. Рэдка ў каго была спецыяльна прыстасаваная майстэрня. Гадавы заробак майстра вагаўся ад 10 да 150 руб. Шавецтва ў сельскай мясцовасцi пашыраецца з 19 ст., калi павялiчваўся попыт на скураны абутак. Майстры шылi мужчынскiя боты, жаночыя чаравiкi, шнуроўкi.

Ганчарны промысел
У канцы 19 ст. ганчарствам займалася 15 чалавек у м. Дрыбiн. Гадавы заробак майстра складаў 45 руб. Працавалi, пачынаючы з глыбокай восенi да ранняй вясны.

Кавальства
Сельскiя кавалi задавальнялi патрэбы мясцовага насельнiцтва ў неабходных прыладах працы, прадметах хатняга ўжытку i iнш. Звычайна кавалi працавалi разам са сваiмi памочнiкамi-малатабойцамi. Перадача майстэрства адбывалася шляхам вучнёўства. У вучнi бралi 13-15 гадовых падлеткаў на 5 гадоў.
У 80-я гады 19 ст. на Дрыбiншчыне ў 12 пасяленнях працавала 33 кавалi. З iх у Дрыбiне налiчвалася 10 майстроў, у Расне — 6, Чэрнеўцы i Карзееве — па 3. У астатнiх вёсках — па 1-2 кавалi. Гадавы заробак майстра даходзiў ад 25 да 180 руб.


Літаратура:
1. Опыт описания Могилевской губернии / под. ред. А. С. Дембовецкого. — Могилёв-на-Днепре, 1883. — Кн. 2. — С. 340—877.
2. Титов, В. С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов. — Мн., 1983. — С. 81.
3. Романов, Е. Р. Дрибинские шаповалы / Е. Р. Романов // Могилевская старина : сб. статей "Могилев. губ. ведомостей / под ред. Е. Р. Романова. — Вып. 2. — 1907. — С. 39—40.
4. Этнаграфiя Беларусi : энцыкл. — Мн., 1989. — С. 255.
5. Романов, Е. Р. Катрушницкий лемезень. Условный язык дрибинских шаповалов / Е. Р. Романов // Могилёвская старина : сб. статей "Могилев. губ. ведомостей" / под. ред. Е.
Р. Романова. — Вып. 2. — 1901. — С.42-43.
6. Живописная Россия / под ред. П. П. Семенова. — СПб., 1882. — С. 421.