·  Рагуцкі Уладзімір Лаўрэнавіч (09.12.1917–1941)

    Нарадзіўся ў вёсцы Цёплае Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, паэт.
    Нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Біяграфічныя звесткі пра У. Рагуцкага вельмі скупыя. Вучыўся ў школе ў вёсцы Старое Пашкава Магілёўскага раёна, дзе яго настаўнікам быў беларускі паэт Я. Журба. Затым паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педінстытута. Пасля заканчэння інстытута (1939) працаваў у абласной газеце ''Камунар Магілёўшчыны'' , адкуль быў прызваны ў армію. Загінуў на фронце.
    Першы верш ( ''У лагеры'') У. Рагуцкі надрукаваў у 1934 годзе у газеце ''Піянер Беларусі''. У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР прыняло да друку першы зборнік яго вершаў, рукапіс якога загінуў у час вайны. Асобныя творы паэта змешчаны ў калектыўных зборніках ''Мы іх не забудзем'', ''Крывёю сэрца'', ''Покліч долі адзінай''. Тэматыка вершаў У. Рагуцкага пераважна звязана з жыццём дзяцей. Пакінуў таксама ўзоры пейзажнай і інтымнай лірыкі, вершы да юбілеяў класікаў рускай літаратуры (А. Пушкін, М. Някрасаў, М. Горкі).

Бiблiяграфiя:

·  Аўрамчык М. Паэт і чайка: Успаміны // Дзень паэзіі.- Мн., 1971.

·  Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн.: У 6 т. Т. 5.- Мн., 1995.- С.123.