Мікалай Піліпавіч Заяц (12.12.1885, в. Лапічы Асіповіцкі раён — 16.12.1949, г. Масква) вучыўся ў Лапіцкай царкоўна-прыходской школе. Пачаў службу на імператарскім флоце матросам (1908). Скончыў школу артылерыйскіх кандуктараў пры Вучэбным атрадзе БФ (1908—1909), курсы артылерыйскіх старшын (1915), штурманскі клас Спецыяльных курсаў камсастава ВМС РСЧА (1923—1925), тактычныя курсы пры Ваенна-марской акадэміі імя К.Е. Варашылава (1932).

Удзельнік Першай сусветнай вайны: служыў артылерыйскім старшынёй, кананірам на крэйсеры “Асілак” (1914—1917). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі камандаваў кананерскай лодкай “Чырвоны Сцяг”. У гады грамадзянскай вайны ўдзельнічаў у Лядовым паходзе па перабазіраванні караблёў Балтыйскага флоту з Рэвеля (Таліна) і Гельсінгфорса (Хельсінкі) у Кранштат, камандаваў батарэяй форта “Чырвонафлоцкі” ў Шлісельбургскай крэпасці (люты — май 1918), крэйсерам “Вароўскі”, эсмінцам “Ленін”. З Балтыкі пераведзены на пасаду камандзіра крэйсера “Чырвоны Каўказ” на Чорнае мора (1932).

Капітан 1-га рангу (15.03.1936), контр-адмірал (04.06.1940).

Вялікую Айчынную вайну сустрэў на пасадзе намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам па тыле. Старшыня камітэта па абароне Севастопаля (з 1941). Са жніўня 1942 г. і да канца вайны ўзначальваў пастаянную камісію караблёў пры Наркамаце Ваенна-Марскога флоту СССР.

Узнагароджаны ордэнам Нахімава І ступені, двума ордэнамі Леніна (1941, 1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944, 1944, 1947), многімі медалямі.

Старшыня пастаяннай камісіі дзяржпрыёмкі караблёў пры галоўкаме ВМС (1947—1949).

У аграгарадку Лапічы Асіповіцкага раёна ўсталявана памятная дошка з імем савецкага военачальніка, контр-адмірала Мікалая Зайца (08.05.2014).

 

 

Літаратура

 

·        Близнюк, А. В память контр-адмирала / Антонина Близнюк // Днепровская неделя. — 2014. — 14 мая. — С. 2.

·        Долготович, Б. Адмиралы земли белорусской : библиографический справочник / Б. Д. Долготович. — Минск, 2009. — С. 27—28 : фото.

·        Долготович, Б. “Любил флот и отдал ему всю жизнь” / Б. Долготович // Могилевская правда. — 1997. — 7 июня. — С. 3.

·        Наш контр-адмірал // Асіповіцкі край. — 2014. — 13 мая. — С. 2 : фота.

·        Нікалаеў, М. Беларускі Пецярбург / Мікола Нікалаеў. — Санкт-Пецярбург, 2009. — С. 397.

·        Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Асіповіцкага раёна / галоўны рэдактар У. І. Лемяшонак. — Мінск, 2002. — С. 631—632.

·        Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редактор Г. П. Пашков. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 275.

·        Рыськов, М. Неизвестные страницы истории Могилевщины / Михаил Рыськов. — Могилев, 2012. — С. 116.