Магілёўскае педагагічнае вучылішча, заснаванае ў 1913 г., рыхтавала настаўніц для царкоўна-прыходскіх і народных школ Магілёва і Магілёўскай губерні. Выпускала ў год 25–30 чалавек. Размяшчалася ў двух-павярховым будынку былога рэальнага вучылішча, у якім у 1967 г. надбудаваны яшчэ два паверхі, часткова зменены галоўны фасад.

У 1922 г. створаны Беларускі педагагічны тэхнікум Народнага камісарыята асветы БССР. У 1956 г. да яго далучана Мінскае дашкольнае педвучылішча, і ён атрымаў назву Магілёўскае дашкольнае педагагічнае вучылішча, якое рыхтавала кадры для сістэмы дашкольнага выхавання. У 1974 г. вучылішчу прысвоена імя К.Д. Ушынскага. З 1989 г. – вышэйшае педагагічнае вучылішча імя К.Д. Ушынскага, з 1992 г. – каледж. Тут рыхтавалі навучэнцаў па спецыяльнасцях педагогіка і методыка пачатковага навучання, педагогіка і псіхалогія дашкольная. Прымаліся асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне было дзённае і завочнае.

У 1994 г. пераўтвораны ў Сацыяльна-гуманітарный каледж установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”. Пасля рэарганізацыі на базе агульнай сярэдняй адукацыі навучанне вялося па спецыяльнасці праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій, страхавая справа. У 2012 г. набору не было.

 

Літаратура:

 

·         Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. – Мінск, 1999. – Т. 9. – С. 469.

·         Могилев : энциклопедический справочник / главный редактор И. П. Шамякин. – Минск, 1990. – С. 333.

·         Сачанка, А. З’ядналіся сталасць і маладосць / А. Сачанка // Пралеска. – 2003. – № 12. – С. 7–9.