Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж адлічвае сваю гісторыю з 23.02.1865 г., калі пачала работу Магілёўская школа павітух. 14.01.1875 г. адчынена Цэнтральная фельдшарска-акушэрская школа і Цэнтральная павівальная школа для Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай губерняў, якая размяшчалася ў спецыяльна пабудаваным для гэтага будынку (цяпер гэта першы корпус Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа). Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, штогод — па 18 слухачоў, з якіх 14 з сялянскага асяроддзя накіроўвалі на пансіённае забеспячэнне, а 4 месцы прадастаўлялі вольным слухачам розных саслоўяў. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спецыяльныя класы. Тэрмін навучання — 3—4 гады. Па колькасці прадметаў і аб’ёму ведаў школа перавышала такія ж установы Расійскай імперыі і служыла для іх прыкладам. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 гады за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

У 1907 г. з мэтай паляпшэння медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва фельчарская школа была пераўтворана ў Магілёўскую фельчарска-акушэрскую, статут якой зацвердзілі 24.10.1913 г. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дазваляў выпускнікам гэтай навучальнай установы замяшчаць пасаду ўрача.

        У 1923 г. на яе базе арганізаваны медыцынскі тэхнікум, а ў 1926 г. —медпалітэхнікум з акушэрскім і фармацэўтычным аддзяленнямі. У 1937 г. рэарганізаваны ў фельчарска-акушэрскую і фармацэўтычную школу з колькасцю навучэнцаў у 1200 чалавек.

         У гады Вялікай Айчыннай вайны многія выпускнікі і выкладчыкі змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў партызанскім руху.

У 1956 г. Бабруйская і Магілёўская навучальныя ўстановы аб’яднаныя ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, якое рыхтавала фельчараў, аку-шэраў, медсясцёр, клінічных лабарантаў, фармацэўтаў.

         З 1976 г. у вучылішчы працавала аддзяленне ўдасканалення кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй.

         У 1985 г. створаны музей гісторыі вучылішча, у якім сабраны цікавыя экспанаты і дакументы.

Зараз ва УА “Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж” вядзецца навучанне па спецыяльнасцях: лячэбная справа,  сястрынская справа, фармацыя, медыка-дыягнастычная справа.

 

Літаратура

        

·        Аўчыннікава,  А. Мудрасць прыходзіць з гадамі / А. Аўчыннікава / Звязда. — 2002. — 23 красавіка. — С. 12

·        Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1999. — Т. 9. — С. 460.

·        Гришанова, Л.  От повитух до светил медицины / Л. Гришанова //  Магілёўскія ведамасці. 2009. 17 лютага. —  С. 3 : фото.

·        Гришанова, Л. “Ромашки” из фельдшерской школы / Л. Гришанова // Магілёўскія ведамасці. — 2008. — 28 чэрвеня. —  С. 13 : фото.

·        Дзядзюля, А. Магілёўскі медбрат ідзе нарасхват / А. Дзядзюля // Чырвоная змена. — 2001. — 14 ліпеня. — С. 6.

·        Клименко, Е. Фармацевты “родом” из Могилева / Елена Клименко // Медицинский вестник. — 2006. — 13 июля. — С. 11.

·        Кривощеков, Ю.  Повивальная бабка: здорова, красива, понятлива. И молода  /  Юрий  Кривощеков  // Медицинский вестник.  2009. 4 июня. С. 5 : фото.

·        Курков, И. Лучшие повитухи империи / И. Курков  // Обозреватель. —2004. — 18 июня. — С. 12.

·        Могилевский государственный медицинский колледж [Электронный ресурс] : сайт. — Режим доступа: http://www.medcollege.mogilev.by/. — Дата доступа: 29.07.2014.

·        Памятная книжка Могилевской губернии на 1876 год : репринтное издание. — Гродно, 2011. — С. 15—16.