Анастас Аляксандравіч Сіцынскі нарадзіўся 29 верасня 1862 г. у Бабруйску ў сям’і столаначальніка павятовага суда. У чэрвені 1885 г. паспяхова закончыў курс прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата. Праз два гады закончыў курс медыцынскіх навук, удастоены ступені лекара і звання павятовага ўрача.

Працаваў у Карэлічах сельскім урачом, а затым да 1892 г. выконваў абавязкі мінскага гарадскога ўрача. 8 мая 1893 г. абараніў доктарскую дысертацыю ў ваенна-медыцынскай акадэміі на тэму: “Акушерская помощь в Минской губернии 1880–1890 гг.”.

З 27 чэрвеня 1914 г. прызначаны прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта на кафедры акушэрства і жаночых хвароб. Працуючы акушэрам Пецярбургскага дварцовага шпіталя, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Таварыства мінскіх урачоў. У 1903 г. яго выбіраюць Ганаровым членам гэтага таварыства. Прымаў асабісты ўклад у стварэнні бібліятэкі таварыства.

 

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

 

·         Родам з Бабруйска // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бабруйска / галоўны рэдактар У. І. Лемяшонак. – Мінск, 1995. – С. 139.

·         Сіцынскі Анастас Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. – Мінск, 2002. – Т. 14. – С. 428.