Васіль Савіч Гарбацэвіч (19.04.189317.09.1985) нарадзіўся ў в. Дукарка Ігуменскага павета. Закончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі інстытут (1918). Працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы Магілёўскай губерні (1913–1915), у Дукорскім вышэйшым пачатковым вучылішчы (1918–1924). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924–1929).

Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі “Маладняка” (1925–1928). У 1933–1941 і 1945–1957 гг. працаваў настаўнікам Дукорскай сярэдняй школы.

Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

Вядомы як драматург. Яго п’еса “Вяселле”, напісаная на аснове вясельнага абраду, пастаўлена БДТ у 1921 г. П’еса “Чырвоныя кветкі Беларусі” (1923) прысвечана подзвігу дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх войскаў. Аўтар п’ес “Пад вішнёвымі садкамі”, “Песні нашых дзён”, успамінаў пра сустрэчы з М. Багдановічам у Яраслаўлі (“Шлях паэта”, 1975). Для творчасці пісьменніка характэрна адчуванне сучаснасці, насычанасць маляўнічымі фальклорнымі матывамі, яркая сцэнічнасць, глыбокае веданне народнай мовы.

Член СП Беларусі з 1981 г. Пахаваны ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.

 

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

 

·         Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / складальнік А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1994. – С. 121.

·         Завадская, І. Тэатр аднаго настаўніка / І. Завадская // Роднае слова. – 2003. – № 4. – С. 102.