·  Неўраў Мікалай Васільевіч (1830-1904)

    Нарадзіўся ў 1830 г., г. Масква, памёр 3(16).5.1904 г., пахаваны в. Лыскаўшчына Круглянскага раёна. Рускі жывапісец. Нарадзіўся ў купецкай сям’і. Вучыўся ў вучылішчы Маскоўскага купецкага таварыства. Некаторы час займаўся перапіскай папер і чарцяжамі.
    Першыя прафесійныя навыкі атрымаў ад свайго айчыма – настаўніка малявання Сцяпанава. Нейкі час вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы. У 1851 г. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.
    У 1856 г. напісаў першую жанравую карціну “Хатняя сялянская сцэна” (1856), за якую атрымаў званне някласнага мастака па жывапісу бытавых сцэн, што і вызначыла далейшы лёс таленавітага майстра.
    6 лістапада 1859 года быў удастоены звання класнага мастака за поспехі ў галіне партрэтнага жывапісу. Свае лепшыя жанравыя карціны ён стварыў у 1860-я гады. Буйной падзеяй у жыцці і творчасці мастака сталі партрэты – Невядомага, Бібікава і Мядзінцавых, якія былі выстаўлены ў Акадэміі мастацтваў і мелі вялікі поспех. Пасля 1863 г. былі напісаны партрэты М.С. Шчэпкіна, П.М., М.І. і І.З. Траццяковых.
    У 1863 г. М.В. Неўраў – член мастацкай арцелі, якая стала асновай славутага таварыства перасоўных мастацкіх выставак. На тэму быта купецтва напісана карціна “Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца”, якая была прадстаўлена на конкурс Таварыства заахвочвання мастакоў, але “не дапушчана з-за сюжэту”.
    Сацыяльную накіраванасць мелі карціны “З нядаўняга мінулага”, “Торг” (1866), “Святар, які служыць над магілай паніхіду”.      









    М.В.Неўраў. Торг. 1866.        Неўраў М.В. Выхаванка. 1867.


    У карцінах “Торг” (1866), “Выхаванка” (1867), “Купец-куціла” (1867), “Прасіцельніца” (1866), “Пахаванне селяніна” з усёй паўнатой разгарнуўся талент мастака. Для залаў Маскоўскага Рускага гістарычнага музея стварыў серыю гістарычных палоцен: “Раман Галіцкі і папскія паслы” (1875), “Прысяга Лжэ-Дзмітрыя І каралю Сігізмунду ІІІ на ўвядзенне ў Расіі каталіцызму”, “Іван IV і канюшні баярын Іван Пятровіч Фёдараў”, “Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам” (1866), “Патрыярх Нікан перад судом 1 снежня” (1888) і інш.
    М.В.Неўраў. Раман Галіцкі і папскія паслы. 1875.


    У 1888 г. на тэму бытавога жанра напісана карціна “Агледзіны” (1888), якая была прадстаўлена мастаком на 17 Перасоўнай выставе 1889 г. Гэта карціна была куплена з выставы П.М. Траццяковым.

    Неўраў М.В. Агледзіны. 1888.

    У гэты ж самы час Неўраў выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, дзе пазнаёміўся з мастаком В.К. Бялыніцкім-Бірулям.
    Неўрава называлі геніяльным мастаком, і пра прызнанне ягонай творчасці сведчыць той факт, што ў 1898 годзе пасля смерці Траццякова яму прапанавалі заняць пасаду дырэктара галерэі, але 68-гадовы мастак адмовіўся, спаслаўшыся на старасць і хваробы. Апошнія гады свайго жыцця (19 год) пражыў на Кругляншчыне ў маёнтку Лыскаўшчына.
    Да мастака прыязжалі ў госці В. Сурыкаў, В. Паленаў, Р. Мясаедаў, У. Маякоўскі, І. Прошнікаў. На Кругляншчыне ім былі створаны работы “Эпізод з жыцця Пятра” і “Чым былі моцныя шлюбныя вузы” і інш. 3 мая 1904 г. М.В. Неўраў застрэліўся.
    Мікалай Васільевіч Неўраў – адзін з буйнейшых мастакоў пакалення перасоўнікоў, якія вызначылі развіццё і сацыяльную накіраванасць рускага мастацтва другой паловы мінулага стагоддзя. Сёння творы М.В. Неўрава ўпрыгожваюць залы Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, ёсць яны ў музеях Санкт-Пецярбурга, Кіева, Рыгі, Іванава (Расія), Саратава.
    У 1964 г. у Маскве выйшаў альбом з рэпрадукцыямі карцін М.В. Неўрава. У 1974 г. на магіле М.В. Неўрава быў пастаўлены помнік. Дом, дзе жыў мастак захаваўся да нашых дзён. Зараз на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

    Дом, у якім жыў М.В. Неўраў у апошнія гады
    в. Лыскаўшчына. Магіла М.В. Неўрава


Бiблiяграфiя:

·  Неўраў Мікалай Васільевіч//Бел. энцыкл. У 18 т.–Мн., 2000.–Т. 11.–С. 303.

·  Неўраў Мікалай Васільевіч//Энцыкл. гісторыі Беларусі. У 6 т.–Мн., 1999.–Т. 5.–С. 322.

·  Мікалай Васільевіч Неўраў//Энцыкл. літ. і мастацтва Беларусі.–1987.–Т. 4.–С. 67.

·  Карнеенка П. Неўраў у Лыскаўшчыне//Памяць: Гіст.-дак. хроніка Круглянскага р-на.–Мн., 1996.–С. 185-187.

·  Магіла Неўрава Мікалая Васільевіча//Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць.–Мн., 1986.–С. 268.

·  Розенталь Л. Николай Васильевич Неврев.–М.-Л.: Искусство, 1949.–22 с. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

·  Николай Васильевич Неврев//Музей-заповедник «Абрамцево»; Очерк-путеводитель.–М.: Изобраз. искусство, 1988.–С. 166-169. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

·  Неўраў М.В.//Дзеячы выяўленчага мастацтва Магілёўшчыны: Бібліягр. паказальнік.–Магілёў, 1993.–С. 45-46.

·  Рускі мастак М.В. Неўраў: Альбом/Круглянская раённая б-ка.–Круглае,1996. 23 с.: іл.

·  Белянкіна Т. “Мая душа прыгожае шукала...”//Сельскае жыццё.–1998.–1 ліпеня.

·  Белянкина Т. Последний приют//Сельскае жыццё.–2002.–23 кастрычніка.

·  Васильева А. У нас нашёл он свой покой//Сельскае жыццё.–2001.–19 снежня.

·  Гришанова Л. “Прекрасное есть жизнь”//Магілёўс. ведамасці.–1997.–12 ліпеня.

·  Дзергачова З. Яго імя ўпісана ў гісторыю//Сельскае жыццё.–1970.–8 лістапада.

·  Зинькевич Л. Он застрелился от тоски и одиночества//Могилёв. правда.–1998. 5 сентября.

·  Іванова І. Знакаміты рускі мастак Мікалай Неўраў дажываў свой век у адзіноце, малюючы круглянскіх сялян//Звязда.–1998.–8 верасня.

·  Марціновіч А. Клічуць старыя сядзібы//Бел.думка.–2002.–№ 7.–С. 98-101.

·  Рудковский Н. У осени под радужным крылом//Магілёўс. ведамасці.–1998.–12 верасня.–С. 2.

·  Сальнікава Г. Гэта трэба жывым//Сельскае жыццё.–2002.–17 красавіка.