Янка (Іван Дарафеевіч) Казека (31.08.1915, в. Кострычы Кіраўскага раёна — 03.03.2000) нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Любоніцкую сямігодку, вучыўся ў Бабруйскім лесатэхнікуме. Працаваў шчытабойцам на дрэваапрацоўчым камбінаце (1931), інструктарам-масавіком у рэдакцыі бабруйскай газеты “За ўдарныя тэмпы” (1933—1934). Скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1938). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай СШ Пухавіцкага раёна.

Служыў у радах Савецкай арміі (1939—1954). З 1942 г. і да канца службы — армейскім палітработнікам, выкладчыкам у ваенных навучальных установах. Цяжка паранены ў баях пад Ельняй (1941).

Працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. Галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (пазней “Беларусь”) (1957—1967). З 1967 г. — загадчык рэдакцыі народнай асветы і друку, намеснік загадчыка галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1969—1979), старшы навуковы рэдактар (1980—1991).

Першую карэспандэнцыю змясціў у “Чырвонай змене” (1933). Як крытык у друку заявіў пра сябе рэцэнзіяй на кнігу С. Знаёмага “Біяграфія майго героя” (1935). Важнейшыя жанры творчай дзейнасці пісьменніка: крытычны артыкул, рэцэнзія, літаратурны партрэт, манаграфія, нарыс. У цэнтры ўвагі пытанні гісторыі дакастрычніцкай і беларускай савецкай літаратуры. Даследаваў  прозу, байку, сатыру. Аўтар манаграфіі “Беларуская байка”, крытыка-біяграфічнага нарыса “Кандрат Крапіва”, кнігі “Кузьма Чорны: старонкі творчасці”, зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў “З невычэрпных крыніц”, “Натхненне і майстэрства” і інш. Падрыхтаваў і выдаў аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў: “Пяцьдзесят чатыры дарогі”, “Пра час і пра сябе”, “Вытокі песні”.

Член СП Беларусі (1954), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, пяццю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР, медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1975).

 

Літаратура

                                     

·        Алесь Казека // Кіравец. — 2013. — 30 жніўня. — С. 2.

·        Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1998. — Т 7. — С. 426 : фота.

·        Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдактар А. В. Мальдзіс. — Мінск, 1994. — Т. 3. — С. 74—77 : фота.

·        Гарэлік, А. Да роднай зямлі прыпісаны / Аляксей Гарэлік // Кіравец. — 1995. — 23 верасня. — С. 3.

·        Мікашэвіч, М. Янка Казека / М. Мікашэвіч // Роднае слова. — 2005. — № 8. — С. 52 : фота.

·        Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Кіраўскага раёна / галоўны рэдактар У. І. Лемяшонак. — Мінск, 1997. — С. 414—415 : фота.

·        Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редактор Г. П. Пашков. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 832 : фото.

·        Саламаха, У. Літаратурны крытык Янка Казека / Уадзімір Саламаха // Кіравец. — 1996. — 31 жніўня. — С. 2.