Асiповiцкi РаёнБабруйскi раёнгорад БабруйскБыхаўскi раёнБялынiцкi раёнГлускi раёнГорацкi раёнДрыбiнскi раёнКасцюковiцкi раёнКiраускi раёнКлiмавiцкi раёнКлiчаускi раёнКраснапольскi раёнКруглянскi раёнКрычаускi раёнГорад МагiлёуМагiлёускi раёнМсцiслаускi раёнСлаугарадскi раёнХоцiмскi раёнЧавускi раёнЧэрыкаускi раёнШклоускi раён


    У 1856 г. з'явілася школа ў Лапічах (там вучыліся 29 хлопчыкаў). У Свіслачы ў 1868 г. у дапаўненне да панскай школы, у якой на 1860 г. было 5 настаўнікаў і 20 вучняў , далучылася і царкоўня , у ёй вучыліся 29 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, дзейнічала школа і пры сінагозе. У 1863 г. аднакласныя школы для 20 хлопчыкаў адкрыліся ў Зборску і ў Пагарэлым. З 1869 г. пачала працаваць школа ў мястэчку Халуй, у ёй у 1887 г. вучыліся 25 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі.
    Канец 19 ст. быў адзначаны развіццём адукацыі насельніцтва. З 1865 г. працавала царкоўна-прыходская школа ў Замошшы. 2 яўрэйскія школы працавалі ў Халуі. У 1884 г. адкрылася новая школа ў Жыціне, у тым жа годзе – царкоўная школа ў Галынцы, земскія школы адкрыліся ў Жорнаўках, Лазовым, Гоманаўцы, Карытным, Вязаўніцы, Орчы, Базку. У 1885 г. пачалося навучанне дзяцей у царкоўна-прыходскай школе ў Ясені, школах граматы ў Вяззі і Хімным.
    У 1906-1907 гадах адкрыты дзве пачатковыя школы.
    Да 1917 года на тэрыторыі Асіповіцкага раёна працавала 8 царкоўна - прыходскіх і 16 пачатковых школ, 6 з якіх не мелі сваіх памяшканняў і спецыяльна падрыхтаваных настаўнікаў. У школах навучаліся пераважна хлопчыкі. Агульная колькасць вучняў у раёне не перавышала 800 чалавек.
    Увосень 1921 г. аднавіліся заняткі ў чыгуначнай школе-сямігодцы, была адчынена сямігодка для дзяцей прыстанцыйнага рабочага пасёлка і бліжэйшых вёсак. У ёй пачало навучацца 60 чалавек (у 1922 г. яе наведвалі 224, а ў 1927 – 373 навучэнцы). У гэтым жа годзе пачалі стварацца культурна-асветныя ўстановы ў памяшканні майстэрань кватэрнай часткі чыгуначнага вузла быў адчынены клуб «Чырвоны Кастрычнік», пры якім арганізавалі драматычны гурток, духавы аркестр і бібліятэку-чытальню.
    У 1923 г. адначасова з вырашэннем гаспадарчых задач кіраўніцтва воласці надавала ўвагу барацьбе з неадукаванасцю, развіццю культурнай работы. У 1923 г. у Асіповічах дзейнічалі 3 школы. Была адкрыта бібліятэка. У клубе чыгуначнікаў «Чырвоны Кастрычнік» пачалася дэманстрацыя кінафільмаў. Узнікла піянерская арганізацыя.
    З першых дзён свайго існавання Савецкая ўлада вялікую ўвагу надавала развіццю сеткі школ. Ужо ў 1925 годзе ў раёне працавала 30 школ, дзе вучылася 2.202 вучні. Для абучэння моладзі мелася 50 настаўнікаў.
    Але матэрыяльная база народнай асветы была крайне слабай. Не хапала кваліфікаваных кадраў настаўнікаў. Спецыяльна школьных памяшканняў было толькі 13. Астатнія 17 школ размяшчаліся ў сялянскіх хатах і ў прыстасаваных дамах. Школа не магла прыняць 2.400 дзяцей.
    Пазашкольнае навучанне моладзі і ліквідацыя непісьменнасці насельніцтва праводзілася ў народным доме, рабочым клубе чыгуначнікаў, дзвюх дзяржаўных хатах-чытальнях (м.Лапічы і в.Карытнае). Яшчэ шэсць хат-чыталень утрымлівалася за кошт сродкаў насельніцтва. Дзейнічалі таксама тры дзяржаўных пункты па ліквідацыі непісьменнасці. Дзесяць было створана па ініцыятыве і на сродкі насельніцтва.
    Людзі праглі да ведаў. Дзяржава прымала меры. На новы навучальны год арганізоўваліся яшчэ чатыры школы, два дзяржаўныя пункты па ліквідаванню непісьменнасці.. Настаўнікам павялічана зарплата з 28 да 36 рублёў у месяц.
    1926 год. У адпаведнасці з пастановай ЦВК БССР аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання, Асіповіцкая сямігадовая школа была пераўтворана ў сярэднюю і пераведзена ў больш прасторныя дамы, реквізаваныя ў купца Рыўкіна.
    К 30-м гадам рост эканомікі Асіповіч дазволіў выдзяліць болей значныя сродкі на развіццё культуры і аховы здароўя. Так у 1932 годзе павялічыліся асігнаванні ў сферы адукацыі.
    У 2-й пяцігодцы ў Асіповічах былі пабудаваны 2 сярэднія школы. На вуліцы Ленінскай адкрыўся дзіцячы садок для дзяцей чыгуначнікаў.
    У 1936 годзе ў Асіповічах пачалося будаўніцтва сярэдняй школы. “Калгасная праўда” (так называлася наша раённая газета) у №36 ад 6 красавіка 1938 года пісала: “Па Вясёламу перавулку паміж вуліц Савецкай і Завадской будуецца новая, каменная, двухпавярховая, вялікая і светлая, сталінская школа. Гэта будзе поўная сярэдняя гарадская школа-дзесяцігодка, разлічаная на 400 месцаў. Кошт будаўніцтва ўстаноўлены 425 тысяч рублёў. На абсталяванне адпушчана яшчэ 24 тысячы рублёў.”
    У 1939 г. на вуліцы Заводскай (цяпер вул.Сумчанкі) быў пабудаваны новы двухпавярховы будынак сярэдняй школы на 600 месцаў (пасля вайны школа №1 імя Героя Савецкага Саюза Б.М.Дзмітрыева).
    У пачатку 1940-х гадоў у раёне ужо працавала 89 школ: 14 сярэдніх, 12 сямігадовых, 60 пачатковых і 3 дзіцячыя дамы ў вёсках Свіслач, Дараганава, Карытнае.
    Пасля Вялікай Айчыннай вайны амаль усе школы былі адноўлены. У 1944-1945 г.г. у раёне налічвалася 61 школа з агульнай колькасцю вучняў 9399 чалавек.
    Па стане на 1.9.1944 г. з устаноў народнай адукацыі былі гатовы прыняць навучэнцаў 8 сярэдніх, 7 няпоўных сярэдніх, 40 пачатковых школ. У іх налічвалася 10 636 вучняў і 248 настаўнікаў.
    У 1956 г. раённы аддзел адукацыі атрымаў папаўненне настаўнікаў – 45 чалавек з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй. Уведзены ў эксплуатацыю новыя будынкі школ. У 1961 г. на базе дзіцячага дома г.Асіповічы была заснавана школа-інтэрнат. Побач са старымі будынкамі вырас прыгожы трохпавярховы вучэбны корпус. У маляўнічым Дараганаве, непадалёку ад празрыстай Пцічы, - санаторная школа-інтэрнат, якая адкрыта на базе дзіцячага дома. Яго гісторыя пачынаецца з далёкага 1924 г., калі на былой летняй дачы памешчыка Дарагана былі размешчаны беспрытульныя дзеці. З 1961 г. дзіцячы дом набыў статус санаторнай школы-інтэрната, быў узведзены новы будынак для школы.
    За паўтара стагоддзя існавання многае зведала школа ў в.Свіслач. Школа ўпамінаецца ў гістарычных крыніцах з 1849 г., адзначаюцца разнастайныя архітэктурныя формы яе будынка.
    У пачатку 1960-х гадоў шмат увагі ўдзялялася адкрыццю школ рабочай моладзі, якіх у раёне налічвалася 8: у населеных пунктах Татарка, Ялізава, Градзянка, Ясень, Лапічы, Свіслач, Ліпень, Замошша. У гэтых школах навучаўся 431 чалавек. У раёне працавалі 7 сярэдніх, 10 сямігадовых і Агульная колькасць вучняў складала 5453. Меліся 344 настаўнікі, з іх 97 з вышэйшай, 73 з незакончанай вышэйшай і 152 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
    У 1960 г. пабудавана сярэдняя школа №3 на 640 вучняў, а ў 1963 г. – рэспубліканская школа –інтэрнат для дзяцей, якія перанеслі поліяміэліт. Адкрыты гарадскі №2 і і чыгуначны №38 дзіцячыя сады.
    У пачатку 1970-х гадоў у раёне была 51 школа: 20 пачатковых, 15 васьмігадовых, 16 сярэдніх. Агульная колькасць вучняў складала 5773. Дзейнічалі дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, раённы Дом піянераў і школьнікаў, станцыя юных натуралістаў. У сярэдзіне 1980-х гадоў колькасць школ і вучняў паменшылася.
    У 1971 г. пабудавана новае памяшканне Свіслацкай школы, у 1974 г. – Каменіцкай васьмігадовай, у 1979 г. – Вяззеўскай СШ, у 1981 г. – СШ №1 г.Асіповічы і Пагарэльскай базавай школы, у 1989 г. СШ №3 г.Асіповічы, у 1991 г. – Красненскай СШ, у 1994 г. – Дрычынскай СШ, Асіповіцкай беларускай гімназіі.
    У 2000 г. у раёне працавалі 23 сярэднія і 6 базавых школ, 2 комплексы “Пачатковая школа – дзіцячы сад”. У школах налічвалася 9637 вучняў і 1075 педагогаў.
    У 1995 г. у раёне адкрыліся прышкольныя інтэрнаты – у вёсках Ліпень, Ясень, р.п.Градзянка – для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. У іх жывуць і вучацца 95 чалавек.
    Сярэдняя школа №2 – старэйшая ў Асіповічах. Адкрылася яна ў 1906 г. як чыгуначная школа 2-й ступені пры станцыі Асіповічы Лібава-Роменскай чыгункі. Першы выпуск адбыўся ў 1912 г. Школьнікі ганарацца подзвігам былога вучня А.Чумакова, імя якога школа насіла ў 1922-1931 гг. З 1994 г. пры школе працуе гістарычны музей, агульная колькасць экспанатаў якога налічвае больш за 500 экземпляраў.
    Па колькасці навучальных устаноў наш раён адзін з буйнейшых у вобласці, ды і працуючых у іх дастаткова – каля трох тысяч чалавек. З 54 устаноў адукацыі – 20 сярэдніх, 6 базавых і 2 пачатковыя школы.
    З 2,4 да 3,3 % павялічылася колькасць выпускнікоў, якія скончылі школу на “9” і на “10” балаў і з 12,6 да 0,4 % паменшылася колькасць выпускнікоў, якія маюць “1” і “2” балы.
    У 2002-2003 навучальным годзе ў раёне было толькі 11 медалістаў, а зараз школу з залатым і сярэбраным медалём скончыў 21 выпускнік .
    Па выніках раённых алімпіяд 67 старшакласнікаў узнагароджаны дыпломамі. Лепшых вынікаў дасягнулі навучэнцы Асіповіцкай беларускай гімназіі і Лапіцкай сярэдняй школы.
    На 1 верасня 2004 года ў 26 школах раёна абучаецца 7.416 вучняў. У 23 дзіцячых агульнаадукацыйных установах выхоўваецца 2.085 дзяцей.
    Па выніках 2003-2004 вучэбнага году скончылі школу з залатой медаллю 5 выпускнікоў, з сярэбранай – 16. З іх паступілі ў ВУЗы 20 чалавек, што склала 95,2 %.
    Па выніках абласных алімпіяд атрыманы 4 дыплома і 7 падтрыманых прызоў і адзін дыплом па рэспубліканскай алімпіядзе (па гісторыі).
    Прыярытэтнымі напрамкамі ў рабоце ўстаноў адукацыі ў 2001-2005 гадах з’яўлялася дзейнасць па забеспячэнню запытаў вучняў і іх бацькоў на адукацыйныя паслугі. 35,2% вучняў 1-11 класаў вывучалі прадметы на павышаным і паглыбленым узроўнях. У раёне функцыяніруе 4 ліцэйскія класы, у якіх навучаюцца 7,9% вучняў 10-11 класаў.
    Развіваецца сістэма алімпіяднага руху, вызначылася станоўчая дынаміка рэзультатыўнасці ўдзелу школьнікаў у навукова-даследчай дзейнасці. Вяззеўская сярэдняя школа і Асіповіцкая беларуская гімназія з’яўляюцца эксперыментальнымі пляцоўкамі. У сярэдняй школе №4 ажыццяўляецца абласны інавацыйны праект “Апробация и внедрение курса «Исследуя гуманитарное право”. Адным з асноўных паказчыкаў рэзультатыўнасці якасці навучання школьнікаў з’яўляюцца вынікі паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы: 2004 год – 65%, 2005 год – 68%. У агульнаадукацыйных установах працуе 1311 педагогаў, у тым ліку 780 настаўнікаў, з іх 652 чалавекі з вышэйшай адукацыяй (83,6%). У раёне функцыянуе 21 дашкольная адукацыйная ўстанова. Усімі формамі падрыхтоўкі да школы, уключая арганізацыю спецыяльных курсаў на базе школ, платных адукацыйных гурткоў, ахоплена 100% дзяцей пяцігадовага ўзросту. У дзіцячым садку №4 функцыянуе 2 санаторныя групы. На базе дашкольных устаноў агульнага тыпу функцыянуе 6 пунктаў карэкцыйна-развіваючага навучання. Належная ўвага ўдзяляецца арганізацыі выхаваўчага працэсу. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, клубе дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства займаецца 2690 школьнікаў, што складае 38% ад агульнай колькасці вучняў.

    Сярэдняя школа №1 г.Асіповічы ім.Б.М.Дзмітрыева.
    У 1936 годзе ў Асіповічах пачалося будаўніцтва сярэдняй школы. “Калгасная праўда” (так называлася наша раённая газета) у №36 ад 6 красавіка 1938 года пісала: “Па Вясёламу перавулку паміж вуліц Савецкай і Завадской будуецца новая, каменная, двухпавярховая, вялікая і светлая, сталінская школа. Гэта будзе поўная сярэдняя гарадская школа-дзесяцігодка, разлічаная на 400 месцаў. Кошт будаўніцтва ўстаноўлены 425 тысяч рублёў. На абсталяванне адпушчана яшчэ 24 тысячы рублёў”.
    Ужо 1 верасня 1939 года першая школа шырока расчыніла свае дзверы, а яе першым дырэктарам стаў Васіль Паўлавіч Сенюк. Вось з гэтага і пачалася гісторыя школы №1.
    З успамінаў Ліўшыца Б.С. “Гэтыя гады, добра помню і зараз. Новая школа, новы будынак, маладыя настаўнікі – усё гэта натхняла для новага жыцця. Але ніхто не мог быць упэўнены ў заўтрашнім дне. Усюды шукалі ворагаў народа, кожны мог быць арыштаваны па самай нязначнай прычыне і без яе. Таму развіццё творчасці не заахвочвалася, стараліся, каб вучні не выдзяляліся. Кантраляваўся свабодны ад школы час. Нам забаранялася хадзіць на танцы. Аднойчы дачка дырэктара Тамара была заўважана вечарам ў клубе. Танцы спыніліся, акрамя Тамары, па прозвішчу былі выстаўлены ўсе вучні першай школы з залы. А гэта надзвычайнае здарэнне доўга яшчэ разбіралася ў школе... Дырэктара школы – Васіля Паўлавіча – вельмі паважалі і настаўнікі і вучні.
    ... Засталіся ў памяці падзеі апошніх дзён, праведзеных ў школе. Чэрвень – 1941 года – экзамены. Рыхтаваліся да выпускнога, радасныя, натхнёныя, марачы аб самастойным жыцці. Але прыгатаванне былі дарэмны, прагрымела Вялікая Айчынная вайна. Са школьнага крыльца выпускнікі ішлі на фронт. Наш выпуск нават не паспеў атрымаць атэстаты сталасці...”.
    Дакументы і друк школы ў гэты час хаваў у сваім доме за шпалерамі Васіль Паўлавіч. Ён і яго сям’я сталі членамі падпольнай групы: збіралі збрую, важкія звесткі, выходзілі на сувязь са штабам партызанскага злучэння Асіповіцкай ваенна - аператыўнай групы. Васіль Паўлавіч у пачатку быў намеснікам, а затым кіраўніком падпольнай групы паравознага дэпо.
    З 1945-1963 год школу ўзначальваў Карпенка Васіль Ціхановіч. Першымі пасляваеннымі выпускнікамі былі дзеці розных узростаў. У школах не хапала падручнікаў.

Першыя пасляваенныя выпускнікі.


    З 63 чалавек, скончыўшых школу ў 1953 годзе, 46 атрымалі дыпломы розных вышэйшых вучэбных устаноў і тэхнікумаў. 17 чалавек працавалі высокакваліфікаванымі рабочымі ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, 10 атрымалі спецыяльнасць настаўніка, 7 - урача, 5 сталі кандыдатамі навук.
    Дырэктарамі школы працавалі: Казакоў Мікалай Прохаравіч (1963-1966), Калечкін Уладзімір Афанасьевіч (1966-1971), Арлоў Анатоль Іванавіч (1971-1984).
    У 1977 годзе адбыўся пераход да ўсеагульнай 10-ці гадовай адукацыі. Пераход на кабінетную сістэму, расшырэнне выкарыстання тэхнічных сродкаў навучання прывяло да неабходнасці будаўніцтва новага будынка школы, якое было бы аснашчана па сучасным патрабаванням. Так новы будынак школы быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1980 годзе.

Сярэдняя школа № 1

    Ганарыцца школа сваімі выпускнікамі. А гэта – Строганаў Я.І., Нішт М.І., Тамковіч Г.І. Гэтыя людзі першымі стаялі ў вытокаў касманаўтыкі. Усё сваё жыццё яны пасвяцілі працы, звязанай з касмічнымі даследваннямі.
    Міхаіл Іванавіч Нішт – генерал-маёр, доктар тэхнічных навук, прафесар ваеннай акадэміі імя Жукоўскага. Супрацоўнічаў з выдатнымі людзьмі быўшага Савецкага Саюза і зарубежжа. Доказам гэтаму спрыяюць яго фатаграфіі з Полем Робсанам, Юрыем Гагарыным, з касманаўтамі А.Г..Нікалаевым і П.Р.Пановічам, з пісьменнікам П.Л.Праскурыным, маршалам авіяцыі галоўнакамандуючым ВУС А.Н.Яфімавым.
    Г.М.Тамковіч – намеснік дырэктара Інстытута касмічных даследванняў РАН, доктар тэхнічных навук, двойчы лаурэат Дзяржаўнай прэміі, віцэ-прэзідэнт федэрацыі касманаўтыкі Расіі, акадэмік Міжнароднай акадэміі ім. К.Л.Цыалкоўскага, генерал-маёр.
    Ва многіх установах адукацыі горада, раёна, рэспублікі працуюць педагогі, выпускнікі школы. Многія звязалі сваё жыццё з навукай.
    Першы матэматычны клас у школе ўтварыўся ў 1991 годзе. Кіравала ім Гарунова Алена Аляксандраўна. Пазней сталі ўтварацца ліцэйскія класы, дзе паглыблена вывучаліся матэматыка і фізіка. Першы ліцэйскі клас з’явіўся ў 2000 годзе.

    Сярэдняя школа № 2 імя М.Абросімава - адна з самых старэйшых у горадзе.
    У 1906 годзе ў Асіповічах пры станцыі Лібава-Роменскай чыгуначнай дарогі была адкрыта школа 2-й ступені. Змяшчалася яна ў аднапавярховым драўляным будынку, дзе знаходзілася 5 класаў, у тым ліку 3 падрыхтоўчых. Пры школе працавалі майстэрскія па метала- і дрэваапрацоўцы. Гордасцю дзяцей таго часу з’яўляліся фруктовы сад, агарод, пчаліная пасека. Пачыная з 1910 года вучні школы аказвалі пасільную дапамогу дэпаўцам па рамонту рухомага саставу. Першы выпуск адбыўся ў 1912 годзе.


    У 1931 годзе школьны будынак згарэў у час пажару. Сіламі вучняў і бацькоў было пабудавана новае, спраектаванае выпускніком школы Падгурскім.
    У пасляваенны перыяд наладжвалі работу школы Дабравольскі, Ф.М.Дубінчык, І.А.Чырун. Кароткі час дырэктарам быў В.В.Чупахін, якога потым назначылі загадчыкам раённым аддзелам адукацыі.
    Пасля яго школу ўзначаліла Р.Н.Самусевіч, якая прапрацавала больш 20 гадоў.
    У 1972 годзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта яна была перапрафіліравана ў школу з выкладаннем рада прадметаў на замежнай мове. У 1989 годзе рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Абросімава.
    Ганарыцца школа сваімі выпускнікамі. А гэта - удзельнікі штурма Зімняга дварца ў Петраградзе Вінаградскі і Сташэўскі (выпускнікі 1912 года). Школа па праву ганарыцца подзвігам быўшага вучня, імя якога насіла з 1922 па 1931 год, Акіма Чумакова, машыніста паравоза, цаной уласнага жыцця выратаваўшага дзяржаўную маёмасць. Бессмяротны імена выпускнікоў Фёдара Крыловіча, Аляксандра Крота, Пятра і Ніны Санковіч, Мікалая Патоцкага, Ганны Коваль, упісаўшых гераічныя старонкі ў гісторыю не толькі горада, але і рэспублікі.
    Вучань 1980 года Юрый Сядых камандзір агнявога ўзвода мінамётнай батарэі, лейтэнант Ю.М.Сядых прымаў удзел ў дзеяннях па ліквідацыі груповак душманаў ў рэспубліцы Афганістан. Памёр 30 лістапада 1985 года ад цяжкай хваробы. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медаллю “За адвагу”.
    Выпускнік школы Валянцін Данілавіч быў касманаўтам-даследчыкам, працуючы разам з ЮА.Гагарыным, В.А.Камаровым, Л.А.Леонавым, іспытваў касмічнае абсталяванне і сродкі сувязі. Трагічна загінуў пры выкананні чарговага задання ў 1968 годзе.
    Іван Іванавіч Абрамовіч, заслужаны будаўнік СССР, з’яўляўся адным з кіраўнікоў будаўніцтва Астанкінскай тэлевежы ў Маскве.
    “Шпак – фамилия генеральская” – гэта фраза ў нашым горадзе стала амаль што крылатай. Іх тры браты – выпускнікі школы №2. Старшы, Георгій, генерал-палкоўнік, камандаваў паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі. Сярэдні – Мікалай не стаў ваенным. Але форма ў яго па чыгуначным меркам генеральская. Доўгі час яўляўся членам камітэта міжнароднай арганізацыі супрацоўніцтва чыгуначных дарог. Самы малодшы – Валерый – кадравы ваенны, камандаваў мотастралковай дывізіяй ў Валгаградзе і быў начальнікам мясцовага ваеннага гарнізона.
    Яўгеній Васільевіч Шуранкоў – дырэктар Асіповіцкага завода аўтамабільных агрэгатаў...
    Ва многіх установах адукацыі горада, раёна, рэспублікі працуюць педагогі, выпускнікі школы. Сярод іх – Іван Васільевіч Сокалаў – кандыдат педагагічных навук, Віталь Міхайлавіч Дашэнкаў – прафесар радыётэхнічнай акадэміі, Анжэла Васільеўна Цераш, намеснік дырэктара па інфармацыйным тэхналогіям Мінскага ліцэя № 2, 14 сённяшніх педагогаў СШ-2 – нашы выпускнікі.
    Выпускнікі школы апошніх гадоў: Дзмітрый Галавач, студэнт-выдатнік гістарычнага факультэта БГУ, пераможца рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў, Ксенія Цыганок – студэнтка факультэта журналістыкі БГУ і Андрэй Халецкі, студэнт РТІ – удзельнікі тэлеперадачы “Плюс-Мінус”...
    За сто гадоў дзейнасці школа выхавала тысячы цудоўных, працавітых людзей, пражыла шмат розных падзей.

    Сярэдняя школа №3 г.Асіповічы
    Асіповіцкі выканкам райсавета рашэннем №1 ад 9 студзеня 1958 года выдзеліў пад будаўніцтва сярэдняй школы №3 зямельны надзел (участак агульнай плошчай 1,5 га па вуліцы Горкага, участак былой сярэдняй школы № 1) і 4 верасня 1960 года ў новай школе на 520 месцаў пачаліся вучэбныя заняткі. 48 настаўнікаў пад кіраўніцтвам першага дырэктара Пласцініна М.А. і завучаў Гаплеўскай Л.Г., Казьковай Г.К, Аўгусцінус В.А. навучалі і выхоўвалі 1001 вучня ў 30 класах. У пачатковым звяне навучалася 395 навучэнцаў, у сярэднім – 427, а ў старэйшым – 117 навучэнцаў.

Першы будынак школы

    У новай школе была добра наладжана работа па тэхнічнай творчасці навучэнцаў (кіраўнік гуртка Шор Л.Н.).
    Сад Дома піянераў, закладзены пад кіраўніцтвам Шкляніка, быў перададзены школе. Вучні разбілі агарод, кветнікі.
    Пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Кудэлка В.Я. сіламі вучняў была створана спартыўная пляцоўка, а геаграфічная пляцоўка была створана дзецьмі разам з настаўніцай геаграфіі Дамброўскай Г.Ф.
    Воіны паўднёвага гарадка сталі шэфамі і аказалі дапамогу ў афармленні школы, нарыхтоўцы дроў, перадалі неабходнае абсталяванне.
    У першы жа год свайго існавання школа заняла першыя месцы ў горадзе і раёне па мастацкай самадзейнасці, і ў разліковых спартыўных спаборніцтвах, прытым як сярод вучняў, так і сярод настаўнікаў.
    За мінулыя 40 гадоў дырэктарамі школы працавалі Дубінчык Ф.С., Багданаў Г.А., Дольскі А.М., Кашлач К.А., Шчамялёў А.Ц.
    Славіцца школа сваімі выпускнікамі, 40 выпускнікоў працуюць настаўнікамі школ горада і раёна, многія з іх (17 чалавек) вярнуліся ў сваю родную школу. Гэта настаўнік геаграфіі Фесько В.А, настаўнікі англійскай мовы Кур’янава Н.В. і Чаропка В.М., настаўнікі пачатковых класаў Анюшына А.А., Мішура В.А., намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Барысік В.П., псіхолаг Ачыновіч В.М., настаўнік гісторыі Аліфяровіч Ж.М. і іншыя, па-гэтаму школу можна лічыць кузняй педагагічных кадраў.
    Многія выпускнікі нашай школы сталі вядомымі людзьмі, як у горадзе, так і ў рэспубліцы і за яе мяжамі: Ліўшыц С.Б., Ананьеў М.К., Верашчагін А.Л., Саўчанка В.Г., Пінчук В.В., Вараб’ёў У.М., Шыльцоў В.І., Шаўчэнка В.І.
    У 1989 годзе была пабудавана прыбудова да старога будынка і тым самым матэрыяльная база школы значна вырасла. К спартыўнаму дабавіліся гімнастычныя і трэнажорныя залы з неабходным абсталяваннем, камп’ютэрны клас, кабінет абслугоўваючай і тэхнічнай працы. Былі пераабсталяваны кабінеты матэматыкі, фізікі, хіміі, беларускай мовы і літаратуры, лінгафонны і шэраг іншых.
    З’явілася, хоць і невялікая актавая зала, харчблок і сталовая на 140 месцаў.
    У паўпадвальным памяшканні размясціўся цір, кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі. АБЖ, гардэроб, складскія памяшканні. Аформлены ў школе і этнаграфічны пакой “Беларуская хатка”, працуе этнаграфічны гурток., якім кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жаўрыд К.К.

Новая прыбудова да школы

    У 1989 годзе у школе навучаецца 1013 навучэнцаў. Працуе 78 настаўнікаў, у тым ліку 8 маюць вышэйшую катэгорыю, 18-першую катэгорыю, 43 – другую катэгорыю. У мэтах рэабілітацыі асобы дзіцяці ў школе былі адкрыты класы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, навучаючыся ў якіх вучні адчуваюць сябе камфортна.
    Пачынаючы з першага класа праводзіцца дыферэнцыяцыя ў навучанні па профілях: матэматычны і гуманітарны.
    З 8 класа навучэнцы матэматычнага профілю пачынаюць вывучаць эканоміку, 5-6 класы – спецкурс “Уводзіны ў экалогію”.
    Профільныя класы апраўдваюць сябе. Так напрыклад, з 19 выпускнікоў 1994/95 навучальнага года 15 паступілі ў ВУЗы і тэхнікумы.
    Навучэнцы школы актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. У 2000 годзе вучань 9 “А” класа Чаркашын Міхаіл увайшоў у састаў зборнай вобласці па фізіцы і будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе.
    У 1999/2000 адкрыўся ваенна-патрыятычны клас.
    Навучэнцы школы наведваюць 12 школьных гурткоў і 4 гурткі Цэнтра творчасці дзяцей і юнацтва, размешчаныя ў памяшканнях школы, спартыўныя секцыі школы і ДЮСШ.
    Тры гады на базе школы працуе школьная экалагічная асацыяцыя “Дзеля жыцця на Зямлі”, якую ўзначальвае энтузіяст, настаўніца хіміі Зайцава С.У. Члены асацыяцыі праводзяць вялікую навукова-даследчую і асветніцкую дзейнасць. Вакол школы і ў мікрараёне школы пасаджаны сотні дрэў і кустоў. Кветнікі летам і восенню радуюць вочы жыхароў горада. Навукова-даследчыя работы вучняў займаюць прызавыя месцы на абласных экалагічных конкурсах і дастойна прадстаўляюць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім узроўні.
    Настаўнікі школы №3 працягваюць слаўныя традыцыі школы, навучаючы і выхоўваючы дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь.
    У СШ №3 працуе сетка профільных класаў і інтэгрыраваныя класы. У ёй створана вядомая па ўсёй Беларусі экалагічная асацыяцыя “Дзеля жыцця на Зямлі”.
    Са школы выходзяць таленавітыя выпускнікі: 68 залатых і 87 сярэбраных медалістаў.
    Першым дырэктарам школы быў Міхаіл Аркадзевіч Пласцінін. У 1960 годзе школа выпусціла сваіх першых выпускнікоў.
    Зараз ў школе навучаецца 742 вучня. Дырэктарам школы працуе Анатоль Цітавіч Шчамялёў.

    Вяззеўская сярэдняя школа
    У вёсках Зборск, Смык, Вяззе, Цяплухі, Селіщча, Орча да Кастрычніцкай рэвалюцыі пражывала 2000 чалавек. На гэта насяленне прыходзілася адна царкоўна-прыходская трохкласная школа, якая знаходзілася ў в.Зборск. Такого тыпу школа прызначалася для «самых низких сословий». У Зборскай царкоўна-прыходскай школе навучалася не больш 35-40 чалавек. Навучаліся пераважна хлопчыкі. Абучэнне вялося на рускай мове. Асноўнымі вучэбнымі прадметамі былі “закон божы”, царкоўнаславянскі язык і царкоўнае спяванне. У меньшай ступені вывучаліся арыфметыка, пісьмо, чытанне. Акрамя абучэння ў царкоўна-прыходскай школе, часам дзеці абучаліся ў сваім сяле настаўнікам, якога наймалі бацькі. Вучыцца дзеці збіраліся ў вызначанай сялянскай хаце. Такога роду школу наведвала 20-25 чалавек. Вучні ў гэтай школе вучыліся толькі ў зімні час, калі заціхалі сельскагаспадарчыя работы. На заняткі дзеці прыходзілі раніцай, маліліся, прыступалі к заняткам. Пасля абедзеннага перарыву зноў вучыліся. Пасля заняткаў ішоў малебен, потым дзеці накіроўваліся да дому. Так абучаліся дзеці вёсцы Вяззе да рэвалюцыі.
    Дэкрэтам ад 20 студзеня 1918 года школа аддаляецца ад царквы, уводзіцца новы правапіс. Пад школы адводзяцца хаты памешчыкаў, свяшчэннікаў і іншых багатых людзей.
    У сёлы напраўляюцца настаўнікі. 26 снежня 1919 года выдаецца Дэкрэт аб ліквідацыі непісьменнасці. Аднак ажыццяўленню гэтых мерапрыемстваў на тэрыторыі цяперашняга Асіповіцкага раёна перашкодзілі нямецкая і белапольская акупацыя. Да верасня 1920 года школы не працавалі. У сёлы напраўляюцца працаваць народныя настаўнікі: у в.Цяплухі – Цвірко, в.Орча – Яновіч, в.Смык – Зініна, в.Вяззе – Жук Аляксей Паўлавіч. У 1920 годзе зноў пачала працаваць школа ў в.Зборск. Яе наведвала 34 чалавека. У 1922 годзе адкрываюцца пачатковыя школы ў в.Смык, Цяплухі, Вяззе. У Вяззе школа размяшчаецца ў двухпавярховым памешчачым доме. У пачатку тут быў адзін настаўнік – Жук Аляксей Паўлавіч. Дзяржава настаўніку выплачвала зарплату, дзяцей забяспечвала сшыткамі і кнігамі. Жыхары па дагаворанасці забяспечвалі настаўніка харчаваннем. Настаўнікі не толькі абучалі дзяцей, но і вучылі непісьменных сярод дарослага насялення.
    У 1933 годзе ў в.Вяззе адкрываецца сямігадовая школа. Пятроў Пётр Герасімавіч – дырэктар. У ёй працуюць настаўнікі Кулік І.С., Сівец П.І., Жывалгой О.Г., Вярбіла А.І.. Пазней пачынаюць працаваць Загароўскі І.А., Рэўтовіч А.Ф., Трусевіч.
    У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў спалены. У верасні 1944 года школа пачынае працаваць. Дырэктарам быў Халадок Іван Мартынавіч. За гады існавання Вяззеўскай сямігадовай школы ў яе стэнах атрымалі няпоўную сярэднюю адукацыю 360 чалавек.
    У 1954 годзе ў в.Вяззе адкрылася сярэдняя школа. Дырэктарам назначаны Ніканчык Мікалай Пятровіч. У 1957 г. адбыўся першы выпуск. Яе закончыла 19 чалавек. З 1957 года дырэктарам школы становіцца Антонцаў Павел Яфімавіч. У 1959 годзе ў школе арганізоўваецца вытворчая навучальная брыгада, якую ўзначаліў вучань 9 класа Чыгілейчык Уладзімір. За брыгадай быў замацаваны участак- 7 га пад кукурузу і 2 га пад агарод. Брыгадай было атрымана 500 ц. зялёнай масы кукурузы з гектара і сняты вялікі ураджай агародніны. Вясной 1959 года арганізоўвалася трусагадоўчая ферма калгаса “Авангард” пры Вяззеўскай сярэдняй школе. Доглядам занімаўся вучань 7 класа Жораў Васіль. У перыяд з 1957 па 1963 год школу закончыла 117 чалавек.
    У 1974 годзе Загароўская Наталля першай скончыла школу з Залатым медалём.
    У 1976 годзе дырэктарам сярэдняй школы назначаны Голубеў Мячаслаў Ільіч. Выпускны клас, класны кіраўнік Цярляева Софья Канстанцінаўна, за добрую вучобу, актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах, за збор макулатуры ездзілі на экскурсію ў Брэст на кошт школьных сродкаў.
    У 1979 годзе Вяззеўская сярэдняя школа пераехала ў новае тыпавое двухпавярховы будынак. Дырэктарам школы назначаны Кавалёў Аляксей Савельевіч.
    13 студзеня 1982 года калектыў Вяззеўскай сярэдняй школы за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыялістычным спаборніцтве за 1981 год занесены на раённую дошку Гонару, прысуджаны пераходны Красны сцяг гаркома КПБ, раённага Савета народных дэпутатаў і гаркома КПБ, раённага Савета народных дэпутатаў і гаркома ЛКСМБ.
    Неаднаразова школа займала прызавыя месцы ў раёне па абаронна-масавай рабоце, спартыўнаму арыенціраванню, тэатральнаму самадзейнаму мастацтву. У лістападзе 1985 года школа ўзнагароджана раённай Ганаровай Граматай за актыўную дапамогу калгасу “Авангард” у перыяд уборкі ураджаю.
    1 верасня 1986 года па ініцыятыве старшыні калгаса “Авангард” адчынена дзіцячая музычная школа. Дырэктарам школы стаў Жук Аляксандр Аляксандравіч. У ёй абучалася 40 дзяцей.
    28 студзеня 1987 года калектыў Вяззеўскай сярэдняй школы па вынікам работы ў 1986 годзе занесены на раённую дошку Гонару, прысуджаны пераходны Красны сцяг гаркома КПБ, раённага Савета народных дэпутатаў і гаркома КПБ, раённага Савета народных дэпутатаў і гаркома ЛКСМБ.
    У 1990 годзе дырэктарам школы назначаны Кулакоўскі Алег Аляксандравіч. У школе адкрыты камп’ютэрны клас.
    У 1997 годзе школу наведаў Міністр адукацыі В.І.Стражаў. Адкрыты новы камп’ютэрны клас.
    Усяго з 1970 па 2004 год 507 выпускнікоў атрымалі пуцёўкі ў жыццё.
    З 2005 года дырэктарам Вяззеўскай сярэдняй школы назначана быўшая выпускніца школы Грышановіч Валянціна Сяргееўна. У школе абучаецца 158 чалавек.
    2005/06 вучэбны год юбілейны для Вяззеўскай сярэдняй школы. Яе сцены пакіне 50-й выпуск.

    Дараганаўская сярэдняя школа
    Пачатак адкрыцця яе паклала памешчыца Лізавета Фёдараўна Дараган.
    У 1924 годзе па дамоўленасці з той памешчыцай і была адкрыта школа ў яе маёнтку. Сама гаспадыня выкладала там замежныя – французскую і нямецкую – мовы. Вучняў было небагата, каля 20 чалавек. Адной з першых настаўніц была Людміла Пятроўна Цэрэль. Па ўспамінах яе вучняў бачна, што гэта была чулая, праўдзівая, спагадлівая жанчына. Яна вучыла не толькі чытаць і пісаць, а і дапамагала падлеткам разабрацца ў складанасцях тагачаснага бурлівага жыцця.
    Затым у школу прыйшоў працаваць Антон Платонавіч Завусцінскі.
    Ішоў той час, усё больш станавілася вучняў у школе. І таго невялічкага пакойчыка, дзе яна спачатку размяшчалася, пачало ўжо не хапаць, пад вучнёўскія класы пачалі займаць жылыя дамы – іх было мясцовымі ўладамі для гэтых мэт адведзена два. Адзін з тых будынкаў згарэў у час Вялікай Айчыннай вайны, другі быў перавезены ў іншае месца і яшчэ і зараз верай і праўдай служыць нам. У ім размясціўся школьны краязнаўчы музей. Атрымалася, што гістарычным з’яўляецца не толькі сабраны там матэрыял, але і сам будынак, дзе музей знаходзіцца.
    У школьнай бібліятэцы было 69 кніг для вучняў, выдадзеных пасля 1918 года.
    Пачынаючы з 1930 года, школа пастаянна павялічваецца. Ужо ў 1934 годзе яна налічвала каля 200 чалавек. У гэты час пачынаецца ўзвядзенне новага, цаглянага будынка для вучняў, які за тры гады і быў пабудаваны. З вялікай радасцю ўспамінаюць школьнікі таго далёкага часу, як ішлі яны ў гэта новае памяшканне за ведамі.
    У 1935 годзе пачалося будаўніцтва цаглянага, сучаснага будынка, якое было скончана ў 1938 годзе. Тады ж школа ператваралася ў сярэднюю. У канцы кожнага навучальнага года вучні 5-10 класаў здавалі экзамены.
    У 1939 годзе адбыўся першы выпуск дзесяцікласнікаў, усяго 11 вучняў. Сярод тых, хто тады развітаўся з роднай школай, была адна дзяўчына і 10 юнакоў. З таго выпуску Мікалай Іванавіч Жэшка на некалькі гадоў развітаўся са школай, калі вучыўся ў педагагічным тэхнікуме, ды на перыяд Вялікай Айчыннай, а потым вярнуўся ў родную школу працаваць настаўнікам матэматыцы.
    Двое з таго далёкага выпуску геройскі загінулі, абараняючы Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – гэта Васіль Іванавіч Бондараў і Карніцкі (імя не ўстаноўлена).
    Удзельнік Вялікай Айчынная таксама і Васіль Рыгоравіч Новік.
    Выпускнікі, членам савета музея даслалі лісты ўспамінаў, у якіх было шмат цікавага пра вучобу, работу ў школе.
    1945 год.
    Першым дырэктарам школы быў С.П.Мельнік. У пачатковых класах тады працавалі М.М.Крукоўская, М.А.Гарэльская, Е.І.Шкетава, М.А.Шкетава, В.С.Цвяткова, а затым – М.А.Карэнка, М.А.Міхадзюк, Е.Шурпач, Е.Д.Станкевіч, М.Т.Кірдун, А.Д.Санковіч і другія. Класы тады былі не тое, што зараз – па 40-45 чалавек. І галоўнае – усе імкнуліся добра вучыцца. А матэрыяльная база школы была тады вельмі беднай: не хапала сшыткаў, падручнікаў. Школа працавала ў тры змены: вячэрнія заканчваліся ўжо пры лямпах, бо электрычнасць тады яшчэ не падвялі.
    За гэты час у школе змянілася некалькі дырэктараў: С.П.Мельнік, К.А.Бірук, А.А.Жукоўскі, Бабкоў, І.Д.Непачаловіч, Шмарлоўскі, А.І.Арлоў, А.П.Паланейчык, А.А.Шуляцьеў, В.М.Струпінскі.
    У 1955 годзе Міністэрствам народнай асветы БССР А.А.Шуляцьеў быў накіраваны на работу ў Старадарожскі раён, а потым у Дараганаўскую сярэднюю школу настаўнікам.
    З 1986 года і па сённяшні дзень школу ўзначальвае С.М.Струпінскі. У 2004 годзе ў 1-11 класах займаецца 180 вучняў, працуе 26 настаўнікаў, 3- з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, 10 – з першай.
    На працягу 5-ці гадоў школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па апрабацыі праграмы сацыяльна-педагагічнай накіраванасці “Этнашкола”. Адным з галоўных напрамкаў выхаваўчай работы з’яўляецца выхаванне навучэнцаў на традыцыях беларускай культуры.
    Добрых паказчыкаў дасягнула школа і ў спорце. Неаднаразова спарсмены-школьнікі станавіліся прызёрамі і пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў.
    За час існавання пройдзены вялікі шлях: толькі сярэднюю школу закончылі каля 2,5 тысяч чалавек, з іх 26 – з залатым, 23 – з сярэбраным медалём.
    Тут вучыліся вядомыя вучоныя і грамадскія дзеячы: П.А.Капітула, - былы саветнік Прэзідэнта РБ па эканамічным пытаннях, А.П. Дражнюк – намеснік міністра лёгкай прамысловасці Мардовіі, Г.П.Тварановіч – доктар філалагічных навук, В.Ю.Яшчак – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і другія.
    У 1999 годзе школа адзначала сваё 75-годдзе.

    За гэты перыяд яе закончылі звыш 2.600 вучняў, 20 з іх атрымалі залатыя медалі, 23-сярэбраныя. У 1983 годзе створаны музей, дзе сабрана звыш 2.000 экспанатаў.

    Жорнаўская сярэдняя школа
    Сярод маляўнічых мясцін размясцілася вёска Жорнаўка Асіповіцкага раёна, дзе і знаходзіцца Жорнаўская школа.
    Раней, яшчэ да адмены прыгоннага права, землі гэтыя належалі княгіні Красінскай. Больш урадлівая зямля была пакінута памешчыкамі сабе, а меней за надта дарагую цану прададзена людзям. Выкупіла зямлю 12 чалавек. Яны і пасяліліся першымі ад Слукі да Казлоўскага.
    Потым тут была маёмасць князя Радзівіла – навакольныя лясы, лепшыя землі, лугі і г.д. А сяляне па-ранейшаму рабілі на гаспадара, жылі бедна.
    Гісторыя Жорнаўская сярэдняй школы сваімі каранямі ўходзіць у далёкае мінулае. Прыкладна ў 1912-1913 гадах ў вёсцы Жорнаўка настаўнікамі працавалі Адам Краўчанка з Пагарэльскай воласці і нехта Ушалевіч.
    Спецыяльнага школьнага будынка не было, і абучэнне вялося ў наёмных памяшканнях. Часцей усяго займаліся ў дамах мясцовых жыхароў Яфіма Зайца і Аляксандра Збанка. Праводзіліся заняткі і ў суседняй вёсцы Дуброва, у памяшканні былога ляснога тэхнікума, які перамясцілі ў горад Полацк. Кармілі педагогаў па чарзе бацькі дзяцей, якіх яны вучылі. Бацькі прадстаўлялі настаўнікам і месца для начлегу.
    І вось – 1917 год. Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя. Пасля яе здзяйснення, у час грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі княгіня Радзівіл жыла ў адным са сваіх шматлікіх маёнткаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У перыяд белапольскай інтэрвенцыі, калі большая частка нашай рэспублікі была акупіравана, яна вырашыла здзейсніць дабрачынны жэст – аблегчыць існаванне дзяцей-сірот, якія згубілі сваіх бацькоў у час першай сусветнай вайны, лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. Такіх дзяцей было шмат па маёнтках княгіні. І, па распараджэнню гаспадыні, упраўляючы сабраў усіх гэтых дзяцей і тут стварыў прытулак.
    Для абучэння дзяцей былі наняты дзве настаўніцы. На жаль, ні іх імён, ні іх прозвішчаў жыхары не памятаюць, звалі іх проста “паненачкі”. Вучыліся дзеці на беларускай мове, малітвам і катэхізісу навучалі па-польску. Наведвалі гэту школу і некаторыя дзеці. З сем’яў сялян.
    У 1920 годзе, пасля таго, як белапалякі былі выгнаны, настаўнікаў наймалі па найму (3 рублі з вучня) і кармілі па чарзе. Адзін з педагогаў, Ануфрый –ураджэнец вёскі Амінавічы Пагарэльскай воласці – пасвіў жывёлу ўлетку, а зімой настаўнічаў. Заняткі па-ранейшаму вяліся ў прыватных дамах.
    У 1922 годзе гэтага настаўніка замяніў Сцяпан Усцінавіч Норка. Ён абучаў не толькі дзяцей грамаце, а і дапамагаў ліквідаваць непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва. У 1928 годзе ў калгас “Чырвоны батрак” у які ўваходзіла Жорнаўка, прыязджаў старшыня ЦВК БССР А.Р.Чарвякоў.
    У 1930 годзе, пасля сканчэння Магілёўскага педагагічнага тэхнікума, у Жорнаўскую пачатковую школу прыехалі маладыя настаўнікі Фёдар Якаўлевіч Кучынскі і Лідзія Давыдаўна Кучынская. Працавалі яны не толькі непасрэдна ў школе – праводзілі і вялікую работу сярод насельніцтва.
    У 1933 годзе пад кіраўніцтвам Федара Якаўлевіча ў калгасе “Чырвоны ўдарнік” быў створаны ансамбль песні і танца. Хормайстрам гэтага калектыву была Еўдакія Маркаўна Чарвякова, танцавальнай групай кіравала Л.Д.Кучынская. Ансамбль паспяхова выступаў у Асіповічах, Бабруйску, двойчы у Мінску, у 1939 годзе – у Маскве на ВДНГ.
    За паспяховае выступленне ансамбль неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі. За добрую работу Ф.Я.Кучынскі адзначаны быў медалём “За працоўную адзнаку” і значком “Выдатнік асветы”.
    Камсамольская ячэйка ўпершыню была арганізавана пры Жорнаўскім лясным тэхнікуме ў 1922-1923 гадах, потым яна з’явілася з ячэйкай на станцыі Уборак.
    У час Вялікай Айчыннай вайны школьны будынак згарэў, і з 1944 года заняткі праводзіліся ў доме Ануфрыя Стэльмаха. Да 1946 года школа была пачатковай, потым перарасла ў сямігодку. Вучыліся ў будынку клуба, дзе потым і размясцілася школа. У 1945 годзе яе дырэктарам стала Аксана Фёдараўна Рамашкова. Школьны будынак адрамантавалі, у школьных справах навялі належны парадак. За шматгадовую і добрасумленную працу А.Ф.Рамашковай было прысвоена званне “Заслужаная настаўніца БССР”. У 1962 годзе школа ў Жорнаўцы стала васьмігадовай. А яшчэ праз тры гады яе ўзначаліў настаўнік матэматыкі Алімпій Несцеравіч Пятроў.
    Больш дзесяці гадоў кіраваў ён школьным жыццём. І гэты шчыры, добрасумленны камуніст дабіўся таго, каб ў вёсцы Малая Грава, насупраць калгаснай канторы, была пабудавана новая двухпавярховая сярэдняя школа, разлічаная на 320 месцаў. Здарылася гэта 19 снежня 1970 года.
    Пасля яго ўсходу работай школы кіравала Раіса Мікалаеўна Самусевіч, якая і зараз працягвае сваю плённую работу ў педагогіцы, з’яўляецца дырэктарам сярэдняй школы №2 горада. І пры ёй, і пасля, калі на працягу 4 гадоў дырэктарам у Жорнаўцы працавала Людміла Леанідаўна Томчык, умацоўвалася матэрыяльная база школы, педагагічны калектыў стараўся ўсё рабіць дзеля таго, каб са сцен навучальнай установы выходзілі чэсныя і працавітыя людзі.
    З верасня 1984 года калектыў настаўнікаў узначальвае Васіль Мікалаевіч Міхайлаў.

    Замошская базавая школа
    Восенню 1895 года ў валасным цэнтры Бабруйскага павета – вёсцы Замошша адбылася знамянальная падзея: адчынена школа для дзяцей сялян воласці. Па свайму тыпу яна была пачатковай і адносілася да разраду царкоўна-прыходскіх з аднагадовым курсам абучэння, а заснавальнікам школы з’яўлялася Бабруйскае павятовае аддзяленне Мінскага епархіяльнага вучылішча. Першым настаўнікам навучальнай установы, пабудаванай на сродкі сялян, стаў свяшчэннік мясцовага прыходу Міхаіл Сярпіцкі. Напачатку работы школы ўсё неабходнае для навучання – сшыткі, падручнікі, ручкі, чарніла – выдавалася вучням свяшчэннікам. Выкладанне было платным і вялося на рускай мове. Галоўнай задачай выкладчыка было выхаванне вучняў у духу вернападданніцтва расійскай манархічнай дынастыі Раманавых, таму ў пералік вывучаемых прадметаў уводзілася разам з арыфметыкай такія, як руская азбука, царкоўна-сялянская грамата, закон Божы, царкоўныя малітвы і песнапенні.
    У 1906 годзе школа расшырыла курс навучання і стала трохгодкай, па-ранейшаму застаючыся царкоўна-прыходскай. Да паўсотні павялічылася колькасць вучняў, таму ў дапамогу свяшчэнніку ў Замошша быў накіраваны выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.
    Нягледзячы на яўную даступнасць атрымання пачатковай адукацыі, у школе вучылася не больш за 15 працэнтаў дзяцей воласці. Не наведвалі яе хлопчыкі і дзяўчынкі бацькоў, якія не маглі заплаціць за абучэнне, а таксама дзеці з дальніх ад школы вёсак.
    Цяжкі перыяд перажыла школа ў гады першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і вайны грамадзянскай: практычна заняткі не праводзіліся і дзеці грамаце не абучаліся. Хаця акупанты, як нямецкія, так і польскія, рабілі спробы арганізаваць вучэбны працэс. Канешне на свой лад. Аднак наладзіць тут навучанне ім так і не ўдалося.
    З устанаўленнем Савецкай улады на Беларусі пачынаецца новы перыяд у адукацыі нашага народа. Ставячы перад сабой задачу выхавання і перавыхавання працоўных. Савецкая ўлада надзяляла багата ўвагі школам. У 1923 годзе выдаецца пастанова Міністэрства адукацыі аб заключэнні дагавораў мясцовых улад з насельніцтвам па ўтрыманню школ на людскія сродкі. Такія дагаворы праіснавалі да 1925 года і спрыялі адраджэнню беларускіх пачатковых школ. З 1924 года пачала функцыяніраваць і Замошская чатырохгадовая школа пачатковая школа. У якой праз два гады выкладанне было пераведзена на беларускую мову. У трыццаць другім годзе тут адчыняецца пяты клас, на наступны год – шосты, а ў 1937 годзе і сёмы. Дзе абучаліся ў большасці вучні з блізкіх населеных пунктаў – Малой і Вялікай Гарожы, Брадзішча, Дубавога, Татаркі, Камарына, Прудка, размешчаных непадалёку хутароў.
    У многіх засталася памяць і аб першым дырэктары школы Харламовічу, і аб кіраўніку школы М.Г.Цяслёнку, які працаваў у школе да сорак першага і потым загінуў на фронце.
    З 1962 года Замошская школа становіцца васьмігодкай, з 1991 – дзевяцігодкай. На рускай мове абучэнне вядзецца з 1952 года.
    Не адзін за сотню гадоў існавання змяніўся тут і дырэктар. І кожны – Барысевіч, Талецкі, Міхаіл Адамавіч Мікульскі, Аляксандра Аляксееўна Новікава, Яўген Іванавіч Абакумаў, Міхаіл Раманавіч Федарэнка, Мікалай Спірыдонавіч Азаранка, Георгій Уладзіміравіч Гаеўскі, Ала Сямёнаўна Бліцко, Уладзімір Канстанцінавіч Сімановіч – разам з калегамі – настаўнікамі пакінулі свой след, засталіся ў памяці і сваіх выхаванцаў, і бацькоў дзяцей.
    Канешне, у час Вялікай Айчыннай заняткі ў школе не праводзіліся – тут быў гараж для рамонту нямецкай тэхнікі. Пасля ж выгнання акупантаў з нашай зямлі ў большасці ўласнымі сіламі настаўнікаў усё было адноўлена і ўжо у 1944-46 гадах тут вучылася каля 600 хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1995 годзе навучалася 105 вучняў, а ўсяго за час існавання выпускнікамі Замошскай школы стала намнога больш за паўтары тысячы чалавек.
    З 1982 года па 2003 год дырэктарам Замошскай СШ працавала выдатнік народнай асветы – А.Бардачова. Выпускнікі Замошскай школы працуюць у самых розных кутках як роднай Беларусі, так і за яе межамі. Гэта жывёлаводы і трактарысты, аграномы і ваенныя, інжынеры і медыкі, настаўнікі, вучоныя і г.д.

    Пратасевіцкая сярэдняя школа
    Пратасевіцкая школа была адкрыта ў 1904 годзе ў доме Макара Шарамета. Самі жыхары в. Пратасевічы і в. Забалацце дамаўляліся з настаўнікамі, плацілі за навучанне сваіх дзяцей: за год вучобы ў школе аддавалі 10 пудоў жыта, 5 пудоў пшаніцы, 10 кг сала, 50 пудоў бульбы. Вучыцца маглі далёка не ўсе, бо школа была малалікай.
    У 1924 годзе школа была пабудавана ў вёсцы Пратасевічы на тым месцы, дзе стаіць і зараз. Дырэктарам быў Каляда Васіль Усцінавіч. Затым у 1936 годзе школа стала сямігадовай і ўзначаліў яе Чэрнік Іван Кліменцьевіч. У школе было ўсяго 6 настаўнікаў.
    У 1941 г. у школе хаваліся многія акружэнцы, Іван Кліменцьевіч тайна прыносіў, ім ежу, адзенне, дастаўляў дакументы і быў звязаны з партызанамі.
    Затым у будынку школы фашысты размясцілі свой гарнізон. Ведаючы пра колькасць гарнізона, партызаны прынялі рашэнне знішчыць школу разам з гітлераўцамі.
    У 1946 г. жыхары вызваленчых вёсак рашылі пабудаваць новую школу на ранейшым месцы. Пабудавалі яе з разабраных нямецкіх баракаў самі вучні і іх бацькі.
    У 1951 г. у школе адбыўся першы выпуск сямікласнікаў. У 1976-1977 гг. старую школу абклалі цэглай. Такой яна стаяць і па сённяшні дзень. Зараз школа размяшчаецца ў пяці прыстасаваных будынках. Адзін з іх – гэта будынак пачатковай школы, знаходзіцца ў в. Забалацце, другі – стары пасляваенны будынак – у в. Пратасевічы. Тут займаюцца вучні 4-11 класаў. Бібліятэка, кабінет дырэктара і спартыўная зала знаходзяцца ў былым памяшканні сельскага Савета, падрыхтоўчы клас – у дзіцячым садзе. Аддзелена памяшканне сталовай, пабудаванае бацькамі вучняў. Па рашэнні Асіповіцкага райвыканкама ў 1988 годзе школа стала сярэдняй.
    За пасляваенную гісторыю школы яе 34 выпускнікі бралі шлюб між сабой, з якіх 7 сем’яў створана былымі аднакласнікамі.
    У 2004 годзе школа адзначыла сваё 100 - годдзе. Дырэктарам школы працуе Бранавіцкі М.І.

    Радуціцкая школа
    Кастрычнік 1909 года. На беразе ракі Пціч з’явіліся драўляныя пабудовы. На адной з іх вісела шыльда, якая абвяшчала, што тут знаходзіцца “Земскае трохкласнае народнае вучылішча”. Так пачала сваё існаванне Радуціцкая школа, якая 1 кастрычніка 1999 года справіла 90-гадовы юбілей. Навучанне тады вялося на беларускай мове. Выкладаліся матэматыка, каліграфія, Закон божы, прыродазнаўчыя навукі. Настаўнікі былі прыезджыя. Вучыліся адны хлопцы, дзяўчатам было дазволена вывучаць толькі Закон божы.
    Пазней школа размяшчалася ўжо ў хатах. Пасля 1917 года пад яе аддалі памяшканне залы земскага суда. Першым загадчыкам і настаўнікам быў Дзік, імя і прозвішча зараз невядомы. Ён вучыў 2 і 4 класы, а 1 і 3 – Баранава Пелагея Іванаўна. На гэтым месцы школа праіснавала да 1993 года, пакуль ёй не перадалі будынак былога дзіцячага сада. Настаўнікі, якія адпрацавалі ўсё жыццё ў школе – Ніна Міхайлаўна Цераш, Алена Ільінічна Сыцько, Валянціна Канстанцінаўна Бераснёва, Надзея Іванаўна Клімовіч. 32 гады працоўнага жыцця аддала школе Людміла Васільеўна Сафонава, 30 – Валянціна Іванаўна Райчонак, 22 – Наталля Валянцінаўна Жытнік, 14 – Наталля Іванаўна Пятровіч, 12 – Людміла Віктараўна Праташчык, 10 – Лілія Міхайлаўна Коласава. Сямён Дзмітрыевіч Бародзіч, які 20 гадоў быў яе дырэктарам.
    З 1999 года Радуціцкая школа рэарганізавана ў комплекс “Пачатковая школа – дзіцячы сад”.
    У верасні 2004 года раённы аддзел адукацыі адкрыў сацыяльны прытулак на базе былога комплексу школы-сада ў Радуціцах.

    Свіслацкая сярэдняя школа
    Свіслацкая сярэдняя школа – адна з самых старэйшых, калі не самая старэйшая, не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці. Пачаткам яе заснавання трэба лічыць 1848 год. Адкрыў яе на свае сродкі ўладальнік навакольных зямель пан Незабытоўскі ў прыватнай хаце селяніна С.Бондара. Называлася тады школа – малое народнае вучылішча, і працавалі там два настаўнікі, якія навучалі дзесяць вучняў.
    Вось выпіска з Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, завераная галоўным бібліёграфам Л.Н.Навіцкай:
    «Приходские одноклассные и двухклассные училища…
    …. М.Свислочь (1 класс) Бобруйского уезда, содержащего владельцем. В 1848 году: учащих 2, учащихся 10.”
    Такім чынам, школе ў Свіслачы – 150 гадоў у 1989 годзе.
    У 1850 годзе народнае вучылішча было ператворана ў аднакласную царкоўнапрыходскую школу, асноўнай задачай якой было выхаванне дзяцей у праваслаўнай веры. У праграму такіх школ уваходзілі: закон божы, чытанне царкоўных і грамадскіх тэкстаў, царкоўныя спевы, пісьмо і арыфметыка (чатыры арыфметычныя дзеянні). Кіраваў такімі навучальнымі ўстановамі Сінод. Навучанне вялі бацюшкі, дзячкі, настаўнікі, якія закончылі царкоўнанастаўніцкія школы. У гэтым, 1850, працавала ўжо 3 настаўнікі, якія навучалі 20 вучняў.
    А ў 1862 годзе зноў было адкрыта аднакласнае народнае вучылішча. Гэта была пачатковая школа для дзяцей сялян. Тады існавала два тыпы народных вучылішчаў: галоўнае народнае вучылішча (навучанне вялося 5 гадоў) і малое народнае вучылішча (навучанне вялося 2 гады). У Свіслачы працавала малое народнае вучылішча. Навучанне праводзілася на рускай мове. З гэтага класа ўводзілася класна-ўрочная сістэма.
    Амаль палову насельніцтва Свіслачы складалі Яўрэі, і ў 1968 годзе, акрамя народнага вучылішча, пачала працаваць яўрэйская школа.
    Вучыліся, у асноўным, хлопчыкі. У 1877 годзе ў Свіслацкім вучылішчы займалася 57 хлопчыкаў і 17 дзяўчынак.
    З 1893 года настаўнікам працуе Мікіта Восіпавіч Лагун. Прыехаў ён у Свіслач пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і прапрацаваў тут ўсё жыццё. Характэрна, што і яго дачка Клаўдзія Мікітаўна, таксама настаўніца, усё жыццё прысвяціла навучанню свіслацкай дзятвы. З 17 верасня 1896 года законанастаўнікам у Свіслацкае вучылішча быў прызначаны бацюшка Свіслацкай царквы Іван Мацкевіч.
    У гэты час школу закончылі браты Мікалай і Іван Яцко. Яны былі дзецьмі сялян, але розумам і працай дабіліся таго, што яшчэ да рэвалюцыі закончылі ваенныя вучылішча. Падпаручніка Івана Васільевіча Яцко прызначаюць штаб 3 арміі памочнікам старшага ад’ютанта. У студзені 1905 года яго накіроўваюць у Маньчжурыю ад’ютантам генерала А.М.Курапаткіна, які камандаваў 1-й арміяй. У бітве пад Мукдэнам наш зямляк праявіў уменне і мужнасць і быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 4-ай ступені. Затым скончыў акадэмію Генеральнага штаба, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, дзе таксама быў узнагароджаны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі І.В.Яцко добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях супраць белагвардзейцаў і інтэрвентаў. Калі закончылася вайна, выкладаў у ваенна-навучальных установах. У час вайны і міру І.В.Яцко сумленна служыў сваёй Айчыне, умела абараняў годнасць і інтарэсы свайго народа.
    У 1901 годзе пачынаецца хадайніцтва свіслачан аб будаўніцтве новай школы. Была адпраўлена дэлегацыя земства ў Пецярбург да міністра адукацыі за дазволам на будаўніцтва. Ён быў атрыманы. Затым вяскоўцы звярнуліся да графіні Лізаветы Вяліпольскай з просьбай аб выдзяленні пляца пад школу. Атрымаўшы дазвол і пляц на будаўніцтва, жыхары Свіслачы звяртаюцца да міністра фінансаў аб выдачы крэдыту. Грошы былі выдзелены, і ў 1904 годзе пачалі вываз лесу з Брыцалавіцкага лясніцтва і будаўніцтва школы. Узводзілася яна метадам народнай будоўлі. У 1906 годзе новы будынак школы прыняў першых вучняў, але канчаткова будаўніцтва завяршылася ў 1908 годзе. Там вучыліся 1-5 класы. Акрамя М.Лагуна і І.Мацкевіча, настаўнікамі працавалі Кальцэвіч, Кісялёў, Мікалайчык, Бахта, Ласіцкі. Жылі яны ў школе.
    Колькасць вучняў у школе расла. З’явіліся старэйшыя класы. Пачаткоўцы займаліся ў адным пакоі з адным настаўнікам. Вучні кожнага года навучання сядзелі за асобнымі партамі па 3-5 чалавек. Урок пачынаўся з малітвы. Потым праверка дамашняга задання, тлумачэнне новага матэрыялу, дамашняе заданне. Урокі працягваліся столькі, колькі хацеў настаўнік. Вучыліся толькі зімою, бо вясной і восенню дзеці былі заняты на сельскагаспадарчых работах.
    У класах панавала строгая дысцыпліна. За дрэнную стараннасць на ўроку, спазненне, дрэнна вывучаны ўрок каралі лінейкай, або ставілі ў вугал. Лінейка самаробная, доўгая. Каго трэба было пакараць, настаўнік гаварыў: “Лапу!” Вучань павінен быў даць левую руку далонню ўверх. Па ёй і наносіўся моцны ўдар. Часам лінейка ламалася, тады прыносілі другую. Часцей білі вучняў 3-4 гоад навучання, а меншых цягалі за вушы і валасы. У вугал ставілі на калені, часта на грачнёвыя крупы або на жарству – дробна патоўчаны камень.
    З 1915 года ў Свіслачы працуюць дзве школы. Адна ў замку ў двухпавярховым пакоі будынку – гімназія. Навучанне – платнае. Другая – пачатковая, з чатырма аддзяленнямі.
    1 кастрычніка 1917 года школа ператворана ў Вышэйшае пачатковае вучылішча, у якое дзяцей прымалі па экзаменах, які складаўся з гутаркі, дзе настаўнікі высвятлялі веды вучня. Вучылішча працавала на мясцовыя сродкі, а з 1 студзеня 1918 года пераведзена на земскія.
    Магчымасць вучыцца мелі не ўсе дзеці. Часта бацькі самі не пускалі іх у школу – трэба было дапамагаць па гаспадарцы, асабліва гэта датычылася дзяўчынак. У гэты ж перыяд у школе вучыўся будучы прафесар-хірург са Свіслачы Мікалай Кандратавіч Сарока (1894-1942 гг.)
    У 1918-1919 гадах вёска Свіслач была акупіравана спачатку немцамі, а потым палякамі. Але вучылішча працавала, толькі пры немцах абавязкова было вывучаць нямецкую мову, а пры паляках – польскую.
    1920 год. З-за Бярэзіны пачалося наступленне Чырвонай Арміі. Школа ў замку была разбурана, і вучні займаліся ў прыватных хатах. Большая частка іх – у двухпавярховым будынку, які належаў Максіму Бондараву. У 1921 годзе Свіслацкае Вышэйшае пачатковае вучылішча ператворана ў школу 2-ой ступені. Заканчэнне яе давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
    З 1922 года школа стала называцца сямігадовай. У ёй працавала 11 настаўнікаў: А.М.Гардзееў – загадчык школы, М.С.Рубан, М.Г.Ждан, А.В.Гардзеева, П.П.Баразна, К.А.Белыновіч, М.В.Лагун, М.С.Казела, Н.А.Яноўская, С.М.Ганчарэнка, Нона Андрэеўна – выкладчыца французскай мовы (прозвішча невядома).
    Заработная плата настаўнікаў была натуральная. У лістападзе 1922 года яны атрымалі 10 пудоў жыта, у лютым 1923 года – 15 пудоў, сакавіку – столькі ж, маі – 17. З наглядных дапаможнікаў у школе меліся: глобус – 1, тэлурый – 1, арыфметычная скрынка – 1, карта паўшар’яў – 2, карта Азіі – 1, карта Еўропы – 1. Апрача гэтага, быў яшчэ і раяль, канфіскаваны ў аптэкара.
    У 1923 годзе школу закончылі 25 вучняў. Гэта былі не толькі жыхары Свіслачы і Свіслацкай воласці, але і са шматлікіх вёсак Ігуменскага павета: м.Свіслач, в.Вязычын, Віркаў, Чучча, Татарка, хутар Вілька Свіслацкай воласці; Новая Арэхаўка, Мікалаеўка, Дзмітраўка, Вольгіна, Дубрава, Люціна Бацэвіцкай воласці Бабруйскага павета; Максімавічы, Копціна, Сяліба, Колбча, Палома Брадзецкай воласці; Якшыцы, Багушэвічы, Бычына Якшыцкай воласці; Халуі, Кабылянка, Хімное, Ігнатоўка той жа воласці Ігуменскага павета.
    Такім чынам, мікрараён школы быў амаль роўны сучаснаму Асіповіцкаму раёну. Выпускнікі мелі розны ўзрост: ад 16 да 24 гадоў. Усяго ў школе ў 1929 годзе быў 301 вучань: 0 клас – 34, 1 - шы-38, 2-гі - 42, 3-ці – 28, 4-ы – 29, 5-ы – 27, 6-ы – 51, 7-ы – 52 вучні. Дзяўчынак налічвалася 155, хлопчыкаў – 146, беларусаў -164, яўрэяў – 113, палякаў – 24. Дзяцей рабочых было – 47, сялян – 160, служачых – 16, гандляроў – 57, іншых – 21.
    30-31 сакавіка 1923 года вучні пасадзілі парк у мястэчку Свіслач. Усе гэтыя даныя знайшоў у архіве выпускнік 1922 года Іван Маісеевіч Стальмашонак. Пасля школы ён закончыў медыцынскі інстытут, стаў кандыдатам медыцынскіх навук. Займаў розныя пасады ў медыцынскіх установах, быў дырэктарам Мінскага медыцынскага інстытута, мае многа навуковых работ па медыцыне. У гады Вялікай Айчыннай вайне працаваў хірургам. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі і Знак Пашаны, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і многімі медалямі. І.М.Стальмашонак - заслужаны ўрач БССР.
    Знакамітымі становяцца выпускнікі гэтага перыяду М.П.Кніга – урач, працаваў загадчыкам кафедры Мінскага медінстытута, М.К.Сарока. Гэты чалавек пасля школы закончыў Ленінградскую Ваенна-медыцынскую акадэмію ў 1927 годзе, там жа і застаўся працаваць, стаў прафесарам. У час Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам службы Варонежскага фронту. Загінуў у 1942 годзе. Вышэйшую адукацыю ў тыя часы атрымалі нашы вучні Ф.Бондар, І.Халадок, А.Лапо, М.Аляхновіч і другія.
    Актыўна працавала ў тыя гады камсамольская арганізацыя школы. Вучні добраўпарадкавалі школьны двор, вуліцы, азелянялі вёску, рамантавалі школу, актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Дзейнічалі харавы, драматычныя гурткі. Кіраваў імі настаўнік К.А.Белыновіч. Сам ён любіў музыку, спяваў, іграў на скрыпцы. І вучні часта выступалі з канцэртамі ў Свіслачы і навакольных вёсках.
    Напачатку 30-х гадоў у краіне ўводзіцца абавязковае пачатковае навучанне. Колькасць вучняў пачатковых класаў значна павялічваецца. Расце яна і за кошт выхаванцаў дзіцячага дома, які адкрыўся ў Свіслачы ў 1935 годзе. З гэтай прычыны ўжо у 1940-м да асноўнага будынка сямігодкі прыбудоўваецца 6 класных пакояў. Дзейнічаюць пачатковыя школы ў вёсках Вязычын і Навасёлкі. А потым іх вучні працягваюць вучобу ў Свіслачы. А школа ў гэты час была добра абсталявана нагляднымі дапаможнікамі, асабліва па фізіцы, хіміі, біялогіі. Хапала нагляднасцей па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі, працавала школьная майстэрня. Склаўся і зладжаны настаўніцкі калектыў. У 1930-32 гадах яго ўзначальваў Мітрафан Андрэевіч Комар, у 1932-33 гадах – Брацікаў, у 1933-40 гадах – Байдак. Завучамі ў розныя гады працавалі Аўсяннікаў, Цубровіч. Розныя прадметы выкладалі настаўнікі М.С.Рубан, Н.С.Шнэйдэрман, А.Д.Дарашэвіч, І.А.Ждановіч, М.В.Бурак, С.А.Іванова, А.М.Якімовіч, А.П.Якімовіч, К.М.Лагун, М.В.Лагун, А.Максіменка, Серафімовіч, А.М.Белахвост, Гарбацэнка, Брацікава, Зянюк, Суерка.
    З 1931 па 1936 год у Свіслачы працавалі педкурсы. У 1935 годзе выпушчана 23, а ў 1936-51 настаўнік пачатковых класаў.
    У 1938 г. Свіслацкая школа стала сярэдняй. Першы выпуск адбыўся ў 1941 годзе. Атэстаты атрымалі 18 чалавек. Выпускны вечар прайшоў з 21 па 22 чэрвеня. На мосце цераз раку Свіслач традыцыйна сустракалі світанне. Прыйшлі дамоў, ляглі спаць,а ў 12 гадзін дня іх разбудзіла страшэнная вестка – пачалася вайна з Германіяй.
    Цяжкі лёс выпаў на долю вучняў выпуску 30-40 гадоў. Многія пайшлі на фронт, у партызаны, мужна змагаліся за Радзіму, не ўсе вярнуліся з вайны. Амаль усе вучні і настаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці былі расстраляны фашыстамі. Толькі з выпуску 1941 года расстраляны 4 вучні і настаўнік Н.С.Шнэйдэрман.
    А школа з 1942 года працягвала працаваць. Выкладаліся амаль усе прадметы, за выключэннем рускай мовы. Многіх вучняў школа ратавала ад вывазу ў Германію, а настаўнікі зараблялі сабе на жыццё.
    Па заканчэнні вайны школа аднавіла сваю работу як сямігадовая ў двух памяшканнях. Якія захаваліся. Пасляваенныя гады для настаўнікаў і вучняў сталі цяжкім выпрабаваннем. Не было падручнікаў, сшыткаў, ручак, алоўкаў. Пісалі на грыфельных дошках, на абрыўках газет, на ўпаковачнай паперы. Зімой у школе стаяла халадзіна. Падручнікі часам былі толькі ў настаўніка. А наглядных дапаможнікаў наогул не было, бо іх знішчылі фашысты.
    Напрыклад, у 1947 годзе на першыя заняткі 4 клас прыйшло 53 чалавекі, праз месяц засталося 20, а закончылі 4 клас толькі 15 чалавек. У пачатковых класах выкладалі Е.С.Ішчанка, Е.Бондар, У.Е.Ілюкевіч, П.Ф.Баршай, К.М.Лагун. У старэйшых – А.М.Белахвост, Я.Я.Рамановіч, Садлуцкі, М.А.Пілецкі, В.А.Комар, Е.С.Арлова, Г.І.Аркесава.
    У 1948 годзе педагагічны калектыў папоўнілі новыя настаўнікі: М.М.Заяц, В.К.Міхайлоўскі, М.А.Комар, Н.Ц.Мар’янава, І.І.Вайцяхоўскі, С.А.Іванова, С.С.Аляхновіч.
    Пачынаючы з 1949 года, педагагічны калектыў школы папаўняецца таленавітымі настаўнікамі, сярод якіх С.Ф.Хурсан, Р.І.Яцко, М.Ф.Драпеза, Н.В.Казела, Я.А.Шкутко, М.П.Лукашонак і другія.
    З 1954 года школа стала сярэдняй. Колькасць вучняў даходзіла да 700 чалавек з колькасцю класаў-камплектаў 18-21. Дырэктарам (1950-1951 гг.) працаваў Г.Емяльянаў, а з 1951 – П.Ф.Баршай. Завучам – С.С.Аляхновіч. У 1958 годзе зрабілі прыбудову 6-ці класных пакояў. Школьная бібліятэка налічвала 2.314 экземпляраў кніг. З 1956 года пачаў дзейнічаць прышкольны інтэрнат на 15 месц, папоўнілася спартыўная база.
    У 1959-60 гадах на базе дзённай школы працавала і вячэрняя (дырэктары А.І.Арлоў, М.П.Лукашонак).
    З 1961 па 1964 год школа была пераведзена ў ранг васьмігадовай, а з верасня 1964 года працуе, як сярэдняя. У 1960 годзе дзіцячы дом у Свіслачы быў закрыты і на яго базе стала функцыяніраваць школа-інтэрнат.
    У 1965 годзе школу ўзначаліў У.М.Баброў.
    У 1967 годзе кіраўніком навучальнай установы прызначаны Аляксандр Ануфрыевія Цімошчанка.
    З 1971 года пачала дзейнічаць новая школа, якую памагалі будаваць вучні, настаўнікі, калгас.
    Актывізавалася краязнаўчая работа (В.А.Вайцянкоў, А.А.Цімошчанка). Дзякуючы намаганням школы адкрыты абеліскі героям Савецкага Саюза Д.Ц.Леўчанку і М.І.Кліменку на брацкіх могілках у Свіслачы, праводзіліся сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, паходы, экскурсіі па месцах баявой славы. Разгарнулася шэфская работа.
    Самай цеснай была сувязь школы са сваім шэфам – калгасам “Усход” (старшыні І.Л.Доўгаль, А.М.Пяшко, В.В.Пінчук.). Вопыт школы ў гэтым пытанні быў вывучаны і адобраны бюро гаркома КПБ, райвыканкома і рэкамендаваны іншым школам і гаспадаркам раёна.
    Калгас планаваў зрабіць прыбудову да школы другой спартыўнай залы памерам 12-24 метры. Аднак “перабудова” канца 80-х, пачатку 90-х перашкодзіла гэта зрабіць.
    З 1975 па 1990 год школе разоў выходзіла пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве сярод школ раёна, узнагароджвалася пераходнымі Чырвонымі Сцягамі гаркома КПБ і раённага Савета дэпутатаў, заносілася на раённую Дошку гонару, узнагароджана граматамі гаркома ЛКСМБ. У 1985 годзе школа ўзнагароджана Ганаровай граматай абкома КПБ і аблвыканкама, а ў 1987 годзе – Ганаровай граматай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР. Неаднаразова ўручаліся граматы райана і розныя дыпломы.
    Дырэктар школы А.А.Цімошчанка быў дэлегатам VІ з’езда настаўнікаў БССР у 1987 годзе. У гэтым жа годзе яму прысвоена ганаровае званне – заслужаны настаўнік БССР. Ён – выдатнік народнай асветы БССР і СССР, узнагароджаны Ганаровымі граматамі райана, аблана, Міністэрства асветы БССР, медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”. Аляксандр Ануфрыевіч адпрацаваў у Свіслацкай школе 27 гадоў, з іх 23 – дырэктарам. Ён – настаўнік вышэйшай катэгорыі. Цяпер персанальны пенсіянер.
    У 1982 годзе дэлегатам VІІ з’езда настаўнікаў БССР была абрана настаўніца нашай школы Л.М.Жук – выдатнік асветы БССР, старшы настаўнік. Яна ўзнагароджана Ганаровымі граматамі райана, аблана, Міністэрства асветы БССР. У гэты перыяд Г.Ц.Забаўскаму было прысвоена званне “Настаўнік-метадыст”. Шматлікімі граматамі райана, аблана ўзнагароджваліся настаўнікі Л.В.Стацюк, Т.У.Данчанка, Г.Ц.Забаўскі, З.М.Яноўская, М.М.Фралоў т другія. Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР уручана настаўніку Я.У.Заскевічу.
    Кожны перыяд у гісторыі школы мае свае адметнасці. 60-80 гады характарызуюцца павышанай павагай увагай да ўзмацнення выхаваўчай работы з дзецьмі, актывізацыяй работы з бацькамі і грамадскасцю, умацаваннем сувязі з жыццём. Калектыў школы дастойна пражыў гэты перыяд.
    У 1990 годзе школу ўзначаліла Галіна Максімаўна Пінчук – працавітая, адказная жанчына, выдатны педагог з вялікім стажам. Завучам была В.П.Мілько, а затым Т.М.Стальмашонак. З 1994 года Валянціна Паўлаўна Мілько працуе дырэктарам.

    Татаркаўская сярэдняя школа
    1 верасня 1944 года ў вёсцы Татарка Замошскага сельсавета адкрыта пачатковая школа. Заняткі ў той цяжкі для краіны час пачаліся ў звычайным бараку, які ў 1945 годзе згарэў. Два гады вучні вучыліся па хатах ў жыхароў вёскі. З 1947 года заняткі працягваліся ў другім бараку, у якім цяпер размясціліся філіял цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы і ашчадны банк. Вучыліся ў дзве змены. Класы былі перапоўнены (па 40-41 вучню). Займаліся ў школе ў асноўным дзеці рабочых торфапрадпрыемства “Татарка”, заснаванага яшчэ да вайны, у 1929 годзе.
    Першым дырэктарам школы, ці як тады іменавалася – загадчыцай – была Хрысціна Цімафееўна Раманоўская. У першыя пасляваенныя гады (40-я і 50-я) у школе працавалі настаўнікі Вольга Іванаўна Рубанік (Санковіч), Марыя Іванаўна Бойка, Васіль Піліпавіч Ажгірэй, Іван Архіпавіч Емельянаў, Хрысціна Венядзіктаўна Побаль, Валянціна Аляксандраўна Пячкоўская, Ганна Піліпаўна Рудзько, Ніна Антонаўна Юркавец і другія.
    25 лістапада 1947 года ў школе была створана камсамольская арганізацыя, якая існавала да канца 1991 года. У 1947 годзе яна налічвала 8 членаў ВЛКСМ. Першым сакратаром камсамольская арганізацыі была выбрана Аўдоцця (Дуся) Серыкава. У 1947 годзе была створана і піянерская арганізацыя. У той год у ёй налічвалася 60 піянераў. Першым піянерважатым быў зацверджаны Сяргей Захаравіч Сакалоў (15.08.1947-15.02.1948 г.)
    1955 год для школы быў двайным святам. Па-першае, школа стала сярэдняй. Па-другое, 1955/1956 навучальны год пачаўся у новым тыпавым будынку школы. Школа пачынала свой шлях як дзесяцігодка (1955-1961 гг.) Затым, у сувязі з увядзеннем прафесійнага навучання, - адзінаццацігодка (1961-1966 гг.), потым зноў дзесяцігодка (1966-1989 гг.) і з 1989 года зноў адзінаццацігодка.
    У 1962-1978 гадах выпускнікі школы разам з атэстатамі аб сярэдняй адукацыі атрымоўвалі пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыі, 46 юнакоў атрымалі прафесію слесара-трактарыста, 19 дзяўчынак – швачкі лёгкага жаночага адзення. З 1978 па 1989 год прафесійнае навучанне вучняў старэйшых класаў праводзілася ў Асіповіцкім вучэбна-вытворчым камбінаце. З 1960 па 1978 год прафесійнае навучанне школьнікаў старэйшых класаў праводзіў выкладчык Іван Іосіфавіч Корзун.
    Цяпер у школе да паслуг вучняў абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, матэматыкі, беларускай мовы і літаратуры, пачатковых класаў. Для заняткаў па фізкультуры ёсць добры стадыён, малая спартыўная зала. У пазаўрочныя часы ў школе працуюць тэатр лялек, суднамадэльны, харавы і іншыя гурткі, спартыўна-аздараўленчыя секцыі. Бібліятэка мае вялікую колькасць вучэбнай літаратуры і падручнікаў. Для вучняў пачатковых класаў адкрыты групы падоўжанага дня.
    За гады існавання школы ў ёй працавалі 115 настаўнікаў. У гэтым навучальным годзе тут працуюць 20 настаўнікаў. 15- з іх – настаўнікі першай катэгорыі. Пяць настаўнікаў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
    Гады існавання школы былі гадамі ўдасканалення яе матэрыяльнай базы. У 1955 годзе пабудаваны сталярная і слясарная майстэрні, у 1967 годзе ўвайшло ў дзеянне вадзяное ацяпленне памяшкання. З 1990 года вядзецца будаўніцтва спартыўнай залы. На жаль, да гэтага часу будаўніцтва не закончана. Асабліва патрэбна адзначыць, што ў першай палавіне шасцідзесятых гадоў, дзякуючы энтузіязму настаўніка Уладзіміра Мікалаевіча Пішчова, у школе пабудаваны адзін з лепшых у раёне стадыён.
    За гады існавання школы атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымалі 775 юнакоў і дзяўчат. 12 выпускнікоў узнагароджаны залатымі, 4 – сярэбранымі медалямі “За выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны”.
    Выпускнікі школы працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Сярод іх трактарысты і аграномы, афіцэры арміі і флоту, інжынеры і тэхнікі, настаўнікі, дактары і медсёстры, старшыні калгасаў і вучоныя і г.д.

    Цэльская сярэдняя школа
    У 1884 годзе ў вёсцы Цэль была адкрыта школа царкоўнай граматы. Да 1890 года ў ёй навучалася 12 хлопчыкаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе гэтай школы была створана Працоўная школа першай ступені. У 1926 годзе ў ёй навучалася ўжо 47 вучняў. У гады акупацыі, з 1941 да 1944 гг. школа не працавала. Заняткі з дзецьмі праводзіліся ў сялянскіх хатах. Пазней заняткі праводзіліся ў драўляным будынку пад высокімі таполямі на беразе ракі Свіслач. 5 кастрычніка 1963 года адбылося другое нараджэнне школы. Яна набыла статус васьмігадовай школы і пачала працаваць у новым тыповым двухпавярховым будынку на 320 вучэбных месцаў, спартыўнай залай плошчай 160 кв.м. У школе вучыліся дзеці вёскі Цэль і ваеннага гарадка.
    1987 год унёс карэктывы ў гісторыю развіцця школы вёскі Цэль. Рашэннем Асіповіцкага райвыканкама са жніўня 1987 года яна стала называцца Цэльская сярэдняя агульнаадукацыйная школа. За гады існавання школу закончылі больш за 600 выпускнікоў. Педагагічны калектыў укараняе ў практыку сваёй працы новыя тэхналогіі, падыходы да навучання і выхавання падрастаючага пакалення, працуючы над праблемай “стварэнне аптымальных умоў для раскрыцця і рэалізацыі індывідуальных здольнасцей вучняў на ўсіх ступенях навучання”.
    У 2005-2006 навучальным годзе ў Цэльскай сярэдняй школе працягваецца пераход на 12-гадовы тэрмін навучання і адноўлены змест адукацыі; укараненне сучасных педагагічных тэхналогій і методык навучання і выхавання; стварэнне эфектыўнай сістэмы патрыятычнага, грамадзянскага і духоўна - маральнага выхавання; стварэнне аптымальных умоў для сацыялізацыі асобы, яе маральнага, інтэлектуальнага, творчага развіцця.

    Ясеньская сярэдняя школа
    У 1907 годзе ў вёсцы Ясень адкрыта народнае вучылішча. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе народнага вучылішча створана працоўная школа 1-й ступені.

Ясеньская школа

    1 кастрычніка 1975 года Ясеньская сярэдняя школа размясцілася ў новым тыпавым будынку на 200 месцаў. Дырэктарамі былі Васільчэнка Эдуард Мікалаевіч, Стральцоў Аркадзь Мікалаевіч. З 1975 па 1995 года было 18 выпускаў. 5 выпускнікоў закончылі школу з медаллю. У школе ўведзена кабінетная сістэма. Абсталяваны прадметныя класы. У школе маецца актавая і спартыўная залы, кафэ, бібліятэка, майстэрні. У 1995 годзе ў Ясені адкрыўся прышкольны інтэрнат для дзяцей з малазабяспечаных сямей. Зараз дырэктарам сярэдняй школы з'яўляецца Шаціла Андрэй Аляксандравіч. У школе вучыцца 120 чалавек. З іх у 1-9 класах – 98 вучняў.

* Альбом гісторыі Вяззеўскай школы.
* Бардачова, А. Сотня – не ўзрост, гэта – сталасць і моц / А.Бардачова // Запаветы Леніна. - 1995. - 24 мая.
* Валадзько, Т. Жыццё ідзе, а школа маладзее / Тамара Валадзько // Асіповіцкі край. - 2004. - 7 верас.
* Газета № 2 Пратасевіцкай СШ “Школьны мерыдыян”.
* Дрындзік, Т. Свецяць школы агеньчыкі / Т.Дрындзік // Запаветы Леніна. – 1989. - 23 мая.
* Ермаліцкі, І. Татаркаўскай сярэдняй школе – 50. / І.Ермаліцкі. // Запаветы Леніна.-1994.- 19 кастр.- №80.- С.2.
* З гісторыі Цэльскай школы.
* З гісторыі школы Ясень.
* Здабыткі і праблемы нашага горада. // Запаветы Леніна.- 1993.- 26 мая.- №39.- С.2-3
* Іванова, В. У жыццё – праз школу / Вольга Іванова // Асіповіцкі край. – 2006 .- 18 крас. - №32. – С.2.
* Лапанік, Д. З юбілеем, школа! / Д.Лапанік // Запаветы Леніна. - 1999. - 29 верас.
* Материалы для географии и статистики России : Минская губерния. / Под ред. полковника Генерального штаба И.Зеленского. – Ч.2. - С.- Петербург, 1863. – С.424.
* Моя школа в лицах и событиях: гісторыя сярэдняй школы № 2. / Склад. Лапікава Ніна Уладзіміраўна. - Асіповічы, 2006.
* Научно-исследовательская работа «Легендарный выпуск 1952-53 года», 2003-2004 гг.
* Научно-исследовательская работа “И помнит мир спасённый…», 2006.
* Пушница, Л. Листая истории страницы / Людмила Пушница // Асіповіцкі край. – 2006 .- 18 крас. - №32. – С.2.
* Пятровіч, В. Дом, у якім усім утульна: Пра Свіслацкую школу /В.Пятровіч // Асіповіцкі край. – 2004. -16 студз. – С.7.
* Саўрыцкі, Дз. Я рады, што вучыўся ў трэцяй школе. / Дзмітрый Саўрыцкі // Зап. Леніна.- 2000.- 7 кастр.
* Тамашэўскі, А. Юбілей у Пратасевічах. / Анатоль Тамашэўскі // Асіповіцкі край. – 2004.- 5 кастр.
* Тамашэўскі, А. Юбілей школы / Анатоль Тамашэўскі // Запаветы Леніна. - 1999. - 5 чэрв.
* Тамкович, К. Віват юбіляру! / Канстанцін Тамковіч. // Запаветы Леніна.- 30 верас. - №76.
* Цімошчанка, І. Святкуе школа юбілей : Да 150-годдзя з дня заснавання Свіслацкай СШ / І.Цімошчанка // Запаветы Леніна. - 1998. - 8 крас., 15 крас., 18 крас., 22 крас., 25 крас.
* Шавялёнак, Л. Са святам, родная школа! : Да 20-годдзя школы / Л.Шавялёнак // Запаветы Леніна. - 1991. - 2 лют.