Раёны:
    <Асіповіцкі
    <Бабруйскі
    <г.Бабруйск
    <Быхаўскі
    <Бялыніцкi
    <Глускі
    <Горацкі
    <Дрыбінскі
    <Касцюковіцкі
    <Кіраўскi
    <Клімавіцкi
    <Клічаўскi
    <Краснапольскi
    <Круглянскi
    <Крычаўскi
    <г.Магілёў
    <Магілёўскi
    <Мсціслаўскі
    <Слаўгарадскi
    <Хоцімскi
    <Чавускi
    <Чэрыкаўскi
    <Шклоўскі

Казкі.

Калядная казка.

Жылі дзед і баба. Вось паставілі яны стобачку, дзед і кажа:

- Хто пахваліць маю стобачку, таму дам каляду.

А ў гэты час па двару хадзіў воўк і пад вокнамі і пачуў што дзед кажа.

- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.

Дзед злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда.

- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.

Дзед зноў злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда.

- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.

Няма чаго дзеду даць за пахвалу стобачкі. Дзед ляжаў на печы ад сцяны, а баба з краю, дак дзед піхель бабу з печы воўку. Воўк схапіў бабу за спадніцу, закінуў на плечы і панёс яе ў лес. Пасадзіў яе на пянёк, а сам сеў есці авечачкі. Бабка сядзіць на пяньку і прыгаварвае:

- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак.

Воўк пачуў, што бабка нешта бубніць:

- Што ты бабка кажаш?

А бабка адказвае:

- Еш воўк авечачкі, дый мяне з’ясі.
- Добра бабка, з’ем.

Бабка зноў прыгаварвае:

- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак.

З’еў воўк авечачкі, “падняў” вочы, а пянёк вырас і бабка сядзіць высока, што не дастаць яе. Пачаў грызці воўк гэты пянёк. Грыз-грыз – зламаў зубы. Ён і кажа:

- Сядзі бабка на пяньку, а я пайду да каваля зубы патачу, - і пабег.

А бабка зноў стала прыгаварваць:

- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак.

Пянёчак знізіўся трошкі. Бабка зноў прыгаварвае:

- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак.

Пянёк стаў нізенькі, бабка скочыла з пянька і пабегла па сцежачцы ў лес. Ці доўга бегла, ці далёка забегла, бачыць: сярод лесу стаіць хатка на курынай лапцы.
А ў той хатцы відаць жылі козлікі.

Яна забегла ў тую хатку, а там сыры ды масла. Бабка наелася сыра да масла і залезла падпечак, схавалася. Прыходзяць козлікі з пашы, бачаць хтосьці паеў іх сыры да масла. Сталі яны шукаць таго, хто ўсё гэта паеў, знайшлі бабку падпечкам.

Крычаць козлікі:

- Вылазь бабка з падпечку, мы цябе біць будзем, што ты паела нашыя сыры да масла!

Стала бабка прасіцца:

- Козлікі мае даражэнькія, мае залаценькія, не біце мяне, не карайце мяне, я буду жыць з вамі і дапамагаць у рабоце, біць сыры да масла.

Козлікі згадзіліся. І так бабка стала жыць з козлікамі.

Вось захацелася бабцы дзеда адведаць: “Як ён там пажывае без мяне”.

Набрала сыроў да масла і пайшла праведаць дзеда. Прыходзіць яна і бачыць, ляжыць дзед на печы разявіўшы рот – памірае.

Бабка кідзяк ляпешачку сыра дзеду ў рот. Так дзед цяп–цяп і з’еў сыр.

Дзед падумаў, што гэта варона сярнула, дай просіць:

- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот.

Бабка зноў кінула ляпешачку сыра дзеду ў рот. Дзед з’еў і яшчэ просіць:

- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот.

А бабка і адказвае:

- А трасцы табе дзедку. Ты ж мяне спіхнуў з печы ваўку на з’яданне. Я буду з козачкамі жыць, а ты памірай, калі не жалеў мяне.

Запісана са слоў Шуст Еўгеніі, жыхаркі в. Балашэвічы. / Запіс бібліятэкара Балашэвіцкай сельскай бібліятэкі Шуст Анны Іванаўны.


Пасля Купалы.

Аднаго разу на свята Купалы пасвіў адзін чалавек коней на лугу. Вось ўжо звечарэла, запаліў ён касцёр, сядзіць грэецца. Падыходзіць да яго з цемры нейкі незнаёмы чалавек і просіцца:

- Ці можна я пагрэюся ля агню?

Пастух адказвае:

- Грэйся, цяпла хопіць.

Сеў ля агню незнаёмы і паглядае прама ў вочы пастуху.
Пастух развязаў торбачку, дастаў хлеб, сала. Сала наткнуў на палачку і жарыць ля агню.

Незнаёмы кажа:

- А ці можна і я буду жарыць?
- Жар, - кажа пастух, - агню хопіць.

Незнаёмы чалавек стаў жарыць на палачцы кусочак нечага. Жарыць і так стараецца свой кусочак падсунуць пад сала пастуха, каб з яго сала капала на яго кусок.

Прыгледзеўся пастух, дык ў незнаёмага кусочак нечага – гэта жаба. Прыгледзеў пастух на ногі і рукі незнаёмага – дык гэта ж капыты. Значыць гэта чорт.

Тады пастух соў гэтым гарачым салам чорту ў морду. А той як падскочыць, ды як закрычыць і пабег уцякаць.

А пастух ўсю ноч стаяў на каленца маліўся і крысціўся. Патрэбна заўсёды ведаць малітвы і мець нацельны крэсцік, каб не вадзілася нячыстая сіла.

Запісана са слоў Долбіка Васіля, жыхара в.Балашэвічы. / Запіс бібліятэкара Балашэвіцкай сельскай бібліятэкі Шуст Анны Іванаўны.


Маша і мядзведзь.


Жыла-была дзевачка Маша.

Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзевачкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася.

Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна.

Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць:

«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!»

Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша:

«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!»

I раптам да яе данеслася: «Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач!»

Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць:

«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!» — «Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач».

Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду.

Мядзведзь ёй і кажа:

«Пайшлі да мяне жыць».

Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель.

А як мне слаць? — пытае дзевачка.

- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца.

Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску?

А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа:

—Не плач, Маша,я цябе завяду дамоў.

Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі.

Вывела мышка Машу з лесу, прывяла да хаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам.

Запісала Л.М. Драбовіч ад А.А. Мароз, жыхаркі в. Сцяпанаўка.



created by Alexandr Vasilenko. mailto: m15kam@tut.by