Раёны:
    <Асіповіцкі
    <Бабруйскі
    <г.Бабруйск
    <Быхаўскі
    <Бялыніцкi
    <Глускі
    <Горацкі
    <Дрыбінскі
    <Касцюковіцкі
    <Кіраўскi
    <Клімавіцкi
    <Клічаўскi
    <Краснапольскi
    <Круглянскi
    <Крычаўскi
    <г.Магілёў
    <Магілёўскi
    <Мсціслаўскі
    <Слаўгарадскi
    <Хоцімскi
    <Чавускi
    <Чэрыкаўскi
    <Шклоўскі

Жывапіс. Скульптура. Графіка.

Кіслякоў Васіль Цімафеевіч (1941).
Нарадзіўся ў Чавусах. Мастак. падрабязней аб жыцці і творчасці пісьменніка

Асноўнае ядро мастацкіх сіл 1920-1930-х гг. складалі маладыя мастакі, сярод іх наш зямляк У. Кудрэвіч. У яго працах пераважаў інтарэс да этнаграфіі, краязнаўства, гісторыіі культуры Беларусі. Партрэту У. Кудрэвіча характэрны псіхалагічны вобраз, дакладна перададзеная індывідуальнасць.

Творчы шлях Уладзіміра Мікалаевіча цесна звязаны з беларускай прыродай. Яго жывапісныя пейзажы займаюць дастойнае месца ў выяўленчым мастацтве рэспублікі. Трэба асабліва падкрэсліць такую асаблівасць яго творчасці, як пранікнёны лірызм палітры, цвёрдая пазіцыя мастака - рэаліста. У. Кудрэвіч аднолькава паспяхова працаваў у акварэлі, у жывапісе маслам.

Кастрычнік адкрыў новую старонку ў біяграфіі Кудрэвіча. Ён кіруе выяўленчай студыяй у Мінску, працуе ў тэатры дэкаратарам і рэжысёрам. Асаблівага поспеху мастак дабіваецца ў жанры лірычнага пейзажу. Тут праяўляецца яго бязмежная любоў да лясоў, празрыстых азёр, паўнаводных рэк Беларусі, яе сонечных захадаў і ранішніх зорак.

На першую ўсебеларускую выстаўку (1925 г.) Кудрэвіч прадставіў больш чым 30 работ, сярод якіх экспанавалася і "Раніца вясны". У гэтыя гады яна ўспрымалася як сімвал абуджэння ад сну і нараджэння маладой дзяржавы.

Карціна мастака літаральна зіхаціць яскравымі фарбамі, якія выглядаюць на палатне як шматколеравае густое шчыльнае рэчыва з шурпатай і аб'ёмнай паверхняй. Напачатку менавіта фактура жывапісу прыцягвае да сябе ўвагу. Жывапісны слой складаецца з суседства некалькіх чыстых колераў, якія мастак браў проста з палітры, - чырвонага, блакітнага, жоўтага. Калі глядзець на нейкім аддаленні, яны ператвараюцца, зліваюцца ў іншыя адценні колеру - зялёны, фіялетавы і г.д. Манера накладвання фарбаў рознакаляровымі кропкамі - мазкамі - галоўны тэхнічны прынцып імпрэсіянізму. Імпрэсіяніст Кудрэвіч намаляваў сакавіты рамантычны краявід з дываном першых вясновых кветак каля падножжа маладзенькага гаю.

Неверагодна, што гэта шчырая, маладая і сапраўды вясёлая карціна выклікала незадавальненне крытыкі амаль да 60-х гг. Толькі у 1992 г. з сховішчаў яна зноў трапіла ў асноўную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Карціна і ўспрымаецца як "музейная", класічная і па ранейшаму выклікае цікавасць і спрэчкі. І гэта пэўная прыкмета жыццяздольнасці шэдэўра.

З 30-х г. ў творы мастака ўсё больш прыкметна ўваходзіць тэма сацыялістычнай рэчаіснасці. Увагу У. Кудрэвіча прыцягвае тэма асушэння палескіх балот. Ён стварае шэраг жывапісных палотнаў, у асноўным у жанры лірычнага пейзажу. Па - майстэрстку пісаў У. Кудрэвіч вясковы снег, рух вясенніх вод, тонкія фарбы першай зеляніны, першых кветак. Асноўным у яго творчасці застаецца лірычны пейзаж, - роздум перад вечнай прыгажосцю прыроды.

У 1930-ыя гады мастак стварае серыю акварэляў, якія былі прысвечаны асушэнню балот, - "Паглыбленне Арэсы" (1934), "Экскаватар на сушы" (1938-39). Трэба адзначыць карціну "Белгрэс" (1940), якая карысталася поспехам на выстаўцы ў Маскве. У гады Вялікай Айчынай вайны У. Кудрэвіч знаходзіўся ў эвакуацыі ў Кемераве. Далёка ад беларускай зямлі ён па ўспамінах піша беларускія пейзажы: "На пашы", "Вечар", "Шэры дзень".

Калі параўноваеш даваенныя пейзажы У. Кудрэвіча з іх ціхім, мірным шапаценнем каласоў на калгасных палях і спакойным, велічным гулам зялёных беларускіх дубраў з карцінамі, створанымі ў гады вайны, няцяжка заўважыць, як непазнавальна змянілася творчасць мастака. Спакойны, крыху рацыяналістычны падыход да адлюстравання прыроды саступіў месца актыўнаму мастацкаму пазнанню і сцвярджэнню. Тыповы ў дадзеным выпадку пейзаж У. Кудрэвіча "Коксахім. Кемерава", напісаны ў Кузбасе... Высока да неба ўзняліся гіганцкія трубы мартэнаўскіх печаў. Паветра напоена металічным гулам. Быццам вялізныя яшчары, снуюць паміж завадскіх пабудоў ваганеткі, напоўненыя аменным вугалем. Ва ўсім угадваецца суровы поступ вайны. У гады вайны У. Кудрэвіч стварае серыі акварэляў аб жыцці Сібіры.

Паспяхова развіваецца ў пасляваенны перыяд пейзажны жывапіс. Плённа працуе ў гэтым накірунку У. Кудрэвіч. У работах мастака жыццёвасць адлюстравання канкрэтных месцаў пранікнута патрыятычным настроем, што дае магчымасць больш востра і дакладна раскрыць тэму вайны. У пейзажы "Па дарогах вайны" (1945) аўтар паказвае Вільнюскую шашу, разрытую коламі машын і гусеніцамі танкаў. Па абодвух баках дарогі раскінуліся беларускія палі і лясныя масівы, што сталі магілай для многіх гітлераўскіх салдат. Скарыстоўваючы колеравую кантрастнасць, мастак дабіваецца вялікай дынамікі і вобразнасці.

Першыя крокі ў жывапісе ў 50-х г. робіць В.Ц. Кіслякоў ураджэнец вёскі Галавенчыцы. Аснову яго творчасці складаюць шматлікія краявіды. Круг пейзажных тэм, да якіх ён праяўляе інтарэс нешырокі, але выхаджаны уздоўж і папярок. Яго вабіць вёска з архаічным укладам, векавымі прадметамі побыту, падабаюцца яму звыклыя матывы розных станаў прыроды, яе згасанне, адраджэнне, росквіт. Кожная праца нясе не толькі мастацкія вартасці і змест. Важна, што мастак Завод ЖБВ Кіслякоў В. жадае наблізіць мастацтва да народа, падзяліцца з намі сваімі поглядамі на навакольны свет. Зараз пражывае ў Расіі.

У 60-х г. XX ст. з'явіліся першыя карціны мастака з в. Гарбавічы М. Дзядкова. Ён адлюстроўвае на паперы тое, што бачыць вакол сябе. На яго малюнках паўстаюць родныя краявіды, людзі, жывелы. У яго больш малюнкаў чорна - белых, але мастак яшчэ піша і маслам.

Усе карціны мастака прывабліваюць свежасцю фарбаў, непасрэднасцю адлюстравання навакольнага жыцця. У М. Дзядкова карціны рознага фармату, але яму больш падабаецца пісаць вялікія, вымалёўваючы кожную дэталь, каб усё выглядала натуральна, як у жыцці. Ён не прыхільнік модных цячэнняў у жывапісе. Шмат яго работ экспанавалася на выстаўках, некаторыя у якасці падарункаў трапілі за мяжу - у Германію, Ізраіль. Першыя крокі ў жывапісе ў канцы 60-х г. стаў рабіць М. Арасланаў. Яго першыя нацюрморты і пейзажы былі прысвечаны Чавускаму краю.

Пейзаж - асноўны жанр яго творчасці. У творчасці мастака Прырода стала галоўным героем. У лірычных, тонкіх акварэлях мастака зліліся разам майстэрства і вялікае душэўнае перажыванне. Падарожнічаючы па дарогах Беларусі, Арасланаў стварае серыю акварэляў, поўных гармоніі і напоўненых душэўным супакоем. Мяккі, сакавіты каларыт у працах "Вячэрняя фантазія", "Апошні лёд на Проні", "Рака майго дзяцінства", "Ціхая затока" - гэта сакавіты жывапіс, які ўласцівы прафесіяналу. Тонкая па гучанні акварэль "Купальская ноч", напоўнена паветрам і прасторай.

Фарбы няяркія, як і сама прырода Магілёўшчыны. Але стан чараўніцтва і таямнічасці прысутнічае ва ўсіх яго працах. У 70–я г. у г. Чавусы з'явілася цэлая плеяда таленавітых мастакоў - Р.Ф. Самойлаў, І.М. Ігнацьева, М.В. Піпко, А.В. Ракаў. Усе яны працавалі ў Чавускай мастацка - вытворчай майстэрані (Магілёўскі філіял мастацка - вытворчых майстэрань). Філіял займаўся афармленнем плошчаў, вуліц горада і вёсак. Мастакі выконвалі заказы калгасаў і саўгасаў, школ, займаліся афармленнем кабінетаў дзяржаўных устаноў. Акрамя гэтага, мастакі прымалі ўдзел у маладзёжных абласных і рэспубліканскіх выстаўках.

Газета "Літаратура і мастацтва" (1978 г.) станоўча адзначыла работы І. Ігнацьевай – карціну "Слава працы", габелен "Ураджай" і тры габелены, прысвечаныя абаронцам Радзімы, М. Піпко "Адліга", "Возера", "Лета" і іншыя пейзажы. На абласной выстаўцы ўвагу многіх наведвальнікаў прыцягнула пейзажная акварэль А. Ракава "На проні".

З 2 -й паловы 1970-х г. у жывапісе з'яўляюцца складаныя вобразныя асацыяцыі, сімволіка, метафара. Тэндэнцыі да раўназначнасці ўсіх жанраў жывапісу сталі характэрнай рысай для шматлікіх мастакоў. У творах больш маляўнічай свабоды, фантазіі, пошуку новых выразных сродкаў. У гэты час з'яўляюцца першыя работы нашага земляка - мастака Мікалая Дундзіна, выхаванца Р.Ф. Самойлава. У яго творах пераважаюць філасофска – метафарычныя і сімвалічныя вобразы, біблейскія і гістарычныя матывы, спалучэнне рэальных і ўмоўных форм. Сярод твораў таго часу: серыя "Ікар" (1975-1977 гг.).

У 80–я гады праблема рамантычнай паэтызацыі жыцця атрымала самыя разнастайныя формы жывапіснага ўвасаблення. Гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў творчасці нашага земляка, мастака Мікалая Кірэева. Рэальнай паэтыкай народных вобразаў вылучаецца яго работа "Кветкі маёй Радзімы" (1978), рамантызацыяй народных прадстаўленняў дыхае палатно "У купалаўскім краі" (1982), гэтыя палотны былі напісаны мастаком на радзіме, у вёсцы Сушчэўская Слабада Чавускага раёна. У творчасці М. Кірэева паэтычна убачаныя пейзажы роднага краю, вобразы сучаснікаў. Мастак расказвае пра сельскае жыццё з яго простым укладам і матывамі.

Шмат і не без поспеху працуе М.У. Кірэеў у жанры партрэта. Партрэты сяброў, суседзяў, землякоў, родных і блізкіх. Жывапісец умее ўбачыць іх у рэдкія хвіліны ўнутранага маналога, роздуму аб галоўным. У карціне "Светлы дзень" напісана дзяўчына з букетам кветак. Па яе твару можна здагадацца, што яна кахае і знаходзіцца ў палоне пачуццяў. Гэта вельмі ўдала падкрэсліў фарбамі мастак праз вочы, рукі, вусны дзяўчыны.

Прыцягальнасць работ М. Кірэева – у іх балансаванні паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы. Што, здаецца, можа быць больш канкрэтным, чым партрэт. Мастак не можа тут абысціся без некалькіх сеансаў пазіравання сваіх герояў, а апошнім часам - больш гераіняў. Мастак схоплівае сутнасць чалавека, але не перадае гэта класічным чынам. Ён ідзе ад эмацыянальнага ўражання, ад вобраза, які павінен хваляваць, настройваць на развагі.

Адсюль - нерэальна выцягнутыя, нібы рухомыя жаночыя постаці, доўгія лебядзіныя шыі, маленькія галоўкі, улюбёна падкрэсленыя аголеныя жаночыя формы. У жаночых вобразах Кірэева няма адкрытай эратычнасці. Гэта магло б груба разарваць танюткі флёр паэтычнай замілаванасці, які дадае кожнай жанчыне загадкавасці і прыцягальнасці.

У 1990-е г. дынамічнае развіццё атрымаў станковы жывапіс. Тэма сучасніка і яго адлюстраванне ў мастацкай прасторы застаецца адной з галоўных. Мастакі выяўляюць паглыбленую цікавасць да каларыстычных якасцяў жывапісу, рашэнню праблем пераўтварэннятрадыцый нацыянальнай мастацкай школы не толькі ў постсавецкай культурнай прасторы, але і на шырокай мастацкай сцэне Ўсходняй Еўропы. Гэтыя тэндэнцыі выявіліся у творах М. Кірэева, М. Дундзіна.

Штосьці новае з'явілася у творчасці Кірэева. Ні на імгненне не сумняваешся, што ягоны свет напітаны трывогай. У палотнах ёсць штосьці няпэўнае, здаецца, што адлюстроўваемыя прадметы з цяжкасцю ўтрымліваюцца ў межах матэрыяльнасці, яшчэ трошкі, іяна рассыплецца, і тады чалавек ператворыцца ў абрыс прадмета і ... наадварот.

Але гэта выйсце не адкрытае пачуццё. Гэта простая лінія да чагосьці, што жыве ў кожным з нас, што дае магчымасць здзіўляцца і радавацца свету, што дазваляе нам бачыць за матэрыяльнай абалонкай штосці большае, чым проста спалучэнне атамаў. Безумоўна, у жывапісе Кірэева можна адшукаць завуаліраваны ўспамін пра сваё ранняе "я". Тут існуе свая дваістасць: шчырасць аўтара не выключае самаіроніі, мастацтва жывапісу з прыхаванай усмешкай разважае пра сваю ўласную традыцыю.

У творчасці М. Дундзіна ў гэты час дамінуе свет вулканічных пачуццяў і страсцей. Жаданне глыбока спасцігнуць таямніцы чалавечага быцця, нараджэння і смерці. Сінтэз чуллівасці і інтэлекту. Гарманічна збалансаваны эратызм і філасофскія роздумы. Спроба зразумець узаемаадносіны: Мастак і мадэль - Муза.

Дурманны і хвалюючы жывапіс, які выкананы ў пунсовым, аптымістычна жоўтым колерах, - гэта новы Дундзін, які нібыта раптоўна пачаў адчуваць, што на самой справе адбываецца ў яго жыцці сакраментальнага, а што ёсць імгненнае, якое хутка знікае без астатку.

Ён увасобіў у палотнах уладу і ўтраплёнасць духу Касмічнага кахання да жанчыны, якой на самой справе няма, яна жаданая мара. Працы пранізаны іспепяляючай жарсцю, якую ніспасылаюць нябёсы, каб душа мела магчымасць час ад часу адраджацца. Са свежым адчуваннем жыцця. Колер Дундзіна асляпляе, кроіць, узвышае, як "песнь любви на поле битвы".

У 1997 г. у Магілёве на абласным семінары - конкурсе творчага майстэрства сярод выкладчыкаў школ мастацтваў вобласці былі адзначаны работы выкладчыкаў Чавускай школы мастацтваў. Дубіцкі А.У. заняў 2-е месца ў конкурсе. Ён прадстаўляў 4 карціны, якія былі выкананы алейнай фарбай. На іх была адлюстравана прырода чавускай зямлі - зімовыя пейзажы. Ігнацьева І.М. атрымала заахвочвальны прыз за габелен. З 2002 года Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей даў жыхарам горада магчымасць лепш пазнаёміцца з творчасцю мастакоў - землякоў.

На выстаўцы "Горы" ў 2002 г. былі прадстаўлены работы мастака Г.І. Парфёнава. Упершыню экспанаваліся ў 2005 г. працы Мікалая Кірэева у музеі горада. Гэтую выставу жывапісец прысвяціў сваёй маці. На ёй было прадстаўлена 12 карцін. Сярод іх карціна "Родныя мясціны", якую мастак падараваў музею. З 1998 г. у фондах мясцовага музея захоўваюцца дзве карціны М. Кірэева "Над Чавускім лугам" і "Саспелыя яблыкі".

У 2006г. адбылося адкрыццё выставы акварэлі М. Арасланава, дзе было прадстаўлена 26 карцін. На выставе былі прадстаўлены карціны з цыклу "Зямля Чавуская".

Чавуская дзіцячая бібліятэка ў 2007 г. арганізавала выставу работ Сяргея Варкіна выпускніка Чавускай школы мастацтваў, зараз студэнта Акадэміі мастацтваў. На выставе "Гармонія сапраўднага мастацтва" былі выстаўлены нацюрморты. На карцінах, звычайны кухонны посуд, гародніна, садавіна... Адны працы яркія, з плаўнымі лініямі, іншыя напісаны ў цёмных танах. Але ўсім ім характэрны свой, асаблівы почырк. Таксама тут былі прадстаўлены некалькі карцін, на звычайныя бытавыя сюжэты.

Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 5: 1941 – да 60-х гг. / Рэдкал.: С.В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома П.А. Карнач. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – С. 21, 35, 36, 121, 124, 133.

Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 6: 1960-я – сярэдзіна 1980-х гг. / Рэдкал.:

С.В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома В.І. Жук. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 196, 197.

Республика Беларусь: Энциклопедия: В 6 т. Т. 1 / Редкол.: Г.П. Пашков и др. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 945, 946, 947, 948.

Мікола Кірэеў. Каталог твораў. – Мн.: Полымя, 1993. – 8 с.

Морозова Г. Увидеть мир по – своему: [о художнике С. Варкине] // Іскра. – 2007. –24 сак. – С. 3.

Дериглазова А. Акварели Арасланова // Четверг. – 2006. – 7 марта. – С. 3.

Гулидова Е. Пейзажи родины прекрасны: [о выставке художника Н. Арасланова] // Іскра. – 2006. – 11 сак. – С. 1.

Полотна, созданные сердцем: [о выставке Н. Киреева] // Іскра. – 2005. – 2 лістап. - С. 4.

Духоўская Г. Яго заўсёды вабіла вышыня: [аб выставе мастака Г.І. Парфёнава] // Іскра. – 2002. – 22 мая. – С. 2.

Шаранговіч Н. Маладосць душы: [пра маыкладчыкай Чавускай школы мастацтваў] // Іскра. – 1997. – 14 сак. – С. 4.

Фатыхава Г. З раніцы - настрой і працавітасць: [пра мастака У. Кудрэвіча] // Мастацтва . – 1995 . - № 11 . – С. 43 – 45.

Крепак Б. Синяя птица Николая Киреева // Дружба народов. – 1990. - № 12. – С. 97 – 98.

Василий Тимофеевич Кисляков. Каталог работ. – 1989.

Гаранская Т. З фарбаў жыцця: Пра мастака М.стака М. Кірэева] // ЛіМ . – 2002. – 4 кастр. – С. 11.

Дружкова К. Імперыя страсці Мікалая Дундзіна, або сон у руку // Культура. – 2001. – 10 – 16 лют. (№6). – С. 10.

Усава Н. "Раніца вясны" Уладзміра Кудрэвіча // Роднае слова. – 1998. - № 5 . – С. 165 – 171.

Шчаслівы бераг Міколы Кірэева // Культура. – 1998. – 6 – 12 чэрв. – С. 9.

Секушэнка М. Мастацтва - гэта стан душы: [пра в Кірэева // Беларусь. – 1985. - №12. – С.

Каваленка Ц. Мастакі за работай: [пра Чавускую мастацка - вытворчую майстэраню] // Іскра. – 1978 . – 20 ліп. – С. 2.

Скульптура.

З 1946 г. пры Чавускім дзіцячым доме пачала працаваць мастацкая студыя пад кіраўніцтвам Рыгора Фёдаравіча Самойлава. Ён вельмі ўважліва адносіўся да кожнага вучня, бачыў у іх не толькі будучых мастакоў, але і таленавітых, добрых,захопленых людзей. На уроках вучыў іх любві да колеру, да саміх фарбаў, але галоўнае, жыў сам мастацтвам і здолеў перадаць гэту любоў.

Самымі актыўнымі вучнямі у студыі былі А. Відусаў (скульптар, Санкт - Пецярбург), В. Ваўкавых (скульптар, Санкт – Пецярбург). Іх працам была ўласціва ўвага да жыцця, натуры, дзіўнае спалучэнне пранікнёнасці і прастадушнасці.

Адна з першых работ А. Відусава - барэльеф коніка, а потым былі больш складаныя работы. Выхаванцам В. Ваўкавых былі зроблены: партрэт славутага беларускага разведчыка Л. Маневіча, а разам з К. Паляковым драўляны бюст Я. Коласа і гіпсавы бюст Я. Купалы.

З 1946 г. да пачатку 1950 г. навучэнцам гэтай мастацкай студыі быў вядомы беларускі скульптар М.Ц. Палякоў. Яго першая работа юнацкіх гадоў "К.Я. Варашылаў". У 60-я г. М. Палякоў як і многія яго калегі-скульптары пачаў з партрэтаў не таму, што лічыў гэты жанр лёгкім для сябе, а таму, што бачыў у ім магчымасць больш аператыўнага пранікнення ў складаныя праблемы мастацтва, звязаныя з вобразам сучасніка.

Характэрнай рысай Палякова М.Ц. сталі настойлівыя пошукі духоўнай сутнасці сучаснага чалавека. Параўноўваючы работы скульптара розных гадоў, лёгка заўважыць, як паслядоўна вылучае ён галоўныя рысы таго цііншага характару. У адным з найбольш цікавых твораў скульптара – партрэце рускага паэта А. Блока – мы бачым пошукі выразнасці. Скульптар перачытаў усё, што звязана з яго жыццём. Перад намі лірычная ўзвышанасць вобраза, дынаміка яго пачуццяў і перажыванняў.

Па-сапраўднаму цікавым аказаўся пошук скульптара ў кампазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыйнай вайне. Сярод твораў - партрэт С. Прытыцкага, гвардыі генерал-маёра авіацыі П.Я. Галавачова, які зрабіў 457 баявых вылетаў, партрэт М.Ф. Сільніцкага - кулямётчыка партызанскага атрада. Скульптар падкрэсліў галоўнае, што з'яднала гэтых людзей - нязломная воля і мужнасць, стойкасць, нежаданне скарыцца ворагу, цвёрды намер адпомсціць яму, змагацца да канца.

Стварыў скульптар і партрэты беларускіх паэтаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Паўлюка Труса. У гэты ж час з'яўляюцца першыя работы нашага земляка, скульптара Мікалая Аляксеевіча Рыжанкова. Тэма вайны, партызанскага руху, была вядучай у яго творчасці.

70-я гады характарызуюцца з'яўленнем мемарыяльных комплексаў. Сярод іх мемарыяльны комплекс на вайсковых могілках у в. Рыленкі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці скульптара М. Рыжанкова. Ён быў уведзены ў памяць аб тысячах савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях у ходзе аперацыі "Багратыён".

Найбольш вядомы ў Жодзіне помнік-манумент скульптара (1974 г.) у гонар маці-патрыёткі Купрыянавай у сааўтарстве з М.Я. Місько, А.М. Заспіцкім. Яны стварылі абугульняючы вобраз моцнай эмацыянальнай сілы.

На ступенчатым пастаменце-ганку фігура маці і паводдаль ад яе – пяць сыноў, якія ідуць на вайну. У вобліку канкрэтнай жанчыны як бы сінтэзуюцца пачуцці ўсіх тых, хто аддаў Радзіме самае дарагое - сваіх дзяцей. У групе выдзелена скульптура малодшага з братоў - Пятра Купрыянава. Малодшы брат даганяе сваіх старэйшых братоў, але ён яшчэ поўны пачуццяў, звязаных з развітаннем. Паварот галавы, апошні на родныя мясціны, цвёрды поступ, рашучы жэст рукі гаворыць аб гатоўнасці да подзвігу. За гэты помнік наш зямляк атрымаў Дзяржаўную прэмію. Большая частка усіх твораў скульптуры 80-х гадоў звярнута да вытокаў нашай гісторыі. Прыкладам таму з'яўляецца скульптура М. Рыжанкова "Навекі разам" (1982 г.)

У 1983 г. М. Рыжанкоў і А. Заспіцкі зрабілі помнік М. Горкаму. Ён унёс выразны пластычны акцэнт у вялікую прастору цэнтральнага парка горада. З бліжэйшых пунктаў агляду фігура маладога Горкага, які сядзіць на лаўцы з кнігай у руках, здаецца адхіленай ад мітусні вуліц і бліжэйшай плошчы: паўкруг дрэў і выгіб ракі быццам ізалююць яе, надаюць камернасць, лірычнасць гучання.

У 80–х г. першыя крокі ў скульптуры пачаў рабіць Сяргей Дымкоўскі. Пластылінавыя фігуркі, што выходзілі з пад яго рук, уражвалі дасканаласцю і не па ўзросту прафесыйным выкананнем. З 1983 г. пачаў займацца ў Мінскай школе – інтэрнаце. І ў першы год вучобы яго рабоце, на выстаўцы ў гонар 40 – годдзя Беларусі прысвоілі Дыплом першай ступені.

Потым была вучоба ў мастацкім вучылішчы імя Глебава. Менавіта ў той часён навучыўся працаваць і з дрэвам, і з гіпсам, і з металам, зрабіў большасць сваіх работ. Зараз С. Дымкоўскі жыве і працуе ў Маскве.

Республика Беларусь: Энциклопедия: В 6 т. Т. 1 / Редкол.: Г.П. Пашков и др. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 952, 953.

Самойлава В. Талент, народжаны на чавускай зямлі: [аб скульптары М.Ц. Палякове] // Іскра . – 2003 . – 15 студ. – С. 4.

Мініна В. Славутыя вехі гісторыі: [пра скульптара М.А. Рыжанкова] // Іскра. – 1995. – 5 крас. – С. 3.

Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 6: 1960-я – сярэдзіна 1980-х гг. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома В.І. Жук. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 133, 135, 146, 290, 297, 298, 301, 303, 305.

Калеснікава Н. Сяргеева мара: [пра скульптара С. Дымкоўскага] // Іскра. – 1994. – 26 сак. – С. 3.

Грыгор'ева В. Дом на узгорку: [пра скульптара А. Відусава] // Іскра. – 1989. – 22 крас. – С. 2. М. Звычайныя мясцовыя славутасці: [аб літаратурных мясцінах Чавускага раёна] // Искра. – 1981. - 7 крас. – С. 4.

Наш зямляк – скульптар: [аб скульптары М.Ц. Палякове] // Іскра. – 1967. – 8 чэрв.– С. 2.

Графіка.

У графіцы 60-х г. шмат мастакоў ў сваіх творах звярталася да адлюстравання роднага, блізкага, добра знаёмага з маленства. Часцей за усё гэта былі краявіды роднай зямлі (альбо гарадскія пейзажы), у якіх адчуваліся душа мастака, яго неабыякавыя адносіны да аб'екта адлюстравання.

Сярод такіх работ трэба адзначыць малюнкі А. Валчкова, якія з'явіліся на старонках газеты "Іскра" ў 1969 г. Шмат твораў мастак прысвяціў Чавусам. Работы А. Валчкова аб'яднаны у невялікі графічны цыкл "Мой горад".

У жанры партрэта у гэты час працаваў мастак з в. Гарбавічы Міхаіл Іванавіч Дзядкоў.

Асобнае месца ў станковай графіцы 60-х г. займае акварэльны жывапіс. У гэты час актыўна стаў працаваць у акварэлі наш земляк, графік В. Ральцэвіч. Яго творы вызначаюцца завостранасцю пластычнага вырашэння, свабодай кампазіцый, шырокім упэўненным штрыхом, колеравай выразнасцю. Сярод твораў: "Партрэт студэнткі" (1964), іл. да твораў К. Крапівы (1963), серыя гравюр па матывах рамана "Мядзведзічы" К. Крапівы (1963), трыпціх "Заваёўнікі" (1967-1968).

У кніжнай графіцы у 60-х г. пашыраецца дыяпазон тэхнічных сродкаў, удасканальваецца тэхніка выканання. Дасягнуты поспехі ў афармленні дзіцячай літаратуры. Да найбольш значных дасягненняў у вобласці кніжнай графікі можна аднесці працы мастака - земляка У.Е. Андрэенкава (ілюстрацыі да кніг: "Скандинавские сказания" (1958), "Франк" К. Неймана (1960), "Огонек в окне" С.Б. Капутикян (1961), "Морская книга" В. Фейнберга (1962), "Гуси летят" Л. Гурунца (1963).

Асобна былі адзначаны выдатныя малюнкі У. Андрэенкава да кнігі

Б. Шахоўскага "Жылі звяры за ракой" (выдавецтва "Дзіцячы свет", 1963 г.).

Добрая вокладка і форзацные развароты, з проста і хораша намаляванымі інструментамі.

З другой паловы 70-х г. – сярэдзіны 80-х гадоў прыкметна ўзрастае значэнне плаката ў арганізацыі эстэтычнага асяроддзя горада, грамадскіх і прыватных інтэр'ераў.

Варта адзначыць работу мастакоў Чавускай мастацка – вытворчай майстэрані, якія займаліся афармленнем плошчаў, вуліц горада і вёсак. Яны выконвалі заказы калгасаў і саўгасаў, школ, займаліся афармленнем кабінетаў дзяржаўных устаноў.

Графічны пейзаж 1980-1990-х гадоў найбольш выразна прагучаў у творчасці М. Дзядкова. Творы мастака вабяць тонкім адчуваннем беларускай прыроды, яе паэтызацыяй. Мастак умела перадае спякоту летняга дня, напружана - кантрастны каларыт восені, пяшчоты подых вясны. Ён знаходзіць мілагучныя рытмы ў складаным малюнку дрэў, галінкі якіх плятуць чароўныя фантастычныя карункі. Непасрэднасць, мяккі лірычны настрой - характэрныя якасці твораў М. Дзядкова.

Акрамя пейзажнай графікі мастак звяртаецца да партрэта. Работы М. Дзядкова вабяць натуральнасцю, прастатой.

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле – Рэлаксін / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2001. – С. 287.

Калеснікава Н. Мастак з Гарбавіч: [пра М. Дзядкова] // Іскра. – 2003. – 19 сак. – С.2.

Каваленка Ц. Мастакі за работай: [пра Чавускую мастацкую майстэрню] // Іскра. – 1978 . – 20 ліп. – С. 2.

Андреенков Владимир Емельянович / Художники народов СССР: Библиографический словарь т. 1. – М., 1970. – С.10.

Кибрик Е. Иллюстрации детских книг: [про графика В. Андреенкова] // Художник. – 1964. - № 11. – С.36 – 37.



created by Alexandr Vasilenko. mailto: m15kam@tut.by