Раёны:
    <Асіповіцкі
    <Бабруйскі
    <г.Бабруйск
    <Быхаўскі
    <Бялыніцкi
    <Глускі
    <Горацкі
    <Дрыбінскі
    <Касцюковіцкі
    <Кіраўскi
    <Клімавіцкi
    <Клічаўскi
    <Краснапольскi
    <Круглянскi
    <Крычаўскi
    <г.Магілёў
    <Магілёўскi
    <Мсціслаўскі
    <Слаўгарадскi
    <Хоцімскi
    <Чавускi
    <Чэрыкаўскi
    <Шклоўскі

Даследванні мясцовага фальклору.

Казакова Ірына Валер'еўна – фалькларыст, міфолаг, этнакультуролаг; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, загадчык кабінета-музея беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ, рэдактар-член рэдкалегіі часопіса «Роднае слова», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Даследуе этнічныя традыцыі ў духоўнай культуры беларусаў, беларускі фальклор у славянскім і сусветным кантэкстах, славянскую міфалогію і магію, сімволіку і семантыку славянскіх міфалагем, паходжанне і спецыфіку беларускай вусна-паэтычнай творчасці, тэматычную разнастайнасць і паэтыку асноўных жанраў беларускага фальклору, іх адметнасць і ролю ў жыцці народа.

Аўтар звыш 70 навуковых і навукова-папулярных работ, у тым ліку манаграфій «Этнічныя традыцыі ў духоўнай культуры беларусаў» (1995), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем» (1999), “Беларускі фальклор: курс лекцый» (2003); кніг «Каменны пояс Беларусі» (2004), «Культура Турции» (2007), зборніка вершаў «Тебе» (1997), шэрагу брашур, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, навуковых артыкулаў.

Манаграфія доктара філалагічных навук I. В. Казаковай раскрывае багатую фальклорную спадчыну аднаго з самых цікавых рэгіенаў Беларусі - Хоцімшчыны. Аўтэнтычны фальклор гэтай мясцовасці, як сведчаць матэрыялы, прадстаўленыя ў кнізе, захаваўся не толькі ў памяці інфарматараў, а працягвае жыць і развівацца і ў наш час. Адрасуецца фалькларыстам, даследчыкам, выкладчыкам, аспірантам, студэнтам, настаўнікам, навучэнцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца беларускай традыцыйнай духоўнай культурай.
Фальклорная спадчына Магілёўшчыны: Хоцімскі раён / I. В. Казакова, Белдзяржуніверсітэт. - Мінск : Паркус плюс, 2008.- 166 с. [іл.]

Мясцовы фальклор.

Вячоркі.

Звычай вячорак моцна трымаўся яшчэ і ў пасляваенныя гады. Доўгімі восеньскімі вечарамі мужчыны і жанчыны, дзяўчаты і хлопцы збіраліся ў нечыяй хаце па 10-12 чалавек, а то і больш. На так званым калектыўным бытаванні мужчыны займаліся больш размовамі. Апавядалі розныя прыгоды са сваімі вяскоўцамі, успаміналі аб былым, нават казкі такім чынам перадаваліся з вуснаў у вусны. Апавядальнікі згушчалі фарбы ў тых момантах.у якіх прысутнічалі розныя страхі. Эфект быў такі, што калі трэба было разыходзіцца, дык дэяўчаты баяліся ісці дамоў.

Іншы характар мелі вячоркі для жанчын або дзяўчат. Яны збіраліся гуртам з праліцамі, верацёнамі, іншымі прыладамі. Пралі лен на кужаль, воўну на дываны, світкі, пакулле на дзяружкі. У час занятку дзяўчаты або жанчыны спявалі песні. Спачатку ціха, плаўна, а потым з усе большым пачуццем. Твары ў той час румяніліся, прыгажэлі.

Прыкладна адзін раз у месяц (звычайна гэта прыўрочвалася да рэлігійных святаў) наладжваліся вячоркі з музыкай. Да іх рыхтаваліся асобна. Гарманіста запрашалі найбольш з суседняй вескі, бо ў зімовы час больш прадпрымальныя хлопцы ехалі на заробкі ў шахты, на сплаў лесу. Перад веснавымі палявымі работамі яны вярталіся з абавязковымі атрыбутамі: хромавымі ботамі і гармонікам. Летам ігрышчы наладжваліся ўжо іншым чынам: на лузе, "пятачках". Але вячоркі мелі сваю непаўторную адметнасць.

Песні.

Калі б кусцічак не цвіў.

Калі б кусцічак не цвіў
Ой, салавей гнязда не віў.
Калі б дзеўка не міла,
Ой, не хадзіў бы да яе.
Ой, не хадзіў бы да яе.
Не адны боты стаптаў,
Да дзевачкі ходзячы.
Не адну шапачку згнаіў,
Пад каплямі стоячы.
Ой, не адзін ножычак зламаў,
Ой, ваконца расчыняў.
Ой, сабе дзеўку выбіраў.
Ой, як выбраў жа дзевачку.
Ой, бяляначку-белую,
Бялей снегу зімняга.
Бялей снегу зімняга,
Чырваней маку летняга.
Як пад гаем, густым гаем
Як пад гаем, густым гаем,
Гаем зеляненькім
Стаяць хлопцы-навабранцы
Сваею талпой.
Каля іх жа сам хазяін
Пахаджвае.
Сваім хлопцам-навабранцам
Загадвае:
"Ой, вы хлопцы-навабранцы
Слухайце мяне:
Запрагайце шэрых валоў
Паедзем са мной».
А ўсе валы папрысталі,
Адзін вол ідзе,
А ўсе дружкі з вайны прыйшлі
А майго няма.

Хадзіла я, гуляла.

Я хадзіла, я гуляла па вішневаму саду.
Аддала мяне маці, у вялікую сям'ю.
А вялікая сям'я ўсе вячэраць паселі,
А мяне маладу, пасылаюць па ваду.
Яж па ваду пайшла, ды крыніцы не знайшла.
Як крыніцу знайшла, зачарпнула паўвядра.
Зачарпнула паўвядра, ды дадому пайшла.
Ой, дадому пайшла, ды слязамі даліла.
Ой, дадому прыйшла, ды і стала ля дзвярэй.
Што гаворыць сям'я павучае
Васіля: "Чаму жонку ня б'еш, ой, распусту даеш?".
"А за што ж яе біць?
Яна ўмее ўсё рабіць,
Яна ўмее ўсе рабіць і спячы, і зварыць.
А за што ж яе біць?
Яна ўмее ўсё рабіць.
Яна ўмее ўсё рабіць і са мною гаварыць.

Чубарыкі-чубчыкі.

Я па садзе хадзіла,
Па зялёнаму гуляла.
Гуляла, гуляла.
Чубарыкі-чубчыкі, гуляла.
Я каліну ламала,
На дарогу кідала.
Кідала, кідала
Чубарыкі-чубчыкі, кідала.
Я прыкмету давала.
Я прыкмету давала.
Давала, давала
Чубарыкі-чубчыкі давала.
Ты, казача малады,
Правядзі мяне дамоў
Дамоў, дамоў
Чубарыкі-чубчыкі, дамоў.
К маей матушке радной,
К маей матушке радной
Чубарыкі-чубчыкі, радной.
Партызаны-лесачы
Із-за лесу выйшла конніца мячэй,
Выйшла сотня партызанаў-лесачэй.
Партызаны, партызаны - лесачы.
Весялей вы вострай шабляй лескачы!
У бой паскачам, у бой паскачам
Усе падрад,
Разаб'ем мы ўвесь
дзянікінскі атрад.
На заставе мы стаялі, як сцяна,
Каля нас куля празвінела, як пчала.
Каля нас куля празвінела, як пчала.
Яна не ўбіла
І не раніла меня.
Яна не ўбіла
І не раніла меня,
А ўбіла йна прышэльца палача.
Піша, піша цар германскі нам пісьмо,
Піша, піша рускае войска пабяджу,
Хлусіш, хлусіш ты, цар германскі,
Хлусіш, хлусіш.
У Расіі войска больш, чым у цябе.

Бываліца.

Не пацэліла.

Бабка Лукер'я ўсе жыццё працавала на ферме. За словам у кішэнь ніколі не лезла. Спрачаючыся з начальствам, называла кіраўнікоў "бруханогія". Маўляў, панаядалі пузы за калгасны кошт. Сапраўды, і загадчык фермы, і старшыня калгаса, і заатэхнік мелі немалыя "працоўныя мазалі".
Пайшоўшы на пенсію, бабка Лукер'я перастала сустракацца з калгасным начальствам. Але ад суседзяў ведала, што старшыню калгаса і яго намесніка змянілі. I вырашыла бабка звярнуцца да новых кіраўнікоў, каб дапамаглі залатаць дах, далі шыферу. Але ў калгаснай канторы пачула знаё-мыя словы: "Пачакайце". Не стрымалася Лукер'я:
-Што сядзіце, панаядалі... Потым разгублена зірнула на худыя фігуры новых начальнікаў і ўжо цішэй дадала: -...насы.
Асечка атрымалася. Не ўлічыла бабка, што час мяняецца...

Наконт адукацыі.

Дзівак-краязнаўца (з вясковай мянушкай Вулькін) настойліва запісваў паходжанне назваў палеткаў, няўдобіц, адкуль пайшло тое ці іншае прозвішча, нават нумары аўтамашын. Ніколі не прамінаў выступіць з трыбуны. На якую б тэму сходка не была, а ён сваё: "Не павінны мы быць Іванамі-няпомнячымі...".
Вяскоўцы не надта звярталі ўвагу на прамовы Вулькіна, бо што новага скажа звычайны калгасны вартаўнік. Але аднойчы зала прыціхла.
- Чатыры гады, - сказаў ён, - я пільна назіраў за паводзінамі вучняў нашай мясцовай школы. Параўнаў з ранейшым часам і прыйшоў да высновы: бывала, калі чалавек(няхай і з суседняй вёскі) праходзіў па вуліцы міма свінні, дык тая рохкала, а цяпер чамусьці нават вучні не вітаюцца... У зале пачуліся дружныя апладысменты. Пашкадавалі далоняў толькі настаўнікі.

Бондараў В. Фальклор у нашым краі // Шлях Кастрычніка. – 2007. – № 61. – 4 жніўня. – с.: 3.

Каляды.

У гадавым цыкле беларускіх народных абрадавых святаў Каляды (адзначаюцца з 6 студзеня / 24 снежня па 19 студзеня / 6 студзеня) цяпер храналагічна займаюць першае месца. Гэта зімовае свята, якое прыпадае на перыяд зімовага сонцавароту, калі, па народным вызначэнні, "сонца паварочвае на лета, а зіма на мароз". 3 прыняццем хрысціянства да часу старажытных Каляд былі прымеркаваны святы нараджэння Хрыста (7 студзеня / 25 снежня), а таксама Вадохрышча (19 студзеня / 6 студзеня). I да гэтага часу ў народнай культуры Падняпроўя (як, дарэчы, паўсюдна на Беларусі) Каляды ўсведамляюцца і як хрысціянскае свята Раства Хрыстова, і як рэшткі рэлігійных вераванняў язычніцтва.
Да Каляд сяляне пачыналі рыхтавацца яшчэ з Піліпаўкі (пост на працягу 6 тыдняў перад Калядамі). У гэты час дзяўчаты, жанчыны хадзілі ў "начлежкі", "хейдары", збіраліся ў адной хаце ўдзень і да самай поўначы пралі, ткалі, рыхтавалі сабе адзенне і абавязкова нешта новае да Раства Хрыстова, да Новага года. У час працы спявалі перадкалядныя песні. Некаторыя з іх былі гумарыстычнага характару, служылі прадвеснікамі калядных ігрышчаў, якія заўсёды зіхацелі народным гумарам і весялосцю:

Дай жа, Божычка, нам Кыляд дыждаць,
Ай лёлі, лёлі нам Кыляд дыждаць.
Нам Кыляд дыждаць і святых вечароў.
Як пойдзем гуляць дзень да вечыра,
Прыдзем дворычку — поедаць нечыва.
Мы вазьмём, вазьмём ячменю жменю,
Мы вазьмём толькі хлопцам крупеню,
Мы вазьмём укінем камарова сцягно,
Ды наварым хлопцам крупенічку.
За то мяне мамычка біла-журыла:
- Нашто, шэльмачка, сцягна многа ўкінула,
Нада было, шэльмачка, палавіначку.
*Прыпеў "Ай, лёлі, лёлі" паутараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвсршам.

Як даўней, так і цяпер перад Калядамі гаспадыні прызапашваюць лепшыя прадукты харчавання. Вяскоўцы б'юць кабана, робяць каўбасы, сальцісоны, вяндліну. Напярэдадні Каляд старанна прыбіраюць у хаце, мыюцца ў лазні, усе асноўныя справы па гаспадарцы робяць да заходу сонца. Як прыкмячае прымаўка, "куцця ў печ — грабяні пад печ". Увечары з 6 на 7 студзеня сяляне святкуюць першую куццю. Куцця з'яўляецца галоўнай традыцыйнай святочна-абрадавай стравай. Яе спраўляюць тройчы: перад Раством, Новым годам і Вадохрышчам.
На Магілёўшчыне куццю ў дзень перад Раством і Вадохрышчам называюць поснаю Калядою, а перад Новым годам — тоўстаю, ці багатаю (скаромнаю). Гэтыя ж дні называюць яшчэ першай, другою і трэцяю куццёю. Посная куцця запраўляецца цукрам ці мёдам, багатая - маслам, салам. I ячменную, і пшанічную куццю вараць зранку, кожную ў адным і тым жа гаршку з аднолькавай колькасцю круп. Спраўляюць куццю ўвечары. Перад заходам сонца куццю ставяць на сена ў кут пад абразы, сена тут сімвалізуе яслі, у якіх нарадзіўся Ісус Хрыстос. Спечаны першы блін (бліны ўжываліся як святочная калядная страва) кладуць зверху на куццю.
У некаторых месцах сена кладуць на стол пад белы абрус. У Хоцімскім раёне (в. Цярпілаўка, Зелянец, Ельня) на Вадохрышчанскую куццю пад абрус пасцілаюць салому, каб радзіла жыта. У некаторых мясцовасцях (в. Ельня Хоцімскага раёна) калядная куцця ў народным уяўленні звязваецца не толькі са святкаваннем нараджэння Хрыста, а і са звычаем спраўляць "бабіну кашу" з нагоды нараджэння дзіцяці. Па сялянскім павер'і куцця сімвалізуе ўрадлівасць збожжавых культур, а гэта значыць, і дабрабыт у сям'і і гаспадарцы.
Да святочнага стала гатуюць самае лепшае ў залежнасці ад заможнасці сям'і. На посную куццю перад Раством і Вадохрышчам даўней пяклі праснакі з канапляным маслам, аладкі (абавязковая страва), варылі піва, аўсяны і бурачны кісялі, поліўку, галушкі, тушылі сушаныя грыбы, гатавалі кулагу з аржаной мукі. На святочным стале былі таксама свежая і салёная рыба, іншыя стравы. У наш час прытрымліваюцца паста і ўжываюць посныя стравы ў асноўным вернікі - людзі пажылога і сярэдняга ўзросту.
У калядных абрадах да сённяшняга часу захаваліся элементы як язычніцкай, так і царкоўнай абрадавай сімволікі (зерне, сена, абрус, іконы, крыжы, свечкі, "віфліемская зорка" і інш.), якія ва ўсведамленні сялян маюць магічную сілу, існуюць у цеснай сувязі паміж сабою і выкарыстоўваюцца ў розных спалучэннях.
На Хоцімшчыне ў калядных абрадах шырока распаўсюджана “ ваджэнне казы”.
Прадстаўленні, як правіла, заканчваюцца адорваннем іх удзельнікаў, якія часам у сваіх жартоўных імправізацыях і формульных песенных канцоўках дары нават патрабуюць:

Хрыстаслаў, Хрыстаслаў,
Мяне бацька паслаў.
Дайце сала, каўбасу -
Ўсё я двору пынясу.

Дары былі розныя: раней давалі гарнец жыта, ячменю, кавалак сала, што-небудзь з ежы; зараз частуюць у асноўным гарэлкаю, стравамі са святочнага стала, даюць грошы. Лічыцца, што калі гаспадар не дасць "каляду", у яго будзе неўраджайны, нешчаслівы год. Амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі характэрны калядныя ігрышчы. Але праходзяць яны па-рознаму і маюць розныя назвы: на Магілёўшчыне - “Гуляць кашу” (Хоцімскі раён). Ігрышчы звычайна ладзіла моладзь. Хлопцы і дзяўчаты дамаўляліся парамі і рабілі складчыну. Дзяўчаты зносілі ў адну хату прадукты для вячэры: муку, яйкі, сала, каўбасы і інш. Хлопцы наймалі музыкаў і неслі гарэлку ці піва. Калядныя дары таксама аддаваліся на ігрышча. "Кашу" гулялі два, а то і тры дні. Дзяўчаты зранку гатавалі стравы, абавязкова кашу і аладкі. У другой палове дня прыходзілі хлопцы. Вячэралі, а потым пачыналася вечарынка: спявалі, танцавалі, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні. Як заўсёды, на маладзёжных ігрышчах гучалі матывы кахання і шлюбу. Яны асабліва выразна праяўляюцца ў калядных гульнёвых карагодах:

Ў кырагодзе мы былі,
Ой, люлі, мы былі,
А што мы там відалі?
Відалі мы парычку,
Дзеўка з парнем гуляла,
Дзеўка ў парня пытала:
- Скажы, парянь, праўду мне,
А ці любіш ты мяне?
Калі любіш, пацалуй,
А не любіш - аткаснісь.

Аб тым, як гулялі "кашу" ў в. Ліпаўка Хоцімскага раёна, паведаміла Фёкла Раманенка: "На "кашу" адна з дзевак рыхтавала палаценца, прыгожае, каб паказаць перад сваім ухажорам, якая яна рукадзельніца. Ёй за палаценца грошы дзеўкі збіралі і аплочвалі яго. Пад канец ігрышча ставілі на стол гаршочак з кашай, наверх палаценца. Тады ўжо разыгрывалі кашу: хто болей паложыць грошай, хто багацейшы, той ужо забірае палаценца сабе і б'е кашу (разбівае гаршок з кашай на стале ). Потым яе дзелюць, ядуць, а грошы расходуюць на другі дзень ігрышча". Гэта гульня мае свае адметнасці ў в. Узлогі Хоцімскага раёна. Тут замест ручніка на махотку (гліняны гаршчок) з кашай пасцілаюць платок і таксама кладуць грошы, "...потым, хто болей пакладзець, бярэць платком махотку і — гах аб стол! Махотка рассыпіцца, а кашу рэжуць і ядуць. Тады праз нядзелю Новы год — і зноў так гуляюць" (Агаф'я Пахоменка). У в. Кляноўка Хоцімскага раёна на калядных ігрышчах "жанілі Бахарку": "Садзяцца ў пару хлопец з дзеўкай. Калі не наравіцца дзеўцы хлопіц, дык яна ўцікаіць ад яго. Калі хлопцу не наравіцца дзеўка, ён пайдзець к другей. Выбраўшы пару, садзяцца ў ряд з кім панараву. Выбіраюць старшога як бацьку. Тэй возьміць рэмнем секанець, каго выберыць, усе разбягаюцца, а тая пара, якую секанець, павінна. двору ісці разам, хлопіц праважаіць дзеўку. А яшчэ шуткавалі: як не панараву хлопіц, дык дзеўка яму пяець:

Пыджанішнічык, мой сакол
Не садзіся ты між вакон:
А там савіны пірялёт,
Уляціць табе сава ў рот.

А калі не панараву дзеўка хлопцу, тэй спяваіць як шафірцы на вяселлі:

Пыднявесніца мала
К сцяне прылягала,
К сцяне прылягала,
Клапоў выбірала.
Клапоў выбірала,
У зубы саджала.

На другі і трэці дні Каляд людзі сямейныя хадзілі да родзічаў у госці. Па дарозе і ў гасцях спявалі калядныя песні.
У калядныя вечары да Новага года забараняецца ўсялякая праца, і існуе павер'е, што таго, хто парушае гэты закон, можа спасцігнуць гора, няўдача. Нават у дзяцей, што народзяцца на працягу года ў такіх парушальнікаў, могуць быць ненармальнасці. А калі па неабходнасці хто і зробіць якую-небудзь работу, дык потым павінен рассекчы пляцень (жэрдку, на якую мацуецца частакол), што як бы вызваляе ад граху. Святочныя калядныя вечары працягваюцца да Вадохрышча. Даўней, як апавядаюць старажылы, яшчэ на золку на рэчцы, возеры ці крыніцы, па дамоўленасці з бацюшкам, вернікі высякалі з лёду крыж памерам у 1,5 м і "понеўку" (палонку). Ставілі крыж каля "понеўкі", аблівалі бурачным сокам і ўпрыгожвалі рознакаляровай паперай, галінкамі рабіны, самаробнымі кветкамі. У многіх месцах каля "понеўкі" ставілі ялінку. "Понеўку" высякалі ў адных раёнах круглую, у другіх - у форме крыжа. Так падрыхтоўвалі месца для спраўлення абраду. Пасля службы ў царкве святар, пеўчыя, вернікі з харугвамі і іконамі ішлі да вадаёму, дзе бацюшка чытаў святочны малебен і асвячаў ваду. Людзі прыязджалі са ўсёй акругі, набіралі ваду з палонкі, адламвалі галінкі елкі. Прыехаўшы дадому, асвячалі вадой дзяцей, хату, хлявы, падлівалі яе скаціне, самі пілі, лілі ў калодзежы, неслі бабцы-шаптусе, якая дапамагала хворым, і г. д.
На вушаках вокнаў і дзвярэй хаты і хлява малявалі крэйдай ці прыбівалі невялічкія драўляныя крыжыкі. Іх таксама клалі ў кашу. Той, каму крыж даставаўся ў час вячэры, назаўтра рана кідаў яго ў калодзеж ці ў рэчку. Затым бег у хлеў глядзець, як ляжыць карова: калі галавою на ўсход - ацёл будзе раніцай, на поўнач - ноччу, на поўдзень - удзень, на захад - вечарам.
Лічылася, што той, хто першым прынясе і паставіць свой крыжык, будзе доўга жыць. Дзяўчаты варажылі на крыжыкі: загадае на каханага хлопца і ловіць крыжык у калодзежы — калі зловіць, дык выйдзе за яго замуж. У Хоцімскім раёне крыжыкі хаваюць у вугал, пад страху хаты, хлява. Крыжыку надаюць магічную сілу, якая быццам бы ахоўвае ад грому.

Асвяці, месяц, позна вечарам.

Карагод вадзілі на Каляды. У ім удзельнічала розная колькасць жанчын. Узяўшыся за рукі, яны хадзілі, спяваючы, па кругу, у асноўным па сонцу і злёгку прыплясвалі. Перыядычна раз'ядноўвалі рукі. У свабодным стане іх рухі значна ўплывалі на эмацыянальны стан карагодніц і рабілі больш разнастайнымі пластычную мову ў цэлым.

Асвяці, месяц, позна вечарам,
Ой, люлі, люлі, позна вечарам,
I зямлю, й ваду, мяне, моладу,
Мяне, моладу, і ў старэй клеці,
I ў старэй клеці з старым лежучы.
Ой, цяжол, цяжол камень на вадзе,
Ціжалей таго, з старым лежучы.
Асвяці, месяц, позна вечарам
I зямлю, й ваду, мяне, моладу,
Мяне, моладу, і ў новай клеці,
I ў новай клеці, з роўным лежучы.
Ой, лёгка, лёгка пяро на вадзе,
Ой, лягчэй таго, з роўным лежучы.
*Рэфрэн "Ой, люлі, люлі" паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам.

Масленіца.

Масленіца адносіцца да тых народных святаў, якія не маюць прымеркавання да строга вызначанай даты. Час святкавання Масленіцы вызначаецца па Вялікадню, які ў народным календары з'яўляецца рухомым, паколькі, у сваю чаргу, залежьшь ад часу наступлення першай поўні пасля дня веснавога раўнадзенства 22 сакавіка. Як вядома, Вялікдзень прыпадае на першую нядзелю пасля гэтай поўні. Масленіца святкуецца за восем тыдняў перад Вялікаднём і можа ў розныя гады прыпадаць на перыяд другой паловы лютага - першай паловы сакавіка. Такое палажэнне Масленіцы на мяжы двух каляндарных цыклаў абумовіла і асноўны сэнс свята -праводзіны зімы. У цэлым аснову масленічных звычаяў, абрадаў і песень Магілёўшчыны, як, дарэчы, і іншых каляндарных цыклаў, складалі аграрна-магічны і любоўна-сямейныя клопаты чалавека. Рэшткі першых выразна відаць у адносінах да абавязковых масленічных страў: бліноў, аладак, сыру і масла. Так, лічылася, што круглыя прадметы - у тым ліку бліны - як бы дапамагаюць Сонцу хутчэй рухацца і паскорыць надыход вясны, а сытная ежа ўвогуле ўплывае на тое, каб весь год быў багатым і сытым. Масленічнымі стравамі запасаліся яшчэ з восені і ў час 6-тыднёвага Піліпаўскага посту: адтаплівалі сыры, збіралі масла; потым сыры падсольвалі і спрасоўвалі ў макатрах (гліняных паліваных гаршках памерам з вядро, а то і болей), залівалі растопленым падсоленым маслам, каб не было шчылін, і ставілі ў склеп. У в.Узлогі Хоцімскага раёна сыры да Масленіцы гатавалі так: "Кіслае малако адтопіцца ў печы, а тады яго ў клінок кладуць. Як сцячэ, тады ў таз. Яечак туды, солі і сахару. Пірямесіш ета ўсё, а тады піражочкамі небальшымі качаіш — і ў печ. Абжаряцца — і ў бочачку. Як застыне, тады слой солі вялікі зверху і ніхай стаіць. А на Масленку адкрываім" (Агаф'я Пахоменка).
У маслены тыдзень сала і мяса елі толькі ў апошні дзень, на загавіны. Увесь тыдзень пяклі і елі з сырам і маслам бліны рознага гатунку: бульбяныя, ячныя, грэцкія, пшанічныя... Як гаворыцца ў прыказцы, "а на масленай нядзелі бліны са стала ляцелі". Нездарма людзям хацелася, каб Масленіца доўжылася не адзін тыдзень:

Ах ты, Масленіца-пылізуха,
Працягніся ты хоць да Духа.
Мы думалі,
Масленіца сем нядзель,
Ажна Масленіца ўсяго сем дней.

Пэўны аграрна-магічны сэнс і адначасова любоўна-шлюбныя матывы праглядваюцца ў масленічных гульнях і забавах моладзі. Так, на Хоцімшчыне было распаўсюджана гушканне на арэлях: "Масленка падходзіць - ставяць хлопцы арэлі і калышуцца па парах: на адным канцы хлопіц з дзеўкай і на другім"; "як калышуцца, дык стараюцца вышэй узляцець. Тады, гаворяць, лён вырасцець доўгі". I спяваюць:

***

А ты, Масленіца-пылізуха,
Пыліжы-ка мяне хуць да Духа.

А ты, Масленіца-каталічка,
Чаго ты сёліта нівялічка?

А ты, Масленіца - белы сыр,
А хто не жаніўся - сукін сын.

А хто ажаніўся - задавіўся,
А хто замуж пыйшоў, тэй с ума сыйшоў.

***

А ты, Масленіца, белы сыр,
Ай, люлі, люлі, белы сыр.
А хто не жаніўся - сукін сын,
А хто ажаніўся - бацькін сын.

***

- А ты, Масленіца-пылізуха,
- Ай, люлі, люлі, пылізуха,
Хто цябе пылізаў? — Мыладуха.
- А ты, Масленіца-пылізуха,
- Працягнісь, працягнісь хоць да Духа,
Хоць да Духа, хоць да Духа, хоць да Тройцы.

***

Кукареку, пітушок, кукареку,
Ай, люлі, люлі, кукареку.
Зываліўся сыры дуб цераз реку.
Хто ж па тым па дубочку піряходзіць?
Іванушка Мар'ічку піряводзіць:
Ідзі, ідзі, Мар'ічка, не шатайся,
За белую бярёзачку не хватайся.

Сустрэча вясны.

У цэласнай сістэме традыцыйнай культуры Магілёўскага Падняпроўя цыкл веснавых каляндарных звычаяў і абрадаў займае асобае месца. Бадай нідзе больш на Беларусі веснавы перыяд не суправаджаецца такой колькасцю разнастайных абрадаў, песень, карагодаў, нідзе стыхія веснавога абуджэння прыроды і чалавечыя эмоцыі не выплёскваюцца так шырока і прыгожа ў гарманічным суладдзі рухаў і гукаў зямлі і чалавека. Веснавы цыкл "адкрываецца" ў самым пачатку сакавіка: "Першыя чатыры дні – на думку некаторых сялян, адлюстроўваюць увогуле стан надвор'я ўсяго года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібыта вясну; другое - лета; трэцяе - восень; чацвёртае - зіму: якія гэтыя дні, такая будзе і адпаведная пара года".
Гаспадарскія клопаты аб тым, як пракарміць дзяцей і "скацінку", у гэты час асабліва ўзмацняліся, бо вясна для селяніна — бадай што самая галодная пара года:

Вясна нідалёчка, хлеба ні кусочка,
Ай, люлі, люлі, хлеба ні кусочка.
Пашыім мяшочкі, пойдзім па кусочкі,
Пашыім сарбінкі, пойдзім па скарынкі.
*Рэфрэн "Ай, люлі, люлі" паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам.

Яшчэ больш яскравыя, сімвалічныя, магічнага характару абрадавыя дзеянні адбываюцца на Саракі (22 сакавіка / 9 сакавіка). У гэты час пажылыя людзі прыкмячаюць: калі, напрыклад, за тыдзень да Саракоў прыляціць жаўранак, то пасля Саракоў ён схаваецца і тыдзень будзе сядзець, бо халоднае надвор'е будзе; калі на Саракі мяцеліца - будзе вясна зацяжная, павымяце, кажуць, з пунь, адусюль; не будзе ні сена, ні хлеба ў засеках. Традыцыйнай абрадавай стравай свята з'яўляюцца печаныя птушкі-жаўранкі і сорак галушак. Галушкі яшчэ называюць бабашкамі. У народзе існуе павер'е, што ў гэты дзень павінна прыляцець сорак выраяў. Таму і выпякаюць птушак, што гэта сімвалізуе болыш хуткі прылёт вестуноў вясны. Напрыклад, у в. Ліпаўка Хоцімскага раёна, выпечаных або вырабленых з паперы птушачак садзяць у абаранкі (быццам на гняздзе сядзяць), чапляюць на нітку і прывязваюць да дрэваў. Дзеці таксама бегаюць з імі, падкідваюць угору і крычаць: "Жаўранкі ляцяць!"
Галушкі на Магілёўшчыне звязваюць з замаразкамі. Лічыцца, что пасля Саракоў павінна быць яшчэ сорак замаразкаў, і як наступіць чарговы замаразак, дык з'ядаюць адну галушку. Калі ўсе сорак замаразкаў прайшлі і ўсе галушкі з'едзены, гэта, на думку вяскоўцаў, добра, бо летам больш замаразкаў не будзе. Калі ж галушкі застаюцца, гэта не зусім добра.
Ажыўленне прыроды, першыя ласкавыя праменьчыкі сонца, веснавое дыханне зямлі абуджалі пачуццё чалавека да прыгажосці, кахання, надавалі яму новыя сілы і надзеі, што вясна прынясе яму новае, больш шчаслівае жыццё. Асабліва радасна сустракалі вясну дзеці і моладзь. Не ўтрымаць іх было ў хаце. I як толькі выпадалі святочныя дні, яны гуртаваліся на вуліцах, узгорках, спявалі песні, вадзілі карагоды. А ў Саракі, калі надвор'е яшчэ даволі халоднае, збіраліся ў гумнах, пунях і калыхаліся на арэлях: "Вяроўку ўкрадзем у бацькоў, лапці абуем і гарцуем дзень, акалеўшы”.
Гушканне на арэлях у веснавыя святы - характэрная з'ява амаль для ўсяго рэгіёну Сярэдняга Падняпроўя. Паводле народнага меркавання, гэты звычай садзейнічае здароўю чалавека, яго ачышчэнню; другое яго прызначэнне - паўплываць на рост ільну: лічылася, чым вышэй будзеш калыхацца, тым вышэй лён вырасце.
Кожны веснавы дзень прыносіць новыя з'явы ў прыродзе. У вадаёмах, рэчках лёд становіцца тонкім, і даўней на Аляксея (30 сакавіка / 17 сакавіка) дзеці бегалі на рэчку глядзець, "як рыба хвастом лёд разбіваець", а дзяўчаты, кінуўшы на колькі часу кросны, выбягалі на вуліцу, гукалі вясну, вадзілі карагоды.

А ручай коціцца, ды гуляць хочыцца,
Ой, лі, воі, лялі, ды гуляць хочыцца.
— А пусці, мамычка, а ны ручай гуляць,
А ны ручай гуляць ды сілязнёў відаць.
А сілязенічка сызакрыленькі,
А скажы праўдачку, дзе мой міленькі?
А твой міленькі сы вайны прішоў,
А сы вайны прішоў, а ны пасцелю лёг,
А зажадаў вады сы Дунай-рякі,
Сы Дунай-рякі, речанькі быстрае.
Рэфрэн "Ой, лі, вой, лялі" паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам.

***

Па вуліцы, вуліцы, па вуліцы новенькей,
Аі, вое, лялі, па вуліцы новенькей,
Па вуліцы новенькей шол Ванька малодзенькей.
Завідзела дзевіца з вісокага церіма,
На церімі седзючы, ў вакошычка гледзючы,
Ў вакошычка гледзючы, шырынычку шыючы:
Купчычык-малойчычык, хадзі ночку нычуваць,
Хадзі ночку нычуваць ны цісову кырываць,
Ны цісову кырываць, ны пуховы падушкі.
- Баюсь, баюсь, дзевіца, нябы познінька засплюсь,
Нябы познінька засплюсь, худый славы ныбярусь.
Худа славычка прыдзець, ніхто дзеўку не вазьмець,
А ні барін, ні купец, ні пріўдалы маладзец.
*Рэфрэн "Аі, вое, лялі" паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам.

У гэту пару асабліва ўшаноўваецца ў народзе вялікае хрысціянскае свята Благавешчанне. Па царкоўнай традыцыі, "за девять месяцев до Рождества Христова Церковь совершает торжество в вос-поминание преславного и вожделенного Благовещения Пресвятой Девы Марии о чудесном, беспорочном зачатии и рождении Ею Предвечного Сына Божего". Царкоўныя ўрачыстасці ўключаюць і народныя звычаі, якія маюць дачыненне да гэтага свята: "в некоторых сельскмх Церквах... сушествует обыкновение на праздннк Благовещения раздавать народу просфоры нарочно во множестве для сего приготавляемые н освящаемые. Просфоры сии некоторые полагают в небольшое количество хлебных се-мян н блюдут оные в них до времени посева; а с наступленмем сего сме-шивают оное небольшое, освященное благославенным даром, количество семян с семенами, приготовленными для посева; просфору же, выехав на поле и сотворив молитву Господу о ниспослании благославения на сеяние, употребляют в пищу".
На Благавешчанне рана печы не паляць. Ежу для сям’і і хатняй жывелы вараць увечары перад святам. У свята хаты не мятуць і смецце не выносяць, "каб куры яек не гублялі". Ніхто нічога не пазычае: "каб урону ня ўнесці ў хату". На Благавешчанне дзяўчыне забараняецца расчэсваць валасы, каб не здарылася такая хвароба, як каўтун, таму грэбень перад святам хаваюць. Выносяць з хаты і верацяно. У свята яго не павінны бачыць і браць у рукі, каб летам у лесе не сустракаліся гадзюкі.

Песні прымеркаваныя да вясны.

Ой, калі б кусцічык ня цвіў,
Ой, сылавей не зыпяе.
Ой, калі б дзеўку ня любіў,
Ой, не хадзіў ба я ды яе.
Ой, не хадзіў ба ды яе,
Ой, не любіў ба я яе.
Ой, ня дны сапожкі стыптаў,
Ой, ды яе я ходзючы.
Ой, ня дну кепычку знавіў,
Ой, пыд каплямі я стоючы.
Ой, ня дзін ножык пыламаў,
Ой, вакошычка атпіраў.
Ой, вакошычка атпіраў,
Ой, сабе дзевычку выбіраў.
Ой, выбраў сабе дзевычку,
Ой, бялянычку белыю.
Ой, бялянычка белыя
Ой, бялей снегу белыга.
Ой, бялей снегу белыга,
Ой, красней маку красныга.
Ой, красней маку красныга,
Ой, жарчэй сонца ясныга.

***

Зязюля мыя серыя,
Не кукуй рана ў дуброве.
Не кукуй рана у дуброве,
Не будзі госця ў каморе.
То мой госцічык дырагей,
То мой татычка родненькей.
То мой татычка родненькей
Учора прішоў познінька.
Учора прішоў познінька,
Сягоння пайшоў ранінька.

***

Ой, пышла ўдоўка пышанічыньку сеяць,
А йна сеіла ды йна Бога прасіла:
- А штоб мыя пышанічка ўрадзіла.
А шчэй ўдоўка ды да двыра не дыйшла,
А ўжо ж яе пышанічынька ўзыйшла.
А шчэй ўдоўка ды на лаўку ня села,
А ўжо яе пышанічка паспела.
Пышла ўдоўка пышанічыньку жаці,
Йна выжала піряпёлычку з дзецьмі:
- Дзеткі мае, а мне горычка з вамі.
- Не гарюй-ка, наша мамычка, з намі,
- Ой, мы вырасцім, пыляцім жа мы самі,
- Пыляцім жа ды на сінія моря,
Штоб не была нашый мамычкі горя.
Пыляцім мы да за цёмныя лясы,
Штоб не была нашый мамычкі таскі.
*Кожны радок паўтараецца двойчы.

Сёмуха.

Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня. Адсюль і яго назва. У славянскіх народаў гэта свята мае розныя найменні: "Сёмік", "Зялёныя святкі", "Май", "Тройца", "Зелянец", "Русаллі"... На Хоцімшчыне найбольш распаўсюджаны назвы "Духа", "Тройца", "Сёмуха", "Граная нядзеля". Асноўны сэнс гэтага свята - ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў. У абрадах, павер'ях і фальклоры часта фігуруюць дуб, бяроза, бук, яліна, ліпа, кіпарыс, ясень, альха, асіна, вярба, рабіна і іншыя дрэвы. У свяце Духа бяроза займае цэнтральнае месца. Існуюць два галоўныя віды абрадаў, звязаных з дрэвамі: 1 - з жывымі дрэвамі, што растуць, 2 - з дрэвамі ссечанымі і прынесенымі з лесу ў паселішча. Першы від абрадаў больш старажытны, другі - больш позні. Адметнасцю нашай традыцыі з'яўляецца тое, што ў ёй у жывым выглядзе існуюць абодва віды абрадаў, і асноўная тэрыторыя іх пашырэння - менавіта Беларускае Падняпроўе. Тут яны сканцэнтраваліся ў прыгожым і паэтычным свяце Духа. Гэта спецыфічна жаночае свята. У другой палове дня дзяўчаты і маладыя жанчыны ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі:

А мы ў поле ідзём, а мы ў чістае,
Ай, люлі, люлі, а мы ў чістае.
А мы ў жыта ідзём, а мы ў густое,
Ай люлі, люлі, а мы ў густое.
Зарадзі, Божа, жыта густое,
Ай, люлі, люлі, жыта густое.
Жыта густое, кыласістае,
Ай, люлі, люлі, кыласістае.
Кыласістае, ядраністае,
Ай, люлі, люлі, ядраністае.

Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак. Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымліваліся нібыта вароты-арка, іх упрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі і праз іх праходзілі. Такім чынам куміліся, абменьваліся лентамі, платкамі, вадзілі карагоды, спявалі:

Я пайду, пайду, ой, пайду, пайду
Ва зялёненькі садок.
Я сарву, сарву, ой, сарву, сарву
Цвет калінавы цвяток.
Я саўю, саўю, ой, саўю, саўю
Ны галовычку вянок.
Я спрашу, спрашу, ой, я спрашу, спрашу
У строжанькіх людзей,
Ці ссохніць вянок, ой, ці ссохніць вянок,
Ны галовычке вянок,
Ці тужыць, плачыць, ой, ці тужыць, плачыць
Па мне мілянькі дружок.
Ой, сохніць вянок, ой, сохніць вянок,
Ны галовычке вянок.
Ой, тужыць, плачыць, ой, тужыць, плачыць
Па мне мілянькі дружок.

Вілі вянкі з кветак, варажылі на іх: вешалі на бярозку і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, здароўя, замужжа. Разам з моладдзю ў лес ішла бабка, якая павінна была ачысціць крапівой жанчын і дзяўчат ад злых духаў. "Як ішлі вянкі завіваць на Духа, дык бабу з сабой бралі. "Пойдзім, - кажам, - з намі, а то хлопцы нас напужаюць". Яна ідзець, крапівою нас усягда ачышчала. Садзілася, а мы кругом яе бегаім, а яна ж нас - па руках, па нагах, па галаве - дзе пападзе. Падскоквала ў кругу і біла нас крапівою" (Марыя Ляоненка, в. Узлогі, Хоцімскі раён). Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак вянкі развіваць. "Прыкмета такая: калі вянок астанецца не развіты, то будзіць галава балець, будзіць кружэнне ў галаве, а як разаўеш вянок, то будзіць добра табе, цэлы год будзіш здаровай. А як ужо разаўюць вянкі і адыходзюць з поля, пяюць:

А мы вяночкі развілі
1 гарелачку папілі,
I закусачку паелі,
Пашлі дворачку - запелі".

На Духа варажылі на вянках: "У нас дзяўчаты хадзілі да рякі і пускалі вянкі па вадзе, а хлопцы заходзілі ўпярёд і лавілі іх. Зловіць — адзяець на галаву і ідзець. Дзяўчына ўжо глядзіць, хто вянок яе вылавіў. Было такое павер'е: калі варожыш на вянок і хлопіц яго зловіць, то выйдзіш за яго замуж, а калі доўга плывець, то і доўга замуж ня выйдзіш" Велізарнае месца ў свяце Духа адводзіцца галінкам дрэў. Перад святам, прыбраўшы хаты і двары, ішлі ў лес, высякалі маладыя дрэўцы ці голле бярозы, дуба, клёна, рабіны і "ставілі май" — прынесенымі галінкамі аздаблялі сцены і вокны хаты, ікону, а падлогу ўсцілалі аерам. Маладыя бярозкі ставілі ў брамцы, перад ганкам, каля плоту.
У Хоцімскім раёне на Духа выконвалі спецыяльны танец. "Дзеўкі крівы танец на вуліцы вадзілі. Станавіліся ўтраіх паўкругам, браліся за рукі. Адна кругом сябе як павядзе, а астатнія ў хвост становяцца. Хто танец вядзець, круціць вакол сябе, змейкай водзіць. Вялікая змейка палучаіцца, як дзевак набярецца. Бывала, хто ў канцы, дык не ўдзержыцца і атарвецца. Тады ўжо хахочуць".

Купалле.

Самым галоўным летнім рытуалам беларусаў здаўна было Купалле (6 ліпеня / 24 чэрвеня). Разнастайныя тлумачэнні сэнсу назвы гэтага свята ўказваюць на сувязь яго з культам сонца, вады і з ушанаваннем зямной плоднасці. Свята Купалы прыпадае на пераломны момант года - на перыяд летняга сонцаварота, калі, па народным вызначэнні, "сонца паварочвае на зіму, а лета на жару". Купальскае свята на Хоцімшчыне ў асноўных сваіх момантах мае шмат агульнага з Купаллем у іншых рэгіёнах Беларусі. Але мноства самых розных адценняў, якія выразна праяўляюцца тут і ў саміх дзеяннях, і ў песнях, у прыкметах і паданнях, надаюць падняпроўскаму Купаллю непаўторнае "гучанне".
Перад купальскай ноччу пад вечар дзяўчаты і жанчыны ішлі ў лес, на лугі, збіралі травы, з якіх вілі прыгожыя вянкі, а частку асвячалі ў царкве. Лічылася, што зёлкі, сабраныя ў купальскі час, маюць цудадзейную сілу. "Гэтае вераванне, - піша А.Ліс, - грунтуецца на шматвяковым назіранні за прыродай, лекавай дзейнасцю траў. Купалле - зеніт лета, пара, калі сонца дасягае свайго апагею, было і часам даспявання траў. Натуральна, што, сабраныя гэтай парою, яны мелі найбольшую лекавую моц. Веды, здабытыя непасрэдным назіраннем, практыкай, народ аформіў у міфе аб цудоўным уплыве купальскіх траў, здольнасці іх праганяць хваробы, ахоўваць ад рознага наслання" .

Пад вечар Купалля гаспадыні вымяталі хаты, двары: нібыта выдалялі ўсё нячыстае, нядобрае. "Мусар сабіралі са двара, — расказвала Еўдакія Сцепуценя з в. Зелянец Хоцімскага раёна, - і клалі на агонь купальскі, каб уся хвароба пашла з агарода, каб трава не расла ў полі, каб усе здаровыя былі". Дзяўчаты гуртаваліся і абмяркоўвалі, як будуць варажыць. Хлопцы рыхтавалі кола, сухое дрэва для вогнішча, шуткавалі, як будуць палохаць дзяўчат у час іх варажбы. Увечары да заходу сонца моладзь збіралася ў гурты, пераапраналіся хто ў чорта, хто ў ведзьму, хто ў лесуна, русалак, і з песнямі ішлі да месца, дзе павінна было быць вогнішча. А яго выбіралі, як правіла, на ўзвышшы, каля вады, недалёка ад жыта. Увогуле сімволіка агню ў купальскіх абрадах займала вялікае месца. Як і паўсюдна на Беларусі, у падняпроўскім краі купальскае вогнішча было ў цэнтры ўсёй святочнай цырымоніі. Вакол яго вадзілі карагоды і спявалі спецыяльныя купальскія песні. Праз агонь скакалі і моладзь, і людзі сталага веку, спадзяючыся, што купальскі агонь (гэта ж само сонца!) знішчыць усё благое, што перашкаджае чалавеку ў жыцці. Вакол агню абвадзілі маладух, якія павінны былі нарадзіць дзіця. Хлопцы прымацоўвалі на кроне сухога дрэва кола і потым яго разам з дрэвам спальвалі. Запаленыя колы каталі з гары, па дарогах, праз вогнішча. Дарэчы, кола на Магілёўшчыне ў купальскую ноч выкарыстоўвалі і для іншых мэт.

Бадай ні адзін беларускі каляндарны рытуал не змяшчае столькі таямнічых павер'яў, як Купалле. "На Івана Купала да ўсходу сонца нада сабраць мураўінае масла. Мураўі яго ў клубок скатваюць і наверх выкідваюць. Яно вельмі палезна - самае лячэнне ад многіх хвароб. Яго сумець нада ўзяць: сагнесся ўзяць, а такі страх находзіць... Аглянесся - а ўжо масла няма" (Еўдакія Сцепуценя, в. Зелянец, Хоцімскі раён). Але галоўны цуд купальскай ночы - славутая папараць-кветка. "Гавораць, чорная папараць цвіцець: ета тая, што драбней, нізенькая папараць. I хто знойдзець еты цвяток, той шчаслівы будзець" (Еўдакія Сцепуценя, в. Зелянец, Хоцімскі раён). "Бывала, як поўнач, бегаім па лясу, шукаім кветку. Ну, ета ж редка хто яе найдзіць, ета бальшое шчасце таму чалавеку" (Фёкла Раманенка, в. Ліпаўка, Хоцімскі раён). "Папараць цвіцець розавенькім цвятком, яна цвіцець адну мінуту ноччу. Чалавек, які ўвідзіць ету кветку, будзіць панімаць язык рек, азёр, пціц, звяроў - усяго жывога. Нам расказвалі: чалавек коней пасціў, і ў лапці яму папаўся цвяток папараці. I яму стала ўсё ізвесна, хто што гаворіць: і птушкі, і звяры, і дрэвы — усё жывое. Калі прішоў дадому, разуў свае лапці і ўсё забыў, усё пацярялась і сразу не стала" (Ксеня Тукаленка, в. Ельня, Хоцімскі раён).

Не меншай маляўнічасцю вызначаюцца апавяданні і пра нячысцікаў. На Магілёўшчыне гавораць, што ў купальскую ноч здзяйсняецца нейкі пераварот у свеце: ажываюць і весяляцца нячысцікі, русалкі купаюцца ў рэках, дрэвы могуць перамяшчацца і размаўляць між сабою. А нават бывае, што птушка ці дрэва загаворыць чалавечым голасам, што "паказваюцца" ў зямлі закапаныя скарбы... У купальскую ноч ведзьмакі набываюць асаблівую магутнасць, і чалавеку прыходзіцца быць вельмі пільным, каб абараніцца ад іх. "Купальская ноч такая, што калдуюць многа. Можна здзелаць, штоб ваўком быць і свіннёю, і кім хочыш, ці катом пабяжыш. Расказвалі, адна дзеўка сідзела з хлопцам уночы і відзіць - капа сена па вуліцы бягіць. А няма ні каня, ні чалавека, ні калёс. Ета пад Івана ведзьмы ператваряюцца так і бегаюць, уред дзелаюць. Вот у нас раньшэ агароды палоскамі былі, дык яны, кажуць, бегалі, да. К прымеру, з маёй паласы зямлі схваціць і к сабе нясець. Ета штоб мне беднасць была, а ёй багатства" (Фёкла Раманенка, в. Ліпаўка, Хоцімскі раён). "Помню, была малая, дык у нас у дзяреўні жыў мужык, Родзька. Расказваў: "Іду я ў сваё гумно, бяжыць наўстречу серая кошка. Вечар, позна ўжо, цёмна было, якраз у ноч на Івана Купалу. Жык! Тая кошка мятнулася пад ногі. Я яе сваёю качарыжкаю агреў дый папаў па галаве якраз". Родзька і кажа людзям назаўтра: "Паглядзім, у каго галава будзіць прабіта. Я ўчора кошку незнаёмую па галаве стукнуў". А тут баба ідзець - галава завязана, черяпок у яе прабіты. Во так калдунню пазнаць можна" (Арына Даронькіна, в. Кляноўка, Хоцімскі раён). "На Йвана ведзьмаў ганялі сільна. Сідзяць хлопцы да зарі да самай, а потым ныбяруць пянькі ці пук, ці два, тады самнуць і насыпяць кастры на дарожцы ў двары, дзе карова ведзьміна ходзіць. I яна, ведзьма, карову не пускаіць, бо ў яе малаке будуць черві. Тады хлопцы смяюцца".
Калі купальская ноч заканчвалася, моладзь ішла глядзець, як сонца ўсходзіць. Лічылася добрым знакам, калі яно ўставала "іграючы". "На Яна сонца красіва ўсходзіць: то во разбягаіцца, разбягаіцца палосамі рознымі: і красным, і аранжавым, і жоўтым, — а тады палосы разам сальюцца. Пераліваецца так красіва. Ета к харошаму ўраджаю" (Марыя Чыбусава, в. Бяседавічы, Хоцімскі раён).

Жніво.

Прыступаючы да жніва, зажынальніца клала ў жыта хлеб-соль і прыгаворвала: "Святая зямелька, на табе хлеб-соль, а нам дай спор". Першаму зжатаму снапу аказвалася асаблівая пашана — яго неслі двору на кут. На куце ён стаяў да первай Прачыстай. Следам за першай жняёю ў поле адпраўляліся ўсе працаздольныя жанчыны "адкрываць" работу. Апраналіся ва ўсё белае: надзявалі доўгія спадніцы, андаракі, пад імі - споднік з карункамі; паверх - белыя вышываныя фартухі, вышываныя кофты; на ногі - белыя анучы, гайтуны (спецыяльныя аборкі да лапцей сіняга ці чорнага колеру); на галаву - белыя хусткі, якія завязвалі "пад бараду" ці "кулінкай" (на лоб, і завязвалі на патыліцы), а таксама чапцы (шапачкі) з брыжыкамі і пацеркамі. Звон сярпоў, шамаценне жыта, галасы птушак, плач дзяцей, песні жанчын запаўнялі залацістую жытнюю прастору, што пералівалася на спякотным сонцы. У поўдзень, калі ўсе ўжо прытаміліся, жанчыны па-суседску садзіліся абедаць. У час адпачынку ўсё наваколле разлягалася ад песень. Пасля абеду праца працягвалася. Жалі і старыя, і маладыя, і цяжарныя; дзеці збіралі каласкі па полі... Жалі амаль да першай зоркі, а на досвітку наступнага дня зноў віталіся з нівай.
Па заканчэнні жніва спраўлялі дажыначныя абрады... У некаторых месцах Хоцімскага раёна (в. Узлогі) "бараду" завівалі ў гонар Іллі, які ў народных павер'ях атаясамліваецца з богам Пярунам, Грамаўніком (у часы язычніцтва ён з'яўляўся апекуном земляробства і ўрадлівасці).
Па заканчэнні жніва дзяўчаты плялі з жыта вянок, прыбіралі яго кветкамі, адзявалі яго на самую прыгожую дзяўчыну ці маладую жанчыну і ішлі дахаты з песнямі. Вянок аддавалі гаспадару, а ён вешаў яго на ікону і частаваў жней. Дома да дажынак рыхтавалі ўрачыстую вячэру. Лічылася, што багаты стол спрыяе добраму ўраджаю наступнага года.

Нідаўнічка, нідалёчка,
Нідаўнічка, нідалёчка,
Паўтары гадочка,
Паўтары гадочка.
Праважала я й мілога
Дай да гырадочка,
Дай да гырадочка.
Сярёд горыда на рынку
Каліна стыяла,
Каліна стыяла.
Я й пад тыю каліныю
Стала й пыстаяла,
Стала й пыстаяла.
А я ж тую калініцу
Навек праклінала,
Навек праклінала.
- Штоб цябе, калініца,
Вавек не ўрадзіла,
Вавек не ўрадзіла.
Як ты мяне, калініца,
3 мілым разлучыла.

***

А ўсе людзі двору йдуць,
Я, млыда, ня думыю.
Я, млыда, ня думыю
А к свайму нялюбыму.
Скінуся я, молыда,
Серыю зязюлею,
Пылячу я, молыда,
А к свайму нялюбыму,
Пыгляжу я, молыда,
Што нялюбы дзелыіць.
А мой жа то нялюбы
Дзіцятачку калышыць:
- Баю-баю, дзіцятка,
- Баю-баю, родныя.
Німа тваёй мамычкі
Із чужэй жа нівычкі.
А чужая нівычка
Атабрала сілычку.

***

Із-за леса, із-за рошчы
Ішла ротушка сылдат.
Улева, ўправа, харашо і брава
Ішла ротушка сылдат.
Ішла ротушка сылдат,
Ўпірядзі шол капітан.
Ўпірядзі шол капітан,
Харашо маршыраваў.
Харашо маршыраваў,
Астанаўліваўся.
Астанаўліваўся,
3 Машэй здрастываўся:
- Здрастуй, Маша, здрастуй,
- Саша, Здрастуй, душынька мыя.
Здрастуй, душынька мыя,
Дома ль мамынька твыя?
- Дома нету нікаво,
- Палізай, маёр, ў вакно.
Маёр ручку працянуў,
Салдат плеццю сцебануў:
- Не маёрска ета чэсць
- Па-сабаччу ў вакно лезць.
Есць і сені, есць і дзвері,
Есць і новы вырата.
Есць і новы вырата,
I калітка атперта.

Восень.

27/14 верасня адбываецца праваслаўнае свята Ўзвядзення Крыжа Гасподня. У народзе яго называюць Узвіжанне, Здзвіжанне: "Здвіженіе Честного Креста... Як распялі Госпада, распялі і двух разбойнікаў на крестах. Эці трі кресты глубако зарылі і паставілі язычаскі дом. Царіца Елена стала шукаць, дзе Господзен крест. Ей сказалі, дзе ён зарыты і што там дом пастаўлен. Царіца прыказала лом разрушыпь і шукаць крест. Сталі рыцца і нашлі трі кресты. Які ж Господзен крест? I тут пакойніка вязуць. Адзін прыклалі крест — пакойнік не ўстае, другі -- таксама, треці — пакойнік. васкрес. I вот яны паднімаюць этот крест і пяюць: "Кресту твоему поклоняемся..." I Господзен крест паставілі ў цэрьковь. У этот дзень по сей час у цэрькві прыбіраюць Крест у вянок, у цвяты. Ідуць круга цэрькві і пяюць: "Госпадзі, памілуй! Кресту твоему покланяемся, Владыче, і святому воскре-сенію Твоему..." У этот дзень бірягуць пост, грех работу дзелаць якую У сялян існуе павер'е, што на Здзвіжанне Бог "закрывае зямлю". Сама прырода нібыта пацвярджае гэта павер'е: лес скідвае сваё пурпурна-залатое ўбранне, новае семя збрасваюць на зямлю засынаючыя расліны, усё часцей чуваць тужлівыя галасы адлятаючых птушыных выраяў. Дні становяцца больш халодныя, усё жывое ў прыродзе прыладкоўваецца да зімы, шукае сабе прытулак.

Па народных прыкметах, у гэты дзень адбываецца асаблівая з'ява ў прыродзе: усе змеі, адчуваючы надыход зімы, збіраюцца ў ямы, хаваюцца пад карнявішчы пнёў. У фальклоры Магілёўшчыны пра змяіныя паводзіны існуе шмат легендаў: "На Здзвіжанне ўсе гадзюкі ідуць у адну яму і там усе разам зімуюць. Помню, расказваў мне адзін дзядок, мы яшчэ малыя былі дзеці... Дык ён і кажа: "Дзеткі, не хадзіця сёння ў лес, сёння Здзвіжанне і ўсе змеі збіраюцца ў яму на зімоўку. Вы можаце туда ўваліцца і перазімаваць з імі." А мы пытаемся ў яго: "А як жа мы перазімуем, як мы будзем жыць без яды?" А ён і кажа: "У іх такі сіні камень ляжыць, і яны яго ліжуць, ім і пітаюцца. Адна дзяўчына пашла ў гэты дзень у лес і ўпала к ім у яму і зімавала з імі. Яны яе не чапалі, але як лізалі гэты камень, то і яе застаўлялі. Яна лізнець — і сыта. А вясною ўсе разам яе падсадзілі, і яна вылезла з той ямы" (Ксеня Тукаленка, в. Ельня, Хоцімскі раён). Варыянт гэтай легенды паведаміла Фёкла Раманенка з в. Ліпаўка гэтага ж раёна: "На Ўзвіжанне ўсе змеі сабіраюцца ў адну кучу. У іх ёсць галоўная змяя Шкурапея, вот яна іх усіх і сабірае. Яна такая вялізэрная, змяя гэтая, мо метры з два, тоўстая. Вот пашоў адзін дзядзька ў лес і ўваліўся ў тую змяіную яму. А яма глыбокая, і чалавек выбрацца з яе ніяк не мог. Шкурапея не дапусціла, каб гадзюкі ўкусілі гэтага чалавека. Яна падлезла пад яго і дала знак, што я табе памагу вылезці. Ён стаў на яе, а яна стала падымацца, падымацца і вынесла яго наверх. Кажуць, праўда гэта было".

Па календару земляробчых работ Здзвіжанне - час, калі з поля павінна ўсё здзвінуцца: азімыя з яравымі быць пажаты, звезены з поля і абмалочаны, выкапана бульба. Відаць таму многія вяскоўцы і сцвярджаюць, што назва свята пайшла менавіта ад гэтага. 1/14 кастрычніка спраўляецца адно з асноўных святаў восеньскай пары - Пакрова (Пакроў). Гэта найзручны час для вяселляў: "Прыходзіць Пакрова — раве дзеўка бы карова". Моладзь гуртуецца на вячорках, дзе побач з працай (нарыхтоўкай пражы, упрыгожваннем кашуль і інш.) гуляюць у гульні, спяваюць песні, расказваюць казкі, анекдоты, паданні, прыглядаюцца адзін да аднаго. Дзяўчаты напярэдадні Пакрова варожаць на замужжа, а ў дзень Пакрова ставяць у царкве свечку перад іконаю Божай Маці і моляцца: "Пакроў-Багародзіца, пакрый мяне, дзяўчыначку, пеляною сваей нятленнаю, мне ісці на чужую староначку".

У дзень Пакрова бацюшка хадзіў па вёсках і пасвяцаў хаты, скаціну ў хлявах. "Бацюшка і служыцелі цэркві, веруючыя бралі ікону святога Пакрова, пратасэі і захожалі ў кожную хату. Пакроўскую свячу вернікі спраўляюць і зараз у многіх раёнах Магілёўшчыны. 3 Пакровам звязана шмат прыкмет і прымавак: "Якое надвор'е ў дзень Пакрова, такім яно будзе ўсю зіму да вясны", "Пакрова пакрые не снегам, дык лістом", "Прышлі Пакроўкі — не далі малака кароўкі" і інш. На Пакрова Ў Хоцімску заўсёды праходзілі і праходзяць да гэтага часу кірмашы. Гаспадары і купцы везлі свае тавары на торг. Бандары, ганчары, майстры кавальскай справы вязлі на кірмаш свае вырабы. Гаспадыні прадавалі бублікі, цукеркі, піражкі і іншыя ласункі. Тут адбываліся знаёмствы хлопцаў і дзяўчат. Хлопцы прыязджалі на добрых конях з прыгожай вупражжу . На кірмашы можна было пачуць не толькі разнастайныя песні і прыпеўкі, але і казкі, анекдоты, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, пабачыць карагоды, гульні, самому паўдзельнічаць у шматлікіх забавах.

У лістападзе (28/15) пачынаецца апошні ў годзе шасцітыднёвы Піліпаўскі пост. У народзе яго завуць проста "піліпаўка". "У піліпаўку кормяць малочным толькі дзяцей да 10 гадоў, а так больш нікаму не давалі скаромнага, ні людзям, ні скаціне. Поснае ўсё сваё дабывалі: і грыбы сушылі, і каноплі сеялі да масла гналі з яго, і так таўклі і елі з галушкамі, рыбу куплялі. 3 піліпаўкі "дзень толькі да полудня", а потым ужо цямнее. Пачыналіся вячоркі, попрадкі. Кажуць: "Што ў піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш". У гэты час імкнуліся абрабіць лён: на вячорках пралі кудзелю, вязалі, вышывалі, дзяўчаты рыхтавалі сабе святочнае і будзённае адзенне, прыданае да вяселля; жанчыны рыхтавалі пражу, каб выткаць да Вялікадня ручнікі, дываны, посцілкі, палатно... Да працавітых людзей у народзе заўсёды ставіліся з павагай, а гультаёў высмейвалі. 17/4 снежня на Магілёўшчыне ўшаноўвалася святая Варвара. "Ета дзявоцкая была гулянка, але і без хлопцаў не абходзілася. Да яе пяклі праскуру. Дзеўкі, хлопцы зранку ішлі ў царкву і адпраўлялі ету праскуру. Яна была як аброчная ў чэсь святой Варвары. Складваліся, прыносілі ўсе стравы посныя, потым вечарам бралі ікону святой Варвары, упрыгожвалі яе, свечы запальвалі і спраўлялі вячэру. Перш дзялілі праскуру і з'ядалі па кусочку, а затым усё астальное, Пелі псалмы і ўсягда пелі песню пра святую Варвару:

Святая Варвара,
Невеста Христова прекрасная.
Святая Варвара у поле побежала,
У поле побежала, к овцам прибежала,
От овец побежала, к горе прибежала.
Гора расступилась, Варвара сокрылась.
Святая Варвара в церковь прибежала,
Святая Варвара в церкви сокрылась.

Восеньскія песні.

Шчыбітала сінічычка,
Ўсё на кусціку седзячы,
Ўсё на кусціку седзячы,
Ды пад кусцічак гледзячы.
Ны кусточку ні лісточка,
Пад кусточкам ні травінычкі.
А дзе ж маё лета дзелась.
К лету восінь пыдскачіла.
Зялёная еварінычка,
Што ты мала, нівялічынька?
А ці ў цібе евароў многа,
А ніводныга дробныга?
А ты, красная дзевычка,
А ці ў цябе бацек многа?
А ніводныга родныга,
А пырядычку нет водныга.
*Першы радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.

***

За речкаю, за быстраю
Там кароўка рыкала.
А знаць, мяне радзімая маці
Ды вячеряць гукала.
- А вячеряй, радзімая маці,
- А калі ты нываріла,
А мне твая вячерачка
А без люба няміла.
Ён паехаў у чыстыя поля
I ў шырокая раздолля.
Напісала б яму пісямочка,
Да пісаці ня ўмею.
Наняла б я млодых пісарёчкаў,
Я пісарікам ня верю.
Пісарёчкі ўсе вары-зладзеі,
Разлучнікі-ліхадзеі.
Разлучылі, мілянькі, з табою,
А як рыбачку з вадою.

***

Зы гаём, гаём брала дзеўка лён
Ды забыла пувізаці.
Нідалёчычка мілы мой жывець,
А мне некам ныказаці.
Вярнуся назад, пувяжу я лён
Хоць сырою травою,
Ныкажу-ка я свайму мілыму
Хоць чужою жаною.
Дзе б мілы ня быў, штоб ка мне прібыў
Са лужкамі, біряжкамі,
Са лужочкамі, біряжочкамі,
Ўсё крутою гарою.
Крутую гару кругом абайду,
Быстру речку піряеду,
Быстру речачку я піряеду,
К свайму мілыму заеду.

***

Баліць мыя гылыва,
Майго роду тут німа,
Майго роду тут німа.
Як пайду я ў даліну,
Як пайду я ў даліну
Шукаць сваю радзіну.
Не нышла я радзіны,
Нышла кусцік каліны.
Нышла кусцік каліны
На маткінай магілі.
Ручычкімі абніла,
Слёзычкімі абліла.
- Ты устань-ка, мыя маць,
- Маё горя гыріваць.
- А дачушычка мыя,
- Гарюй горічка сыма.
*Першы радок кожнай страфы паўтарасцца діюйчы.

***

Каму сонца і пагода,
А мне, молыйцу, туман,
А мне, молыйцу, туман.
Ой, каму радысць і вясёлысць,
А мне, молыйцу, пічаль,
А мне, молыйцу, пічаль.
- Ой, а дзе ж мыя каханычка
- Нычувала біз мяне,
Нычувала біз мяне?
- Ой, нычувала, рассукін сын,
- Ў цёмным лесі з сылаўём,
Ў цёмным лесі з сылаўём.
Ой, як прачнулась, я ўлякнулась
Ды й запела пы заре,
Ды й запела пы заре.
Ой, ўсё па яснай па зорачке
Едзіць мілый ны кане,
Едзіць мілый ны кане.
- Ой, здароў, здрастуй, мыя міла,
- Ці здаровенька жывёш,
Ці здаровенька жывёш?
- Ой, ці думаіш, мой міленькі,
- Што любоў дарам прайдзёт,
Што любоў дарам прайдзёт.
Ой, у цябе ж то, мой міленькі,
Конь варонянькі ўпадзёт,
Конь варонянькі ўпадзёт.
Ой, прападай жа, конь вароны,
Ой, прападай жа і другой,
Ой, прападай жа і другой.
— Ой, зыставайся, мыя любезная,
Ой, зыставайся і са мной.

***

А ў суботу рана
Ва ўсе званы звонюць.
Паслухай-ка, мілы,
Што людзі гаворюць.
'т етыга 'тгавору
Пайду я ў камору,
Пайду я ў камору,
Сяду ны скамейку.
Сяду ны скамейку,
Адчыню кватэрку,
Адчыню кватэрку,
Гляну пы бызару.
Там мой мілы ходзіць,
Кыня ў руках водзіць,
Кыня ў руках водзіць,
Дзяўчонычку просіць:
- Красныя дзяўчына,
- Напой майго кыня,
Напой майго кыня
Сярёд сіня моря.
Красныя дзяўчонка,
Пашый мне кашулю,
Пашый мне кашулю
3 крапіўныга цвету,
3 крапіўныга цвету,
Штоб цела не свярбела,
Ў баню не хацела.
* Другі радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.

***

Ой, сядзела Маша позна вечарам,
Зыжыгала свячу з воску ярыга,
Дыжыдала дружка разудалыга.
Вот ідзёт і гудзёт па дарожычке,
I стучыць, і грючыць у вакошычка:
- Адчынісь, атапрісь, душа Машычка,
- Я ня вор прішоў, не разбойнічык,
А я прежній твой палюбоўнічык.
Я прішоў к Машы распрасіціся,
Ці пазволіш ты мне ажаніціся.
- Ты жанісь, жанісь, друг бяссовесный,
- Ты бярі таго, каго я вялю.
Я вялю, вялю падружку сваю,
Падружку ўзяўшы, будзіш сердзіцца.
- А мне ўзяць, не ўзяць сымаё цябе,
- Сымаё цябе, дзеўку беднаю,
- Дзеўку беднаю, жану вернаю.
*Кожны радок паўтараецца двойчы.

Дзяды.

Дзяды спраўляюцца два дні: посныя - у пятніцу, скаромныя - у суботу; Радаўніцкія - толькі скаромныя і адзін дзень. Перад Дзядамі ў чацвер мыюцца ў лазні, пасля сябе астаўляюць ваду і чыстыя неабходныя рэчы "мыцца дзядам". Напярэдадні Дзядоў прыбіраюць у хаце, вымываюць лавы, стол, вычышчаюць покуць, запечак. Гаспадыні рыхтуюць усё неабходнае для святочнай поснай і скаромнай вячэры, забіваюць жыўнасць для прыгатавання больш багатага стала. Зранку ў пятніцу ідуць у царкву памінаць родзічаў, ставяць свечку за супакой іх душ, заказваюць малебен, "адправу".
Рытуальнае частаванне для дзядоў абавязкова ўключае бліны, куццю (кашу), канун і стравы з буракоў. Стравы павінны быць гарачымі, каб ішла пара. Для духаў продкаў, па павер'ю, пара і з'яўляецца іх ежай. Колькасць страў павінна быць няцотнай. Перад вячэрай запальваюць свечку, чытаюць малітву ў гонар ушанавання ўсіх памёрлых, адчыняюць вокны, дзверы, комін і запрашаюць дзядоў "бедаць", "дзедаваць", "вячіраць". Кожную са страў адкладваюць па лыжцы на талерку для дзядоў. Пасля памінальнай вячэры нічога не прыбіраюць са стала: па павер'ю, дзяды ўночы прыходзяць частавацца.
Сваёй адметнасцю і выразнасцю ўшанавання культа продкаў вызначаюцца Радаўніцкія Дзяды, "Вялікдзень мяртвых", ці Радаўніца. Гэты абрад да нашага часу захаваў у сабе водгулле язычніцкай трызны, аб чым сведчаць некаторыя апавяданні жыхароў-носьбітаў традыцый: "На Радаўніцу яйкі красяць, булку пякуць, вячэру харошую гатуюць, после абеда ідуць на магілкі к родзічам, прыбяруць іх, пакодзяць кадзілам вакол магіл, патом Богу памолюцца, памянуць памёрлых, а хто ведае, дак і пагалосяць, яйцо пакачаюць па магілцы і паложуць, булку-"паску" паложуць і шчэ што з яды. Садзяцца, абедаюць, там і выпіваюць, і Хрыстос пяюць. А моладзь дак і гуляць ідзе вечарам. Дак яўрэі і кажуць: "Калі ў вас той празнік "Асалмей", калі вы і пашаце, і плачаце, і скачаце".
"У нас у Ліпаўцы магілкі загадзя ўбіраюць, а на Радаўніцу бяруць ікону і проціў часавой стрэлкі абносюць іконай кладбішча, тры разы абходзюць і Хрыстос пяюць, а тады ўжо садзяцца к магілкам, засцілаюць іх скацеркаю, кладуць яйца, "паску", канхветы. Памінаюць мяртвых з гарэлкай, хто плачэць, а хто сядзіць і ў біткі гуляець. Паабедаюць і дамой, салхветкі (скацеркі) забіраюць, а прадукты астаўляюць на магілцы. А то бывала сабіраюцца ў карчме ці дома ў кагосьці, дзе з музыкай танцуюць, спяваюць, гуляюць".
"На ўсе Дзяды ў цэркву ідзем, памінальніцу заказваем на ўсіх, хто памёр. Пякем блін, кладзем мёду на яго - "кануна" называецца, - нясем яго ў цэркву, кладзем на палаценца, і над ім чытаецца малебен, патом нясем двору, як бедаем, усім етага бліна па кусочку падзелім, первым яго ядзім. А як сесьці бедаць, Богу памолімся, свечку запалім, патом бярэм кусочак свечкі, вугалькоў ці смалы сасновай у каробачку якую, запальваем аганек, і яно курыцца ("кадзіла" называецца) і па ўсіх вугалках у хаце, і на двор пусьцім еты дымок. Тады ўжо адчыняем дзверы ў хаце і гукаем: "Святыя радзіцелькі, хадзіце к нам абедаць", - запрашаем усіх па імю, і сваіх і чужых завем, калі німа к каму ісьці. За бедам тры чаркі гарэлкі выпіваем. А на стол і кашу, і буракі варым абязацельна, ну і мяса, і ўсё, штоб улішку было. Дзядам на талерачку адкладваем усяго, патом стол не ўбіраем, ноч стаіць, а назаўтра, што не даелі, скату аддаем. Во, як робім".
Еўдакім Раманавіч Раманаў, які апублікаваў больш за 10 тыс. фальклорных твораў, не абмінуў увагай і такі утылітарны, тады яшчэ практычны жанр, як замовы. Клімавіцкі павет (у тым ліку, вядома, і цяперашняя Хоцімшчына) таксама даў яму некалькі дзесяткаў «моцных» (як сцвярджалі рэспандэнты) па сіле свайго ўздзеяння «нагавораў».
Вось тры ўзоры тагачасных замоў:

Ад хвароб жывёлы.

Госпадзі Божа, благаславі, памажы; не сам сабою - Госпадам Богам і Духам Святым.
Ой, патніца, чамярыца, трэцяя духаўніца, чацвёртая залажніца (залоза-жаляза), - не гуляйця вы, не буяйця ў етай скаціні, етай шарсьціні. Патуль ты гуляла ў етай скаціні, пакуль ты буяла, пакуль я ўзнаў; а цяпер табе не гуляць, не буяць. I высылаю ж я цябе і выганяю з естай скаціны, з естай шарсьціны на мхі, на балоты, на гнілыя калоды - там вам гуляць і буяць, а на ету скаціну, ету шарсьціну пара забываць. У чыстым полі ходзіць табун коней, а ў том табуне сіўцы, бурцы, каса-тыя і мышатыя, сівыя, гнядэя; вот там на каторага ўсядзеця, на тым і паедзеця... Вот там вам і гуляць і буяць.

Ад скулы.

Добры вечар, вада-вадзіца, божжа памашніца! Цякла ты сутоку сонца, з-пад яснага месяца, з-пад Алтыра-каменя і мыла-памывала жоўтыя пяскі, крутыя беражкі, бела камення, сырое карэння, лугі, балоння, шаўковую траву - і мый-памывай раба божжага маладэнца. Ой, скула-скулавіца, сіня-сінявіца, бугра-бугравіца, і залатуха, ніцуха і ўпрашаю вас, і ўкрашаю, не сам сабою - Госпадам Богам, Прачыстаю святою, - і не гуляйця вы, не буяйця ў етага маладэнца ні ў белым ліцы, ні ў рацівым сэрцы, ні ў жылах, ні ў пажылках.
На моры на сіяні стаіць воструў, на той воструві стаіць хатка, а ў той хатцы жывець ўвасабленне свайго не заўсёды шчаснага лёсу: бабка, і ў тые бабкі стаіць краваць дубовая, цясовая; на той краваці ляжаць падушкі пуховыя, цьвілёвыя - на тых падушках вам гуляць і буяць, а на етага раба божжага маладэнца пара забываць. Не сам сабою - Прачыстаю святою: Прачыста маць наражала і помачы давала, і духам сваім дунула і скулу атагнала.

На добрую цяжарнасць.

Госпадзі Божа, благаславі, Прачыстая Маці, памажы. Не сам жа я сабою Госпадам Богам, Ісусам Хрыстом. Трыдзевяць гары, укучу сайдзіцеся, трыдзевяць ракі, укучу сайдзіцеся, трыдзевяць гарады, укучу сайдзіцеся, і косьці-мошчы, укучу сайдзіцеся. Загаварвую і замаўляю я ў рабы божай маладзенца да пары, да ўрэмя; а прыйдзець час-урэмя паследняе, тады, трыдзевяць гары, расступіцеся, трыдзевяць ракі, разыйдзіцеся, трыдзевяць гарады, разыйдзіцеся, косьці-мошчы, расступіцеся, выхадзі, маладзенец, з естых касьцей, з машчэй на сей белы свет красувацца, амін.
Паводле сведчання даследчыкаў фальклору (З.Я.Мажэйка, Т.Б.Варфаламеева), значную навуковую вартасць маюць песенныя запісы, зроблсныя ў 1908 г. ў вёсках і мястэчках тагачаснага Клімавіцкага павета І.Зубавым. На жаль, шырокаму чытачу яны загэтуль застаюцца недаступнымі. Тым не менш важны ўжо сам факт іх існавання, таго, што каштоўныя духоўныя набыткі навечна засталіся ў гісторыі нашай культуры.

Песенны фальклор Хоцімшчыны

сабраны ў 1968 годзе.

Гоман, гоман на вуліцы,
А пайду ж я паслухаю.
А сын матку з двара гоніць.
- Ідзі, маці, далоў з двара.
А ты ўжо мне надаела,
Надаела, надакучыла.
Надаела, надакучыла,
А дзяцей маіх памучыла.
Дзяцей маіх памучыла,
Жану маю ізжурыла.
А пашла маці, заплакала,
Ідзець поле і другое.
На трэцяс стала ўсхадзіць,
А ці нс стогніць дарожачка.
А стогніць, стогніць дарожачка,
То сын матку даганяіць.
- Вярнісь, вярнісь, мая мамачка,
- Вярнісь, вярнісь, мая родная.
У мяне ўжо бяда здзеілася:
Конь вароны на ногі ўпаў.
Конь вароны на ногі ўпаў,
Жана млада ў пасцель лягла.
Жана млада ў пасцель лягла,
Дзеці малыя забалелі.
Стала маці, падумала,
Яна дворачку вярнулася.
К двору стала падыходзіць,
Конь вараны на стайні зарзаў.
Дзеці малыя заскакалі,
Жана млада з пасцелі ўстала.

***

Ой, вясна, вясна,
Што ты нам прынясла?
Дзевачкам па яечку,
Хлопцам па скулечку.
Дзеўкам па булцы,
Хлопцам па скулцы.
Ой, вясна, вясна,
Цёплае лецечка,
Абрасла трава,
Як авечачка.

Гэтак спявалі на гуканні вясны дзяўчаты. Хлопцы ж пелі наадварот:

Хлопцам па булцы,
Дзеўкам па скулцы.

На хрэсьбінах у час застолля была папулярнай такая песня:

Я ў піру была, я ў бяседушке,
Я ў бяседушке, у суседушкі.
Я не мёд піла, а гарэлачку.
Я піла молада з поўнага вядра,
3 поўнага вядра цераз край да дна.
Я піла, піла, напівалася,
Цёмным лесам ішла, не баялася,
Чыстым полем ішла, не шаталася,
А к двору падышла, пашацілася,
За вярмелюшку я схвацілася.
- А вярмель мой, вярмель,
ты вярмелюшка,
Падзяржы мяне, бабу п'яну,
бабу хмельную.

Тут, думаецца, варта патлумачыць, што слова «вярмель» ад рускага «верея» - шум па-нашаму. Не можа не ўразіць слухача, не абудзіць ім сыновых пачуццяў адна з балад, запісана ў тым жа Забялышыне Л.М.Салавей ад Матроны Новікавай, 1897г. і Настассі Смірновай 1903 гадоў нараджэння. Сапраўды, мудры народ умеў дайсці да сэрцаў сваіх неабачлівых дзяцей: Усе, бадай, сёння ведаюць беларускую жартоўную песню «Ой, хацела ж мяне маць...». На Хоцімшчыне існуе свой варыянт гэтай песні, нічым не горшы ў плане мастацкіх вартасцей за той, што выконваюць у самых прэстыжных залах рэспублікі. Запісаны ён у 1968 г. ў вёсцы Трасціно В.І.Скідан ад Р.П.Захаранкі:

Ой, хацела ж мяне маць
За каваля замуж даць.
Ой, дуду маю дуду, дуду-дуду.
За каваля не пайду,
Каваль будзе куці-куці,
А мне скажа мехам дуці.
Ой, хацела ж мяне маць
За рымара замуж даць.
Рымар будзе шыці-шыці,
А мне скажа дратву віці.
Ой, хацела ж мяне маць
За п'яніцу замуж даць.
Бо п'яніца будзе піці,
Мяне младу будзе біці.
Ой, хацела ж мянс маць
За мельніка замуж даць.
Мельнік меле і шатруе,
Абярнецца, пацалуе.
А ў мельніка хата чорна,
А ў хаце стаяць жорна.
Жорна будуць пытляваць,
А я буду цалаваць.

Танцы на Хоцімшчыне Па вуліцы, вуліцы, па вуліцы новенькій.

Купальскі карагод. Па звестках старэйшых жыхароў, яго "ў акрузе вадзілі вакол вогнішча". Выканаўцы простым крокам ("хто як") рухаліся па колу са зменай напрамкаў і прыпынкамі. 3 рухам наперад удзельнікі карагода адначасова спявалі:

Па вуліцы, вуліцы, па вуліцы новенькій,
Ой, лі, лёлюшкі, па вуліцы новенькій.
Па вуліцы новенькій шол Ванька малодзенькі,
Шол Ванька малодзенькі, не жэнат, халосценькі.
Выхадзіла дзевіца з высокага церама:
- Здрастуй, здрастуй, Ванечка, чаго ты не жэнісся,
- Чаго ж ты не жэнісся, на каго надзеісся?
- Надзеюсь на Машачку, спішу на бумажачку,
- Надзеюсь на дзевачку, спішу на паперачку.
Па вуліцы, вуліцы, па вуліцы новенькій,
Па вуліцы новенькій шол Ванька малодзенькі.
Рэфрэн "Ой, лі, лёлюшкі"

Паўтараецца пасля кожнага радка з другім яго паўвершам.

Стаскавалася, згаравалася.

Паводле слоў выдатнай захавальніцы мясцовых мастацкіх народных традыцый Матроны Чыбусавай, "карагод і кругамі хадзілі, і стаялі, і спявалі на ігрышчах" у час Купалля.

Стаскавалася, згаравалася,
Друг Ванюша, па табе.
Па табе, табе,
Па кудрявай галаве.
3 таскі - горячка,
Мае ножачкі не йдуць.
3 горя ручачкі
Работачкі не бяруць.
Як пайду я з горя
Ў тоя чыстая поля,
Як сарву, сарву
Сы калініцы цвяток,
Як саўю, саўю
На галовачку вянок.
Папытаюся
Я ў старінных жа людзей,
Ці сохнець, вянець
На галовачцы вянок,
Ці плачыць, тужыць
Ваня, міленькі дружок.
I сохнець, і вянець
На галовачцы вянок,
I плачыць, тужыць
Ваня, міленькі дружок.
*3 гэтага месца першы радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.

За гайком, гайком.

Паводле інфармацыі Матроны Чыбусавай, гэты "карагод з песняю" выконвалі на купальскіх ігрышчах. Удзельнікі, трымаючыся за рукі, "хадзілі кругам, спявалі гурбою".

За гайком, гайком
Брала дзеўка белы лён
Да забыла павязаці.
Недалёчачка
Да мой міленькі жывець,
Да мне некім наказаці.
Вярнусь я назад,
Павяжу да я свой лён
Хоць зялёнаю травою.
Накажу-ка я
Свайму міламу
Хоць чужою жаною.
Як саўю, саўю
На галовачку вянок.
Папытаюся
Я ў старінных жа людзей,
Ці сохнець, вянець
На галовачцы вянок,
Ці плачыць, тужыць
Ваня, міленькі дружок.
I сохнець, і вянець
На галовачцы вянок,
I плачыць, тужыць
Ваня, міленькі дружок.
*3 гэтага месца першы радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.

Сэйма.

Непрымеркаваны шматкаленны парна-гуртавы танец. Па сведчанні носьбіткі мясцовай традыцыі Еўдакіі Сотнікавай, 1928 г. н., у ім танцавала любая колькасць пар. Вясной і летам "Сэйму" "гулялі" на прыродзе, у зімнюю пару і ў "непагадзь" - у хаце. Перад тым, як распачаць танец, выканаўцы становяцца парамі (дзяўчына з правага боку хлопца) па колу, тварам насустрач руху сонца і паперадзе сябе злучаюць накрыж рукі (правая рука хлопца знаходзіцца знізу).

Грачанікі.

Варыянт танца, які апісваецца ніжэй, характэрны для Хоцімскай мікралакальнай традыцыі. Адметнасць яму надае няцотная колькасць выканаўцаў: 5 чалавек. Пры адным "лішнім" у танцы задзейнічана дзве пары: 2 хлопцы і 2 дзяўчыны. Пры адсутнасці хлопцаў танец выконваецца аднымі дзяўчатамі, што бывае часцей. Паміж дзвюма парамі выканаўцаў, якія становяцца насупраць з двух бакоў умоўнай пляцоўкі, становіцца саліст.

Полька "Васьмёрка".

Непрымеркаваны парна-гуртавы танец. Па сцвярджэнні Матроны Чыбусавай, "Васьмёрку" танцавалі толькі тыя, "хто ўмеў добра выкручваць польку на два бакі". Дадзены тып полькі мае двухчасткавую харэаграфічную форму, складаецца з дзвюх фігур, працягласць якіх адвольная. Зменай фігур кіруе лідэр. У канцы фігуры ён выгуквае каманды. Перад пачаткам танца ўдзельнікі становяцца па колу парамі ў закрытай замкнутай паставе (вальсавай) ў паўпавароце па лініі танца, хлопцы - спіной да сярэдзіны кола.

Полька "Адну — наперад, другую - назад".

Парны танец, выконваецца ў любы час, любой колькасцю пар. Удзельнікі танца становяцца парамі па колу ў адкрытай замкнутай паставе (дзяўчына з правага боку хлопца), тварам па лініі танца, і злучаюць рукі: правыя - над правым плячом дзяўчыны, левыя - перад сабой.

Раскамарыцкі.

Непрымеркаваны сольны імправізаваны танец. Выконваецца як мужчынамі, так і жанчынамі. У большасці варыянтаў, выканаўцамі былі ў асноўным жанчыны сталага веку. Дарэчы, заўважана, што яны ў "камарыцкія скокі" пускаюцца часцей і з большым жаданнем. Дадзены варыянт запісаны ад Матроны Чыбусавай. "Раскамарыцкі" ў яе інтэрпрэтацыі ў сваю чаргу таксама шматварыянтны. У розных танцавальных экспромтах больш стабільнымі з'яўляюцца рухі, якія ўмоўна можна аб'яднаць у некалькі груп: крокі, лясканні, прысядкі... Характэрную асаблівасць танцу надае адначасовае актыўнае спалучэнне рухаў ног і рук. Яны паасобку вядуць сваю партыю з уласцівымі ім тэмпамі і рытмамі, аднак пры гэтым разам ствараюць адзіны карункавы харэаграфічны ўзор. Адметнай рысай танца з'яўляецца і тое, што пры выкананні тэхнічна складаных "па", накшталт прысядак, рухі рук вылучаюцца незвычайнай лірычнасцю, "напеўнасцю", багаццем пластычных інтанацый. Танец мае колавую пабудову. Рухаючыся па вялікаму кругу насустрач ходу сонца, танцорка папераменна ўтварае невялічкія колы ў выглядзе "васьмёркі", то па адным, то па другім баку асноўнай лініі танца. Прасторавыя "трайныя крокі” (калі робіць кола ўнутры круга) і рытмічна роўныя "крокі-бег з акцэнтам на ўсю ступню" (калі робіць кола па-за кругам). Рукі пад час выканання рухаў нагамі пераводзяцца з правага на левы бок, або ўніз-угору перад сабой.

Архимандрит Кирилл. Покров на Хотимщине // Шлях Кастрычніка. – 1993. – № 77. – 13 кастрычніка. – с. 3.

Башкевич Н. Троица // Шлях Кастрычніка. – 1998. – № 48. – 17 мая. – с. 3.

Котешова Н. Каляды // Шлях Кастрычніка. – 2004. - № 1-2. – 3 студзеня.

Котешова Н. Рождество Христово // Шлях Кастрычніка. – 2007. – № 4. - 12 студзеня.

Москалева Л. Радуница // Шлях Кастрычніка. – 2004. – № 30. – 25 чэрвеня. – с. 2.

Отец Павел. Богоявление // Шлях Кастрычніка. – 2006. – № 5. – 9 студзеня. – с. 4.

Памяць: Гіст.-дакум.хроніка Хоцімскага раёна / Рэд.кал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд) і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. Мн.: БелЭн, 2003.

Светлое Воскресение // Шлях Кастрычніка. – 2006. - № 33. – 19 красавіка.

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6-ці т. Т.1. Магілёўскае Падняпроўе / Т.Б. Варфаламеева, В.І. Басько, М.А. Козенка і інш. – Мн.: Бел.навука, 2001.



created by Alexandr Vasilenko. mailto: m15kam@tut.by