Раёны:
    <Асіповіцкі
    <Бабруйскі
    <г.Бабруйск
    <Быхаўскі
    <Бялыніцкi
    <Глускі
    <Горацкі
    <Дрыбінскі
    <Касцюковіцкі
    <Кіраўскi
    <Клімавіцкi
    <Клічаўскi
    <Краснапольскi
    <Круглянскi
    <Крычаўскi
    <г.Магілёў
    <Магілёўскi
    <Мсціслаўскі
    <Слаўгарадскi
    <Хоцімскi
    <Чавускi
    <Чэрыкаўскi
    <Шклоўскі

Народная творчасць. Прыкладное мастацтва. Дызайн.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Крычаўшчыны ахоплівае шэраг галін творчасці. Шырокае развіццё атрымалі керамічныя вырабы, вытворчасць мастацкага шкла, медна і бронзаліцейная справа.

Кераміка, ганчарныя вырабы з г. Крычава. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 - пач. 18 ст. Выраблялі з чырвонай гліны паліваны сталовы посуд (міскі, талеркі, збаны, кубкі), кафлю, дэкаратыўныя архітэктурныя ўпрыгожванні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытворчасці.

Крычаўская кераміка.

Тэракотавая кафля 17 ст. (злева і справа), хатні посуд 15 - канца 19 ст.

У 16 - 18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай ("мураўлёнай") кафлі пераважалі геаметрычны і раслінны арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. Вырабы вывозілі ў іншыя раёны Беларусі. У пачатку 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст. Калекцыі Крычаўскай керамікі захоўваюцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры ІМЭФ АН БССР, Крычаўскім раённым і магілёўскім абласным краязнаўчых музеях.

Вытворчасць шкла мастацкага ў 18 ст. звязана з дзейнасцю шкляных мануфактур, створаных на базе вотчынных гут. Крычаўскі цэнтр шкларобства, па ўсёй верагоднасці, ўтварыўся адначасова з мсціслаўскім і існаваў ужо ў першай палове 17 ст., але архіўных даных пра гэта не захавалася. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай крычаўскія землі пераходзяць ва ўласнасць Р. Пацёмкіна. Ён выкарыстаў беларускую шкларобчую практыку і заснаваў сваю прамысловасць. У 1779 г. Р. Пацёмкін адчыняе шкларобчы завод у Крычаве, а праз год, у 1780 г., - у вёсцы Ушакі (15 км на поўдзень ад Чэрыкава). На першым заводзе мелася толькі адна печ для варкі шкла, на другім - дзве, і выраблялася шкло чатырох сартоў: "хрустальное разной доброты и образцов, цесарское, оконничное и зольное". Усе працы на крычаўскіх заводах "обученными из Кричевских мещан людьми производятся". У 1787 г. Р. Пацёмкін аб'яднаў два вышэй-адзначаныя прадпрыемствы (крычаўскі завод быў перанесены ў Ушакі) і аддаў у арэнду на 10 год англійскаму гандлёваму таварыств.

Археалагічнае даследаванне Крычава праводзілася ў 1975 - 1976 гг. экспедыцыяй АН БССР пад кіраўніцтвам М. Ткачова. Раскопкі вяліся ў асноўным на тэрыторыі Замкавай гары і матэрыял, выяўлены там, безумоўна, не адлюстроўвае ўсёй карціны распаўсюджвання шкляных вырабаў у горадзе. Марфалогія посуду, знойдзенага ў Крычаве, у массе сваёй нагадвае мсціслаўскі варыянт.

Больш разнастайнымі па форме выглядаюць шкляніцы, куфлі. Сярод апошніх асабліва прывабнымі з'яўляюцца збанкападобныя пасудзіны. Пластычнасць ліній іх тулава падкрэсліваецца паднятай уверх ручкай у выглядзе тонкай пятлі. Фрагменты ручак з крычаўскіх раскопак даюць уяўленне пра сасуды даволі спецыфічных формаў. Адна з із мае плоскую авальную канструкцыю і па знешняму выгляду нагадвае лісток дрэва, пакрыты неглыбокімі рэльефнымі пражылкамі. Другая нагадвае звычайны расплюшчаны жгут даўжынёй 8 см і шырынёй 2 см. вугал спалучэння ручак са сценкамі, а таксама лінія напрамку апошніх утвараюць шырокую адкрытую чашу накшталт глыбокай міскі.

Пэўную цікавасць для даследчыкаў ўяўляе крычаўскі шкляны "гляк". Гэта сасуд з невысокай вузкай шыйкай на шырокім грушападобным тулаве, выдзьмуты адвольна з жаўтавата-зялёнага шкла. Месца пераходу аднаго аб'ёму ў другі пазначана трыма наляпнымі жгутамі, упрыгожанымі рэльефнымі зашчыпамі. Завяршае кампазіцыю масіўная трохрэльефная ручка. Аналогія з мясцовымі керамічнымі формамі відавочная, аднак як вытанчана гэта канструкцыя вырашаецца ў шкле. Па-іншаму загучалі ўсе Яго мастацкія якасці: празрыстасць, якую прыгожа адцяняюць рады наляпных жгутоў; пластычнасць, што ўвасобілася ў лініях формы, у выдатнай лепцы ручкі; каляровыя рэфлексы, бляск. Астатнія матэрыялы з крычаўскай калекцыі не вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю і выкананы ў традыцыях беларускай шкларобчай школы 16 - 18 стст.

Гліняная цацка. У адрозненне ад суседніх славянскіх народаў у беларусаў вытворчасць глінянай цацкі не набыла характару самастойнага промыслу. У большасці выпадкаў яе выраб спадарожнічаў ганчарству як пабочны ці дадатковы занятак: гаспадар "выкручваў" ганчарны посуд, гаспадыня, а то і дзеці ляпілі свістулькі. Такі спадарожны характар цацкі тлумачыць яе вызначальную асаблівасць: як правіла, яе не распісвалі, а глазуравалі, як і посуд, аднатоннай палівай. У другой палове ХХ ст. традыцыйнае мастацтва глінянай цацкі апынулася перад пагрозай поўнага заняпаду. Аднак прыкметны рост цікавасці да забытых рамёстваў, характэрны для апошняга часу, выклікае цікавасць да народнай цацкі ў маладых майстроў. Гэта ўжо выяўляе новы, другасны ўзровень яе развіцця, прычым з прыкметай зменай традыцыйных функцый - не столькі як абярэг ці дзіцячая забаўка, колькі як мастацкі твор, нацыянальна адметны сувенір. Сённяшняя гліняная цацка ўяўляе сабой абагульнены вобраз колішніх вырабаў, ад якіх бярэцца ўсё лепшае, што могуць набыць майстры ад знаёмства з музейнымі экспанатамі і публікацыямі. У большасці выпадкаў цацкі ўдала стылізаваныя, дакладныя па пластыцы, дасканалыя ў выкананні. Гэтымі якасцямі вызначаюцца вырабы В. Якавенкі (Крычаў). Іх творчасць - не столькі традыцыйная, колькі "па матывах" традыцый.

У 16 - 18 стст. у Крычаве была развіта медна і бронзаліцейная справа. Асаблівую цікавасць уяўляюць літыя бронзавыя крыжы-энкалпіёны. Гэта былі і рэчы культу, і адначасова ўпрыгожванні, якія насілі паўзверх адзення. Усе яны складаюцца з дзвюх частак і аздоблены невысокім, амаль плоскім рэльефам з выявамі святых. У вялікай колькасці крыжы-энкалпіёны знойдзены ў Крычаве. Мяркуючы па іх характары, у многіх выпадках яны маюць кіеўскае паходжанне, але паслужылі асновай для наладжвання мясцовай вытворчасці. Так, шмат знаходак вызначаецца невыразным рэльефам і нечытальнымі надпісамі. Мяркуецца, што гэта паўторныя адліўкі ў гліняных формах, адціснутых з гатовых (пэўна, кіеўскіх) крыжоў. Акрамя вытворчасці ювелірных вырабаў, бытавых рэчаў, царкоўнага начыння пашыралася ліццё званоў. Адным з яркіх прыкладаў дзейнасці Крычаўскіх майстроў з'яўляецца звон (1748).

Крычаўскі звон, помнік беларускага ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаве Магілёўскай вобласці на медналіцейным заводзе М. Чабана для царквы Параскевы Пятніцы.

Вышынёй 62 см, найбольшы дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім - вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэдзіне - дата адліўкі звона і выява герба Расійскай імперыі; у ніжнім - вязь са шчыльна пераплеценых раслінных элементаў і выяў анёлаў. Зберагаўся ў Крычаўскім краязнаўчым музеі. Значны ўплыў на мясцовыя промыслы аказвалі "Рамесныя классы пры гарадскіх і сельскіх вучылішчах". Старэйшыя рамесныя класы ў Магілёўскай губерні дзейнічалі з 1886 года ў Крычаве пры народным вучылішчы і з 1892 года пры Тыманаўскім народным вучылішчы Клімавіцкага павета. Яны абучалі слясарна-кавальскаму і сталярна-такарнаму рамёствам.

На Магілёўскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўцы 1896 года гэтыя рамесныя класы дэманстравалі вырабленыя вучнямі колы, замкі, складныя крэслы, лаўкі. Рамесныя класы, якія давалі агульныя навыкі валодання рамяством, неабходным селяніну ў паўсядзённым жыцці, пры належных умовах нярэдка пераўтвараліся ў ніжэйшыя рамесныя вучылішчы, якія ўжо рыхтавалі спецыялістаў - рамеснікаў і саматужнікаў. У 1907 годзе былі пераўтвораны ў рамесную школу рамесныя класы Крычаўскага вучылішча. Вучні абучаліся тут 3 гады і выходзілі са званнем "чаляднік". На І Краёвай выстаўцы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі ў Вільні. Народная кераміка была прадстаўлена ганчарным посудам і глінянай цацкай розных цэнтраў вытворчасці, у тым ліку і з Крычава.

Археалогія і нумізматыка Беларусі : Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. - Мн.: БелЭн, 1993.- С.346 - 349

Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. У 4-х т. Т.4. Насельніцтва; Мова; Этнаграфія; Фальклор; Літаратура; Мастацтва; Архітэктура / Рэдкал.: І.П. Шамякін і інш. - Мн.: Выд-ва "Беларус. Сав. Энцыклапедыя" імя П. Броўкі.- 1981.- 660 с.: іл.

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.8: Канто - Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мн.: БелЭн.- 1999.- С.525, 526

Беларусы. Т.8. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я.М. Сахута; рэдкал.: А.І. Лакотка [і інш.]; Нац. акад. Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы.- Мн.: Бел. навука, 2005.- С.30, 60, 62, 65, 99, 108, 116

Бысаў, В. У руках спявае крычаўская гліна ["Свістулька"]/ В.Бысаў // Лен.кліч.- 2005.- 15 ліст.

Владимиров, Д. Человек, который украшает наш город [Д.В. Добровольский] / Д.Владимиров // Лен.кліч.- 2006.- 19 мая

Гаевская, А. Тепло души скульптора [Д.В. Добровольский] / А. Гаевская // Делаем сами.- 2006.- № 17.- С.12

Гаевская, А. Лед, растапливающий сердца [Д.В. Добровольский] / А.Гаевская // Домашняя газета.- 2007.- № 5.- С.17

Гаўрыленка, А. У абдымках казачнага горада [Д.У. Дабравольскі] / А.Гаўрыленка // Лен.кліч.- 2004.- 13 ліст.

Гісторыя беларускага мастацтва: У 6т. Т.1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. / Рэдкал.: С.В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома С.В. Марцэлеў, Л.М. Дробаў.- Мн.: Навука і тэхніка, 1987.- С.268 - 271

Гісторыя беларускага мастацтва: У 6т. Т.2: Другая палова XVI - канец XVIII ст. / Рэдкал.: С.В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома Я.М. Сахута.- Мн.: Навука і тэхніка, 1988.- С.88, 199, 332

Далецкі, У. Ганчароўка [Д.У. Дабравольскі] / У. Далецкі // Лен.кліч.- 2005.- 13 ліп.

Далецкі, У Варта толькі ўзяцца [Д.У. Дабравольскі] / У. Далецкі // Лен.кліч.- 2004.- 18 верас.

Дзмітрыеў, С. Сапраўды народны ["Свістулька"] / С. Дзмітрыеў // Лен.кліч.- 2003.- 22 кастр.

Жук, В.И. Декоративно-прикладное искусство Беларуси XVIII - XX вв.: становление и тенденции развития / В.И. Жук .- Минск: Бел.наука.- 2006.- С.21, 78

З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып.1 .- Мн.: Навука і тэхніка.- 1996.- С.99 - 100

Здановіч, Н.І., Трусаў, А.А. Беларуская паліваная кераміка XI - XVIII стст. / Н.І. Здановіч, А.А. Трусаў / Пад рэд. Г.В. Штыхава.- Мн.: Навука і тэхніка, 1993.- С.42 - 43, 51

Кулягин, С. Городская сказка [Д.В. Добровольский] / С. Кулягин // 7 дней.- 2007.- 6 дек. - С.28

Кумерданк, В.М. Мастакі Крычава [Нарыс аб крычаўскіх мастаках, В. Якавенка] / В.М. Кумерданк / Абл. навук.-метад. цэнтр нар. творч. і культ.-асвет. работы; Рэд. І.Я. Пехцераў; Адказны за выпуск У.М. Гіль.- Магілёў.- 1995.- 27 стр.: іл.

Лабачэўская, В.А. Зберагаючы самабытнасць: З гісторыі народнага мастацтва і промыслаў Беларусі / В.А. Лабачэўская.- Мн.: Беларуская навука, 1998.- С. 86 - 87, 163

Музей старажытнабеларускай культуры: Каталог экспазіцыі / В.В. Церашчатава, Ю.В. Хадыка, А.А. Ёркіна і інш. - Мн.: Навука і тэхніка, 1983.- С. 17, 18, 156

Радько, А. Кричевский Церетели [Д.В. Добровольский] / А. Радько // Вечерний Могилев.- 2007.- 19 сент. - С.6

Рубашко, А. Фантазии мастера [Д.В. Добровольский] / А. Рубашко // Хозяин.- 2007.- № 10.- С.22 - 23

Сидоров, Д. Магия льда [Д.В. Добровольский] / Д. Сидоров // Лен.кліч.- 2007.- 3 сак. - С.7

Сиз, В. Воплощенные мечты [Д.В. Добровольский] / В. Сиз // Бел.нива.- 2007.- 17 янв. - С.4

Скоробогатов, А. Всадник на утке [В Кричеве возродили древнюю игрушку, "Свістулька"] / А. Скоробогатов // Аргументы и факты.- 2008.- № 3.- С.13

Цацкі-свістулькі. Горад Крычаў. 2000 / Беларускі фальклор : Энцыклапедыя : У 2 т. Т.2: лабараторыя традыцыйнага мастацтва - "Яшчур" / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.- Мн.: БелЭн.- 2006.- С.206

Шкло маcтацкае / Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т.5 / Рэдкал.: І.П. Шамякін і інш.- Мн.: БелЭн.- 1986.- С.569

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т.3 / Рэдкал.: І.П. Шамякін і інш. - Мн.: БелЭн.- 1986.- С. 142 - 143, 288

Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.); Рэдкал.: І.П. Шамякін і інш. - Мн.: БелСЭ, 1989.- С.276 - 277



created by Alexandr Vasilenko. mailto: m15kam@tut.by