Раёны:
    <Асіповіцкі
    <Бабруйскі
    <г.Бабруйск
    <Быхаўскі
    <Бялыніцкi
    <Глускі
    <Горацкі
    <Дрыбінскі
    <Касцюковіцкі
    <Кіраўскi
    <Клімавіцкi
    <Клічаўскi
    <Краснапольскi
    <Круглянскi
    <Крычаўскi
    <г.Магілёў
    <Магілёўскi
    <Мсціслаўскі
    <Слаўгарадскi
    <Хоцімскi
    <Чавускi
    <Чэрыкаўскi
    <Шклоўскі

Мясцовы фальклор. Казачнікі.

Веснавыя песні.

Шырокае распаўсюджванне мелі на Клічаўшчане абрады і паэзія веснавога цыкла земляробчага каляндара. Моладзь гукала вясну, спявала вяснянкі.

Ах, лесу, мой лесу,
Што ты не зялёны?
А як жа мне, лесу,
Зялёнаму быці:
Колькі птушак было,
Усе паляцелі.
Толькі засталася
Шэрая зязюля.
І тая кукавала –
К сялу прылятала.

Песні вясновых абрадаў і свят.

Вясна, вясна к нам прыйшла.

Вясна , вясна к нам прыйшла,
Ужо ж вясна к нам прыйшла.
А што ты, вясна, нам прынясла,
А што ты, вясна, нам прынясла.

Вясна-вясенечка.

- Вясна-вясенечка,
Дзе твая дачка-паненачка?
- Сядзіць у садочку,
Шые, вышывае сарочку.

Шые, вышывае,
Чорным шоўкам пацягае.
Кароўкі з дуброўкі,
Авечкі з поля,

Плача маці па дзіцяці,
Што горкая доля.
-Не плач, маці, не плач, родна,
Платком белым не ўцірайся,

На харошага кавалера
Не спадзявайся.

Вясновыя карагоды.

Бярыцеся, братцы, ў круг.

Бярыцеся, братцы, ў круг Бярыцеся, братцы, ў круг Братцы, ў груг, братцы, ў круг, Панібровя, братцы, ў круг.

Ой, вытапчам зеляну,
Мы вытапчам зеляну,
Зеляну, зеляну,
Панібровя, зеляну.

Мы пасеем дзеўкам лён,
Мы пасеем дзеўкам лён,
Дзеўкам лён, дзеўкам лён,
Панібровя, дзеўкам лён.

Дзеўкі лянок палолі,
Дзеўкі лянок палолі,
Палолі, палолі,
Панібровя палолі.

Белы ручкі калолі,
Белы ручкі калолі,
Калолі, калолі,
Панібровя, калолі.

Адкуль ўзяўся парынёк,
Адкуль ўзяўся парынёк,
Паранёк,парынёк,
Панібровя, парынёк.

З лёну цвяты пазрываў,
З лёну цвяты пазрываў,
Пазрываў, пазрываў,
Панібровя, пазрываў.

Беражочкі пабрасаў,
Беражочкі пабрасаў,
Пабрасаў, пабрасаў,
Панібровя пабрасаў.

У карагодзе мы былі.

У карагодзе мы былі,
Ох, люлі, мы былі.
А што мы там відзелі?
Ох, люлі, відзелі.

Мы відзелі парачку,
Ох, люлі, парачку.
Ты, парачка, разыйдзісь,
Ох, люлі, разыйдзісь,

Усім па разу пакланісь,
Ох, люлі, пакланісь,
Шчэ й нямножка прытанцуй,
Ох, люлі, прытанцуй,

Каго любіш, пацалуй,
Ох, люлі, пацалуй.

Пад страхою талінка, талінка.

Пад страхою талінка, талінка
Там бабачкі сядзелі, сядзелі,
Аб нявестках гаварылі, гаварылі;
- Мая нявестка шэльма, шэльма,

Запаліла клець, клець.
У той жа клеці скарба была, скарба была.
Арэхава чашка масла была, масла была,
Іголак, шпілек поўна сцяна, поўна сцяна.

Усё тое згарэла, згарэла,
Каб мая нявестка згарэла, згарэла”.

Ідзіце, дзевачкі, ярду рваці.

Ідзіце, дзевачкі, ярду рваці,
Цяжка хлопчыкам Пятра ждаці.
Да й дзень вялікі – хлеба мала –
Не свая мамка мне давала.

Свёкарка рэзаў, руку адрэзаў,
Свякруха вярцела, каб адляцела.
Да й за гарою воўкі вылі,
За камянаю воўкі вылі,

Там майго свёкру задавілі.
Я ж маладая бараніла,
Да яшчэ ж болей наманіла.
Цяглі шкуру, цягніце косці,

Было ж не сушыць маладосці.
Не трапячыся й, асіначка,
У цёмным лузе ты стоячы,
Шырокім лістам калоцячы.

Да й мне ж, моладзе, горай цябе,
Мужык не любе, штодзень б’е.
-Свёкарка-татка, баронь мяне.
Свёкар не татка, не бароне,

Сыну нагайку падкідае.
- Бі ж, мой сыночак, бі, навучай,
На свой харакцер наварачай,
Калі ж будзеш біці, будзеш жыці.

Бі, мой сыночак, нагайкай,
Тады здзелаеш хадзяйкай,
Тады здзелаеш хадзяйкай.

Валачобныя песні.

Асабліваю цікавасць у гэтым цыкле ўяўляюць валачобныя абрады і песні, якія складаюць нацыянальную спецыфіку абрадавай паэзіі беларусаў, таму што лепш захаваліся, чым у іншых народаў. Волачобныя песні нагадвалі калядкі. Валачобнікі зычылі здароўя, шчасця і дабрабыту гаспадарам і ўсёй сям’і, прасілі падарункі. Валачобныя песні збіралі Л.М. Салавей, Н.М. Маркава, Е.А. Васілеўская, Т.У.Шумская, П.П. Альхімовіч, В.Р. Кушнарэнка, Г. А. Барташэаіч ад Ганны Заяц, Вольгі Філончык, Стэфы Белакурскай, Ганны Абразевіч, Т.Д. Фясько, В.Б. Лапко, Е.П. Раташынскай, Алены Міхнёнак, Аляксандры Абразевіч, Ганны Вайніловіч, А.І. Біндзюковай, Юстыны Яскевіч, Ганны Харлап, М.П. Дрэнь, Я.Р. Фясько, А.Е. І і Е.Н. Фіневіч. Слаўны гаспадар і яго двор

Ды йшла туча, туча цёмная.

Ды йшла туча, туча цёмная,
Зялёны явар, зялёны!
З-пад той тучы – валачобныя.
Ды ішлі ж яны ўсё дарогаю,

Ўсё дарогаю, ўсё шырокаю.
Сустрэлі яны ўсё госпада бога,
Госпада бога, Юр’я святога.
Госпаду богу памаліліся,

Шапачкі знялі, на каленях сталі,
Ў госпада бога яны папыталі:
-Ай, божа, божа, укажы дарогу,
Ды куды ж ісці песні пеці.

- У якое сяло? – У вялікае,
У вялікае, у слабодскае.
- Ды к каму ж у двор? – К пану Івану.
А ці дома, дома пане Іване?

Хоць ён і дома, не кажацца –
У каморачцы прыбіраецца,
Надзявае рубашку тонку белую,
Абувае боты слуцкае работы,

Надзевае шапку бабровую,
Надзее шубу казловую,
Завязвае хустку шаўковую,
Падпяразвае пояс лучковы.

Як прыбраўся, тады ж абазваўся:
-Валачобнікі ж мае мілы,
Ды ці вы мяне ды не знаеце,
Што майго двара вы пытаеце?

Мой жа дварок знакамісценькі,
Знакамісценькі, пазлацісценькі,
На маім дварэ стол-прастол стаіць,
На маім стале ды тры кубачкі,

Ды тры кубачкі, ды тры роўныя,
Ды тры роўныя, ды тры поўныя.
За маім сталом сам бог сядзіць.
Первы кубак – для самаго бога,

А другі кубак – для жаны яго,
Трэці кубак - для Юр’я святога.
Святы Юрай па межах ходзіць
І ў Івана жыта родзіць.

Музыканціку – ды капа яец,
Валачобнікам – гарнец гарэлкі,
Пачынальніку – сыр на талеркі.

Да й ішлі хлопцы да полем, борам.

Да й ішлі хлопцы да полем, борам,
Вясна красна на двары!
Да полем, борам, баравінкаю
Першым дзянёчкам, вечарынкаю,

Іграючы, успяваючы,
Слаўнага пана да пытаючы.
А ці дома, дома слаўны пане?
Хоць ён удома, не акажацца –

У новай каморы прыбіраецца,
У казловыя боты абуваецца,
Залатую сукню да на пашкі бярэ,
Шапку-баброўку кладзе на галоўку.

Як прыбраўся, тады аказаўся.
Выйдзі, выйдзі, пане, к нам на ганачак
Да вынесь, пане, нам падарачак.
А які падарак – да сорак яек.

Да сорак яек да сорам даці,
А пяцідзесяці трэба пашукаці.

На першы дзень на вялікадня.

На першы дзень на вялікадня,
Зялён явар, зялён!
Ішла туча, туча цёмная,
Туча цёмная, валачобная.

Да ішлі ж яны ўсё дарогаю,
Ўсё дарогаю, ўсё шырокаю,
Да мураўкаю зеляненькаю.
Сустрэлі яны госпада бога,

Як спаткалі, шапкі знялі,
Шапкі знялі, сукланіліся,
Сукланіўшыся, папыталіся:
- Госпадзі божа, ўкажы нам дарогу,

Ўкажы нам дарогу к вялікаму сялу,
К вялікаму сялу, к новаму двару,
К чэснаму мужу, к пану Івану.
- Аці вы ж яго да не знаецце,

Да што вы яго да пытаеце?
Да яго ж дварок знакамісценькі,
Да кругом двара да рака цячэ,
Рака быстрая, беражыстая.

Падышлі яны пад акенечка,
Да пад новае, пад цясовае.
А ці дома, дома пане Іване?
Хоць ён дома, да не кажацца –

У каморачцы прыбіраецца.
Надзяе шубу бабровую,
Надзяе штаны картовыя,
Надзяе боты казловыя.

Як прыбраўся, так і абазваўся,
Так і да цэрквы богу маліцца,
Богу маліцца, ў бога прасіці:
- Дай жа мне, божа, да тры сыночкі,

Да тры сыночкі, ўсе работнічкі.
Першы сыночак пахарнік будзе,
Другі сыночак водчычак будзе,
Трэці сыночак крэўчычак будзе.

Пахар гукне ў чыстаму полі,
Палавыя валы паганяючы,
Госпада бога успамінаючы:
- Дай жа мне, божа, хароша спахаці,

Гэтаму рошчу хораша расціці.
Водчычак гукне ў зялёнай дубраве,
Цясовыя вуллі адчыняючы,
Госпада бога успамінаючы:

- Дай жа мне, божа, матку пчаляністую,
Пчаляністую і раістую,
І раістую, і мядзістую.
Крэўчык гукне за скам’ёю,

Шаўковыя сукні рассцілаючы,
Госпада бога успамінаючы:
-Дай жа мне, божа, хораша пашыці,
А хадзяіну весела знасіці.

Валачобнікі валачыліся.

Валачобнікі валачыліся,
Зялёны явар, кудравы!
Валачыліся, памачыліся,
Зайшлі ж яны, пасушыліся.

А ўсім бабка дала па яечку,
Адной сіраце ды не высталася.
Пайшла сірата заплакаўшы,
Заплакаўшы, не падзякаўшы.

- Вярніся, сірата, вазьмі сабе парася,
Вярніся, сірата, вазьмі сабе курку,
Вярніся, сірата, вазьмі сабе жарабя.
-Няхай тваё жарабя ваўкі з’ядуць,

Няхай тваё парася ў хлеве здохне,
Няхай тваю курку каршуны задзяруць.

Велікодныя песні.

Вялікодная.

Валачобнікі валачыліся, валачобнікі валачыліся,
Хрыстос васкрэс, сын Божы.
А ў лужыну паваліліся, а ў лужыну паваліліся,
Хрыстос васкрэс, сын Божы.

А ўсе ж яны памачыліся, а ўсе ж яны памачыліся.
Хрыстос васкрэс, сын Божы.
А ў Ванечкі папрасіліся, а ў Ванечкі папрасіліся.
Хрыстос васкрэс, сын Божы.

А ты, Ванечка, добры быў,
А ты, Ванечка, добры быў.
Хрыстос васкрэс, сын Божы.
Нас у хатачку ты пусціў,

Нас у хатачку ты пусціў.
Хрыстос васкрэс, сын Божы.
Ой, у хатачцы пасушыліся,
Ой, у хатачцы пасушыліся.
Хрыстос васкрэс, сын Божы.

Вялікодная.

Хрыстос васкрэс на ўвесь свет.
(Паўтараецца пасля кажнага радка)
Ой, дзеўка там ваду нясе.
Ой, вадзіца сплеханулася.
Ой, дзевачка ды злякнулася.
-Стой, вадзіца, не спляхайся.
Стой, дзевіца, не злякайся.
Ой, да быць табе за мною
З вумной галавою, з русаю касою.

Вяснянка.

Дуб на дуброўку нахіліўся,
Да з дуброўкай пасварыўся.
Не спадзявайся, дуброўка,
Сухога дуба атростачка,

Ні голлейка, ні карэннейка.
Ні каранёчка глыбокага,
Ні лісточка шырокага.
Не спадзявайся, мой татачка,

З чужога сяла нявехначкі:
Ёсць каля боку суседачкі.
А ў суседа адна. Адна
То будзе твая нявехначка.

Яна цябе будзе таткам зваць,
Яна табе будзе пасцельку слаць.
Пасцелечку мякусеньку, назаве таткам вярнюсенька.

Вялікодная.

На Вялікадня, да на першы дзень,
Хрыстос васкрос, сын Божы.
(Паўтараецца пасля кожнага радка)
А на кладачцы, а на гібенькай,

Там дзяўчына кубкі мыла.
Яна мыла, перамывала.
Шоўкавым платочкам перацірала.
Ой вы, малойцы, маладыя

Ды закіньце сеці на быстрыя рэкі
Закінулі
Не спаймалі рыбу, а спаймалі шчуку.
Шчупак пару мае, весела гуляе.

Летнія песні.

Купальскія і пятроўскія песні.

Сёння Купала, заўтра Ян.

Сёння Купала, заўтра Ян,
Дзевачкі зелле збіралі.
Дзевачкі зелле збіралі,
Яны збіралі, не зналі,

Яны збіралі, не зналі,
Да караля адаслалі.
А кароль зелле не пазнаў,
Узяў да бабулі адаслаў.

Бабуля зелле пазнала,
Караля дурнем назвала.
А гэта зелле – купалле,
Дзявоцкае пагулянне,

Кладзіце агні вялікія.

Кладзіце агні вялікія,
Божа наш!
Паліце ведзьму лятучую,
Каб яна па полі не лятала,
Каб яна заломаў не ламала,
Каб яна па хлявах не хадзіла,

Ой, рана на Йвана.

Ой, рана на Йвана.
Проці Йвана ночка мала.
Ой, рана на Йвана
Ой, рана на Йвана.

Дзе, Купала начавала?
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана.
Начавала ў чыстым полі

Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана.
Чым, Купала, вячэрала?
Ой, рана на Йвана.

Ой, рана на Йвана.
Вячэрала белым сырам
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана.

Чым, Купала, запівала?
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана
Запівала гарэліцай.

Ой, рана на Йвана
Ой, рана на Йвана.

Жніўныя песні.

Накую сярпы ды залатыя,
Збяру жнеек ды маладзенькіх.
Жнеек збяру, жыта сажну.
Жыта сажну – хмелю.

Кудравенькі бел-малойчык
Кудравенькі бел-малойчык,
Ай, да не стой ты ў пастаці.
Не ўгаварвай нашых дзевак.

А нам, дзевачкі, самім трэба
Ядронае жыта жаці,
Ай, вялікі копы класці:
Дзе горачка – там копачка,
А дзе лажочак – там стажочак.

Зімовыя песні.

Вой, калядачкі, мае й мамачкі

Вой, калядачкі, мае й мамачкі,
Ой, люлі-люлі, мае й мамачкі.
Прыкаціцеся, прыбліжыцеся
Да нам, дзевачкам, спадабіцеся.

Пойдзем мы, дзевачкі, да й на ігрышчайка,
Да сы ігрышчайка – на вяселлейка,
Да з вяселлейка – па новых сенях,
Паціхусеньку,памалюсеньку,

Да й каб не пачуў да мой свёкарка,
Да й каб не сказаў да свайму сыну,
Да свайму сыну – да майму мужу,
Ай, мой муж жа да й шалеціцца,
Ён паб’е мяне за бяздзеллейка.

Не вей, не вей, ты ж, мяцеліца.

Не вей, не вей, ты ж, мяцеліца,
Ой, люлі-люлі, ты ж, мяцеліца.
Не завявай сцежак-дарожак,
Да мне ж далёка к татку ў госці,

К татку іду, красачкі шчыплю,
Красачкі шчыплю, я й вяночкі ўю,
Ад таткі йдучы, паразвіваю ж,
Па адной красачцы параскідаю.

- Расціце ж, краскі, як тады ж раслі,
Цвіціце ж, краскі, як тады цвілі,
Тады жа цвілі сіненькім цветам,
А цяперака ўсё й пустацветам.

Ой, у ляску, ляску на жоўтым пяску.

Ой, у ляску, ляску на жоўтым пяску,
Святы вечар!
Іскарка ўпала,цэркаўка стала.
У адно вакенца ўсходзіць сонца,

У другое вакенца заходзіць сонца,
У трэцяе вакенца рэчачкі цякуць.
Па тых рэчачках чаўнакі плывуць,
А ў тых чаўночках Мішачка сядзіць,

Мішачка сядзіць, стружачку стружа,
Стружачку стружа, у рэчку пускае.
-Плыві, стружачка, к маёй Валечцы.

Ой, куры, куры, не пейце рана.

Ой, куры, куры, не пейце рана,
Святы вечар!
Не пейце рана, не будзіце пана,
Не будзіце пана, сам пан устане,

Сам пан устане, па двору паходзіць,
Па двору паходзіць, братцаў пабудзіць:
- Братцы, ўставайце, коні сядлайце,
Коні сядлайце, на коні сядайце,

На коні сядайце, у чыста поле ўязджайце,
У чыста полейка на паляванне,
На паляванне, на пагулянне.

Вясельныя песні.

Вяселле - выключная з’ява ў беларускім фальклоры. Ні адна падзея ў сямейным жыцці селяніна не суправаджаецца такой паслядоўнай сістэмай абавязковых абрадаў і песень, як вяселле. У беларускіх вясельных песнях выразна выказваюцца адносіны роду да ўступаючых у шлюб, іх бацькоў, а таксама раскрываюцца ўзаемаадносіны паміж жаніхом і нявестай, якія ствараюць новую самастойную ячэйку роду.

Заручынныя.

Прыехалі на заручыны
Марусьчына мамка
Марусьчына мамка

Марусьчына мамка(2)
Да па садзіку ходзіць,
Ходзіць

Да па садзіку ходзіць,
У прыполе вішні носіць,
Носіць.

У прыполе вішні носіць,
З вішнямі гаворыць,
Гаворыць.

З вішнямі гаворыць:
- А вішні мае, вішні,
Вішні.

А вішні мае, вішні,
Да бяруць мяне мыслі,
Мыслі.

Да бяруць мяне мыслі,
Што адну дачку маю
Маю.

Што адну дачку маю
І тую прапіваю,
Прапіваю.

І тую прапіваю
Да на горкай гарэлцы,
Гарэлцы.

Да на горкай гарэлцы,
На салодкім мядочку,
Мядочку.

На салодкім мядочку
Прапіла маці дочку,
Дочку.

Да ў нас сёння ўсё заповінкі бывалі.

Да ў нас сёння ўсё заповінкі бывалі,
Да й мы сёння да й таварышку прапілі.

Не будзе з намі па кірмашыку хадзіці,
Не будуць яе кавалерыкі любіці.

Не будуць яе кавалерыкі любіці,
Не будуць яе й баранкамі карміці.

І абараначкі ўсё падманачкі падмануць,
Мяне, маладую, і ад татачкі павядуць.

На небе месячка іграе.

На небе месячка іграе,
Васілька коніка сядлае.

У яго татачка пытае:
- Чайго ты коніка сядлаеш?

- Сядлаю коніка твайго,
Паеду да сцяткі да свайго.

Сцілкавы вароты пад замком,
Маладая дзевачка пад вянком.

Уехаў на двор, як жаўнер,
Схапіў дзевачку за каўнер.

Не так за каўнер, як за брыжы:
- Ты, мая дзевачка, не дрыжы.

Ты, мая дзвачка, не дрыжы,
А майго коніка падзяржы.

- Ты ж, Васілька, невялікі пан,
Калі маеш каня, дзяржы сам.

Песні сіраце.

Да й знаці зязюлю.

Да й знаці зязюлю,
Да й знаці сівенькую,
Да што нізенька лятае.
Да й знаць Зіначку па вяселлейку,

Што не свой бацька аддае.
Сабор вялікі, субор невялікі –
Не ўся яе радзіначка.
Я й пашлю, пашлю сакаліначку

Па сваю радзіначку.
Сакаліначка ляціць, а далятае
Радзінка прыбывае.
Я й пашлю, пашлю сівага сакола

На той свет па татачку.
Саколінка ляціць, не далятае,
Татачка адказ дае:
- Не ляці, саколік, не ляці, сівенькі,

Не тамі свайго крылля.
Рад бы я ўстаці к свайму дзіцяці,
Парадак яму даці:
Цісовыя дошкі сціснулі ножкі –

Нельга мне пакрануці.
Зялёныя дзярны прыклалі грудзі –
Нельга мне прадыхнуці.
Жоўтыя пяскі засыпалі вочкі –

Нельга мне празірнуць.
Залатыя замкі замкнулі зяўпе –
Нельга мне абазвацца.

Да й хто ж гэта ў шчырым бары гукае.

Да й хто ж гэта ў шчырым бары гукае,
Ці не Ганначка свае мамачкі шукае?
- Шукай-не шукай, Ганначка, не знойдзеш.
Звязлі ж яе вараныя коні далёка,

Закапалі ж яе ў сырую зямлю глыбока,
Прыклалі зялёныя дзерны шырока.
- А павейце, буйныя ветры, з даліны,
А рассыпце жоўтыя пяскі з магілы.

Прыйдзі, прыйдзі, мая мамка, дадому,
Бо няма ў мяне парадачку ні ў чому.
- Не пайду я, дзіцятачка, не пайду,
Ё ў цябе родны татачка ў даму,
Няхай ён даець парадачак усяму.

Вянчанне.

Ой, там, пад гарою, цэркаў стаяла.

Ой, там, пад гарою, цэркаў стаяла,
Там млода дзеўчына з нялюбым шлюб брала.
З нялюбым шлюб брала і ў шлюба пытала:
- Ой, шлюба, мой шлюба, ці добра мне будзе?

Ці добра мне будзе, з нялюбым шлюб узяўшы?
- Дзеўчына, дурная, розуму не маеш,
Розуму не маеш, што ў шлюба пытаеш.
Лепш з мілым другам век горы капаць,

Як з нялюбым другам на шлюбе стаяць.
Горы капаўшы – вадзіцы нап’ешся,
А з нялюбым другам – слязьмі заліешся.
Горы капаўшы – сядзіш сапачынеш,
А з нялюбым шлюб узяўшы – навекі загінеш.

У доме маладой перад прыездам маладога.

Чаканне маладога.

Разгарэлася каліна.

Разгарэлася каліна,
Перад зарою стоячы,
Па гарах іскаркі носячы.
Тушыў ветрык, не ўтушыў.

- А цябе, каліна, не ўтушу,
Па гарах іскаркі разнашу.
Утушышь каліну дробен дождж,
Утушыць дажджамі, уб’ець іскаркі кроплямі.

Расплакалася Надзенька,
Перад матухнай стоячы,
Дробны слёзкі ронячы.
Унімала матухна, не ўняла.

- А я ж цябе, дачушка, не ўйму,
Болей жаласці задаю.
Унімець твае слёзанькі Ванечка,
Уватрэць слёзанькі хусткаю,
Угаворыць сердзечка ласкаю.

Калі маладую прыбяруць і ўводзяць у хату.

Маладая просіць не аддаваць яе замуж.

У каморы за цясоваю сцяною.

У каморы за цясоваю сцяною,
Там Волечка з сваей мамачкай гавора:
- Не аддай, не аддай мяне, мамачка, з каморы.
- А як жа мне цябе, дзіцятка, не аддаці –

Прыехалі а тыя баяры, што ўзяці,
Падкацілі тую павозку, што сесці,
Падвялі пару конікаў, што везці,
Падышоў той малойчычак, з кім ісці.

Стукнула-грукнула на дварэ.

Стукнула-грукнула на дварэ.
- А вой, Ніначка, па цябе.
- А вой, матухна, кубел гатуй мне.
- Паедзеш, дачушка, без кубла –

Ты маю кудзельку не скубла.
- Куды ж ты, матухна, глядзела,
Як я тваю кудзельку вярцела.
Глядзела, матухна, на дубы,
Аддаеш дачку не туды.

Не аддай мяне, мамачка, за ўдаўца.

Не аддай мяне, мамачка, за ўдаўца.
А у ўдаўца ўсе вялікія наравы:
Павыбірае мае громкі галасы,
Павырывае мае русыя валасы,

Падзярэ мае вышываныя рукавы.
Баліць жа мне галованька і броўца,
Аддаець мяне мой татачка за ўдаўца.
А у ўдаўца тры-чатыры наравы,

А не хопіць маёй беднай галавы.
Як я стану пасцель белу сцяліці,
Сваю першую ён стане хваліці.
Як я стану кашулечку даваці,

То ён стане сваю першую ўспамінаці.
Як я стану яго дзетак будзіці,
Тады будзе мяне людзям судзіці.

Злучэнне маладых.

Вото ж табе, маладая дзевачка, за тое
Вото ж табе, маладая дзевачка, за тое,
Было не плясці русае коскі ва трое,
Было не хадзіці да Навагрудку па ваду,

Было не будзіці ціхіх салавейкаў, што рана пяюць,
Было не браці абаранчыкаў, што даюць.
Абараначкі-падманачкі падмануць,
Цябе, маладзенькую, ад мамачкі адбяруць.

Надзяленне маладой.

А дзякуй, дзякуй, мая мамачка, за твае падаркі
А дзякуй, дзякуй, мая мамачка, за твае падаркі
Што даруеш, госпадам богам вяльмуеш.
Калі ты дасі – няхай бог пасе,
Калі ж не дасі – няхай воўк нясе.

Развітанне маладой з домам.

Сядзіць верабей на страсе.

Сядзіць верабей на страсе
Ён нам яечак нанясе.
Сядзіць Валодзька на куце,
Ён нашу Люсечку ўвязе.

Не жарка гарыць лучына.

Не жарка гарыць лучына,
Не жарка плачыць Рыпіна.
Не разжаліла нікога:
Ні свайго роду, ні чужога.

- Калі захачу – разжалю:
Выплету выплёт з русых кос,
Павешу выплёт на пралёт,
Куды мой батюхна ў клець ходзіць.

Ён і ў клець ідзець – заглянець,
Ён із клеці ідзець – заплачаць:
-Во маёй дачушкі выплёты,
Павесіла мне на слёзы.

Бывала яна насіла,
Падвор’е маё красіла.
Бывала яна ўплятала,
Падвор’е маё дзяржала.

Цяпер шнурочкі дось насіць,
Падвор’е маё дось красіць.
Цяпер косачку дось плятаць,
Падвор’е маё дось дзяржаць.

Казала маці – не збуду дзіцяці.

Казала маці – не збуду дзіцяці.
Аж маё дзіцятка ды само збылося,
Ды само збылося і не азвалося.
Ды казалі мала, ды валы нагнала,

Аж мае валы ды стаяць у хлеве,
А маё дзіцятка ў свёкра на дварэ.
Ды казалі мала, ды кароўкі доіць,
Аж маё дзіцятка з свёкрам гаворыць:

- Ўсё ўмею рабіці, усё ўмею рабіці,
Але не ўмею свайму свёкру ўнаравіці.
- Унаравіш, нявехначка, унаравіш,
Калі па майму падвор’ейку паходзіш,

Дзесяцёры ключыкі паносіш,
Ды ўсё й добрае ўчыніш.

Жаль, жаль мая мамачка, на цабе.

Жаль, жаль мая мамачка, на цабе,
Што я пагуляла нямножка ў цябе.
Невялікую русую касу ўзрасціла,
Малалетнюю ў чужыя людзі пусціш.
Я чужа і чужых людзей не знаю.

- А цябе, дзіцятка, навучаю:
Ты ж, маё дзіцятка, не пышыся, крыся,
Кожнаму нізка ў ножкі кланіся.
Ты ж і старога і малога не мінай,
Кажынаму ты галоўку сагінай.

Чаго сядзіш да што думаеш, дзевачка.

- Чаго сядзіш да што думаеш, дзевачка,
Хто за табой ды ў закоснічках паедзе?
Твой жа братка, твой жа родны не хоча,
І, ды выйшаўшы на вулачку, рагоча.

- Пусціце мяне, маладую, з застолля,
Ой, пайду ж па застоллейку блізенька,
Пакланюся свайму братачку нізенька,
Да й папрашу свайго братачкі харашэнька:

- Паедзь, паедзь, мой братачка, за мною,
Хоць не за мною, дык за русаю касою,
Хоць не за касою, дык за роднаю сястрою.
Да будзеш у паважанні за мною,

Да сядзеш ты да й у майго свёкра за сталом,
Да будзеш піць ты мёд-віно,
Да за мяне, усё атлічную паненачку.

Маладую павялі да маладога.

Уснула мамачка, уснула
Уснула, мамачка, уснула.
Укралі дзіцятка – не чула.
Устала мамачка, а ўжо свет,

Выйшла ў сенечкі – шкапа нет,
Выйшла за вароцечкі – толькі след.
- Да й па тым слядку маё дзіцятка вядзёна.
І сядлайце, браточкі, вы коні,

Даганіце сястрыцу ды ў полі.
- Асядлалі, мамачка, асядлалі,
Гналі сястрыцу – не дагналі.
Пад’язджаючы пад лясок,

Зачулі сястры галасок,
Што яна ў свёкаркі на дварэ.
Шэрыя вутачкі маніла,
Дробныя слёзачкі раніла.

- Эй, гыля, гыля, гусі, дамоў,
А вы знаеце, дзе ваш дом?
Й я й, маладзенькая, не знаю
І ў вас, гусачак, пытаю.

Бягуць конікі, усе скачуць.

Бягуць конікі, усе скачуць,
Аддаюць дзевачку, усе плачуць.
Бягуць конікі, радуюць,
Аддаюць дзевачку, шкадуюць.

Бягуць конікі, развяцца,
Аддаюць дзевачку, пазняцца.
Бягуць конікі, тупаюць,
Аддаюць дзевачку, скупуюць.

Бягуць конікі, пляшучы,
Аддаюць дзевачку, плачучы.

Прыданае.

Дарожачка ды не торненькая
Дарожачка ды не торненькая,
Э-эй, ды мне мамка ды не родненькая.
Выпраўляла мяне рана па ваду,

Э-эй, ні да рэчкі, да й да возера,
Ні да рэчкі, да й да возера,
Э-эй, да глыбокага калодзежа.
Што ля тога, ля калодзежа,

Э-эй, там плавала ды два лебедзя.
- Ох вы, лебедзі, да ўсё белыя,
Э-эй, накажыце маёй мамачцы.
Накажыце маёй мамачцы,

Э-эй, ці я тут жа запрададзена,
Ці я тут жа запрададзена,
Э-эй, ці я тут замуж аддадзена.
Калі я тут запрададзена,

Э-эй, дык ідзіце, адкупляйце мяне.
Калі я замуж аддадзена,
Э-эй, дык ідзіце, адкупляйце мяне.

Змарнела дзіця, змарнела.

Змарнела дзіця, змарнела,
Да тры дні ў цямніцы сядзела,
Да ўсё праз шчэліну глядзела.
- Ці не едуць мае браточкі,

Ці не вязуць мае кухрачкі,
Ці не едуць мае сястрыцы,
Ці не пусцяць мяне з цямніцы.
Хай мае браточкі падап’юць,

Яны ету цямніцу разаб’юць.
Хай мае сястрыцы загуляюць,
Яны ету цямніцу паламаюць.

Ды не жаласлівыя браточкі.

Ды не жаласлівыя браточкі,
Ды не жалеюць свае сястры.
Хапіліся піць і есці,
Ды не адведаюць свае сястры.

Змарнела дзіцяці, змарнела,
Ды ў чужой клеці седзячы,
Ды праз шчэлачку гледзячы:
- Ці не едуць мае браточкі,
Ці не вязуць мае кухарочкі?
Ці не едуць мае сястрычкі, ці не пусцяць мяне з цямнічкі?

Мы к свату ехалі.

Мы к свату ехалі,
Ехалі, тарапіліся
Да з дарожкі збіліся.
У чыстым полі блудзілі,

Сватняй хаты шукалі.
Многа разоў станавіліся,
Да прыехалі к свату.
Сталі ў свата да прасіцца:

- Пусці,сватка, ў хату.
Сват у хату да не пускае.
А ў нашага свата нехарошая хата:
Ні клеці, ні павеці,

Недзе кухры дзеці.
Да паставілі пад страхой,
Накрылі бараной,
На яго дожджык лее,
На яго ветрык вее.

Завітанне маладой.

Увіваначка плача.

Увіваначка плача,
Увіваначка плача, а увіціся хоча.
-А уві яе, божа,
А уві яе, божа, - дзеўкаю непрыгожа.
Дзеўкаю непрыгожа,
Дзеўкаю непрыгожа, маладзіцаю гожа.

Да ўжо вечарок надыходзць.

Да ўжо вечарок надыходзць,
З галоўкі вяночак сыходзіць.
Памаленечку яго знімайце,
Толькі мае косачкі не бгайця.
Ізнялі вяночак, ізнялі,
Сабгалі косачку, сабгалі
І пад чэпчык схавалі.

Пасля завівання.

Вы, закоснікі ж-панічы.

Вы, закоснікі ж-панічы,
Чаго ж вы сядзіце, як сычы,
Чаму ж вы гарэлкі не п’еце,
Чаму ж вы песенек не пяеце,
Чаго ж вы ездзіце па начэ?
-Мы не па начэ – парою
Да й за русаю касою.
-Да русая й каса ўся краса,
Белая намётка й сухотка,
На маю галаўку клапотка.

Сватка мой братка, просім вас.

Сватка мой братка, просім вас,
Каб не было нашаму дзіцяці ганьбы ў вас.
Каб не стаяла позна ўвечары пад акном,
Каб не ўцірала дробных слёзачак рукавом.

Каб не была паветачка хатачкай,
Каб не была суседачка мамачкай.
Паветачка, пойдзе дожджык – намочыць,
Суседачка на вуліцу выйдзе – абгаворыць:

- Негадзяй нявехна,негадзяй:
Ці сесці прасці – драмаці,
Ці кросна ткаці – плакаці,
Па ваду ісці 6 – Не хачу,
Як к мамачцы ў госці: - палячу.

Адлётка, адлётка наша дзевачка.

Адлётка, адлётка наша дзевачка,
Адляцела ад нас далёка:
А за тыя бары шчырыя,
За тыя балоты топкія.

- А, братулькі мае родныя,
Бярыце сякеры войстрыя,
Рассячыце мне шчыры бор,
А каб відны быў таткаў двор.

Сячыце-рубайце алешнік,
Каб відзен быў качарэжнік.
Рассячыце мне елачкі,
Каб відна былі дзевачкі.

Рассячыце мне дубочкі,
Каб відна былі хлопчакі.
Рассячыце мне ўсёй дуб’ё,
Каб відна было ўсё баб’ё.

Ці не зязюлечка Таіска.

Ці не зязюлечка Таіска,
Ой, заляцела далёка:
А ні галовачкі не відаць,
А ні галасочка не чуваць.

Чуць-чуць галасок, як яе,
Да ў свайго свёкаркі на дварэ,
А шэрых гусачак манячы,
А сваіх дзевяроў просячы:

- Дзевярочкі, мае браточкі,
Расцерабіце шчыры бор,
Каб я бачыла таткаў двор.
Расцерабіце сасонне,
Каб я бачыла ваконне.

Пазаабрадавыя песні.

Сямейна-бытавыя песні.

Я праду, сучу.

Я праду, сучу,
Спатачкі, хачу.
Як пайду я ў каморачку –
Клоніць маю галовачку.
Спаць, хачу спаць,
Спаць, хачу спаць.

Свякруха ідзе,
Маланкай сячэ
- Спіць нявехна, акалела,
На работу не паспела.
Не выспалася,
Не выспалася.

Я праду, сучу,
Спатачкі хачу.
Як пайду я ў каморачку –
Клоніць маю галовачку.
Спаць хачу,
Спаць хачу, спаць.

Свёкарка ідзе,
Як пярун сячэ:
- Спіць нявехна, акалела,
На работу не паспела.
Не выспалася,
Не выспалася.

Я праду, сучу,
Спатачкі хачу.
Як пайду я ў каморачку –
Клоніць маю галовачку.
Спаць хачу,
Спаць хачу, спаць.

Мамачка ідзе,
Як галубка, гудзе:
-Спі, дзіцятка дарагое,
Пайшло замуж маладое.
Не выспалася,
Не выспалася.

Я праду, сучу,
Спатачкі хачу.
Як пайду я ў каморачку –
Клоніць маю галовачку.
Спаць хачу,
Спаць хачу, спаць.

Татачка ідзе,
Як голуб, гудзе:
-Спі, дзіцятка дарагое,
Пашло замуж маладое.
Не выспалася,
Не выспалася.

Вечар цёмны, вечар цёмны.

Вечар цёмны, вечар цёмны,
Ночка відная.

Свёкар добры, свёкар добры,
Свякруха ліхая.

Не пушчае ж на вуліцу,
Што я й маладая.

- Пусці, пусці мяне, маці,
Ой, на вулку гуляці.

На шырокай на вуліцы
Я ж не забаўлюся.

Дам дабранач усім нанач,
Вы, малойчыкі, чуйце:

Нялюбыя йдзіце дамоў.
А любыя начуйце.

***

А ў лузе каліна стаяла.
Пад калінай дзяўчына гуляла.

Яна каліну-маліну ламала,
На каліне вячэру варыла.

Закіпай ты, вячэрачка, ціха,
Ці не прыйдзе мой мілы на ліха.

Шчэ вячэра мая не кіпае
Як мой мілы парог пераступае.

Сядам, мілы, с табой на парозе,
Раскажы, што ты чуў у дарозе?

Чуў я, мілка, такую навіну,
Што ты маеш малую дзяціну.

Тут гулялі цыгане ў дубраўцы,
Пазабылі дзяціну на траўцы.

Давай, мілка, каней запрагаці,
Дый паедам цыган даганяці.

Ой, не будам каней мы таміці,
Буду праўду табе гаварыці.

Ой, бываў тут казак маладзенькі,
Начаваў ён тры ночкі цямненькіх.

Ой, бываў ён тры дні і тры ночы,
І пакінуў мне карыя вочы.

***

А ў вішнёвам садочку
Там салавейка шчабятаў,
А я да дому усё прасілася
Мяне мой мілы не пускаў.

Пусці, пусці, мілы, дадому
Узышла белая луна,
Бо мая маці як праснецца
І запытае, дзе была.

Прыйшла дамоў, маці не спала
Дый пытае, дзе была,
Чаго расплецена каса,
А на вачах блішчыць сляза.

А я маменьке сказала-
Касу падружка распляла.
А на вачах блішчыць сляза-
Прашчалась з міленькім я.

Ты стара маці, а я люблю,
Не лай, маці, доню ты сваю.

***

Зялёная вішня з-пад кораню выйшла,
Не дай мяне, маці, дзе я непрывычна.

Дзе ты непрывычна, дзе ты не бывала
У чужую старонку цябе я аддала.

Як выйду ў поле, дай крыкну да дому:
Вары мама вячэру, шчэ й на маю долю.

Варыла, варыла ні мала ні трошкі
Няма табе, дачушка, ні міскі, ні ложкі.

Я міску дастану ды ложку дабуду
С табою, мая мамка, вячэраці буду.

Я міску разбіл, ды ложку зламіла
Ідзі туды, дачушка, дзе ўсё летка рабіла.

Ты думаеш, мама, што я тут раюю,
Прыйдзі, падзівіся, як я тут гарую.

Ты думаеш, мама, што я тут не плачу,
За горкімі слязамі я свету не бачу.

Зялёная вішня назад не ўрасцецца,
Маладая дзяўчына дамой не вярнецца.

***

Ой хаджу, я хаджу ў зялёным саду,
Аддала мяне маці ў вялікую сям’ю.

А вялікая сям’ я ўся вячэраць пасела,
А мяне маладу пасылаюць па ваду.

Па ваду я пайшла, чуць крыніцу знайшла,
Я крынічаньку знайшла, зачарпнула паўвядра.

Зачарпнула паўвядра, дый слязою даліла.
Я слязою даліла, дый дадому панясла.

Паставіла ля саней, сама стала ля дзвярэй,
А вялікая сям’ я навучае мужыка.

Чаму жонку не б’ еш, нашто волю даеш?
А за што яе біць? Яна ўмее усё рабіць.
І чытаць, і пісаць, і пасцельку мне паслаць.

***

А ў лесі, у лесі да на верасі,
Вясна-красна, дзень і цёплы,
Там Васілька да й каня пасе,
Яго дзевачка й абед нясе.

- Сядзьма, Васілька, да паабедаем,
Я табе скажу дзіўца дзіўнае.
Я ж табе даю тры падарачкі.
Первы падарак – залаты персцень,

Другі падарак – шаўковы платочак,
Сама маладая да навек жана.
Залаты персцень на венчаннейка,
Шаўковы платочак на дзержаннейка.
Сама маладая да навек жана.

Баліць мая й галовачка.

Баліць мая й галовачка,
Можа я й памру.
Вы схадзіце, прывядзіце,
Каго ж я люблю.

Вы схадзіце, прывядзіце,
Каго ж я люблю.
Пасадзіце ў галавачках,
Можа атыйду.

Пасадзіце ў галовачках,
Можа атыйду.
Паехаў мой міленькі
У гарадочак.

Паехаў мой міленькі У гарадочак, А я, малада, маладзюсенька, У садочак.

Гнала, гнала й мілага,
Не дагнала й.

***

Сіне морушка глыбока,
Не відаць у моры дна.
Выйшла замуж у край далёкі,
Дай завяла, як трава.

Выйдзі, маменька, паслухай
Стань, паслухай на зары:
Не твая лі дачка плача
Ў чужой дальняй старане.

У нядзелю рана-рана
Маць падаркі сабрала,
За памешчыка сядога
Дочку замуж аддала.

У памешчыка сядога
Многа злата, серабра,
А ў парнішкі маладога
Толькі сэрца, ды душа.

Я памешчыка сядога
Не магу ніяк любіць,
А парнішку маладога
Не магу ніяк забыць.

Мая моладасць праходзіць,
Як з высокай трубы дым,
А я плачу яшчэ й рыдаю
Сваім сэрцам маладым.

На гары лён белы, чысты.

На гары лён белы, чысты,
Белы, чысты, куплалісты,
Не з кім стаці лён ірваці.
Пойду заўлетачку шукаці.

Мілы кажа: - “Я з табою,
Я з табою маладою”.
- Ёсць з кім стаці лён ірваці,
Лён ірваць, снапы вязаці.

Матрасёнак.

Матрасёнак малады
Аленькія губкі,
Ты вазьмі мяне з сабой
Еду ў адной юбке.

Пайду к маменьке радной
І спрашу савета.
Ці мне ехаць з мараком,
Край белага света?

Маць савета не дала,
Брасай, доч, матроса.
Матрос замуж не вазьме,
Толькі пасмяецца.

Не паслухала яна,
Мацеры савета.
І паехала з мараком,
Край белага света.

Прайшоў год, прайшоў другі,
Ідзе доч уныла.
На руках яна нясе,
Матрасёнка - сына.

“Прымі, маменька, радна
Сям’я небальшая.
Матрасёнак будзе зваць
Бабушка радная”.

“Ідзі, ідзі, доч туда
З кім сама хацела, Ты савета маяго Слухаць не хацела.

Пойдзем, пойдзем, мілы сын, Тут нас не прымаюць,
Сіне мора глубако,
Там нас ажыдаюць.

К сіню мору падышла,
Цяжэнька ўздыхнула.
Крэпка сына абняла,
У моры ўтанула.

Расступіся ты, вада,
На две палавінкі,
Прымі дзеву- сірату
На той свет магілы.

Цераз годзік, цераз два
Маць ідзе уныла,
Што ж такая я за маць,
Дачку не прасціла.

Едзе, едзе марачок,
У мора пазірае.
А там у морушке на дне
Дзева маладая.

***

Біла мяне маці,
Бярозавым кнутам,
Каб я не стаяла
З маладым рэкрутам.

А я ўсё стаяла,
Пакуль пеўні пелі
На дзверы ваду ліла
Каб дзверы не рыпелі.

А маці не спала,
Ўсё гэта чула.
А мяне не біла,
Сама такая была.

Як пайду па лесу
Хлопцы дуба цягнуць.
Стану паслухаю,
Што на меня брэшуць.

Адзін кажа - годна,
Другі кажа - тынна.
А мой міленькі кажа,
Што сватацца можна

Біла мяне маці
Бярозавы кнутам,
Каб я не стаяла
З маладым рэкрутам.

За гарою ў калодца.

За гарою ў калодца,
Дзе сцюдзеная вада,
Там за жнейкаю вязала
Снапы дзеўка малада.

І вязала дзеўка, пела,
Што ў калхозе добра жыць.
Еслі дзела добра дзелаць
Еслі труд свой палюбіць.

А ў атвет хлеба шумелі,
Гаварылі ёй аб тым,
Што калхознае багатства
Смела ўходзіць у кожны дом.

Хадзіла, блудзіла.

Хадзіла, блудзіла
Пад це варата.
Не смейся, казача,
Што я сірата.

Не смейся, казача,
Што я сірата.
Калі б прыйшоў у сваты,
То я б не пайшла.

Не бойся, дзяўчынка, у сваты не пайду,
Паеду ў Расію
Пакрашэ найду.

Ты думаў, казача, што я прападу.
А я маладая, замуж выхаджу.

Пахаванні, памінкі, галашэнні.

А Іваначка, а дружок.

А Іваначка, а дружок,
А мы ж з табою на лавачцы сядзелі,
А мы ж з табой курылі.
А з кім жа я цяпер закуру і вып’ю чарачку?

Жартоўныя песні.

А ў полі галіначку.

А ў полі галіначку
Вецер не шатае,
А хто ў прымах не бывае,
Той гора не знае.

А я ў прымах пабываў
Дый нагараваўся.
Кулачэнькі пад бачэнькі
Дый спаці лажыўся.

А не ўспеў я спаці легчы,
Як сталі буджаці:
- Ўставай, прымак, ўставай, прымак,
Паязджай араці.

Арэ прымак, арэ прымак,
Назад паглядае:
-Усе жоны абед нясуць,
А мая не дбае.

Як прынесла жонка абед
Дый той не салёны,
Насярбаўся, нахлябаўся
Дый сказаў: даволі.

- Як не хочаш гэта есці,
Еш хлеб ты з вадою,
А не хочаш ты араці,
Паязджай дадому.

Едзе прымак, едзе прымак,
У дудачку свішча:
- Прымай, дочка, хлеб са столу,
Едзе прымачышча.

Не паспеў у хату ўвайсці
Дый на лаву сесці,
Загадала яму цешча
Есці свінням несці.

- А каб тыя свінні здохлі,
Дый хата згарэла,
Як мне гэта прымацкое
Жыццё надаела.

Сабраліся дзве суседкі,
Сталі гаварыці:
- І твой прымак, і мой прымак
Не хочуць рабіці.

- І ты прымак, і я прымак,
Нечага таіцца,
Сабраліся два прымакі
І пашлі тапіцца.

Сацыяльна-бытавыя песні.

Азерэчка.

Ой, у полі азерэчка,
Там плавала вядзерачка.
Саснова клёпка, дубова дзенца,
Не цурайся майго сэрца.

Яно плавала па мору
Трое сутак і з вадою.
- Выйдзі, дзяўчына, выйдзі, чарнаброва,
Пагаворым мы з табою.

- Я бы рада выхадзіці, з табой рэчы гаварыці.
Ляжыць нялюбы на правай ручцы.
Ой, баюся да разбудзіці.
- Ой, дзеўчына мая люба,

Адвярніся ад нялюба.
Буду страляці, буду выручаці
Ад зялёненькага дуба.
- Ты не стрэліш, ты не ўлучыш,

Толькі жызнь маю разлучыш.
Сядай на каня, язджай са двара:
Ты не мой, а я не твая.
Казак коніка сядлае,

І з сабою размаўляе:
- Ці мне ўтапіцца, ці з каня ўбіцца,
Ці дамоў павараціцца.

Зялёная вішня.

Зялёная вішня з-пад кораня выйшла.
Не аддай мяне, мама, дзе я не прывычна.

Як выйду на гору ды крыкну дадому:
- Вары, мама, свячэру шчэ й на маю долю.

-Варыла, варыла ні многа ні трошкі.
Няма табе, доня, ні міскі, ні ложкі.

-Я міскі пабіла, ложкі паламала.
- Ідзі туды, доню, дзе ноч начавала.

-Успомні ты, мама, хоць раз у суботу,
А я цябе, мама, ідучы на работу.

Успомні ты, мама, хоць раз у нядзелю,
А я цябе, мама, сцялючы пасцелю.

Успомні ты, мама, хоць раз у аўторак,
А я цябе, мама, на дні разоў сорак.

Ты думаеш, мама, што я тут не плачу –
За горкімі слязамі я свету ня бачу.

Ты думаеш, мама, што я тут паную,
Прыйдзі, падзівіся, як я тут гарую.

Зялёная вішня з-пад корня выйшла.
Не аддай мяне, мама, дзе я не прывычна.

Мой муж, мужычышча.

Мой муж, мужычышча,
Вот такая барада, барадзішча.
На гулянне мяне не пускае.
На гулянне мяне не пускае.

Украдца я ад яго ухадзіла,
За сабою нарад я насіла.
У суседа ва дварэ наражалась,
К свайму дружку сабіралась.

Ой, суседзевы сабакі на мяне напалі.
Ой, сабачкі, на мяне не брашыце,
Маладосць маю не губіце.

Ой, у полі расло два дубочкі.

Ой, у полі расло два дубочка,
Там сядзела да два галубочка
Ой, да оха-ха.
Яны сядзелі, не пілі, не елі.

Падняліся, угору паляцелі.
Ой, да оха-ха.
Яны ляцелі ярам, даліною.
Палі, селі да пад каліною.

Ой, да оха-ха.
Гаварылі самі між сабою.
Плоха жыці да нежанатаму.
Ой, да оха-ха.

Яшчэ худжай, як хто каго любя.
Парень дзеўку славамі галубя.
Ой, да оха-ха.
Найшла хмара, хмара гразавая.

Дай убіла, каго я любіла.
Ой, да оха-ха.
Каб я знала, дзе яго магіла.

Я б на памяць ружу пасадзіла.
Ой, да оха-ха.

Як я паеду ў лес па дровы.

Як я паеду ў лес па дровы,
Наламаю лому.
Завёў мяне дурны розум
На чужу старону.

А на той жа стараненькі
Ні атца, ні маці.
Толькі ў саду вішнёвенькім
Пяюць салавейкі.

Пойце, пойце, салавейкі,
Ўсімі галасамі.
А я выйду ды заплачу
Горкімі слязамі.

Пойце, пойце, салавейкі,
Яшчэ галаснее.
А я выйду дай заплачу
Яшчэ жаласнее.

Як сарву я з ружы кветку
Дай пушчу на воду.
Плыві, плыві з ружы кветка
Аж да майго роду.

Плыла, плыла з ружы кветка
Дай стала кружыцца.
Выйшла маці ваду браці
Дай стала дзівіцца:

- Чаго, чаго з ружы кветка
На вадзе завяла?
Доня мая, доня мая,
Чаго стара стала.

У беларускай вуснапаэтычнай спадчыне прыкметнае месца займаюць балады – ліра-эпічныя песні з напружаным драматычным сюжетам, якія апавядаюць пра незвычайныя, трагічныя здарэнні ў асабістым, сямейным жыцці чалавека. Балады ўзнімаюць маральна-этычныя праблемы. Яны багаты матэрыялам для вывучэння мінулага нашага народа, яго быту, яго псіхалогіі, уяўленняў пра справядлівасць і прыгажосць. Запісы збіральнікаў сведчаць, што балады ў нарадным рэпертуары мелі самае разнастайнае прымеркаванне ў залежнасці ад этапу гадавога ці сямейна-абрадавага цыклу, да якога яны былі прымацаваны.

Аддаў мяне татачка далёка замуж.

Аддаў мяне татачка далёка замуж,
Прыказаў мне татачка ў гасцях не бываць.
А й жыла я гадочак, жыла і другі,
А й на трэці гадочак хочацца ў госці.

Да скінуся, скінуся сіваю зязюляй,
Да палячу, палячу і к татку ў госці.
Аж а мой жа татачка па саду ходзіць,
Серадольшы братачка стрэльбу наводзіць

Да й меціцца й цэліцца зязюльку біці.
- Да й не страляй, сыночак, ці зязюлька, ці не,
А й у цябе сястрыца ў чужой старане.
Да й насып жа, сыночак, пшонку на дварэ,

Палажы, сыночак, залаты пярсцёнак.
Калі сіва зязюлька – пшонку паклюе,
Калі твая сястрыца – пярсцёнак вазьме.
- Бадай табе, братачка, бог долі не даў,

Як жа ты мяне, сястрыцу, з садзіку прагнаў.
Да й палячу, палячу я й у шчыры бор,
Ой, сяду ж я, паду на высокай сасне.
Да й не скрыпі, сасонушка, да й мне й так тошна.

Да як закукую, бары заглушу,
Да сільненька заплачу – лугі патаплю.

Тры птушачкі ля забітага малойчыка.

І да й памёр, памёр бел малойчык,
Ой, памёр, памёр бел малойчык,

Ох, на чужой жа старонцы
І да вялікай сямейцы.

Да некаму па ім плакаці.
Да прыляцела тры ластаўкі.

Первая села у галовачках,
І первая села ў галовачках.

Другая села на грудачках,
І другая села ж на грудачках.

Трэцяя ж села у ножачках,
Трэцяя ж села й у ножачках.

Што ў галовачках – то ж маці яго,
Што ў галовачках – то ж маці яго.

Што на грудачках – сястра яго,
Што на грудачках – сястра яго.

Што ў ножаньках – жана яго,
Што ў ножаньках – жана яго.

Дзе ж маці плача – там рэчачка,
Дзе ж маці плача – там рэчачка.

Дзе сястра плача – там лужынка,
Дзе сястра плача – там лужанька.

Дзе жана плача – там суханька,
Дзе жана плача – там суханька.

***

Памёр, памёр бел малойчык,
Ды некаму плакаць па ём.
Прыляцелі тры пташачкі.
Адна пала ў галовачках,

А другая – на грудачках,
А трэцяя – у ножачках.
У галовачках – то мамачка,
На грудачках – то сястрыца,

А ў ножачках – то жоначка.
Мамка плача – рэчка стала,
Сястра плача – палужжайка,
Жана плача – сухусенька.

Жана плача рыдаючы,
Ў мужа праўды пытаючы:
- Скажы, скажы, мой міленькі,
Ці жаніцца, ці журыцца?

- Не журыся, да жаніся,
З дробных дзетак не глуміся.

***

Крапіўка мая жыглівая,
Свякрухна мая журлівая.
Журыла мяне як дзень, так ноч,
Прагнала мяне ад сябе проч.

- Проч, проч, нявехна, проч, нябога,
Ідзі, нявехна, у чыста поле,
Да стань, нявехна, рабінкаю.
Да будзе твой муж з вайны іці,

Да будзе з рабінкі дзівіціся,
Да прышоўшы дамоў, хваліціся:
- Мамка мая радненькая,
Бачыў я дзіва дзівенькае.

Стаіць у полі рабіначка,
Стаіць у полі кудравая.
Без дажджу рабіначка макрусенька,
Без ветру рабіна шатаецца.

- Вазьмі, сынок, сякерачку
Да ссячы, сынок, рабіначку.
Першы раз секануў – трэска адпала,
Другі раз секануў – кроў капнула,

Трэці раз секануў – абазвалася:
- Не рабіну сячэш, жонку сваю,
Трэска адпала – дзеткі твае,
Кроў ганула – слёзкі мае,
Адзывалася – жонка твая.

Браткі.

Журавы,
Ай, ляцелі журавы
А з чужыя страны.

Страны,
А з чужыя стараны,
Селі-палі раллі.

На раллі,
Селі-палі на раллі,
Сталі раллю жыраваць.

Жыраваць,
Сталі раллю жыраваць,
Сталі раллю праклінаць.

Праклінаць,
Сталі раллю праклінаць:
- Лучшай ралля ранняя.

Ранняя,
Лучшай ралля ранняя,
Чымся тая позная.

Позная,
Чымся тая позная.
А на ранняй пшонку жнуць.

Жнуць,
А на ранняй пшонку жнуць,
А на позняй валы йдуць.

Ідуць,
А на познай валы йдуць,
Лучшай жонка первая.

Первая,
Лучшай жонка первая,
Чымся тая другая.

Другая,
Чымся тая другая.
З первай жонкай дзеці меў.

Дзеці меў,
З первай жонкай дзеці меў,
А з другою гадаваў.

Гадаваў,
А з другою гадаваў,
А з трэццяю рассылаў,

Рассылаў,
А з трэццяю рассылаў,
Ідзіце, дзеці, служыці.

Служыці,
Ідзіце, дзеці, служыці,
Чым мачысе гадзіці.

Маці атручвае сына і нявестку.

Да й маці сына спарадзіла,
Да й спарадзіўшы, узгадавала.

Да й ўзгадаваўшы, не ажаніла,
Да паехаў сынок сам жаніціся.

Ждала маці год, ждала другі,
На трэці гадочак прыехаў сыночак.

Прыехаў сыночак і з нявехнаю,
Да й вышла маці дзяцей страчаці.

Сына сустрэла з зялёным віном,
Да й нявехначку – з атрутачкаю.

Сын віна не піў, пад каня выліў,
Да й атрутачку – напалам чарачку.

- Не ўмела маці, дзяцей пасылаці,
Дык сумей, маці, дзяцей пахаваці.

Сына схавала пад цэркаўкаю,
Да й нявехначку – за цэркаўкаю.

На сыну вырас зялёный явар,
На нявехначцы – белая бяроза.

Да й раслі, раслі, пахіліліся,
Цераз цэркаўку сашчапіліся.

Там ішлі людзі да й дзівіліся,
Там ішлі людзі да й дзівіліся:

- Не дзе гэтыя дзеткі верна любіліся,
Што цераз цэркаўку сашчапіліся.

Да й будуць, маці, людзі сена касіці,
А прыдзеш, маці, дзяцей прасіці.

Да жджы, маці, святога іспаса,
Я к табе не пайду, няма мне часу.

Да й будуць, маці, людзі жыта жаці,
Ты ж прыйдзеш, маці, дзяцей пабуджаці.

Да жджы, маці, святой Міколы,
Я к табе не пайду цяпер ніколі.

А й полі, ў полі бяроза стаяла.

А й полі, ў полі бяроза стаяла,
Вой, на той бярозе зязюля й кукавала.

Гэта не зязюля, а родная й маці,
Выпраўляла маці сына й ў салдаты.

- І дзі, мой сыночак, доўга не барыся,
На трэці гадочак назад вараціся.

Служыў ён гадочак, служыў ён і другі,
На трэці гадачак едзе мой сыночак.

Вой, ці рада, маці, ой, ці рада мною,
Вой, ці рада мною, маёю жаною.

- Вой, рада, сыночак, рада я табою,
Толькі я не рада тваёю жаною.

Сына пасадзіла ў хаце за сталамі,
А чужу нявехну – ў сенях за дзвярамі.

Сыну наварыла салодкага мёду,
А сваёй нявехне – зялёнага яду.

А сын мёд не вапіў, да пад стол жа выліў,
А зялёну атраву напалам падзяліў.

А божа мой, божа, што я нарабіла,
Маладую й пару са свету згубіла!

***

А ў полі бяроза, а ў полі кудрава,
Маці свайго сына ў войска выпраўляла.

- Ідзі, мой сыночак, ідзі, не баўляйся,
Чэраз год, чэраз два дадому вяртайся.

Вось праходзіць гадок, вось праходзіць другі,
На трэці гадочак едзе мой сыночак.

- Ой, ці рада, маці, ці рада ты мною,
Ой, ці рада мною, маёю жаною?

- Ой, я рада, сыночак, рада я табою,
Толькі я не рада тваёю жаною.

Пасадзіла сына ў хаце за сталамі,
А чужу нявестку – ў сенях за дзвярамі.

Сыну налівалі саладкага мёду,
А чужой нявестцы – зялёнага хмелю.

Яны таго хмелю напал падзялілі,
І друг на дружочка галоўкі скланілі.

Сына пахавалі ў лузе пры каліне,
А чужу нявеесіку – ў лузе пры даліне.

Пасадзілі сыну чырвону каліну,
А чужой нявестцы – калючу шыпшыну.

Жонка памерла.

Да і ў садзе, ў садзе-вінаградзе
Стаіць сівы конік на парадзе.
Ніхто таго каня не цануе.
Прыехаў гусарык з Украіны,

Ой, ён тому каню цану налажыў жа:
Семдзесят чырвонцаў шчэ й чатыры.
Ой, як сеў гусарык, дак паехаў,
Прыехаў гусарык і к вароцечкам.

Як стукаць, так грукаць ў вароцечкі.
Не вышла жана, вышла цешча.
- Не штурмуй жа, зятю, не штурмуй,
А ўжо твая жана паканала,

У вішневым садзе пахавана.
Паехаў гусарык па садочку,
І знайшоў ён тую магілачку.
- Жоўценькі пясочак, ты адсыпся,

Смалова дошка,адчыніся, жана малада, абзавіся,
Ці восені ждаці, ці жаніцца?
- Во як прыдзе восень, ажаніся,
Толькі з маіх дзетак не глуміся.

Сын Даніла.

Паехаў Данілка на Русь на вайну,
Пакінуў жану ён бярэменную.

Пакінуў мамку ён жа старую.
Яго жана усю ноч не спала.

Яго жана ўсю ноч не спала,
Яго жанка сынка ражала.

Да яго мамка ночку не спала,
Да яго мамка лісты пісала.

- Прыедзь, прыедзь, сыночак,
Да з Русі дамоў.

Ўжо твая жана разгулялася
І з казакамі ды з малойцамі.

Прыехаў Данілка із Русі дамоў,
Увайшоў у хату і ўзяў войстру меч.

Увайшоў у хату й узяў войстру меч,
Узяў войстру меч, ссек жонцы галоўку з плеч.

- Ай, божа, божа, што ж я нарабіў,
Жану загубіў я, сына ўсіраціў.

Жану пахароняць, мяне акуюць,
Малую малютку ў прыют забяруць.

Братка-здрадніца.

Ой, на вуліцы стучыць-гручыць,
Братавыя залвы нанач просіць:

- Хадзі, залвіца, ка мне нанач,
Хадзі, залвіца, ка мне нанач.

- Баюся, братавая – здрадзіш мяне,
Баюся, братавая – здрадзіш мяне.

- Не бойся, залвіца, я не здраджу,
Не бойся, залвіца, я не здраджу.

Клетачка мая каменая,
Клетачка мая каменая.

Замочкі мае нутраныя,
Замочкі ж мае нутраныя.

Да прыехала тры двараніны,
Да прыехала тры двараніны,

Адзін дваранін у сіненькім,
Адзін дваранін у сіненькім.

Другі дваранін у зялёненькім,
Другі дваранін у зялёненькім.

Трэці дваранін у чырвонінькім,
Трэці дваранін у чырвонінькім.

Што ў сіненькім – замок зламаў,
Што ў сіненькім – замок зламаў.

Што ў зялёненькім – полаг адняў,
Што ў зялёненькім – полаг адняў.

Што ў чырвоненькім – залву й ўкраў,
Што ў чырвоненькім – залву й украў.

Сястра-здрадніца.

- Да пайдзём-ка, сястра,
На марскі бераг гуляць,
Да й пасмотрым, сястра,
Чым жа бераг украшон.

Да й пасмотрым, сястра,
Чым жа бераг украшон?
Украшон беражок
Да ўсё жоўценькім пяском.

Што на тым пяску
Стаіць лодачка нава,
Стаіць лодачка нава,
Вісіць лента галуба.

- Ой, сястрыца мая!
Знімі лентачку – твая!
Сястра ў лодку ступнула,
А лодачка зыбнула.

Сястра ў лодку ступнула,
А лодка зыбнула,
А лодачка зыбнула,
Сястра ў мора ўтанула.

- Ой, сястрыца мая,
Ці дастала ў моры дна,
Ці дастала ў моры дна,
Ці халодная вада?

Ці дастала ў моры дна,
Ці халодная вада?
- Ай, гора ж мне,
Што я ў моры на дне.

Ай, гора ж мне,
Што я ў моры на дне,
А шчэ майму міленькаму
На чужой старане.

Жонка забіла нялюбага мужа.

І па садзіку паходжана,
І расіца пакалочана.

Жана мужа страх не любіла,
Жана мужа з свету згубіла.

Як пачулі два браточкі яго,
А прыехалі браты брата адведаць.

- Ты браціха, ты лябёдачка наша,
Дзе дзявала брата нашага?

- Дзевярочкі, вы браточкі мае,
А ў нас ўчора позна госці былі.

А ён жа павёў гасцей праваджаць,
А ён павёў гасцей праваджаць.

- Ты браціха, ты лябёдачка наша,
Чаго ў цябе поўна сені крыві?

- А я гусей, курэй гасцям рэзала,
А я гусей, курэй гасцям рэзала.

- Ты браціха, ты лябёдачка наша,
Ой, аддай нам залатыя ключы.

Ой, аддай нам залатыя ключы,
А мы пойдзем новы свіран адкрываць.

- Дзевярочкі, вы браточкі мае,
Дзевярочкі, вы браточкі мае.

А наце вам залатыя ключы,
А наце вам залатыя ключы.

Адмыкайце жа вы новы свіран,
Ды бярыце вы там вострую меч.

Ды знясіце мне галовачку з плеч,
Ды знясіце мне галовачку з плеч.

У найбагацейшай скарбніцы беларускай народнай песнятворчасці адметнае месца займае прыпеўка.

***

Пячы, маменька, яешню
На яловенькіх суках.
Прыйдзе, мілы, з партызанаў
З аўтаматам у руках.

***

Люба мне ля рэчкі жыць,
Ходзяць параходзікі.
Неўзаметку праляцелі
Маладыя годзікі.

***

Я на бочцы сяджу,
Бочка коціцца.
Ніхто замуж не бярэ,
А мне хочацца.

***

Ох, ох, не дай Бог
Старому жаніцца.
Маладая не ідзе,
Стара не гадзіцца.
Мілы мой думаў жаніцца
І пайшоў па вуліцы.
Шчэ й пярына не гатова –
Пёрушкі на курыцы.

***

Я на ганку стаю,
Слёзы коцяцца.
Дзеўкі замуж ідуць,
І мне хочацца.

***

А я замуж захацела,
Кулем з печы паляцела,
Пакуль з печы звалілася,
Пра замужжа забылася.

Выслоўі – гэта тэрмін для абазначэння той незлічонай колькасці кароткіх вусных твораў і ўстойлівых словазлучэнняў, што не з’яўляюцца ні прыказкамі, ні прымаўкамі, хоць нярэдка і падобны да іх, асабліва да прымавак. Усе выслоўі побач з прыказкамі і прымаўкамі бытавалі ды і зараз бытуюць у гутаркавай мове. Зразумела, выслоўі цалкам не маглі выйсці з-пад увагі збіральнікаў беларускага фальклору. Зазека Язэп Васільевіч (24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на – 27.8.1977) збіраў творы вусна-паэтычнай тварчасці. Даследаваў партызанскі фальклор. Яго фальклорныя запісы ўвайшлі ў тамы з серыі БНТ: “Праказкі і прымаўкі” (кн. 2, 1976), “Выслоўі”(1979).

***

Заехаў на пнюшок сівы жарабок.

***

Сядзіць як чорт на вы’скідзі.

***

Сказаў (угадаў) як у сук (сцяну)уляпіў (папаў).

***

Так ты накасіў, як немец наваяваў.

Замовы.

У Клічаўскім раёне бытавалі і бытуюць самыя разнастайныя віды і жанры фальклору. Адным з самых старажытных жанраў вуснапаэтычнай творчаці з’яўляецца замова, з дапамогай якіх яшчэ нашы продкі ўплывалі на навакольны свет. Яны ахоплівалі ўсе бакі жыцця чалавека, як госпадарчай дзейнасці, так і сямейнага і грамадскага быту. Вялікая колькасць замоў была накіравана на вылячэння ад хвароб чалавека і хатняй жывёлы. Гэта магічныя словы захаваліся да нашых дзен. Захаваныя да нашых дзён замовы вельмі выразна сведчаць аб тым, што ў аснове гэтых твораў ляжыць перакананне нашых продкаў, што падобным можна выклікаць падобнае. Адсюль і сістэма вобразаў у замовах, іх кампазіцыя і паэтычныя сродкі.

Ад зубнога болю.

Первым разком, добрым часком, прашу Госпада Бога і Духа Святога.
- Маладзік малады, у цябе рог залаты, ты ўсюды бываеш, многа відаеш. Ты на тым свеце быў?
- Быў!
- Маю бабку бачыў?
- Бачыў.
- Ці баляць у яе зубы?
- Не!
- Дак хай жа яны не баляць і мне.
Не сваімі думамі, господнімі славамі. Любі мой лёгкі дух.

***

- Маладзік малады, ці быў ты на тым свеце,
А ці бачыў ты мёртвых?
А ці баляць у каго зубы, як у маёй губы?
- На тым свеце я бываў
І ўсіх мёртвых відаў.
Ні ў каго не баляць зубы,
Як у тваёй губы.
Век не балелі зубы, не балелі, не чувалі,
На тым часе заміралі.

Ад прымаўкі.

На сінім моры стаіць дуб зялёны, на тым дубе гняздо. А ў тым гняздзе сарокі, вароны без ног, без крылля. Не ходзяць, не лятаюць, толькі прымаўкі адганяюць.

Ад скулы.

Госпаду Богу памалюся, Прачыстай мацеры Божай пакланюся, кіеўскім, пячэрскім, усім сілам нябескім, усім святым гасподнім божым угоднікам і ўсім святым гасподнім скорым памочнікам. Усе святыя гасподнія божыя ўгоднікі, усе святыя гасподнія божыя скорыя памочнікі, прыступайце рабе божай (імя) да помачы з паддзіўку, з-пад разгавору, з-пад зляку, з-пад удару, з-пад нерваў, з-пад унушэнняў, з паддзелу, з-пад ветру, з-пад вады, пузыр, нарыў, волас, скулу парную, адзінарную ўгаварваць. Скула-скуліца, красна красавіца, бела бяліца, сіня сініца, чорна чарніца, ража-разавіца, скула-ніца, скула-камяніца, скула-муравіца, скула-пляснівіца, скула-паўзуха, скула-залатуха, скула-ангіна, скула-нежыперсніца, скула-акзема, скула-жаўна, скула-крапіўніца, скула з падвою, скула з-пад разгавору, з-пад шапкі хлапочай, з-пад касы дзявочай – шаптала, угаваравала з касцей, з машчэй, і з карых ачэй, з румянага ліца. Тут табе не стаяць, жоўтай касці не ламаць, чырвонай крыві не разжыгаць, цела не пушыць, сэрца не ташніць. Адпраўляю цябе на чарата, на балата, на ніцыя лозы, на быстрыя воды, на сіняе мора. На сінім моры гуляла дзявіца Еўхрасіння, сталы засцілала, кубкі налівала, піла-гуляла, сладка ўядала і ўсякія скулы з етага чалавека выганяла, на сіняе мора адпраўляла. Там ім піць-гуляць добра самім, а ў рабы божай (імя) з падзіўку, з-пад разгавору, з-пад зляку, з-пад удару, з-пад нерваў, з-пад унушэння, з паддзелу, з-пад ветру, з-пад вады, пузыр, нарыў, валос, скулу парную, адзінарную не бываць. Я з духам, Гасподзь з помаччу.

Ад прыстрэку.

Госпаду Богу памалюся (імя) урокі шаптаці, прыстрэкі, нагаворы, падуманыя, пагаданыя, ветраныя, насланыя, падмоўныя, падгавораныя, сплашныя, пачэсныя. Дзе ж вы, урокі, ці вы жаноцкія, ці вы дзявоцкія, ці вы парабоцкія, ці вы чалавечыя, ці вы ветраныя, ці вы насланыя? Дзе ж вы, урокі, дзе ж вы, прыстрэкі, дзе ж вы, нагаворы? Дзе свет не світае, дзе сонейка не сходзіць, дзе збож’ейка не родзіць і дзе пеўняў голас не заходзіць і дзе барын тапорыкам не рубне, дзе дзявіца касы не распляце. Там вам піценне і ядзенне, і гулянне, і супачыванне. Там вам скам’і засціланыя і кубачкі наліваныя, наймічка з парубкам перакачваюцца, перабенчваюцца, будуць вас паважаці, з хаты дымам, з двара ветрам напраўляці. За вецер ухапіліся, на асіне заснуліся. Ад рабы божай чыстаплотнай, уражджэннай. Благаславеннай (імя) адчапіліся, адкаснуліся, к ёй не вярнуліся.

Ад уроку.

Первым разам, дабрым часам, прашу Госпада Бога, Духа Святога, матку Прачысту на помач прызываю. Вячэрня зара, сконна пара, Богу памажы (імя) лячыць, з хаты дымам, з гары ветрам, залатымі ключамі, вострымі мячамі, лячу прырокі дзяля тае сарокі. У чыстым полі хадзіла Прачыста, палівала грады, там шукала чалавеку рады. Я, бабка, славамі, Гасподзь думамі. У час добры, любі мой дух лёгкі.

Ад пярэпалоху.

Пярэпалах вадзяны, цянны, сляпяны, маляны, пярэпалах мужчынскі, пярэпалах жаночы, пярэпалах хлапечы, пярэпалах дзявочы, пярэпалах гавяжы, пярэпалах конскі, пярэпалах свіны, пярэпалах вуціны, пярэпалах курыны, пярэпалах сабачы. Скаціся, пярэпалах, з жыватка на крутыя горы, на быстрыя рэкі, на цёмныя лугі, на зялёну смародзінку; раскляваці, разграбаці, пярэпалаху не бываці, а (каго лечыш) прастор даці.

Ад розных хвароб.

Первым разам, дабрым часам, прашу Госпада Бога, Духа Святога, матку Прачысту на помач прызываю. Вячэрня зара, сконна пара, Богу памажы, лячу раба божага (імя). Матка родзіла, бабка адхадзіла, матка родзіла, матка адхадзіла, матка родзіла, матка адхадзіла. Мушчынска, жаноцка, дзявоцка, з прыгавору, прыдумна, прышпешна, паглядна, спужана, улякана, балюча, калюча ў раба божага (імя) не быць, серца не таміць, касці не ламіць. Я, бабка, прыступіла і ўгаварыла сваімі словамі, гасподнімі думамі. Любі мой дух.

Прыказкі і прымаўкі.

Прыказкі і прымаўкі, або пагаворкі, належаць да найбольш кароткіх жанраў вуснай нараднай творчасці. Яны ж з’яўляюцца і найбольш пашыранымі, масавымі фальклорнымі творамі, бо прыказкі і прымаўкі ў штодзенным жыцці карыстаюцца ў той або іншай меры амаль усе людзі для падмацавання сваіх думак і меркаванняў, для ажыўлення і прыгожвання сваёй гаваркі, надаюць ёй большую яркасць і выразнасць.

***

Цяпло тушать вадою, а каханне нічым нельга.

***

- Як красату дзялілі, я спала, а як шчасце дзялілі, устала, - гаварыла непрыгожая жанка прыгожага мужа.

***

Каму кірмаш, а каму нямаш.

***

Баба казала:
- Каб не мае бліны, у дзеда хлеба не было б.

***

У сляпога вочы на пальцах.

***

У яго на адным дні тры поўдні.

***

У кулак глядзіць і траўкай закусваць

*** Вада на лузе – сена ў стозе.

***

Многа снегу – многа хлеба.

***

Зімняя ночка – дзецям сарочка.

***

Дзе кросны, там бабам млосна.

***

Баб тады людзьмі завуць, як на работу ідуць.

Народныя павер’і.

***

Нельга есці мужчынам у шапцы за сталом, а то цешча глухая будзе.

***

Дзяўчатам нельга лізаць лыжку з выпуклага боку, а то мужык будзе з лысінай.

***

Завязваючы хустку, маладыя дзяўчаты прыглядаліся, каб не завязаць хустку з кароткім бокам наверх, а то мужык будзе кароткі.

***

У каляды маладзіцы кармілі куццёй курэй, свіней, каб вялася скаціна ў хлеве.

***

У час каляд гаспадыня рабіла з вяроўкі круг і ў гэтым крузе карміла курэй ўсе каляды. Гэта каб куры не хадзілі несці яйкі да суседзяў.

***

Нельга мыцца ў бані ў панядзелак, а то людзі ўсё жыцце будуць абмываць языкамі.

***

Калі дарогу перашлі з пустым вядром, то не пашанцуе.

***

Падмятаючы ў хаце, маладая дзяўчына павінна дакончыць гэту работу, а потым рабіць другую, а не наадварот, а то сваты будуць ісці ў сваты і вярнуцца з палавіны шляху назад дадому.

Вусная народная тварчасць з пачатку свайго ўзнікнення адлюстроўвае жыццёвы вопыт людзей, іх багатую фантазію, кемлівасць, дасціпны розум, а таксама ўсе ступені развіцця грамадства, гераічную барацьбу з прыгнятальнікамі, запаведныя мары і спадзяванні народа. Паяўленне разнастайных жанраў вуснапаэтычнай творчасці, сярод якіх вылучыліся і адмыслова хітрыя загадкі, з’явіліся вынікам багатага жыццёвага вопыту ў абагульненні з’яў навакольнай рачаіснасці.

Загадкі, як і іншыя фальклорныя творы – песні, казкі, легенды – невычэрпны матэрыял для вывучэння быту народа і яго жыцця.

***

Вушы калышуцца, а пуза плыве?

***

Еду, еду – ні дарогі ні следу, конь без хваста, пуга без пасвіста?

***

Каля ямы ўсе з кіямі?

***

Без крыл яна, без дзюба, а рыбачыць любіць?

***

Што за загадка, што за вапрос, страляем у пяткі, пападаем у нос?

***

Пайшла пані ў сад, ды не выйшла назад?

***

У руках не накамячыш, босы – ногі накалечыш?

***

У засечку авечкі трымаюць чырвоныя свечкі, маці з іх воч не спускае, качаргою ганяе?

Казкі.

Беларуская казачная традыцыя мінулага надзвычай багатая і шматжанравая. У рэпертуары выдатных беларускіх казачнікаў шырака прадстаўлены такія разнавіднасці казачнага эпасу, як казкі пра жывел, чарадзейныя казкі, сацыяльна-бытавыя, навелістычныя, гераічныя . Трэба адзначыць, што лепшыя ўзоры казак запісаны ад Ганны Ясонавай в. Слабодка, Агрыпіны Шэх, Домны Іванаўны Дайнека і Л. Мароз з вёскі Доўгае, Анастасіі Арэшка з вёскі Заполле і іншых.

Воўк і казляняты.

Жыла была каза. У яе было сем казлянят. Адзін раз сабралася каза ісці ў лес па арэхі і прыказвае казлянятам, каб яны нікога не пускалі ў хату: - Дзеткі, будзьце дома. Толькі глядзіця, нікому не аткрывайця. А я як прыду, то буду казаць:
- Дзеткі мае, казляняткі мае, ваша маці прыйшла, малачка прынесла.
Ну, тады і аткрывайця.
- Добра, мама, нікому не аткрыем.
Ну, яна і пайшла ў лес.
У гэты час воўк усё падслухаў. Прыйшоў, стаў кала дзвярэй і крычыць:
- Дзеткі мае, адкрыйця мне, ваша мама прыйшла, малачка прынесла.
А казляняты кажуць:
- Чуем, чуем, гэта не нашай мамы голас. Нашай мамы голас тоненькі, а гэта грубы. Мы не адкрыем.
Тым часам каза нашчыпала тры мяхі, чацвёртую торбу арэхаў і прыйшла дадому:
- Дзеткі мае, казляняткі мае, ваша маці прыйшла, малачка прынесла.
Дзеці адкрылі і расказваюць маме:
- Мама, воўк прыходзіў і гаварыў з намі грубым голасам.
Яна ім кажа: - Дзеткі, можа, воўк яшчэ прыйдзе. Вы ня аткрывайця.
Пакарміла іх і зноў пашла па арэхі.
А ў ета ўрэмя воўк пашоў у кузню і просіць ў кузняца:
- Знаеш што, ты мне накуй язык, каб ён танейшы быў.
- А нашто гэта табе?
- Мне нада. Я табе заплачу.
Вот казы німа, воўк зноў прыходзіць – і пад дзвяры. І начаў, як каза:
- Дзеткі мае, атварыця мне, ваша маці прышла, малачка прынесла.
Аны ўзялі і адкрылі. Аж глядзяць – воўк! Сталі яны хавацца: хто пад печ, хто пад пол, хто пад стол… а самы маленькі схаваўся за полагам. Воўк шасцёра нашоў і паеў, а сёмага не ўглядзеў.
Прыходзіць каза і бачыць, што няма казлянят. Стала яна іх зваць, шукаць – нідзе няма. Тады самы маленькі вылез з-за полага і ўсё маме расказаў.
Каза плакала-плакала, а потым рашыла ісці ваўка шукаць. Доўга яна з маленькім козлікам ваўка шукалі, аж пакуль не прыйшлі да рэчкі. Глядзяць – воўк спіць пад кустом. Знайшла каза востры прут і разрэзала соннаму ваўку жывот – казляняты адтуль і павыскаквалі. Каза палажыла ваўку ў жывот каменне і завязала. Воўк прачнуўся і захацеў піць. Падышоў да рэчкі, стаў піць, а камянні цяжкія і пацягнулі яго ў раку. Так ён і затапіўся. А каза са сваімі казлянятамі стала жыць-пажываць.

Два лапці – пара.

Даўным-даўно жыла на свеце жанчына Аўдоцця. І быў муж у Аўдоцці два лапці – пара. Жылі яны бедна-бедна, пад гаем зеляненькім. Ім заўсёды было ўсяго мала, вось каб скідала грошы хмара.
Аднойчы ноччу нейкі дзядок пастукаў у іх хаціну. Гэта быў вандроўнік, які з дарогі збіўся, ды ноччу заблудзіўся. Калі ён зайшоў у хату, Аўдоццю адразу ж прывабіў яго клунак. Ён вісеў за спіною у дзеда і вельмі ярка пераліваўся. Пашла да мужа Аўдоцця, ды кажа:
- Як нам той клунак набыць з табою?
- Давай, кажа, напоім яго забыў-травою.
- Давай, - згодзілася Аўдоцця.
Глядзі і забудзе ён пра свой клунак, а мы паглядзім, што там.
Напаіла яна дзеда зеллем, адным словам зрабіла ўсё, як муж параіў. Вандроўнік заснуў, але рана прахапіўся і падаўся дамоў. Праснулася Аўдоцця, убегла ў яго закуток, але нікога не ўбачыла, ні клунак, ні абутак. Прыбегла яна да мужа і пачала крычаць:
- Каб ты згінуў з сваей травою, вось дык параіў.
- Забыў, забыў! – крычыць муж.
- Што забыў?, - кажа Аўдоцця.
- Плату пакінуць.
- Вось дык злыдзень.

Ад зубнога болю; ад скулы; ад прымаўкі; ад прыстрэку; ад уроку; ад пярэпалаху; ад розных хвароб: [замовы Кліч. р-на] // Замовы. – Мн., 1992. – С. 185, 206, 273, 276, 284, 305, 358.

Балады: у 2-х кн.: [упамін. балады Кліч. р-на] / рэд. К.П. Кабашнікаў, В.І. Ялатай. - Мн., 1977. Кн. 1. – С. 44, 63, 111, 165, 167, 183, 191, 257, 299, 312, 330, 375, 416, 492, 514, 515, 610.

Балады: у 2-х кн.: [упамін. балады Кліч. р-на] / рэд. К.П. Кабашнікаў, В.І. Ялатай. Мн., 1978. Кн. 2. – С. 126, 127, 245, 262, 366, 381, 382, 389, 494, 594, 613.

Бруева К. Сямейная памяць: [публ. нар. песень, прымавак, прыпевак] / зап. К. Бруева // Першацвет. – 1996. - № 12. – С. 109 -115.

Валачобныя песні: [упамін. Валачобныя песні Кліч. р-на] / Склад. Г.А. Барташэвіч, Л.М. Салавей. – Мн., 1980.- С. 70, 71, 80, 81, 212, 241, 277, 301, 354, 360, 414, 420.

Веснавыя песні.: [упамін. веснавыя песні Кліч. р-на] / склад. Г.А. Барташэвіч, С.М. Салавей. – Мн., 1979.- С. 122, 127, 128, 133, 135, 136, 139, 145, 244, 296, 300, 350, 361, 365, 371, 373, 378, 380, 411, 446, 454, 467, 469, 477.

Выслоўі. / Склад., сістэматызацыя тэкстаў, уступ. артыкул і камент. М.Я. Грынблата / рэд. А.С. Фядосік. – Мн.: Навука і тэхніка, 1979.

Вяселле. Песні: у 6-ці кн.: [упамін. вясельныя песні Кліч. р-на] / Склад. Л.А. Малаш; рэд. М.Я. Грынблат, А.С. Фядосік. – Мн., 1980. Кн.1. - С. 75, 114, 328, 339.

Вяселле. Песні: у 6-ці кн.: [вясельныя песні Кліч. р-на] / Склад. Л.А. Малаш; рэд. М.Я. Грынблат, А.С. Фядосік. – Мн., 1981. Кн.2. – С.64, 166, 170, 484, 485, 508, 542, 567.

Вяселле. Песні: у 6-ці кн.: [упамін. вясельныя песні Кліч. р-на] / Склад. Л.А. Малаш; рэд. М.Я. Грынблат, А.С. Фядосік. – Мн., 1983. Кн. 3. - С. 195, 263, 316, 469, 532, 535, 541, 551.

Вяселле. Песні: У 6-ці кн.: [упамін. вясельныя песні Кліч. р-на] / (Склад. Л.А.Малаш; рэд. А.С. Фядосік). – Мн., 1985. Кн. 4. – С. 322, 457.

Вяселле./ Песні: у 6-ці кн.: [упамін. вясельныя песні Кліч. р-на] / Склад. Л.А. Малаш;рэд. А.С. Фядосік). – Мн., 1986. Кн 5. – С. 29, 46, 71, 80, 175, 177, 242, 256, 327, 333, 397.

Вяселле. Песні: у 6-ці кн.: [упамін. вясельныя песні Кліч. р-на] / Склад. Л.А. Малаш; рэд. А.С. Фядосік. – Мн., 1988. Кн 6. – С. 23, 30, 48, 64, 88, 226, 235, 236, 248, 249, 259, 286, 292, 325, 338, 368.

Жартоўныя песні: [упамін. жартоўныя песні Кліч. р-на] / рэд. А.С. Фядосік, Г.І. Цітовіч. – Мн., 1974. – С. 247.

Загадкі: [упамін. загадкі Кліч. р-на] / склад. М.Я. Грынблат, А.І. Гурскі; рэд. А.С. Фядосік. – 2-е выд. - Мн., 2004. – С. 106, 109, 119, 172, 209, 323.

Зімовыя песні: [упамін. зімовыя песні Кліч. р-на] / рэд. М.Я. Грынблат. – Мн., 1975. – С. 68, 75, 79, 81, 93, 132, 135, 138, 256, 322, 326, 401, 463, 497.

Купальскія і пятроўскія песні: [упамін. купальскія і пятроўскія песні Кліч. р-на] /рэд. А.С. Фядосік. – Мн., 1985. – С. 75, 104, 123, 124, 252, 254, 271, 305.

Магілёўшчына: назвы насел. пунктаў паводле 12 легендаў і паданняў: [легенды Кліч. р-на] / склад., запіс А. М. Ненадаўца. – Мн., 2002. – С. 219-234.

Легенды і паданні Клічаўшчыны // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Кліч. р-на / рэд. Б.І. Сачанка. – Мн., 1995. - С. 81-83.

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні: [упамін. Кліч. р-н] / рэд. А.С. Фядосік. – Мн., 1986. – С. 436.

Сямейна-бытавыя песні: [упамін. сямейна-бытавыя песні Кліч. р-на] / ред. А.С. Фядосік. – Мн., 1984. – С. 120, 392.



created by Alexandr Vasilenko. mailto: m15kam@tut.by