У 15 ст. Жорнаўкі перайшлі ад Самуіла Карэйва да Мікалая Нарушэвіча. Кацярына Нарушэвіч выйшла замуж за абознага Вялікага княства Літоўскага Яна Валовіча, сына Марцыяна Валовіча.
Род Валовічаў даў Беларусі выдатных дзяржаўных дзеячаў, пісараў, ваяроў. Ён радніўся з Радзівіламі (Тэкля Валовіч была жонкай стольніка літоўскага, маршалка надворнага, ваяводы полацкага Аляксандра Людвіка Радзівілы - аднаго з родапачынальнікаў асіповіцкай галіны гэтага роду. Рыгор Валовіч з Нарушэвічамі вырашаў лёс асіповіцкіх зямель у 1-й палове 16 ст.
У Яна Валовіча і Кацярыны Нарушэвіч было дзве дачкі: Ганна і Фядора. Фядора атрымала у спадчыну ад свайго бяздзетнага дзядзькі Вінцэнта маёнтак Жорнаўкі, з аднайменнай вёскай, Амінавічы, Пагарэлае, Лазовае, Ляды, Бозак, Малыя Жорнаўкі, Граўку, Казубовічы, Сёмкаву Слабаду, Снусцік і менавіта яна паклала пачатак радавой лініі Завішаў. Унук Крыштафа Завішы Ян Ежы пабраўся шлюбам з Фядорай Валовіч. Пасля смерці бацькоў спадчына перайшла сынам Фядоры Крыштафу Тэабольду і Феліцыяну, а потым (паколькі Феліцыян не меў дзяцей) дзецям Крыштофа. Сын Крыштофа Завішы Ян наследаваў асіповіцкую спадчыну. Ён пабраўся шлюбам з Тэрэзай Свентаржыцкай і нарадзіў сына Івана Тадэвуша (Фадзея). Сын Фадзея Завішы Іван стаў апошнім мужчынам роду. У 1855г. адбылося вяселле Івана Завішы з фрэйлінай двара Яго Імператарскай Высокасці, графіняй Марыяй Кванецкай. У іх нарадзіліся дзве дачкі: Марыя і Магдаліна.
Сярод імён беларускага сярэднявечча Завішы адны з многіх, аднак для гісторыі Асіповіцкага раёна значэнне іх роду вызначальнае. Менавіта Завішы на працягу некалькіх стагоддзяў валодалі тут зямлёю, як маглі развівалі гэты край, пабудаваўшы не толькі фальваркі, заводы і школы, але і чыгунку ад Верайцоў да фальварка Градзянец.
Магдаліна Завіша ўвайшла ў валоданне маёнткамі Завішаў 3 студзеня 1889г., праз год пасля смерці бацькі. Спадчына ёй дасталася значная. Ёй належала 41 тысяча дзесяцін зямлі. Неяк у час падарожжа па Еўропе яна пазнаёмілася з маладым Мікалаем Радзівілам - пляменнікам нясвіжскага ардыната Антона Радзівіла. Малады чалавек спазнаў у адносінах да Магдаліны вялікае каханне. З пачаткам вайны Мікалай Радзівіл пайшоў на фронт. Ён загінуў па-геройску 30 лістапада 1914г. ва Усходняй Прусіі. Магдаліна глыбока смуткавала. Яна была яшчэ ў жалобе, як ва Ўздзе адбыўся самавольны захоп зямлі яе мужа.
Пасля смерці ў 1813г. аднаго з уладальнікаў асіповіцкіх зямель Дамініка Радзівіла за яго малалетняй дачкой Стэфаніяй засталіся Радуціцкі, Жыцінскі і Пратасевіцкі маёнткі з прыпісанымі да іх вёскамі. Потым Стэфанія выйшла замуж за Льва Вітгенштэйна, сына вядомага рускага палкаводца П.Х.Вітгенштэйна.
Пасля смерці Стэфаніі Радзівіл Леў Вітгенштэйн ажаніўся другі раз з княгіняй Баратынскай і, атрымаўшы з ашчаднай казны пад залог маёнткаў больш за 7 мільёнаў рублей, выехаў на пражыванне за мяжу. Па даравальным запісе ад 25 лютага 1854г. ён пакінуў свайму сыну ад Стэфаніі князю Пятру Львовічу Вітгенштэйну на Асіповіччыне наступныя вёскі з зямлёю пры іх: Жыцін - 6149 дзесяцін, Каўгары - 4049, Крынка - 1179, Майсеевічы - 10993, Пратасевічы - 7946, Радуцічы - 12301, Смык-Слабада - 170 дзесяцін. Пётр Вітгенштэйн дзяцей не меў, і сваю спадчыну перадаў сястры Марыі, якая ўжо была замужам і насіла прозвішча Гогенлоэ.
Пасля смерці Марыі Гогенлоэ яе нашчадкі не захацелі кіраваць сваімі беларускімі землямі з Германіі, і з 1900 года пачалі ліквідацыю нерухомасці Марыі Львоўны ў беларускіх губерніях - Вілейскай і Мінскай.
А ў асіповіцкіх вёсак новыя гаспадары з'явіліся яшчэ пры жыцці Марыі Гогенлоэ. У Майсеевічах гэта былі браты Цвіркі; Іван Максімавіч Бугор пачаў гаспадарыць у Пратасевічах; у маёнтку Жыцінская дача купіў зямлю Васіль Уладзіміравіч Максімаў; у Жыціне на 20 тысячах дзесяцінах пачала гаспадарыць Лізавета Фёдараўна Дараган. Лізавета з мужам перабраліся на бераг Пцічы і іх маёнтак зваўся "Дараганава". Сям'я Васіпа (Іосіфа) атрымала "Крынкі", а Іван атрымаў "Смык" на рацэ Свіслач. Дараганы купілі Радуцічы і аказаліся новымі ўладальнікамі большасці зямель Марыі Гогенлоэ-Шылінгфюрст у асіповіцкім краі.

Дараганы - нашчадкі двараніна Палтаўскай губерніі, камандзіра Суздальскага пяхотнага палка палкоўніка Фёдара Дарагана. З трох сыноў і чатырох дачок палтаўскага палкоўніка на Асіповіччыне аб'явіліся сыны Іван, Іосіф (Восіп) і дачка Лізавета, а таксама Мацвей Якаўлевіч Дараган.
Земляробствам яны займацца не збіраліся. Хутчэй за ўсё яшчэ да куплі зямлі яны прыкінулі план будаўніцтва чыгункі. Як толькі ў 1894г. была зацверджана купчая аб набыцці ў Марыі Гогенлоэ маёнткаў Радуцічы, Крынка, Пратасевічы і Майсеевічы з 17798 дзесяцінамі, адразу ж пайшоў ва ўрад зварот - хадайніцтва аб атрыманні дазволу на будаўніцтва чыгункі для вывазу лесу. К таму ж сапраўдны стацкі саветнік Восіп Дараган з'яўляўся інжынерам шляхоў зносін. Дараганы прыклалі ўсе намаганні для таго, каб чыгуначная ветка пралягла да іх маёнтка - у Радуцічы - і далей да Старых Дарог.

Род памешчыкаў Офенбергаў паходзіў ад Фрэдэрыка Ежы Офенберга і меў 2 галіны. Прадстаўнікі адной з іх пастаянна жылі ў Курляндыі. Іван Эбергард Фрыдрых Юрый фон Офенберг паклаў пачатак другой, беларускай, галіне роду. Ён валодаў зямлёй на Беларусі, меў маёнтак Дайневічы ў Браслаўскім павеце. Пасля яго смерці гэта вотчына ў 1729г. перайшла яго сынам Дамініку і Сцяпану. Сцяпан Офенберг атрымаў пасаду рэчыцкага скарбніка (Рэчыцкі павет уваходзіў у склад Мінскага ваяводства). Фальварак Лочын разам з вёскай Сёмкава Слабада ў 1820г. быў куплены Якавам Офенбергам. Пасля яго смерці маёнтак адпісаны жонцы. Вотчынныя землі ў роўных частках дасталіся адпаведна старэйшым сынам Віктару і Ігнату. Цэзару, Вільгельму і Нікадзіму бацька завяшчаў выплаціць з даходаў маёнтка (да паўналецця і пакуль жывая маці) па 500 чырвонцаў. Віктар узяў шлюб з дачкой арандатара Вязаўніцы - Антанінай Іванаўнай Раўкевіч. У 1861г. у іх нарадзіўся адзіны сын Часлаў, якога ахрысцілі ў Свіслацкім касцёле. У Часлава Офенберга і яго жонкі Марыі з Каншэўскіх было 2 дзяцей - сыны Віктар і Юрый. Яны абодва нарадзіліся ў Лочыне і былі хрышчоныя ў Свіслацкім касцёле. Часлаў Віктаравіч і Марыя Канстанцінаўна Офенбергі выбылі ў Мінск 3 красавіка 1919г. Далей іх лёс невядомы.


Памяць. Асіповіцкі раён. - Мн., 2002. - С.79-102.